Мiкола й Янук, заслухаўшыся, забылiся пра яду, задумлiва чакалi далейшага. А Пракоп, памалу й памяркоўна ўзяўся накладаць кiсель на талерку.
— Ну й што далей было? — нецярплiвiўся Янук.
— Гэта самае, бярыце во кiсель i ўсё есьце ды слухайце, адно другому не замiнаiць, — адказаў Пракоп i прадаўжаў.
— Iшлi мы тады ўжо па набярэжнай Нявы, — як сягоньнiка прыгадваю. дзень быў пекны, сонейка, вясна ўжо на крыгi лёд у рацэ дзялiла. Надта-ж так лёганька й добра на дварэ дыхалася. Той дзяцюк Мiкалай, трэба вам сказаць, гаварыў павольна, на вецер слоў ня кiдаў, а ўсё так добра й грунтоўна перадумываў. I калi што скажа, дык паслухаць яго цiкава было. Ён i ў тую нядзельку анiчуць гаварыць нi сьпяшыўся. Станулi мы, помню, над ракой ля плоту такога каменнага i ён загледзiўся на той лёд, што ўжо на крыгi крышыўся, задумаўся, дый так мне паволi кажа: — Знаiш, Пракоп, што я слаба з тых кнiгаў царкоўных чытаю. Ну, кажыць, Сьвятое Пiсаньне знаю, бо многа ў царкве чуў, ды ад сваiх каторых пабожных людзей. Малiтвы-ж таксама нiкаторыя знаю, хоць можа нi так слова ў слова, як яны напiсаны тамака. Алi мне самому, — кажыць, — цяжка тыя славянскiя кручкi давалiся, калi пробаваў, а школы вялiкай я нi маю. Расейскiя таксама, — кажыць, — нi надта каб гладка йшлi. I от, ведаеш, хочацца да Бога сказаць тое, што на душы ляжыць, а тутака гэныя мудрагелiстыя кнiжныя знакi замiнаюць. I от цi раз думаў сам сабе, што гэта рабiць. Можа другi, будучы на маiм месцы, пашоў-бы да папа цi дзяка якога, каб памог, алi я цi то нi асьмелiўся, цi то нагоды нi знашоў.
— Тады мне раз прыгадалася, — кажыць, — што я некалi са Сьвятога Пiсаньня недзiка чуў. А гэта было тое, што раз Iсус Хрыстос сказаў сваiм апосталам. Можа й ты помнiш, Пракоп? — пытаецца ён мяне. А Хрыстос сказаў апосталам: iдзiце й навучайце ўсе народы. Значыцца, я даўгавата над гэтым мазгаваў. Як-жа гэта Хрыстос пасылаў сьвятых апосталаў навучаць усе народы? Паякому яны мелi навучаць? Мы-ж знаем, — кажыць, — што кажны народ па свойму гаварыў, значыць i сам Бог знаў пра гэта. Ды Ён-жа таксама мусiў знаць, што калi вучнi ягоныя пойдуць усе народы па цэлым сьвеце навучаць, дык каб Божае Слова да iх дайшло, мусiлi языка да людзей знайсьцi. Ну што, нi праўда? кажыць мне гэты самы Мiкалай. А я тады, прызнацца вам, першы раз такое паясьненьне чуў, хоць тое, што загадаў Бог апосталам iсьцi i навучаць усе народы я чуў са Сьвятога Пiсаньня раней. Ну алi я нi задумваўся над гэтым, а гэты Полацкi глядзi во што…
— Ну ён мне тады далей расказываiць: — Калi Бог так загадаў сваiм апосталам навучаць усе народы, значыў мусiў даць усiм народам права сваймi гаворкамi разьбiрацца ў навуцы Хрыстовай, малiцца. От, як… Мусiць, выходзiць тады, што ўсе гаворкi пiрад Богам роўныя, што кажны маiць права такое як другi, што нiма гэттака нiякай казёншчыны, значыцца ты мусiш так, а ня гэтак рабiць… Бог, вiдаць з гэтага, пачуiць калi будзiш да яго малiцца так, як твая мацi цябе гаварыць навучыла, а ня тое, што калi з кнiжкi нi навучышся, ды яшчо якой чужой гаворкай, дык Бог ад цябе адвернецца. Сама важна, каб малiтва твая ад душы, каб шчырая, от як…
— Дык от, братка Пракоп, так я гэта ўсё пiрадумаўшы, пачаў нашай гаворкай малiцца, — кажыць мне гэты самы Полацкi Мiкалай. Трэба вам прызнацца, — заключыў Бахмач, — што чым болi я пасьля думаў над гэтым, дык болi зь iм згаджаўся, вiдзiў якую глыбокую праўду гэты пабожны дзяцюк мне як на талерку вылажыў. От як яно было… Дык i я, знацца, так ужо малюся. I думаю, што Гаспадар наш нябесны, Гасподзь Iсус Хрыстос i Сьвятая Прадслава Апрасiньня й ўгоднiкi божыя сьвятыя мяне чуюць i разьбiраюцца што й да чаго…
Пракоп пакорна зiрнуў на абразы, перахрысьцiўся, акiнуў вачмi сыноў сваiх задуманых i маўклiвых.
— Гэта, тата, вялiкая праўда, што той Полацкi табе казаў. Толька што мала хто, вiдаць, сам сабой такую сьцежку пратопчыць. А гэта-ж, вiдаць, трэба i пратоптываць самому, бо я ня чуў, каб калi якi поп дзе такое сказаў, - падтрымаў бацькавы развагi Янук.
