Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Цьвек малатком умееш убiць?

— Хто-ж ня ўмеiць…

— От вiдзiш, толька ахвоты трэба. Пэўне-ж яшчо й дошку пiлой можаш адрэзаць. А за хворму вазьмуся сам.

— Зробiм, нi сьвятыя гаршкi лепяць, — усьмiхнуўся Дзяркач.

— Добра тады, — сказаў Косьцiк — астаецца толька каго знайсьцi, каб яму выкапаў. Цяперака зайдуся паглядзець што ў хаце робiцца.

Падчас падпольнае працы давялося Косьцiку нязьлiчаныя парогi абiваць. Зжыўся з галечай, як iншы зь нялюбай мачыхай. Адылi дзьверы Макатунiшынай хаты адчыняў неахвотна. Каб ня тая ўяўная высокая плошча, на каторую паставiла яго «вызваленьне», на вяроўцы яго на гэтыя хаўтуры не прыцягнулi-б. Перад дзьвярмi на момант завагаўся, паволi нацiснуў клямку.

Маленькiя ваконцы хаты давалi мала сьвятла звонку й Косьцiк, адчынiўшы дзьверы, не спасьцярог дзе ступiць. Ледзь не паляцеў з парогу тарчма на глiняную падлогу. У час спынiў на языку лаянку. Парнасьць i кiсьля ўдарыла ў нос. Дзяцюк разгледзiўся. Пры печы качаргой зграбала жар Алена. Апранутая ў старую памятую сукенку з закасанымi рукавамi, яе сумны твар у водсьвеце дагараючых вугалёў, адштурхiваў чалавека тупой, няпрыязнай, зрэзыгнаванай заўзятасьцю. На ўслонах сядзелi жанчыны, а напокуцi, на шырокай лаве, прыладжвалi цела нябожчыцы Пiлiпава Аксеня й Кмiтава Аўдоля. