Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Я чужога нi хачу, — цьвёрда сказаў Пракоп.

Дзяцюкi цяпер пазiралi адзiн на аднаго ды на Пракопа з такой няўцямнасьцю, быццам-бы пачулi, што Лiтоўцы маюць зараз пад зямлю правалiцца.

— Э-гэ! — сьвiснуў Сабакевiч. — Ты слышыш, таварыш Шпунт? Слышыш, што сказаў?

— Чую, чаму-ж не…

— Ён сказаў, што чужога ня хочыць, пераказваў, быццам вялiкую тайну, прыцiскаючы й зьдзекваючыся з кажнага слова Сабакевiч.

— Так верна, — згадзiўся Лявон. — Таварышч Бахмач кажыць, што чужога ня хочыць.

— Якое гэта чужое, ты iдзiёт? — раўнуў Косьцiк.

Пракоп, цяпер ўжо не на жарты перапалоханы, адступiў крок назад. Косьцiк наблiзiўся, дыхаў алькагольным гарам у твар. Ён пачаў цiхiм, сiпатым зьмяiным голасам, так што ледзь чуваць было. Голас набiраў моцы.

— Сам таварыш Ленiн када-то сказаў: граб награбленае! Да! Таварыш Ленiн так i сказаў. А ты, дзiравенскi iдзiёт, думаiш, што ты мудрэй Ленiна, га? Спрашываю цябе! Ты ня хочаш чужога? Якога гэта чужога? Разьве панскае i асаднiцкае то нi наша? Разьве ня мы на iх работалi, разьве нi яны нашым потам жылi, ды ад нас пасьледнi кусок хлеба забiралi? Га? За каго ты таварыша Сталiна й нас шчытаiш, за дурняў? Га?

Косьцiк адыйшоўсдя ад парогу варыўнi. Ён зрабiў пару кругоў па гумне, пазiраючы коса на Пракопа й iншых.

— Ну а як ты, Янук, думаiш, праўду гавару, цi не? — спытаў Янука.

— Так, — буркнуў ледзь чутна перапалоханы Янук. Даўно спасьцярог, што Косьцiк быў азброены й навет пару разоў руку на кабуры трымаў.

— От вiдзiш, таварышч Бахмач, дажа й сын твой са мной сагласiн. Ну што-ж, iдзiёт ты да й толька таво…

Сабакевiч махнуў рукой, плюнуў на бок i спынiўся ў вадчыненых варотах гумна. Залажыўшы рукi назад, доўгi час стаяў нярухома. Лявон спынiўся побач, мяркаваў што будзе далей. Пракоп выйшаў з варыўнi, надзеў кашулю. Ён пазiраў на Янука, ня ведаў што рабiць. Маўчаньне трывала доўга. На страсе паднялi вэрхал вераб'i. Кiнуўся на некага доктараў Мурзiк.

— Пракоп, нясi гарэлку! — адвярнуўся Косцiк i гукнуў на Бахмача. — Маць тваю за нагу, так i быць. Хоць ты i iдзiёт, алi-ж разам страдалi, дык i трэба адпразнаваць прыход нашай камунiсьцiчаскай савецкай власьцi… Як ты думаеш, Лявон?

— Верна, нужна адпразнаваць, — падхапiў Шпунт.

Пракоп ня рушыў зь месца. Зьняважаны й перапалоханы, пазiраў то на двух басякоў, то вельмi ўпарта глядзеў на Янука, быццам у яго вачох ратунку шукаў.На таўстых Косьцiкавых вуснах пырхала ледзь заўважная ўсьмешка, дрыгаў шрам на лбе.

— Ну дык чаго стаiш, як той на вясельлi? — падняў голас Сабакевiч. — Цi можа за савецкую ўласьць ня хочаш з намi выпiць? Кажу, гарэлкi нясi!

— Нiма ў мяне гарэлкi, — цiхаў сказаў Бахмач.

— Што? Гарэлкi нiма? От бiда вялiкая, — ўсьмiхнуўся Сабакевiч. — На во грошы, пашлi пацана, нiхай купiць.

Ён падыйшоў да Бахмача i з выцягнутага зь кiшэнi жмуту банкнотаў адзьдзялiў адзiн чырванец i даваў Пракопу. — На, бяры, нi сьцiсьняйся. За савецкую ўласьць вып'ем.

Апроч прынагоднай чаркi на якiм сямейным, цi рэлiгiйным сьвяце, Пракоп нiколi ня пiў. Жахнуўся думкi, што басякi гэтыя сядуць за ягоным сталом i, калi непаслухмяны будзе, могуць гарэлкi сiлай у рот налiць.

— На, кажу! — налягаў Сабакевiч i сiлай упхнуў чырванец у Пракопаву руку.

— Янучок, гэта самае… зьбегай да Кмiты, у яго пэўня ёсьцiка, — сказаў дрыжачым голасам Пракоп, усьведамiўшы, што выкруцiцца яму ня ўдасца.

— Добра, тата, — адказаў хлапец. Ён узяў з бацькавай потнай, заробленай у аўсяную муку рукi новы банкнот, што надта прыемна ў руцэ шалясьцеў. Не марудзячы, праз двор рушыў на вулiцу. Разгарнуў грошы ды ўважна iм прыглядаўся. На паперцы сядзеў такi самы лысун з прыжмуранымi вочкамi й жулiкаватай ухмылкай, як на тым партрэце ў школе. Янук ужо ведаў яго прозьвiшча, што рэдка сходзiла з вуснаў савецкiх палiтрукоў. Часта гарлапанiлi пра яго ў песьнях.

18

Кмiта Тодар, пачуўшы каму патрэбна гарэлка, усьмiхнуўся.

— А грошы табе ён даў? — спытаў.