— Разумны дзяцюк гэны самы Мiкалай быў, - уставiў, перажоўваючы страву ў роце, Мiкола.
— Мусiў быць. Я пасьля часта яшчо зь iм вiдзiўся, Ён так, як у тым царкоўным, так i ў другiм жыцьцi саматугам добра пасвойму разьбiраўся. Хоць навукi ня меў, алi галаву во якую! Гэта-ж як падумаiш, нiкаторыя вунь якiя высокiя школы за сабой маюць, а цi можна сказаць, што каб самi яны думаць умелi? — зрабiў выснаву Пракоп.
У куце, перад пабiтым абразом Прадславы паволi тлела полымя ў лямпадцы. Урачыстая сьведамасьць адкрыцьця новай i блiзкай дарогi да Бога асьвятлiла твары прысутных за гэтым сталом. Пасьля цягнулi з-пад абруса сена й варажылi пра даўжыню веку кажнага. I ўсе выцягнулi па даўгой травiне. Супольна, сугучна, цiха i ўрачыста сьпявалi калядкi. Яшчэ пазьней дзялiў Янук рэшткi куцьцi жывёле ў хлявох, а скончыўшы таптаў хрусткi сьнег на дварэ, разглядаў на небе зоркi й ветах маладзiка. Здавалася, што зоркi сяньня зьзялi куды ясьней, нейкiм празрыста-ўрачыстым гарэньнем, быццам ажывiлiся на ноч Вялiкага Прыходу.
У начоўках панавала ўрачыстая цiшыня, адно рэдка па гасподах цяўкалi сабакi. Недзе ў Лiпавiчах пачулiся галасы. Пераклiкалiся, мусiць, вартавыя. I Януку здалёку здалося, што да вушэй ягоных прыляцела ведамая ўжо, ядавiтая трохпавярховая маскоўская лаянка.
34
Яўхiм Скаруповiч зноў трымаў цэнтр увагi «мiцiнгу» ў лiтоўскай школе. На сход сабралася большая грамада, чым на нязьлiчоныя iншыя сходы, ад якiх сялянам пачало ўжо моташна рабiцца. Гэтым разам Сымон Пятух, наказваючы людзям, падчыркiваў, што "яўка абiзацельна" для ўсiх, каторыя зь Пiрасечана лес вывозiлi, што падлiк будуць рабiць i прэмii даваць. Само моднае слова «прэмii» дзiўна на Пятуховым языку гучэла. Некаторыя людзi чулi яго першы раз i распытвалiся "што гэта за цымус такi гэныя прэмii". Тады Сымон тлумачыў, што гэта будзе заплата i ўзнагарода за вываз лесу. Магчымасьць, што нарэшце заплацяць, — вер цi ня вер гэтай «брыдзе» Пятуху, — прымусiла шматлiкiх мужчын, што вазiлi лес, дый шмат iншага вясковага народу напоўнiць залю. Зь цiкавасьцi заглянулi сюды й некаторыя малодшыя, у iх лiку Янук i Дуня.
Цьмяна сьвяцiла лямпа за пярэднiм сталом, за каторым стаяў ды вялымi рухамi сваiх рук падмацоўваў гутарку пра «сiсьцему», яйкi — дзяржаве, малако — дзяржаве, зярно — дзяржаве, льняное семя — дзяржаве, мёд дзяржаве, усё чыста — дзяржаве той самы сельсавецкi ўраднiк Скаруповiч. Каб людзi, баранi Божа, не забылiся якi аўтарытэт для iх дабра гутарку вядзе, Яўхiм пачаў зьверху, ад самага Крамля, назваўшы "наймудрэйшага з усiх мудрых атца ўсiх народаў", каторы, вiдаць, бяссоньнiцай морыцца, турбуючыся пра дабрабыт ня толькi лiтоўскiх сялян, але i ўсiх вялiкiх i малых народаў. Пасьля «таварышч» Скаруповiч са сьцiплага моўнага запасу свайго выцягнуў колькi абшмуляных i ўежджаных ужо эпiтэтаў пад адрасам «доблiснай», што вызвалiла й каторая ня сьпiць «сiчас» на нiякай мяжы, бо "нiаб'ятную" сьцеражэ, а ў Фiнляндыi дык i здорава-такi дае ў каршэнь "гнюсным фiнскiм мiлiтарыстам i прочым капiталiстам". Гаваркi Яўхiм спынiўся на "народнай уласьцi", значыцца ў тым лiку i людзях гацкага сельсавету, што, згодна наказу таго-ж самага "наймудрэйшага з мудрых" адно пра мясцовае народнае дабро й грамадзян дбаюць.
Ужо пасьля такога ёмiстага ўступу зьнiзiўся Яўхiм да лiтоўскiх хлявоў, аўчарняў, гумнаў, курасадняў, вульляў i назойлiва-манатонна прыгадваў, што трэба дзяржаве здаваць. Не забыўся па дарозе заглянуць у «сiсьцему», адзiна-справядлiвую i ўсiм як на даланi ясную.
Людзi сядзелi, пазяхалi, драмалi.
I нарэшце да вывазу лесу Скаруповiч дабраўся.
— У мяне тутака сьпiсок, вапшчэ… учот занчыцца вывазу дрэва дзярэўняй Лiтоўцы. На iм вiджу ўсе фамiлii й сколька хто атработаў. От iнцярэсна: нiкаторыя ня выпаўнiлi нормы й вапшчэ…
Трымаючы ў руках сьпiсаны лiст паперы, Яўхiм наўмысна затрымаўся, доўга разглядаў прысутных, быццам хочачы падчыркнуць цiкавы факт, што "нормы ня выпаўнiлi".