Литмир - Электронная Библиотека
A
A

12

У дзьвярох стаўклася непаседлiвая, цяпер-жа надзiва прыцiхлая малеча. Янук працiскаўся асьцярожна, азiраўся на бакi, каб адкуль штурхаля не атрымаць.

Заля, як тыя старэйшыя казалi, бiтком набiта была. Нiколi ня бачыў Бахмач гэтта так многа народу. Занятыя былi ўсе лаўкi, людзi па кутох стаялi. У нос дала задуха й едкi смурод карашкоў. Жаўтаватая столь схавалася за суцэльным палатном шэрага густога дыму, што нагадваў валакно лёну, каторае мацi некалi дбайна часала на густых, набiтых у дошку цьвякох. Праз шырака адчыненыя вокны валакно паволi рухалася на двор.

Сьпераду ля стала, каторым звычайна ў школе карыстаўся настаўнiк, стаяў на ўвесь рост, махаў рукамi й бесьперапынна гаварыў, камiсар. З правага боку ад яго сядзеў Косьцiк Сабакевiч, зь левага — Лявон Шпунт, навокал iх i на пярэднiх лаўках — бальшавiцкiя жаўнеры. Крыху далей на правы бок на крэсьле спасьцярог Янук блiскучае, ледзь аколенае нiзка па бакох сiвым пухам, цемя галавы дзеда Якуба. Лiтоўскi патрыярх смактаў неадлучную люльку, лянiва варушыў вейкамi вачэй. Пры iм раскашэлiўся здаравенны сын Васiль.

Найбольш кiдалася ў вочы нафуфыраная, гарбаносая, рудавалосая постаць старшынi камбеду Сымона Пятуха, якi сядзеў цi не на самым пачэсным месцы наперадзе. Прыбраўся ён у сурдут, што мусiць у нейкага пана сьцягнуў. Людзi так зжылiся з пакамечанай кепкай, недагледжанымi касмылямi ды смуродным цыбуком гэтага дзяцюка, што цяперашнi гальштук, падстрыжаная рыжая бародка й валосы зьявiлiся надзвычайнай навiной. Замiж калiсьцi згорнутай з газэты й табакi цыгаркi, Сымон цяпер вялiкай "казiнай ножкай" капцiў. Два здабыткi з ласкi акупантаў — сурдут ад папярэднiх, "казiная ножка" ад цяперашнiх, дый надта-ж паважны выгляд гарбаносага твару — паказвалi дзяцюка-абiбока ў зусiм камiчным выглядзе. Збоку ля Пятуха сядзеў Захарук. Косьцiкаў бацька трымаўся блiжэй ззаду, сеў ля дзьвярэй.

З правага боку пасярэдзiне ўбачыў Янук свайго бацьку з Алесем i цёткай Кацярынай ды Амэрыканцам Сявенькам. Ля дзяўчат прысеў брат Мiкола. Як квактуха зь вялымi крыльлямi, побач зь неадлучнай Аксеньняй рассасулiлася на лаве зь левага боку ля вакна Кмiтава Аўдоля. Ейны зыркi зрок борзда вандраваў па грамадзе, а галава, пэўне-ж, у гэны час брала на памяць усялякую драбнiцу, што на вока трапляла.

Апроч лiтоўскiх, вiдаць былi й твары з суседнiх пасёлкаў. Дзiўным здавалася амаль суцэльнае маўчаньне гэтай вялiкай грамады. Прысутныя лавiлi, здавалася, кажнае камiсарава слова, баялiся зварухнуцца, кашлянуць, мужчыны цiха курылi, хоць дым ад курэньня ледзь змагаў праз вокны на двор уцякаць. Цi не таму курылi многа, што бальшавiкi каго трапiла шчодра карашкамi ўгашчалi. Дый з агнём цяпер ня было патрэбы высьцерагацца: "сьпiчкi па дзьве капейкi", гэта-ж ня тое, што пры "панскай Польшчы", калi за каробку сернiкаў трэба было восем грошаў упялiць.

