Сяброў Алік таксама не меў. Былі супольнікі, былі калегі па рамяству і з турмаў, але сябра не было. А менавіта злодзеі, якія жывуць у пастаяннай атмасферы рызыкі, пад сталай пагрозай страціць свабоду альбо жыццё, найбольш прагнуць сапраўднага сяброўства і кахання ды тужаць па іх. Але Баран быў заўсёды такі халодны, такі закрыты, што кожны зародак чужога альбо ягонага ўласнага пачуцця адразу ж гінуў, не паспеўшы развіцца… Ён некалі, яшчэ дзіцём, вырваўся з халодных і вострых пазуроў смерці. Прайшоў праз пекла жыцця, якое зладзілі людзі і далі яму, няшчаснаму чалавечаму звярку, як спадчыну нашай культуры. Ён прыняў гэтую спадчыну, гэты лёс і ўрачыста нёс па жыцці, як кароль сваю карону. Ён краў адважна, лёгка, упэўнена… Яго зладзейскі інтэлект дапамагаў яму ацаніць кожную сітуацыю вельмі хутка і дакладна. Ён працаваў беспамылкова і спакойна, але разам з тым быў вельмі асцярожны, што некаму магло б падацца баязлівасцю. Ён, аднак, спалучаў у сабе смеласць леапарда і ягоную асцярожнасць. Як звер, якога загналі ў джунглі гораду, ён жыў дзякуючы звярынаму спрыту і інстынкту… Ён добра ведаў людзей і ўспрымаў іх як дзічыну, на якую паляваў з дзяцінства, і пагарджаў імі. Ён бачыў, наколькі яны хцівыя, подлыя, баязлівыя. Самі жывучы злачынна, яны нялітасціва каралі кожную правіннасць іншых. Калі ён краў і за гэта расплочваўся свабодай, здароўем, спакоем і жыццём, то нібыта сумленныя грамадзяне навокал заўсёды былі гатовыя паздзекавацца ці ашукаць слабых і безабаронных. Яны мелі сумневы толькі тады, калі баяліся, што іх выкрыюць. Баран купаўся ў садызме, фальшы, подласці грамадства і набраўся пагарды да людзей.
Адзіным сябрам Барана, такім жа маўклівым, такім жа асцярожным у адносінах людзей, недаверлівым да іх, быў сабака Мілы. Ён не ўмеў паказаць чалавеку сваёй любові, але меў яе даволі ўнутры.
Увесь запас цёплых пачуццяў, якія Прырода дала яму для ўсіх людзей, ён скіраваў цяпер на аднаго чалавека. А той чалавек, злодзей, таксама падарыў сваё сэрца толькі адной асобе — дзяўчыне Паўцы.
Паўлінка ж не магла знесці сабакі. Увогуле яна не любіла звяроў, як і кожная эгаістычная натура, а Мілага ўзненавідзела асабліва моцна.
Спачатку сабака ставіўся да Паўці абыякава, часта бачачы яе ў таварыстве свайго апекуна. Але аднойчы Паўка, калі Аліка не было ўдома, моцна ўдарыла Мілага, які ляжаў каля ўваходу ў майстэрню, нагой. Сабака кінуўся на яе. Яна ледзь паспела адскочыць убок. Тады дзяўчына ўзяла венік з дому і выйшла, каб выпісаць сабаку прачухацца. Сабака адышоўся на даўжыню ланцуга і, чакаючы, глуха бурчаў. Паўка забаялася, плюнула і вярнулася ў кватэру. З гэтай пары яна пачала здзекавацца з жывёліны. Паўка аблівала яе вадой. Не давала есці. А калі сабака быў вельмі галодны, рабіла з хлебнага мякішу шарык, уціскала ўсярэдзіну перац і кідала Міламу. Іншым разам яна дала яму хлеб з гарчыцай, потым са шклом. А аднойчы яна ўзяла мышыную атруту, дадала вялікую колькасць яе ў халодную зацірку, заліла малаком, каб страва прыемна пахла, і падсунула галоднаму звярку. Мілы не наблізіўся да заціркі. Гэта трывала каля трох тыдняў. Сабака жыў, бадай, толькі таму, што Ясь час ад часу выносіў яму косці і аб’едкі са стала. Гэтага было мала, і здаралася зусім не часта, але хапіла, каб сабака не здох.
Баран пакуль нічога не заўважаў. Тое было акурат тады, калі ў яго зусім не ішлі справы. Але аднаго разу, вяртаючыся з гораду, ён прыкмеціў, што ў сабакі скалечаны бок. Гэта Паўця лінула на жывёліну кіпнем. Баран толькі цяпер звярнуў увагу на Мілага. Ён падышоў да сабакі і пачаў гладзіць яго па галаве. Сабака, як звычайна, стуліў вушы ад ласкі гаспадара і з лёгкім бурчэннем схапіў зубамі руку Аліка ды трымаў яе. Ён не ўмеў падлашчвацца і патрабаваць увагі, як іншыя сабакі… Эх, каб ён толькі ўмеў скардзіцца, каб мог гаварыць…
Баран адзначыў сабе, што сабака страшна схуднеў. Шэрсць у яго пашарэла і аблезла. Ён згадаў, як Паўця яго ўвесь час пераконвала выкінуць сабаку, бо той нібыта робіць псоты і ўвогуле небяспечны. І цяпер яму стала ясна, чаму Мілы ў такім кепскім стане.
