Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Чалавек гаркнуў нешта шофэру, галава якога тарчэла сьпераду, танка пачаў звальняць i спынiўся перад самым натоўпам. Склыгалi гусянiцамi й затрымлiвалiся заднiя. Паволi людзi ўгледзелi ў чалавека на вежы па дзьве шпалы на пятлiцах каўняра, кiрпаты нос, шырокi падбародак, плоскi твар, шырака ад пераносiцы разьмешчаныя вочы. Вочы гэныя папаўзьлi па людзях, затрымалiся на браме й тады зморшчыўся нявысокi лоб.

— Што за чорт? Што ў вас гэтта? Чаму жанчына вiсiць? — спытаў парасейску шорсткi бас.

Людзi маўчалi й пазiралi на Сабакевiча. Дзяцюк падыйшоў да танку.

— Палякi павесiлi, таварышч камандзiр.

У дрыжачым голасе — нясьмеласьць, на твары — чырвань сораму.

— Павесiлi, кажаш? Дык вы-ж гэта ёлупы сабралiся з павешанай жанчынай нас сустракаць?

Цяпер чалавек выглядаў такiм грозным, як i ягоная пачвара што з задняй трубы капцiла сьмярдзючым бiнзiнным дымам.

— А ну зараз-жа зьнiмiце яе! — загадаў.

Мужчыны кiнулiся да трупа пры браме. Мала хто прыглядаўся iм, апроч старое Макатунiхi й Дунi. На вачох былi танкi з чырвонымi зоркамi на вежах. У стальных пачварах сядзелi чужыя людзi. Некаторыя былi на мясцовых сваiх людзей падобныя, iншыя-ж — то касавокiя, то плоскатварыя, жоўтыя й цёмныя. Ды вось дзiва дзiўнае: танкiсты шчыра ўсьмiхалiся хоць i малазразумелай мовай гаварылi. Некаторыя вяскоўцы, ужо пасьмялеўшы, перакiдвалiся прывiтаньнямi, выцягнутыя рукi цiснулi.

Наважылiся падыйсцi да машынаў i дзецi ды падлеткi. Доктараў фарсун Уладзiк прыблiзiўся да другога танку, пальцамi памацаў бок.

— Нi чапай, укусiць! — жартаваў Антось Дзяркач.

— Ня бойся, дзяцюк, ён ня кусаецца, — усьмiхнуўся на вежы шырокi круглы твар.

Цела Макатунiшкi палажылi на адхоне. Заплаканая матка прасiла Захарука, каб адвезьцi яе дахаты парупiўся.

Афiцэр пярэдняга танку вылез зь вежы, нехлямяжым крокам падыйшоў да тройкi камунiстаў. Паздароўкаўся. Косьцiк прадставiўся сам, пасьля адрэкамэндаваў таварышоў. Зь лiсьлiвай падхалiмскай ўсьмешкай адразу згадаў пра "барбу процiў панскага iга", прамянiўся, рос, пазiраў на бацьку й мачыху, што гамонцы прыслухоўвалiся. Стары Бурак ня мог разабрацца цi сын ягоны стаў сяньня забойцам цi гэроям.

Афiцэр цярплiва слухаў Сабакевiча, пытаўся хто браму будаваў, сквапна пра польскiх памежнiкаў распытваўся. На мапе адшукаў Гацi й хацеў ведаць цi там якая абарона ёсьць. Вельмi шкадаваў Косьцiк, што ня мог сваiх вызвольнiкаў з хлебам i сольлю сустрэць. Адылi й тое, што вось ня зь кiм iншым, адно зь iм гаворыць на вачох цэлае вёскi гэты важны камандзер, спрычынiлася да росту ягонага аўтарытэту.

Даўгая калёна, — адзiн танк упрытык другому — расьцягнулася да лесу, роўна гула маторамi, смуродзiла едкай бiнзiнай. Танкiсты пасаскаквалi на дарогу, некаторыя гаварылi зь сялянамi. Два малодшых афiцэры падыйшлi да пярэдняга. Гэты выплюнуў недакурак, адрывiстым тонам загадаў: — Давайце назад в колону, поезжаем!

Рушылi паволi. Цяжкiя лапы гусянiцаў на рудую муку дзяўблi груды глiны, раўнялi колавыя каляiны. Густой коўдрай уздымаўся пыл i сяляне адыходзiлi ад гасьцiнцу. Танкiсты шчодра ўсьмiхалiся, махалi рукамi, некаторыя кiдакi ёмкае, голаснае «здрасьце».

Басаногi Захарук сьпяшыў дахаты, каб запрэгчы павярткога гнядога й старой Макатунiсе ў горы пасобiць. Руху войска, здавалася, канца ня будзе. Сонца добра над Гараваткай паднялося, грэла сялянскiя плечы й шыi. Гулкi запылены зялезны вуж мерна поўз гасьцiнацам, лёгкi ветрык забаўляўся пылам i бiнзiнавым смуродам.