Ня ўсьпеў Янук паказаць яму чырванец, як Тодар яго з рук выхапiў.

— Гэта дык здорава, — цмокныў вуснамi ў паперку. — Калi такiмi новiнькiмi раськiдаiцца, дык мусiць водзяцца яны ў яго.

Тодар плюнуў на паперку, пацёр яе.

— Абнавiць во трэба. Ну што-ж, за чырванец мусiць лiтроўку гнаць… Пачакай, я тут зараз…

Тодар зьбегаў унiз у склеп i хутка вярнуўся зь лiтроўкай. Сiвуха была добра закаркована.

— Калi скажа, што дорага, цi што, дык скажы, што гэта за сталiчную лепшая, — паднёс свой карэлы ўказальны палец Януку пад нос. — Будзiш помнiць?

— Буду, — адказаў хлапец.

— Пачакай, так нi нясi, загарнуць у нешта трэба.

У куце шупляды Тодар знайшоў кавалак газэты й загарнуў пляшку.

— От так лепi будзiць, — сказаў, - толька-ж глядзi, баранi Божа, нi пабi.

— Ну от вiдзiш як скора, умеючы, — сказаў Косьцiк Януку, калi той увайшоў у хату. — Нясi, Пракоп, закуску.

Пракоп, бяз слова, выйшаў у сенцы.

— Тодар здачы даў табе? — спытаў Косьцiк Янука, што пiльна ўзiраўся ў новых начальнiкаў.

— Ды нi даў…

— Нi даў? Iш ты яго! Ну да я зь iм рашчытаюся. Ад яўрэяў мусiць навучыўся.

— Казаў, што самагонка ягоная лепшая, чым сталiчная, — паясьнiў Янук.

— Як, як? Лепшая, чым сталiчная? Га-га-га! — зарагатаў на поўне горла Косьцiк. — Ты слышыш, Лявон? От i шэльма, крутадух! Га-га-га!

Лявон памагаў Косьцiку й два дзяцюкi шчыра й голасна рагаталi, калi Пракоп адчынiў дзьверы. Зiрнуўшы няўцямна на няпрошаных начальнiкаў, ён маўклiва паставiў на стол мску салёных агуркоў, палажыў акраец хлеба, пайшоў да палiцы i ўзяўся расстаўляць пасуду.

— Прабачце, дзяцюкi, — сказаў сьцiпла, — нiчога ў мяне скаромнага нiма, от агурок, ды хлеб…

— Да чаго ты бядуiш? — падыйшоў да гаспадара Косьцiк i са штучнай добразычлiвасьцю так шлёпнуў Бахмача па плячы, што той аж пахiснуўся. Садзiся во, — узяў Пракопа за руку й сiлай пасадзiў на краю стала. — Ты чуў, што Тодар твайму пацану сказаў, га? От шэльма, кажа, што яго самагонка за сталiчную лепшая. Га-га-га! Чуў такое, таварыш Бахмач?

Пракоп нiчога не адказаў, пазiраў на дзяцюкоў коса, быццам на зьвяроў, асьцерагаючыся, каб ня ўкусiлi.

— Ну дык ты, Лявон, чаго марудзiш? Адпячатывай! — загадаў Сабакевiч.

Лявона ня трэба спанукаць было. Рухам спрактыкаванага п'янiцы, ён хапiў пляшку й хлёстка стукнуў па левай даланi. Корак выскачыў на стол, а Лявон пачаў напаўняць чаркi. Ён налiў амаль палову першае, затрымаўся й спытаў Пракопа:

— Ты, таварыш Бахмач, чаму гэтыя напарсткi нам падаў? Гуляць зь iмi, цi што? Стаканаў у цябе нету?

Пракоп прынёс з палiцы й паставiў на стале дзьве шклянкi.

— Гэта чаму два? — спытаў Косьцiк.

— Ды я-ж, самi знаiця, ня п'ю, — зьбянтэжыўся Пракоп.

— Нi прытварайся! — груба сказаў Косьцiк. — Ты што, за савецкую ўласьць, за здароўе таварыша Сталiна ня вып'еш?

Апраўдвацца было небясьпечна. Пракоп зрабiў яшчэ адно падарожжа да палiцы й паставiў на стале трэцюю шклянку. Лявон узяўся налiваць з асалодай. Носам уцягваў самагонны пах.

— Прыгару нi чуваць, — сказаў. — Мусiць Тодар ужо добра руку набiў.

Лявон пачаў ад Косьцiкавай шклянкi. Зiрнуўшы на сябру, Сабакевiч кiўнуў галавой.

— Ты што гэта, традыцыi нi знаiш? Гаспадару трэба першаму налiваць.

Нiчога не адказаўшы, Лявон нагнуў пляшку. Самагонка прыемна булькала. Налiўшы палову шклянкi, Лявон пазiраў на Косьцiка.

— Лi, лi поўную, — усьмiхнуўся той. — Таварышч Бахмач за таварышча Сталiна поўную вып'iць. Праўда, Пракоп?

Нахабна вымаўленае «Пракоп» асаблiва ўкалола Бахмача. Быццам хацеў сказаць "бязьмен ты". Была гэтта й зьнявага, i зьдзек. Таўстыя вусны ўсьмiхалiся, шэрыя вочы пагражалi. Асноўным аб'ектам Пракопавага зацiкаўленьня, што поўнiла яго вялiкай трывогай, была шклянка Кмiтавай самагонкi, каторую зухавата налiвала Лявонава рука. Вось яна, чысьцюсенькая-поўненькая, стаяла на ягоным, Пракопавым стале й на паядынак выклiкала. А Лявон ўжо напоўнiў Косьцiкаву й падганяў сваю. Разьлiў больш паловы пляшкi.

28
{"b":"103054","o":1}