— Iдзi ў будку, кажу! — гукнуў Сявенька.
Азiраючыся, сабака адыйшоў.
Сявенька затрымаўся перад самакатам ля парогу. Дрыжэлi рукi й бязьмежная злосьць абцугамi цiснула сэрца, скорыла дыханьне. Рука выцягнулася да дзьвярэй, павiсла й апусьцiлася. На зьняможаным твары мiльганула ледзь заўважная ўсьмешка. Азiраючыся на бакi, прыгнуўшыся, Сявенька накiраваўся за вугал хаты. Iшоў паволi, асьцярожна, прыблiжаўся да вакна са спальнi. Зiрнуў уверх i спасьцярог адчыненую фортачку. Здалося, што да вушэй даляцеў басавiты мужчынскi голас. З гэтага боку хаты, ля сьцяны, рос малiньнiк у перамешку з крапiвой. Перад самым тварам, нешта моцна лопнула паветрам, выскачыла з малiньнiку. Перапалоханы гаспадар аж прысеў. З гнязда нясушку сагнаў. Курыца закудахтала на ўсю шырыню свае глоткi й шмыгнула за вугал хаты. Забыўшыся, ледзь ня вылаяўся Сявенька ўголас, але ў час стрымаўся. Тады спасьцярог, што левай нагой у яйкi ўквэкаўся. I мiльганула злосная думка, што Марыля, — нашто ўжо калi працавiтай была, цяпер навет за нясушкамi не глядзiць.
— Чуеш? Курыцу нехта сагнаў.
Марылiн голас, праз фортачку. У голасе — заклапочанасьць. Сявенькава кроў малаткамi бiла ў скронi. Здавалася, што тыя ў спальнi празь сьцяну пачуюць.
— Сабака, можа, — адказаў абыякавы Косьцiкаў голас.
— Ты, Косьцiк, любiш мяне?
Ласкавы Марылiн галасок, той самы, што яму некалi розныя салодкiя пяшчоты абяцаў.
— Нiхай сабе, люблю, — адказаў абыякавы бас.
— Косьцiк!
У голасе трывога.
— Га?
— Думаеш, што раскулачаць i вывязуць нас?
Трывога ў голасе расла.
— Так.
— Дык як будзiць? I старога, i малога й мяне?
— Усiх, — адказаў цьвёрды й аўтарытэтны бас.
— Ай-яй-яй!
Здалося Сявеньку, што заенчыла сучка. Ён рукавом абцёр пот з твару. Нос цягнуў рэзкi пах мяты.
— Я-ж табе сказаў, што рабiць. Стары ёлуп многа золата маiць. Вымантажыш, дасi мне, дык астанешся.
Млоснасьць корчыла Сявенькавы каленi, слабiла ўсё цела.
— Ты гэта сур'ёзна, цi што?
— Раз кажу, дык сур'ёзна, — цьвёрда адказаў Косьцiк.
Хвiлiна маўчаньня.
— Каб гэта магла… Чорт ведаiць дзе ён яго хаваiць.
— Як захочаш то сумееш. Ты-ж ягоную слабiну знаеш.
Жончын галасок паволi й мэтадычна рэзаў Сявеньку на балючыя кавалкi. Здавалася, што няма для дыханьня паветра. Нехта завалодаў мазгамi, гнаў думкi на нячыстае й кружылася галава. Сьцiснулiся зубы. За фортачкай скрыпнуў ложак.
— Ты, што гэта сягоньнiка ўсхадзiўся? Мала табе яшчо?
У голасе — пажаданасьць.
— А табе шкада? Змылiцца яна, цi што? — зарагатаў Сабакевiч. — Цi можа старому астаўляiш?
— Сьлiнька той! Каб ён мог! Насапецца, запыхцiць, як кавальскi мех. Абрыдзеў ужо.
Пагардлiвы, зьмяiны, з тоненькiм, ядавiтым джалам, голас. Джала пеканула Сявеньку пад самае рабро. Перад вачмi замаячылiся чырвоныя, зялёныя й сiнiя кругi. Дрыжэлi рукi. Але ўжо Сявенькавы ногi борзда нясьлi яго навокал хаты. У сянёх ля дзьвярэй, са сталярскага стала рукi схапiлi тапор.
Таго самага дня, калi сонца садзiлася за Гаравацкую пушчу, Бурачыха вярталася з Гацяў. Ад гасьцiнцу пайшла чыгункай, пералезла праз плот на Сявенькаў хутар. Бурачысе нiкуды не сьпяшылася i яна разглядалася навокал, паўз Сявенькаву пуню кiравалася на бальшак, за якiм чакаў дом. Ля пунi спынiлася, прыслухалася. Навокал нiкога ня вiдаць было, адно з хаты далятаў зьняможаны плач дзяцiны, а ў дварэ скавытаў сабака. Бурачыху ня зьдзiвi-бы звычайны дзiцячы плач. Цi мала дзе й калi дзецi плачуць. Але плач Марылiнага Валодзькi насычаны быў зьняможаным хрыпам, такiм, якi чуеш у дзiця, што плача доўгiя гадзiны. Бурачыха стаяла й мяркавала. I сабака скавытаў дзiка, зусiм неяк непасабачаму.
Жанчына хуткiм крокам рушыла на двор. Здалёк пабачыла адчыненыя ў сянёх дзьверы, збоку самакат. Сабака не забрахаў, як звычайна, а кiнуўся ў ногi, вiшчаў зь нейкага дуру. Бурачыха на момант спынiлася. Дзяцiны плач перайшоў у цяжкi, зьняможаны хрып.
Яна ступiла на прыступак ля парогу сяней i зiрнула ўглыб, ды ледзь на нагах утрымалася. На бэльцы, пад паваленай драбiнай вiсеў чалавек. Бурачыха закрыла твар рукой i тады зноў, быццам хочачы ўпэўнiцца, што гэта не зьява, зiрнула яшчэ раз налева. Новая, з таўстой сiвой пянькi, вяроўка ўелася ў шыю й неяк дзiўна задрала ўверх Сявенькаву бараду. Жанчына манiлася падыйсьцi блiжэй, прыгледзецца, але з хаты прынадзiў яе хрыплы галасок i яна шырака адчынiла дзьверы.
На парозе, ля дзьвярэй спальнi, запэцканы ў чырвонае, засьлiнены, жахлiвы, ледзь яго пазнаць, тросься й хрыпеў малы Валодзька.
— Госпадзi мой нябесны! — жахнулася Бурачых й падыйшла да адчыненых дзьвярэй спальнi. Вочы яе шырэлi й здавалася, што вось-вось зь ямаў твару выскачуць. Звычайна лагодны твар перацяўся жахлiвым перапалохам. Пачалi дрыжэць вусны, рукi, жанчына пахiснулася i, як цяжкi мех, асунулася на падлогу побач закрываўленага хлопчыка.
41
Выпрастаўшы босыя ногi на калясцы, Янук пусьцiў вольна лейцы й кабыла йшла гасьцiнцам бяз прынукi. Адно ўважаць трэба было на грузавыя аўтамашыны. Янук не бачыў чэрвеньскага хараства прыроды: нi зелянеючых лугоў, нi прыбранага, быццам на Сёмуху, лесу, нi жоўцi красак побач дарогi, нi кучаравых, як бараноў, хмарак на блакiтным небе. Змучаны хлапец ехаў у паўдрымоце.