— Алi-ж i сiла! Ай-я-яй-яй-я! — чулася мiж разяваў. — От i бальшавiкi табе! Гэта-ж брахалi палякi, што сам адзiн смурод у iх, бiда адна! А ты глянь, ты глянь! Дзе-ж яшчо каму такую сiлу задзержыць?

Няведама хто й калi старой Пятушысе наказаў. Апошняй мусiць зь вёскi да гасьцiнцу прыклыпала. Каго як каго, а яе гэтта нiхто не спадзяваўся. Рэдка калi за весьнiчкi двору свайго выглядала. Цi адзiн вясковец даўно забыўся, што старая — гадоў за восемдзесят — дзесь яшчэ лiпела з гультаём сынам на лапiку зямлi. Адно калi ранiцы капцiла з тонкага, з абрэзу нейкай трубы змайстраванага, Пятуховага комiну казала каторая жанчына ў вёсцы: — Глянь, Пятух во закурыў. Мусiць-ткi клеваiць яшчо старая Пiтушыха.

I не ўяўлялi людзi такой нагоды, што прынадзiла-б старую на шырокi гасьцiнец. Падсьлепаватая, кволая, яна апiралася бярозавым кiёчком, мiргала выцьвiлымi вачмi. Ды хада яе наўзьдзiў борздай людзям паказалася.

Даўно-даўненька, гадоў паўтузiна цi больш заняло ей пакуль спатолiла горыч па Язэпку сваiм, што дзесь на японскай вайне прапаў. Прыйшла вялiкая беспрасьвецiца то ў наймах, то на сваей вузенькай палосцы. Сыны — малеча, iх накармiць i апрануць трэба было. Ажно ў трыццатых гадох найстарэйшы ў Расею лепшай долi шукаць пайшоў. Доўга сьлязiлася ўдава, на бальшаку прастойвала, праз маленькае ваконца на дарогу выглядала. Зусiм спадзяваньнi на сынаў паварот страцiла, калi Расею як у зрэбным мяху завязалi.

Цяпер-жа здалося жанчыне, што Бог ейныя доўгiя малiтвы нарэшце выслухаў, зрэбны мех разьвязаў. Можа-ж можа й ейны Сьцёпка-галубок вернецца. Дападлiвая Аўдоля першая старую Пятушыху спасьцерагла.

— Глянь, ты, глянь, ягодка мая! Божачка ясны, — таўханула Пiлiпаву Аксеню, — а гэта што вылiзла?

Старая цiснулася наперад. Пад пахай трымала нешта загорнутае ў ручнiк, прастакутнае хвормы. Сiвыя валосы рассыпалiся з-пад новае хусьцiнкi ў клеткi, кутамi пад бараду завязанай. Мо на сьмерць дзе яе ў куфры трымала. Апранулася ў белую кужэльную блюзку, цёмна-руды андарак, басаногая. Затрымалася. Борзда мiгаючы вачмi, зiрнула на людзей i машыны ды разгарнула ручнiк. У руках трымала iкону Збаўцы, мо тую самую, каторай калiсь мужа й сына праводзячы на чужыну багаслаўляла.

Маўклiва прыглядалася рухлiвай бальшавiцкай калёне. Мала хто ведаў-бы, калi-б давялося, як i пра што са старой пачаць гутарку. Танкi гэным часам сьцiшылi ход i зусiм спынiлiся. Пятушыха прыблiзiлася да вялiкай запыленай машыны, ды высака над галавой падняла iкону. Людзi з панцырнай пачвары прыглядалiся дзiвоснаму зьяўленьню.

— Сыночкi мае, саколiкi мiлыя, нiхай вас Бог багаславiць! — прамовiла надзiва выразным голасам, iконай зрабiла знак крыжа. Зморшчыўся сухi й жоўты твар танкiста зьверху.

— Это что ў вас, матушка?

— Гасподзь Iсус Хрыстос наш, сынока. Нiхай памагаiць вам…

— Да что вы шутите, матушка? Мы без Бога уже лет двадцать, на кога чорта он нам, — разрагатаўся маскаль.

Старая страсанулася, быццам гадзюка яе джгнула, але падыйшла амаль упрытык да машыны. Людзi чулi колкiя танкiставы словы.

— Ды ты-ж, сынок, нi гавары так… няможна на Бога, грэх. — дрыжэў Пятушыхi голас.

Быццам адганяючы назойлiвага авадня, махнуў маскаль на старую рукой. Танкi рушылi раптоўна. Пахiснулася Пятушыха й моцныя рукi падхапiлi яе ззаду, ад гусянiц адвалаклi. Каторым давялося нядзвычайную тую сцэну бачыць, да болю горка было глядзець на дрыжачую, з iконай у руцэ, старую, што ледзь на нагах трымалася, сьлёзы выцiрала. А з-над брамы адным прастрэленым i другiм цэлым вокам касавурыўся ўнiз бяздушны дыктатараў твар.

6
{"b":"103054","o":1}