I тады Лявон зусiм да Януковага вуха прылiп.
— Хадзi, пацягнем, — шапнуў.
Пакуль Янук скумекаў што й да чаго, той ужо за руку яго цягнуў. Забеглi за вугал школы, на той бок дзе нiкога ня было.
— На во, пацягнi.
— А што гэта?
Загорны трымаў у руцэ паўлiтровую плоскую пляшку, амаль больш паловы напоўненай празрыстай вадакасьцю.
— Во пацягнi дык будзiш ведаць. Нi марудзь-жа. Я захiну, на ўсякi выпадак, каб нiхто ня вiдзiў.
Янук выцягнуў корак i ўважна яго абнюхаў.
— Дык гэта-ж цi нi маскоўская чыстая? Алi чаму бутылка такая? Яны-ж у круглых прадаюць. А налепка дзе?
— Вось i дурань ты. Пiралiў у плоскую, каб у кiшэнь было выгадней улажыць. Цягнi, нi марудзь!
— Чорт яе знаiць, я гарэлкi нiколi ня пiў, - марудзiў Янук.
— Ну дык пара цяпер пачынаць.
Янук нагнуў пляшку й вельмi нясьмела пацягнуў. Забрала дыханьне. Закашляўся, аж сьлёзы паказалiся.
— Каб… ач-хi! Каб цябе халерачкi!
Лявон голасна зарагатаў.
— Цягнi яшчо. Сьмялей, ня бойся!
Пры гэтых словах Загорны нагнуў малую пляшку Януку ў рот. Бахмач намагаўся спажыць яшчэ глыткi са два, але моц гарэлкi забiрала дыханьне й нейкае, раней нязьведанае цяпло разьлiлося шырака па жываце, замуцiла ў галаве.
— Ну нi магу, нi пхай! — аддаў Янук Лявону пляшку.
— Добра трошкi пагрэцца, дзiвак ты. Сьцюжа во.
Загорны пацягнуў з пляшкi, заторкнуў яе, улажыў у кiшэню суконнай сьвiткi й шлёпнуў Янука моцна па плячы.
— Нi бядуй, кажу. Цяплей во на такiм надвор'i стаяць будзiць. Выгналi-ж во, шэльмы. Завуч i пiянерважаты ўжо вушы абляпалi ўсiм, што абавязкова зьявiцца маюць, толька пажар, патоп цi сьмерць могуць быць апраўданьнем, калi хто ня прыдзiць, — усьмiхнуўся Загорны. — Дык вiдзiш як ёсьць, а гэтта яшчэ пакрапiць можыць, дык i будзiць тады табе акцябарская на ўсе застаўкi.
Янук ужо добра адчуў мутны прылiў у галаве й цяпло па цэлым целе. Вельмi дадатна ўплывала на яго й пагодлiвая Лявонава натура. Гэты нiколi носа ня вешаў. Янук ведаў, што хлапец жыў у дабрабыце, асаднiкавых кароў ня пасьвiў. Параўнаньня зь Януковым жыцьцём быць не магло.
Далучылiся да грамады. Ля брамы гулкi сiпаты голас кiдаў вучням нейкiя загады. На перадзе калёны вецер гуляў з чырвоныымi сьцягамi, ззаду йшлi розныя транспарэнты й Сталiнавы партрэты.
— Кажу, наплюй на ўсё й прыхадзi ў школу, — бубнеў побач Лявонаў голас. — Мусiць ужо скора пойдзiм.
— Добра табе казаць, наплюй на ўсё. Нi так яно проста, — жалiўсё Янук.
— Ну а што? Ня пойдзiш цяперака, дык цэлы год прападзець. А дома неяк i бiзь цябе збойдуцца. Кажу, прыходзь!
— Добра, падумаю, — сказаў Янук нянадта пераконлiвым голасам.
Школьная калёна тройкамi паволi рушыла на дарогу. Ля чыгункi зачынiлiся вароты й чакалi пакуль перапаўзе даўгi вайсковы цягнiк. Цэлы марш да рынку трываў з паўгадзiны. Янук iшоў побач Лявона i ўжо адчуваў як суцэльна ўлiўся ў вучнёўскую грамаду. Лявон меў слушнасьць, шкада трацiць цэлы год навукi.
Гацкiя жыхары павыходзiлi на вулiцы, пазiралi на вучняў. Ад рынку даляталi гукi духавой аркестры. Гэта гралi мясцовыя пажарнiкi. Янук прыгадваў тых польскiх пажарнiкаў, што калiсь у залатых, зьзяючых на сонцы шлёмах гралi на "дзень канстытуцыi" — трэцяга мая, або ў хмарны дзень «непадлегласьцi» — адзiнаццатага лiстапада. Цяпер-жа людзi, што дзьмухалi ў трубкi блiзу трыбуны, ля якой стоўкся лес сьцягоў, транспарэнтаў i Сталiнавых партрэтаў, апранулiся ў чорнае й ня мелi зьзяючых шлёмаў.
Палова рынку запоўнiлася людзьмi. Мiж выбранага тузiна на трыбуне, вайсковых i цывiльных, Янук спасьцярог Маршалкава, Сабакевiча й Саладуху.
Аркестра прыцiхла й да мiкрафону падыйшоў чарнявы вайсковы палiтрук. Гэтага Янук знаў даўно, сустракаў на перадвыбарных зборках. Палiтрук пачаў гаварыць паволi й мерна. Тэма, якую давялося чуць ранней, гэтым разам асаблiва нацiскала на "вялiкi акцябар". Людзi прамову слухалi спакойна, аглядалiся на пагражаючыя хмары.