Ад часу, калi зьявiўся дзядзька Хвёдар, адбылiся ў Бахмачоў перамены. Перш за ўсё параiлi Януку кiнуць школу й пайсьцi працаваць на пошту. Бацька зь недаверам аднёсься да братавай думкi, што лепш у калгас iсьцi раней чым пасьля, бо ўсяроўна ня выкруцiшся. Хоць штучнае акупантава дзяцiшча ўжо спавiвалi ў Лiтоўцах, хоць i заявiла яно аб сваiм узыходзе на гiстарычную лiтоўскую плятформу хрыплым Пятуховым голасам, не хапала яму жывога й здаровага дыханьня. Забойства Косьцiка, Марылi й самагубства Сявенькi да глыбi страсанула вёску, прынесла непажаданыя насьледкi. Як узгарэўшы, пачаў цяпер праяўляць надзвычайную «бдзiцельнасьць» Лявон Шпунт, асаблiва-ж пасьля таго, як патрымалi яго ў НКВД, дзе, як мяркавалi, насьпяваў цэлую лiсту кандыдатаў у далейшаыя падарожжы. Забралi Антося Дзеркача, старога Бурака з жонкай, пацягалi, але выпусьцiлi языкаватага лекара Зянькевiча. Прыцiхлi людзi ў начоўках лiтоўскiх. Сявенькава й Буракова, — дзьве найбольшыя гаспадаркi ў Лiтоўцах, — сталiся асновай калгасу "героя Чапаева". Ня ў прыклад iншым, новасьпечаныя калгасьнiкi бралiся за гаспадарку, як агонь за мокрае. Зноў пайшлi чуткi пра далейшае раскулачваньне багацейшых сялянаў, на сходах часта да хрыпаты гучэў гiстэрычны Шпунтоў голас. Сам старшыня таго ненатуральнага дзецiшча, Сымон Пятух далей смуродзiў цыбуком з карашкоў, хадзiў бадзёра мабiлiзаваць "адзiналiчнiкаў". Людзi, звычайна, адкуплiвалiся самагонкай i, такiм чынам, Пятуховы энтузiязм да гаспадаркi часта-густа расплываўся ў алькагольнай ханжы. Учарашнiя сябры камбеду, цяперашнiя калгасьнiкi, ласыя на чужое марудзiлi, азiралiся па бакох i шматлiкiя ўжо бачылi, што "канчалася кату масьленiца". Аднаасобнiкi, у тым лiку й Пракоп Бахмач, памалу кешкалiся ля сваiх гаспадарак, сачылi як замыкалася ўдушлiвае кола. Хвёдараў паварот з глыбi Расеi падмацаваў Пракопа, даў спадзяваньнi, што на ўсялякi выпадак, калi прыйдзе патрэба, зьявяцца на помач «плечы». Навет Лявон Шпунт адносiўся да яго накш чым да iншых, зусiм не насядаў, а Пятух i зусiм абмiнаў, бо ведаў, што не чакае яго нi гарэлка нi пашана ў Бахмачовай хаце.
Паралюш сялянскага жыцьця йшоў побач зусiм няпрыхаванай трывогi. Чакалi нечага новага, быццам яшчэ горшага й нiхто ня мог вызначыць у якой хворме гэнае нешта мае выявiцца. Навет дзед Якуб зрабiўся бурклiвым, радзеў на сваей прызьбе, грэўся. Мо спанатрыў, што перапалоханыя людзi на давер скупiлiся. Зiма даўным-даўно адыйшла на поўнач, але загнязьдзiлася ў сэрцах сялян лiтоўскiх зiма яшчэ жахлiвейшая, — тая, што запаволiла й часткова спаралiжавала самае звычайнае жыцьцёвае тэмпа.
Дзесь за межамi й далей той калiшняй «моцарствовай» многа глуму нарабiў «немiц». Пасьля маланкавых паходаў на тры бакi сьвету, прытаiўся дзесь i цiкаваў новую здабычу бэрлiнскi абжора-груган. Цi ягоны страўнiк не палягчэў яшчэ перад новым нападам, цi ня вымяркаваў зь якога боку насесьцi на новую ахвяру…