Янук спынiўся ля Дзяркача Антося. Доктараў Стась схапiў яго за руку й пасадзiў ля сябе на краю школьнай лаўкi. Прыслухаўшыся, малы Бахмач уцямiў, што ня так проста было дайсьцi тропу ў тонкасьцях мовы бальшавiцкага афiцэра, бо з вуснаў яго цякла чужая рака. Мо таму людзi слухалi ўважна, каб хаця вяршкi злавiць.

Янукоў зрок спынiўся на чатырох партрэтах на франтавой сьцяне над грывай камiсара. Сьвятло ў лампе, мусiць ад густога дыму, лiпела дробным хлiпканьнем. Цяжка было добра разгледзiць на партрэтах бальшавiцкiх начальнiкаў, што загаспадарылi на зьмену польскаму крыжу, дзярлiваму "панствоваму годлу" ды вусатаму Зюку з-пад Вiльнi.

Першы «таварыш» зь левага боку ўвыдатняўся амаль квадратовым тварам, лысай лабацiнай, здаравеннай памялом-барадой, вусамi, ды двума пукамi валасоў, што зьвiсалi па бакох твару й з барадой зьлiвалiся. Нагадваў ён Iцку, што селядцамi ў глыбоцкай краме таргаваў.

Узяў некалi бацька з сабой Янука на кiрмаш. Вялiкi пост быў на носе, дык па дарозе дахаты забегся Пракоп у краму селядцоў купiць. Доўга з крамнiкам таргаваўся, а Янук сачыў як хадуром хадзiлi ў жыдоўскай барадзе пэйсы й дрыжэлi з-пад ярмолкi якраз во як у гэтага даўгiя пукi валосаў. Выйшаў бацька з крамы, як вялiзны скарб трымаў у руках загорнутыя ў "Кур'ер Вiленскi" селядцы, ёмка плюнуў на бок i злосна прашыпеў: — Цьфу на цябе, жыдзiшча пракляты! На паўтузiне селядцоў усяго толькi адзiн грош спусьцiў. Каб табе бокам вылiзла!

Iцка на партрэце выглядаў больш зухаватым за таго глыбоцкага, ды было ў гэнай зухаватасьцi нешта з камiчнага. Вось, здавалася, чхне ён зараз палюдзку й разьвеюцца-разьлятуцца гэныя пэйсы й вусы.

"Таварыш" з другога партрэту паказелiўся на першага. Гэты меў бародзiшча з добры бярозавы венiк, каторым у лазьнi хвасталiся, здаравенныя вусiшчы й даўгiя, назад чэсаныя валосы. Твар ягоны нагадаў Януку ўраднiка, аднаго аздобнага панка, што бачыў у горадзе, хоць той без барады хадзiў.

Трэцi партрэт сьвяцiўся вялiкай, як кацёл, у каторым мацi бульбу сьвiньням варыла, круглай лысiнай. Косыя, прыжмураныя вочкi жулiкавата пазiралi на двух папярэднiх барадачоў.

"Таварыш" з апошняга партрэту паказелiў тупыя, ледзяныя, бяз iскрынкi жыцьця ў iх, вочы проста ў залю. Холадам ад iх нясло. Гэтага, як чуў Бахмач, звалi Сталiнам. Партрэт ягоны Палякi на браме прастрэлiлi, якраз у вока, шэльмы, трапiлi.

Зьнiзу пад партрэтамi вiсеў лёзунг. Бачыў Янук ужо цi мала такiх у Гацях. Вялiкiя лiтары з чырвонага палатна крычэлi: "Да здравствуют освобождённые трудзящиеся массы Западной Белоруссии и Западной Украины!"

Косьцiк Сабакевiч, у шэрым касьцюме, пад гальштукам, важна ля камiсара расьсеўся, вiд баявы трымаў. Нагадваў на кучы гноя пеўня, што вялiкай курынай грамадой валадарыў.

