— А цi ён-жа мерку знаiць? — спытаў Пракоп.
24
Сявенькава Марыля таўкла ў ступе мак. Ступа стаяла ў куце ля дзьвярэй i жанчына часта пазiрала на маленькага сына Валодзьку, што забаўляўся зь ягняткамi. Пазаўчора акацiлася авечка й муж прынёс двое чорненькiх, зь белымi залысiнкамi, ягнятак у хату, каб пазабаўляўся сынок. Цяпер дзесь з аўчарнi далятала голаснае бляяньне маткi.
Упарадкаваўшы ранiцай статак, Сявенька напакаваў два мяхi рознага дабра й павёз да Жыда ў Гацi, каб на нафту, соль цi цукар памяняць. Пакуль новыя ўлады не забралi прыхаванага, ў знаёмага крамнiка мусiлi трымацца запасы. Сявенька мяркаваў, што лепш было зайсьцi праз заднiя дзьверы, або й пераплацiць, чымся гадзiнамi ў чарзе пры дзяржаўным «гарпо» калець ды можа з пустымi рукамi дамоў вяртацца. Ды каму-ж у тую чаргу йсьцi? Собiла людзям сем'i большыя мець. А дзе возьмеш час, калi сам адзiн у гаспадарцы? Таму здавалася Сявеньку, што найлепшым быў шлях замены тавараў воддаль ад вока людзкога.
— Сынок, ты-ж памаленьку, ня душы iх! Што-ж ты робiш?! Я-ж цябе!
Марыля падбегла да замурзанага Валодзькi, каторы моцна ашчаперыў ягня за шыю. Мацi выхапiла яго й паставiла на кволыя яшчэ ногi. Лёгка, шкадуючы, дала малому па руках i пагрозьлiва памахала пальцам.
— Кажу табе, няможна душыць, нiхай бегаiць! Ато бiць буду, во!
Валодзька-пястунок, прыгожы кругленькi нямыцька, зарабiўшы ад маткi па руцэ, скрывiў вусны й зморшчыў твар.
— Ну нi плач, нi плач, золатка, ня трэба, — патолiла матка, схiлiўшыся на паўзунком. Малы слаба яшчэ на нагах трымаўся.
— Кажу-ж табе, гуляй зь ягняткамi, алi нi душы iх. Ды iх во можа лепi да маткi было-б… чуеш во, як бляець…
Марыля адной рукой трымала ягня, а другой гладзiла сына па галаве.
— Глядзi во, якая пекная авечачка. Ну скажы, як авечачка маму клiча: мэ-э-э-э-э-э!
Шустры Валодзька не хацеў, мусiць, паўтарыць, як ягнятка маму клiча. Ён хутка падпоўз да ягня, згроб яго за ногi й моцна, зь вялiкай адданасьцю прытулiў да сябе. Ягнё пачало вырывацца, колька мага сiлаў.
— Кажу-ж табе, нi душы! Ах ты, смаркач нiпаслухмяны!
У прыплыве раптоўнай злосьцi Марыля схапiла хлапца й адвесiла поўнай даланёй па азадку. Сынок-пяштунок быццам гэтага й чакаў. Як на сыгнал, ён залямантаваў голасна.
— Ну нi крычы-ж во, як-бы цябе хто на кавалкi рэзаў. Чорт яго ведаiць, бацьку гэтага… казала во, што болi бяды, чым пацехi будзiць… нашто было прыносiць? Тая ў хлеве горла дзярэць, а гэты ў хаце. А ну вас!
Марыля жвава павярнулася падбегла да лавы, зьняла ручнiк зь дзежкi й зiрнула ў сярэдзiну яе, цi падыйшло цеста.
— Трэба во канчаць мак таўчы, булкi рабiць ды ў печ садзiць, а ты мне нi даеш, — махала Марыля пальцам на сына. — Колькi разоў назаляла язык, прасiла бацьку, каб таўкач меншы зрабiў, бо гэты чаго руку нi адравець… Ну гуляй, сынок, гуляй.
Валодзька сядзеў пасярод хаты на чыстай жоўценькай падлозе, цёр вочкi, недаверлiва паглядаючы то на матку, то на ягнят, што бляялi й церлiся адно ля другога ў куце пад сталом.
— Трэба во найлепi iх да маткi занясьцi. Нiхай пасасуць, бо галодныя ўжо.
Гэтак гаворачы, Марыля ўзяла ягнят i выбегла на двор. Матка сустрэла дзяцей радасным бляяньнем, зь нейкай удзячнасьцю зiрнула ў Марылiны вочы й не пасьпела як сьлед лiзнуць сваiх дзетак па галовах, як тыя ўзялiся таўхаць пад вымя, варушачы куртатымi хвосьцiкамi. Абнюхаўшы дзетак, авечка задаволена бляяла, а Марыля мяркавала як гэта прыгожа Бог надарыў жывёл мiлым адчуваньнем мацярынскасьцi й дбайлiвасьцi пра малое, нованароджанае. З гэткiмi думкамi, прычынiўшы дзьверы ў хлеве, жанчына сiгала праз шырокi двор да хаты, на хаду зiрнуўшы на шэрае, золкае неба, што волавам павiсла ўверсе. Невялiкi чорны Мурзiк, узрадаваны сустрэчай з гаспадыняй, раптоўна павярнуў дарожкай пад гумно й гулка забрахаў. З гумна на самакаце прыблiжаўся Сабакевiч. Адно на момант спынiлася Марыля, ямчэй забiлася ейнае сэрца й хутка пабегла ў хату.