Ён зайшоў у дом.
— Ёсць абед?
Паўця ляжала ў ложку і чытала нейкую кнігу. Натуральна, пра графінь, што ёй даў пачытаць Толік, з якім яна не парвала адносінаў, а толькі захоўвала большую асцярожнасць. Не адрываючыся ад кнігі, Паўця адгукнулася:
— Ёсць… Вазьмі ў печы…
Баран падышоў да печы і выняў імбрык з вадою. Ён глянуў на дзяўчыну, якая і ў вус не дзьмула, занятая любоўнымі прыгодамі графа Альфрэда і графіні Альжбеты.
— Слухай, дзе абед?.. Няма часу…
Узлаваная Паўця села на ложку.
— Гарбата ў печы… Згатуй сабе… Ну, і яйкі звараныя… Вазьмі ў шафцы…
Баран насупіўся.
— Слухай, Паўця, ты тут не гыркай… Я да цябе па-добраму… Не хочаш гатаваць абедаў — не гатуй…
— А з чаго я табе абед зраблю? Га?
— Пазаўчора я ж даў табе грошы… І ўжо няма?..
— От даў!.. А я каструлю купіла, прачцы заплаціла, ну, і яшчэ там нешта… Капейкі ўжо не маю…
— То чаму не скажаш?
— Сам мусіш ведаць…
Баран вечарам вярнуўся дадому п’яны. Даў Паўлінцы вялікую суму грошай, якія пазычыў ад скупшчыка.
— Бяры, — сказаў ён. — Гэта на ежу… Павінна надоўга хапіць. На пакупкі я дам табе праз пару дзён асобна…
Паўця надзьмулася.
— Скажы мне, калі ласка, чаму Мілы скалечаны? — запытаў Алік крыху пазней.
— Не ведаю, — буркнула дзяўчына.
— А чаму так схуднеў? Пэўна, блага яго корміш?
— І зусім не буду карміць… Табе дварняк даражэйшы за мяне… Ідзі і цалуйся з ім… Жыцця няма праз тую пачвару…
Паўця пачала плакаць.
Назаўтра Баран пайшоў да Нацэвічыхі і папрасіў яе, каб яна зноў пачала даглядаць сабаку. Даў ёй грошы. Будку Мілага ён перасунуў да рага дому, пад вокны Нацэвічаў, там жа прымацаваў ланцуг.
Праз тыдзень да сабакі вярнуліся сілы. Шэрсць ізноў зрабілася бліскучай, а ён набраў вагі. Цяпер Баран, вярнуўшыся з гораду, пачаў прыносіць яму нешта з ежы і наагул часцей стаў да яго прыходзіць і гуляць. Можа, Алік зразумеў, што сабака — гэта адзіны ягоны сябар.
— Я не хачу жыць у прыбіральні! Разумееш? — крычала Паўка. — Сюды ўсялякая халера прыходзіць. Тут і спі, і мый, і гатуй! Усе людзі як людзі, а мы як ашавуркі нейкія. Я хачу мець свой пакой, а не жыць у майстэрні. Тут няма дзе павярнуцца.
Праз пару дзён Алік паразмаўляў з Нацэвічыхай і арандаваў у яе яшчэ палову вялікага сталовага пакою. Алік загадаў зрабіць дзве перагародкі, паставіць невялічкую пліту і зладзіць рамонт. Па некаторым часе Баран і Паўлінка мелі кватэрку з двух пакояў і кухні. Тут было ахайна і ўтульна. Паўця мела асобны пакой, а Баран, як і раней, спаў у майстэрні. Удзень Алік мала калі бываў удома, і Паўця магла свабодна запрашаць сюды сябровак і маці, а пару разоў сюды заглянуў і Толік.
Баран зразумеў, што Паўця хоча ад яго як мага больш унезалежніцца. Ён адклаў сабе ў галаве, што дзяўчына падманвае яго ў выдатках, што яна хцівая, зусім пра яго не клапоціцца, што стараецца яго выкарыстаць, што яна злая і нахабная. Але ён далей яе кахаў. Кахаў да шаленства — больш за само жыццё. Тут не дапамаглі б аніякія развагі. Каханне назаўсёды пасялілася ў яго сэрцы, а ён плыў на любоўных хвалях і кожны дзень піў салодкую атруту. Толькі ўсё больш рабіўся пануры і маўклівы. А Паўця спрытна лавіравала і порцыямі дзялілася з ім сваёй ласкай і пяшчотамі. Яна ўсведамляла ўласную ўладу над ім, сваю сілу і, як кожная подлая істота, злоўжывала ёй.
З таго часу, як Паўця займела свой пакой, яна вельмі рэдка з’яўлялася ў майстэрні. А штораз часцей пачаў заходзіць да Аліка Ясь. Хлопец зноў чытаў Барану газеты або кнігі. Алік нават папрасіў яго, каб маладзён павучыў яго чытаць.
Неяк Баран запытаў у Яся:
— Хочаш зарабіць?
— Вядома.
— То ідзі ў аптэку і купі віннай кіслаты. У краме купі паперу і клей, а потым зрабі дваццаць трохкілаграмовых пакункаў. Толькі глядзі, каб былі моцныя… А я тым часам нешта іншае вырашу… А, яшчэ купі распыляльнік.
Ясь не распытваў Барана, навошта ўсё гэта, бо ведаў пра яго скрытны характар.