Литмир - Электронная Библиотека
A
A

37

Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх над кашмарам прынесенай чужнiкамi злыбяды й таму салодкiм быў пот i стомленасьць на новай зямлi.

— Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.

— Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць? — мяркаваў iншы.

Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа «вызвольнiка». Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй…"

На ссыпным пункце ў Гацях маскаль з васпаватым тварам i чырвоным носам выдаваў адпаведныя квiты, дзе апроч колькасьцi прывезенага збожжа напiсана было й па колькi «руб» плацiлi за яго ў канторы сельсавету. Параўнаўшы цану, якую дзяржава плацiла за збожжа, з той цаной, што тая-ж самая дзяржава брала за гатовы хлеб у савiм «сельпо», людзям зь няўцямнасьцi прапорцыi цэнаў адбiрала мову. Адылi, калi парадзелi на дарогах хурманкi з пузатымi зрэбнымi й кужэльнымi мяхамiй чырвонымi сьцягамi ды лёзунгамi, а падаўжэлi на чыгунках цягнiкi, што валаклi народнае дабро ў "саюзную Гiрманiю", узрастаў на вёсках цiск, каб аддавалi "лiшкi мяса, збожжа, яек, малака, мёду й iншага дзяржаве"

Зьбянтэжаныя бальшавiцкаю нагласьцю, спрацаваныя сяляне сьпяшылi цяпер у сельсавет, дзе на прамiласьць боскую прасiлi, каб забралi назад дараваную iм зямлю. "Народная ўласьць", каторая, здавалася, ад самага памятнага дня «вызваленьня» мела адну мэту свайго iснаваньня, — напярэймы бегла дапамагаць сялянам, — цяпер быццам зьдзiчэла.

Дападлiвыя й пранырлiвыя спанатрылi, што баромэтрам новых парадкаў быў ня хто iншы, як свае-ж собскiя атожалкi, Сабакевiч i Шпунт, перадусiм першы.

— Глядзiце на Ромкавага гаспадара. Як ён галаву нiзка дзержыць, дык нам лепi будзiць, а як паднiмаiць яе дык нам тады хоць ты бакамi рабi, гаварыў, аглядаючыся пераз плячо, Антось Дзяркач.

У той час, калi валачылi на дарогах "нарыхтоўкi дзяржаве", высака трымаў Сабакевiч Косьцiк сваю галаву. У вадзiн вечар на твары Косьцiкавага бацькi Паўлюка загаспадарылi сьвежыя сiнякi. Таленавiты сын прывёў да бацькавае клецi вызначаныя сельсаветам хурманкi, што забралi "лiшкi збожжа дзяржаве".

Наконт крыку й ляманту, што адбываўся пасьля ў Паўлюковай хаце, дый наконт яўнага Косьцiкавага доказу адданасьцi ўладзе, а не свайму бацьку, доўга ня сьцiхалi Лiтоўцы. I ўжо тады, робячы выснавы, нейкi нядошлы патрыёт былай «моцарствовай» заўважыў: — Казалi Палякi, калi iх вывозiлi, каб ня цешылiся зь iхнай бяды. I праўда. Паглядзiце навакол сябе: калi так сын бацьку робiць, дык чакай чалавек дабра якога…

Позная восень назаляла зяблым дажджом, нiзкiмi хмарамi, абрыдзелымi ўраднiкамi, палiтрукамi, доўгiмi сходамi ў школе. На сходах, каторыя чамусьцi бальшавiкi называлi «мiцiнгамi», як правiла, насамперш прыгадваў «сiсьцему» ды чытаў лiсту падаткаў, культналогаў, розных «лiшак», што мясцовыя сяляне вiнаваты былi дзяржаве, ведамы нам фiнагент Скарутовiч. Уступ гэткi можна было назваць зьмякчэньнем, або зацьвярдзеньнем прысутных, у залежнасьцi зь якога боку на гэта глядзець. Дзяржава, што звычайна раскашэльвалася за сталом "праўленьня" ў асобах фiнагента Скаруповiча, Шпунта, Сабакевiча дый яшчэ аднаго прадстаўнiка зь сельсавету цi раёну, уважала сход зьмякчэньнем кандыдатаў на вяршыню савецкага дабрабыту, — у калгас. У галовах бальшынi лiтоўскiх людзей, лiк якiх на сходах паступова малеў, адбываўся працэс супрацьлеглы пажаданаму ўладамi.