Зрабiлася млосна, разам i горача й сьцюдзена, дрыжыкi па целе бегалi. Гэтта й страх, i чаканьне новага, няпэўнага, няведамага. Забылася пра цяжкi таўкач у руцэ, каторым цяпер з падвойнай сiлай таўкла ў ступе й адно адчувала як слабеюць каленi, як зьнясiлiла нейкая дзiўная млоснасьць.
Прыгадалася летняе, лiпеньскае, на польнай сьцежцы мiж жытнiх васiлькоў. З Гацяў iшла. Заварожаная дзiўнымi гукамi прыроды, сама як краска "на амэрыканцавым хлебе" разбуйнеўшы, цягнула пад носам нейкi дзявочы раманс i жадала, каб вось так у няскончанасьць iшла, каб гэтак заўсёды побач красавалi-усьмiхалiся васiлькi, прынаджвала на межах шыпшына, кiвалi на спатканьне махрыстымi чубамi фанабэрыстыя прыгажунi бярозкi ў гаю. Дзявочасьць ейная скончылася й ня скончылася. Муж быў той i ня той. Ён то й любiў, i шанаваў яе, ён i перасьцярагаў, каб не перапрацоўвалася, але вось прыходзiла ноч i замiж тых чаканых, дых забiраючых мiлых абдымкаў, пачыналася крактаньне, нямогласьць, нараканьне. Цi гэтак маладая, гарачая, поўная энэргii дзеўка замужжа сабе ўяўляла? А гэта Васiль пад бокам надзiў. Там-жа далей стаяў бравурны, баявы, закаханы, пагрозьлiвы Косьцiк. Ды часам здавалася, што нiчога гэтага ня было, што ўсё гэта — ява, сон нязбыты. Было адно неба й сонца, песьнi жаваранкаў i васiлькi й каласiлася жыта.
Ён вырас пасярод сьцежкi вялiкi, магутны й пагрозьлiвы. Ад нечаканасьцi, зь перапалоху хацела крыкнуць, кiнуцца ў густую сьцяну збажыны, але абамлелi, ацяжэлi ногi. Стаяла дрыжачая, няпэўная. Было ў гэтага дзяцюка нешта, што скоўвала яе волю, паралiжавала рухi. Буян, крамольнiк, вязень, начная птушка, крот, што ад уладаў вечна скрываўся, ён у памяцi ейнай юнацкай неадступным гаспадаром стаяў, як нiхто iншы верадзiць сэрца маладое патрапiў. I каб нi бацькi…
— Ага, птушачка, злавiў! — сустрэў ёмкi, звонкi голас. — Што-ж, думаеш уцiкаць цяперака ад мяне? Паспробуй!
Не жартавалi валадарныя, наважаныя вочы. Энэргiчнасьць вiдаць была i ў шырокiх, прыцiснутых поўных вуснах i навет у нябрытым падбародку. — Ты што-ж гэта за старога, крэкчучага ханжу пашла? За зямлi кусок, га? Табе што, мая любоў — гэта гной пад нагамi, каторы таптаць можна?
Прыгадвалася пасьля, што кiнулася ў бок iнстынктоўна, без папярэдняе развагi. Колькi ў нагах моцы, бегла нацянькi праз жыта. Сьцёбалi па твары каласы, займала дыханьне. I як спынiла бег, вялiкiм малатком бiла сэрца ў грудзёх. Усьведамiла, што не так самога цялеснага Сабакевiча, як свае слабасьцi баялалася. Адна маленькая неразвага дый ня будзе павароту назад. Сьведамасьць здрады чалавеку, што гадамi бацькам ей мог быць, iржой разьесьць будучыню. I задаволеная была, што ўстрымалася. Былi сустрэчы й пазьней, але заўсёды на бок ладзiла вiхнуць.
Аж прысядаў, залiваўся браханьнем Мурзiк перад дзьвярмi сяней. Раптам заенчыў, у бок адскочыў. Енк суправодзiў басiсты, злосны Косьцiкаў мат. Марыля забылася пра Валодзьку, заядла таўкла мак, а ў сэрцы нарастала трывога. Пачуўся кароткi й моцны стук у дзьверы. Затрымаўся ў млоснай руцэ над ступай таўкач i мацi разгубленым позiркам кiнула на сына.
Шырака адчынiлiся дзьверы й цьвёрдым, упэўненым крокам увайшоў у пакой Сабакевiч. Чырвоны, новенькi, вышываны ля каўняра кажушок, расшпiленая кашуля, з-пад шэрай кепкi пазiралi буйныя валосы. Косьцiкавы вочы пабеглi насамперш па пакоi, затрымалiся на Валодзьку й пасьля павандравалi на Марылю.
— Што-ж гэта нi адчыняеш? Нi пазнала можа?
Марыля загарэлася чырваньню ў твары й пазiрала ўнiз.
— Сама дома?
Голас намагаўся трымаць лагодным, хоць няцяжка было спасьцерагчы, што рабiў гэта з намаганьнем.
— А ты што, ня ведаеш? Мусiць падпiлнаваў, калi так сьмела ў хату лезеш.
— Што такое падпiлнаваў?
— Ды што майго дома нiма.
— Чорт яго, тое старое парахно, пiлнаваў. Думаеш баюся яго цi што?
— Ну дзе-ж табе баяцца…
— Во, во, правiльна кажаш, Марыля, баяцца мне нiма каго, асобiнна такога старога кулака, як твой.