То цурчэў бесьперапынна, то капаў буйнымi, для адпаведных нацiскаў, кроплямi камiсараў голас. Нiколi ня чуў Янук такой складнай, даўгой i бесьперапыннай гамонкi. Мужчына сярэдняга веку, сьветларусыя, пышныя валосы, круглы, добра адпасены твар, завойстраны падбародак. Сiнiя вочы ў сулад гутарцы й жэстам рук бегалi па грамадзе, але, здавалася, яе ня бачылi. Твар мяняўся адценьнямi. Афiцэр гаварыў малазразумелай мовай, але выглядам ад мясцовых ня розьнiўся. Можа сам з такiх мужыкоў выводзiўся.

Янук уважна разгледзiў гладкi пас, што бег праз камiсарава плячо й спалучаўся з шырокай дзягай, якая ахапляла тучны жывот. Прыгожым золатам зьзяла ў спражцы вялiкая пяцiкутная зорка.

Цяжка было канцэнтравацца на сэньсе камiсаравай гаворкi. Рэха назойлiва прыносiла палкае дзяўчынiна шаптаньне: "пытаюся, цi любiш мяне, дурненькi… калi люнбiш, то пацалуй". Яшчэ не астылi ад гарачага цалунку вусны; здавалася, што зь вялiкага сораму пачырванелi кончыкi вушэй. Высака заголеная за каленi сукенка, белыя зубы жвуць-забаўляюцца мяккiмi валосамi, духмянасьць канюшыны й пажадальныя аганькi ў вачох дурманяць галаву.

Пэўне-ж, усе пра гэта ўжо ведаюць. Як-бы гэтта з сораму не згарэць. Вунь празь дзьверы пхнуцца назад сакатухi-рагатухi, а мiж iмi Дуня. Янук крадком зiрнуў на яе. Апанаваная, шэльма, як быццам нiчога й ня было. Адно сяброўкi з зухавата-насьмешлiвымi тварамi на яго пазiраюць. Сорамна, уцячы некуды трэба было-б. Але цiкавасьць да бальшавiковай гамонкi верх бярэ. Бахмач намагаецца слухаць, сэнс лавiць.

— I нi было ў нас, дый i нi магло быць нiякiх сумнiваў аб тым, як жылi й цярпелi закабаленыя масы працоўных Заходняй Беларусi, — гаварыў бальшавiк. — Гэта-ж будзьце ласкавы самi разабрацца: наша савецкая краiна пабудавана рукамi рабочых i сялян, наша доблесная рабоча-сялянская Чырвоная Армiя — як i сам назоў гаворыць — сфармiравана з рабочых i сялян. Мы лiквiдзiравалi эксплуатацыю чалавека чалавекам, заводы належаць рабочым, а ўся зямля — хлебаробам. Дый наша слаўная камунiсьцiчаская партыя складаецца з рабочых, сялян i працоўнай iнцiлiгенцыi. Ды вазьмiце нашага правадыра, мудрага айца ўсiх народаў, вялiчайшага i мудрэйшага з мудрых, таварышча Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна. Ён-жа…

Ускочыў з лавы, ляпаць далонямi пачаў Косьцiк Сабакевiч. Заядла плёскалi, паўставаўшы, бальшавiкi. На такое нешта нячутае-нябачанае ў вёсцы, ня ведалi як рэагаваць сяляне. Некалькi вялых усплёскаў пачулася ў грамадзе, адно Сымон Пятух так пярыў рукамi, што выпала з рудых зубоў i рассыпалася дымячымi карашкамi на падлозе ягоная "казiная ножка". Зусiм спакойна сядзеў, адно галаву вышэй падняў, прыглядаючыся чужынцам, лiтоўскi патрыярх дзед Якуб. Калi ацiхла, камiсар прадаўжаў:

18
{"b":"103054","o":1}