"…велiкая октябрьская соцiалiстiческая революцiя положiла основанiя новой жiзнi, создала могушчественную страну рабочiх i крестьян i она сегодня под руководстваом самого умнейшего в мiре учiтеля i отца всех народов, товарiшча Iосiфа Вiссарiоновiча Сталiна iдет…"
Пры згадцы крамлёўскага валадара тыя, што стаялi на абвешанай чырвоным палатном трыбуне, быццам на каманду заплёскалi ў далонi. Iх падхапiлi блiжэйшыя ад трыбуны й плёсканьне завяла на плошчы.
"…i несёт освобожденiе всем трудяшчiмся мiра. Так как вы долгiе лета ожiдалi освобожденiя от белопольского панского iга, так точно ожiдают сейчас освобожденiя i порабошчённые всего мiра. Оно, это освобожденiе непременно прiдёт, iбо…"
— Алi-ж, братка, брэшыць ён як шарманка накручаная, — таўхануў Лявон пад бок Янука.
— Мусiць усiх iх добра на той самы лад накруцiлi, — адказаў Янук.
Пасьля палiтрука выступаў Маршалкаў i Саладуха. Рослы, дужы Саладуха адно разагнаўся басаватым гулкiм голасам, як нарэшце разгневалася неба. Нiзка паўзучыя хмары лiнулi густым сьцюдзёным дажджом. Як на каманду, людзi з рынку пачалi расплывацца на ўсе бакi. Некторы час басiў яшчэ, а неўзабаве змоўк i Саладухаў голас.
26
Каляднiца ўзялася за гаспадарку паволi. Руплiва пазьмятала лiсьце й iншы расьлiнны хлам ля платоў, хатаў i гумнаў, падчысьцiла лысыя гарбы на палёх i нiвах. Добра абнiзiўшы тэмпэратуру, трывалка зашклiла ўсе вадзяныя прасторы. Нясьмела пачаў забаўляцца сьнег.
На лiтоўскiм лузе, дзе малеча ўзялася ладзiць калаўрот на галалёдзiцы, сьнег сыпаў дробным, колкiм у твар макам, а вецер плёў зь яго крутыя гужы, каторымi сьцёбаў па сiне-празрыстым лёдзе. Халадзеча даймала праз даматканыя сьвiткi неданоскi, кажушкi, лезла празь дзiркi ў ботах, шчыпала-пякла ў твары. Халадзеча ня толькi ня спынiла, але навет не запаволiла дзiцячага мурашнiку ля калаўроту. Першы лёд — першая вялiкая радасьць. Гулкiм звонам лiлiся дзiцячыя галасы ля аглоблi калаўроту. Каторым ня было як за аглоблю ўзяцца, тыя за вопратку чапалiся. Хвост напружваўся, гнуўся, танцаваў, рваўся, канькамi лёд крэмзаў. Каторыя-ж ня мелi канькоў, тыя сунулiся падэшвамi ботаў-неданоскаў. Вэрхал над лугам стаяў несамавiты.
Мусiць не да спадобы гэткае вялiкае сваевольства дзяцей лiтоўскiх прыйшлося ветру ўсходняму. Злосна скалануў чубамi клёнаў, бярозаў i хвояў, шырэй адчынiў усходнiя дзьверы й замянiў колкую сьнежную манну на буйныя крупiны. Ужо зусiм на зьмярканьнi, разагнаўшы малечу па гасподах, вецер абамлеў ад нямогласьцi i ўлёгся ў Гаравацкай пушчы. I тады шырака адчынiлася неба. Сьнег падаў роўнымi, вялiкiмi матылямi, клаўся шчыльна, мяккай белай прастынёй засьцiлаў голыя прасторы. Хто ў тую ноч дзе на адлегласьць ад хаты свае адбiўся, доўга ў памяцi сваей нечага падобнага для параўнаньня мусiў шукаць. Мяккi, пушысты дыван завесiў шляхi, схаваў аб'екты арыентацыi. Вiдаць было на адлегласьць не далей, як добрай пугай махнуць.
I з гэнай глыбокай пярыны на золаку зноў раскатурхаўся вецер. Спачатку нясьмела перакiдваў трасянку, пасьля дзьмухаў мякiну i ўжо калi зусiм разьвiднелася, падпрог на помач тысячы чарцей. Нячысьцiкi асядлалi магутных вiхрыстых коней i густой кавалерыяй узялiся гэйсаць навокал хатаў, хлявоў, сьвiрнаў i гумнаў. Ля будынкаў iмчалiся дзе коламi, дзе паўколамi, дзе гужамi ўпрысядкi вiлiся. а дзе на ўвесь рост падымалiся, быццам гатовыя да рабунку ўланы. Набраўшы разгону ад лiтоўскага балота, навала чартоўскай коньнiцы накiдвалася на стрэхi, тузала-рвала трухлявую салому. Трашчэлi пад магутным напорам латы й кроквы, дрыжэлi сьцены. Не адразу агледзелiся людзi, што разбэшчаная стыхiя раськiдала бусьлянку на Захаруковай лiпе, пашкодзiла шмат чые стрэхi.
Вялiкай шуфляй падымаўся сьнег з адкрытых гоняў, абкладаў-абсыпаў будынкi, гароды, сады. Ужо пад полудзень, калi ацiхла бура, лiтоўскiя сяляне, як краты, пачалi тачыць ў сьнезе праходы, сьцежкi, дарогi. А сьнег ня спыняўся яшчэ пару дзён. I калi мелi лiтоўскiя людзi якую паважную прычыну наракаць на сваё гэаграфiчнае палажэньне, дык хiба ў гэну пару вялiкага сьнегападу.