Зазiмак сыпнуў сьвежым, дробным сьнегам. Дагледзеўшы сваю сьцiплую гаспадарку, Пракоп прычынiў вароты ў гумно, думаў, што на зiму варта было-б сабаку мець. Калi пойдзе сьцюжа наводля леташняй, могуць падкапацца пад хлеў ваўкi й выцягнуць дзьве авечкi, што на расплод трымаў. Задуманы, пасьпяшыў у хату, дзе Мiкола сьнеданьне рыхтаваў. Паволi выцер за дзьвярмi боты, увайшоўшы ў хату ўзяўся рукi мыць.

— Зiма ўжо, мусiць, возьмiцца, — сказаў.

Мiкола зiрнуў на бацьку, дастаў зь печы аладкi, ўзяўся падаваць на стол, ля якога сядзеў Янук.

— Паедзiш, тата, сёлета ў Пiрасечана? — спытаў малодшы Бахмач.

Бацька няўцямна зiрнуў на сыма.

— Ты што, кепiкi робiш зь мяне? На кiм гэта паеду?

У бацькавым голасе прасмыкнула нотка горычы, прыгадалася зьняважлiвае панiжэньне на тым сходзе, дзе Захаруку так званую прэмiю далi. Кот мяўкаў пад сталом, калi Бахмачы ўзялiся спажываць аладкi з мачанкаю. У гэны момант пачулiся за дзьвярмi крокi.

— А гэта-ж хто так рана?

Адчынiлiся дзьверы й на парозе зьявiўся Косьцiк Сабакевiч. Апрануты ў чырвоны, вышываны нацыянальнымi ўзорамi сьпераду кажушок, сiнiя савецкiя галiфэ порткi, чорную шапку астраханку, блiскучыя хромавыя боцiкi, дзяцюк высака трымаў галаву й глядзеў проста ў вочы. Адно хуткае й зыркае вока магло спасьцерагчы, што адсутнiчаў у Косьцiкавых шэрых вачох зласьлiвы аганёк.

— Здароў, Пракоп, Мiкола, Янук! — прывiтаўся голасна. — Можна зайсьцi?

Гучэла гэта нiякавата. Груба-шурпаты голас прызвычаiўся загадваць i не спадарожнiчала яму лагоднасьць. Пракоп глядзеў на арганiзатара калгасаў зь няўцямнасьцю, аладка з мачанкай спынiлася на паўдарозе ў рот. Зьбянтэжаныя сыны пазiралi то на бацьку, то на Косьцiка.

— Ды ўжо-ж заходзь, — адказаў Пракоп.

— Пекных сыноў маiш, Пракоп, — сказаў Сабакевiч, сядаючы воддаль ад стала на зэдлiку ля сьцяны.

Працэс спажываньня аладак зноў спынiўся на пару часiнаў. Сыны зiрнуллi на бацьку, пасьля на Косьцiка. Пракоп-жа адно пазiраў на прыйшоўшага.

— Прабач во, што нiма чым пачаставаць, — сказаў Пракоп.

— Нiчога, дзякую, я заўтракаў, - адказаў дзяцюк.

— Калi, гэта самае, ходзiш за якiмi лiшкамi, цi тым, — як яго чэрцi завуць? — кулем, цi яшчо якой трасцай, дык можаш мой парог мiнуць, бо нiчога ў мяне нiма. Калi-ж…

— Да нет, Пракоп, я не за тым. От пабяседаваць зайшоўся да толька таво, — паясьнiў Сабакевiч.

Цяжка было веры даць. Праз голас прабiвалася лагоднасьць, а на твары са шрамам на лбе прасмыкнула нешта наводля зычлiвае ўсьмешкi. Адсутнiчала казённае «таварышч». Пакуль Ромкаў гаспадар ступiў на парог, за сталом панавала лёгкая й непасьпешлiвая вольнасьць, лагоднасьць. Гэта быў той пэрыяд дня, калi чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага «пабяседаваць», нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.

— Адчапiся во! — сыкнуў.

Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.

— Пекнага ката маiце, — сказаў Косьцiк.

На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?

— Ну што чуваць, Пракоп? — прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.

— Нiчога от, сам знаiш, — буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.

— Здароўе як? — пытаўся далей Сабакевiч.

— Эт… дзяржуся, — неахвотна адказаў Бахмач.

Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.

65
{"b":"103054","o":1}