Литмир - Электронная Библиотека
A
A

6

Ужо добра пакарацеў сонечны дзень, калi некаторыя сяляне, уволю пылу наглытаўшыся, бiнзiннага смуроду нанюхаўшыся, прыгадалi, што ад раньня нiчога ў ратох ня мелi. Пракоп паклiкаў сыноў, а Алесь — жонку й дачку. Маладыя не хацелi дадому йсьцi. I м-бы тут цэлы дзень пралiпець i то можа мала было-б. Адно калi пачулi абяцанку, што могуць пасьля паўдня назад вярнуцца, павалаклiся ўсьлед за бацькамi.

Iшлi моўчкi. Ладны кавалак ад гасьцiнцу адыйшоўшы, спынiлiся на лекаравым жытнiшчы. З узгорку вачом iхным паказалася надзвычайнае зьявiшча. Ад глоткi гасьцiнцу ў пушчы ды аж да павароту за чыгуначным пераездам пад Лiпавiчамi, шлях стагнаў пад цяжкiмi стальнымi машынамi. Гульлiвым рэхам адклiкалася Гаравацкая пушча, шырокiм разьлiўным гоманам поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi. I здавалася, што адно стальныя круглыя вежы, з таўстымi цыгаркамi наперадзе, паўзьлi па шэра-рудой кудзелi густога пылу. Дзесь у гэны суцэльны гул з боку Дубовiчаў уварвалася кволае бомканьне царкоўных званоў.

— Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, — iранiчна кiнуў Алесь.

— Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць! — ахнула Кацярына.

Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.

— Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, — спасьцярог Пракоп.

— Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.

— Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.

Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.

— Ня веруць? — зьдзiвiўся Алесь, коса на жонку зiрнуўшы, — дык цi-ж Абуху Бог трэба? Ён-жа табе любога Бога за пару пудоў жыта на рынак папёр-бы.

— Ды чаму-ж не… папёр-бы, чорт пайсаты, — згадзiўся Пракоп.

Мiнулi доктараў двор, падыйшлi да Пракопавай хаты. Насустрач, абапiраючыся мылiцай, чыкiльгаў пасярод вулiцы дзед Якуб. Патрыярх лiтоўскi занемагаў мусiць апошнiмi часамi, бо рэдка калi з прызбай сыновай хаты расставаўся. Гулкая нясусьвецiца на гацкiм гасьцiнцы даплыла мусiць i да ягоных глухаватых вушэй.

— Здаровы, Пракоп, Алесь, Кацярына, — прывiтаўся здалёку. — Што гэта дзе робiцца? Маiх ня вiдзiлi?

Голас, як на стары век, быў надзiва звонкi й выразны.

— Бальшавiкi на гасьцiнцы йдуць, нi канца нi краю нiма? Дый вашы тамака-ж, — сказаў Пракоп.

— Бальшавiкi? — разiнуўся шчарбаты рот. — Дык праўду мусiць во казалi… А я, цьфу, каб на iх макарэц, узяў дый не паверыў.

— Так, дзядуля, бальшавiкi, мора цэлае, — пацьвердзiў Алесь.

Стары абапёрся на мылiцу, выцягнуў з роту цыбатую люльку, пiльна жмурыўся на суседзяў.

— А Божа-ж мой, бальшавiкi значыцца, — перахрысьцiўся дзед. — От табе й на! А як гэта кажаш, Пракоп, iдуць? Едуць цi што?

— Ды едуць-жа, едуць. Самыя танкi, нi канца нi краю нiма. Схадзiў-бы паглядзеў…

— Ты ўжо, Пракопка, зь мяне нi падтруньвай. Дзе мне старому такую дарогу шкандыбаць?

Дзед пальцам патаптаў табаку ў люльцы.

— Танкi, кажаце? Ня вiдзiў-жа я нiколi якiя гэта яны.

— Ня вiдзiлi-ж да сягоньнiшняга й мы. Надта-ж вялiкiя й страшныя пудзiлы, от гэтак зь Пiтухову хату вiлiчынёй. Кажны арудзiю маiць. Ды нi на калёсах, а на гусянiцах яны. Мусiць i цяжкiя-ж надта, бо так глядзi як гасьцiнец выраўнялi.

Дзед стаяў i думаў. Цi ўяўляў, што такога дажыве?

— А гэтта-ж Пiлiпаў Арсень прыбягаў ды казаў, што старэйшую Макатунiшку палякi павесiлi. Праўда гэта?

— Павесiлi. На самай браме пад Сталiнам, — паясьнiў Алесь.

— На каторай гэта браме?

— Ды на гэнай, што во гэтыя тры галадранцы — Косьцiк, Лявон i Хведар Павалiцкi — за ноч пастроiлi. Дзяўчына-ж iм памагала.

— Госпадзi мой, спасi душу яе, — перахрысьцiўся стары. — А як-жа яны яе? Дзе-ж тыя галадранцы былi? Чаму нi баранiлi яе, каб iх макарэц спапялiў.

— Тамака-ж i былi, а дзе-ж… Ды як нарвалiся палякi, копаўцы гэтыя значыцца, — гэтак нам людзi расказвалi — дык дзяцюкi ў штаны панапускалi, у кусты ходу, от як…

Журботнае бомбканьне дубовiцкiх званоў спынiлася.

— Спасi, Госпадзi, душу ейную, — крактаў дзед Якуб. — Якая яна там нi была, але цi-ж так можна?

Заварожаныя патокам пасьпеўшых падзеяў, стаялi пасярод вулiцы.

— Ты, дзеду, самы ў нас найразумнейшы. Скажы во што настанiць цяперака. Ты-ж некалi ў Расеi быў. Палепшаiць цi пагоршаiць? — пацiкавiўся Алесь.

Дзед хмыкнуў, пальцам пакалупаў пад сьвiткай за паясьнiцай, ды бледнымi ясна-блакiтнымi вачмi пазiраў дзесь у бок Лiпавiчаў.

— Як гэта вам, братцы, сказаць? Хто-ж яго знаiць… Некалi вуньдзiка сама Расея нi тая была. Многа вады з таго часу, як мяне чэрцi на канец сьвету загналi, сплыло. Пры цары-ж — сам знаiш — людзi ў Бога верылi. А гэтыя мусiць чорта на покуцi пасадзiлi. А там, дзе чорт гаспадарыць, дык цi прыходзiцца чаго добрага ждаць? У чорта ўсё пачартоўску. Гэтулькi магу вам, братцы, цяперака сказаць. Пажывём ды ўвiдзiм, як тая прыказка кажыць. Доўга можа i ждаць ня прыдзiцца.

Дзесь з-за Гараваткi даляцеў да вушэй iхных зусiм iншы гул. Янук першы падняў на неба вочы. Натупырыўся й Тапсiк. Зусiм нiзка з-за сугра выплыў вялiкi, з чырвонымi зоркамi на крыльлях, самалёт. Ужо пралятаючы над самай вёскай, пачуўся лёгкi стрэл. З жывата ягонага, як мак, пасыпалася нешта дробнае.

— Тата, тата! — усхапiўся Янук, — iраплан нешта кiнуў! Вiдзiш вунь? Гляньце, гляньце!

— Чаму-ж ня вiджу? Паперкi нейкiя.

Янук, Мiкола й Надзя пагналiся за паперкамi. Нiкуды ня трэба было бегчы. Паперкi асядалi на стрэхах, падалi на вулiцу.

Захарукоў Пятро, калупаючы ў носе, паволi шкандыбаў у гэты бок з другога канца вёскi. Спынiўся, лыпнуў вачмi, спасьцярогшы "манну зь неба". Лавiў i камшыў паперкi ў карэлай руцэ.

Ад бальшака пачуўся грукат каляскi. Спанукаючы гнядога, сьпяшыў на гасьцiнец Захарук, каб забраць труп Макатунiшкi. Людзi адыйшлiся на бок, каб даць яму дарогу. Алесь стрымаў Захарука рухам рукi.

— Гэта ты па пакойнiцу? — спытаў.

— Ага, папрасiла-ж старая.

— А хто-ж гэта пахаваць? Сама Макатунiха рады нi дасьць.

Лейцамi стрымлiваў Захарук нецярплiвага конiка, што ёмка сьцёбаў хвастом па баках.

— Дык брат-жа ў яе ёсьць. А гэтыя во гяроi што, нi памогуць?

— Ты думаеш пра нашых камунiстаў?

— Ну а каго-ж… За iх-жа дзяўчына галавой налажыла. Дый мы-ж нi калекi. Трэба бабе памагчы.

Афiшкi, ськiнутыя з самалёту, усё яшчэ падалi. Захарук узяў адну, што трапiла на воз, ды разглядаў яе.

— Вы гляньце, а гэта што?

— Нешта можа цiкавае. трэба во пачытаць, — сказаў Пракоп.

— Ну, братцы, нiма мне часу. Тамака ждалi й пiраждалi мяне. Як прачытаеце, раскажаце. Дый заглянiце там пасьля да Макатуноў.

Захарук зiрнуў на сына, што стаяў побач, памкнуўся нешта сказаць, ды ёмка сьвiснуў кароценькай пугай i гняды раптоўна тузануў зь месца. У доктаравым дварэ стаялi дзьве хурманкi. Праз адчыненыя вароты й доктарава поле накiраваўся Захарук на гасьцiнец.

— Ну дык, Пракоп, ты найболi з нас паруску граматны. Прачытай што тут пiшуць, — спанукаў Алесь.

Кажны трымаў прынамсi па аднэй афiшцы ў руцэ, але цяпер усе пазiралi на Пракопа.

— Даўно-ж i я, братцы, паруску чытаў, - тлумачыў Бахмач, разглядаючы афiшку. — Чакайце, алi-ж гэта нi паруску, а панашаму, значыцца пабiларуску, яй Богу! — зьдзiвiўся Пракоп.

— Ну дык яшчо лепi, — узрадавалася Кацярына, — чытай ужо, нi марудзь.

"Браты Беларусы! — пачаў Пракоп, — Надыйшоў сьветлы доўгачаканны дзень вашага вызваленьня. Сёньня вялiкi савецкi народ падаў вам братнюю руку дапамогi. Наша слаўная Рабоча-Сялянская Чырвоная Армiя перайшла ўсходнiя межы панскай Польшчы, каб вызвалiць вас ад белапольскага панскага прыгнёту…"

7
{"b":"103054","o":1}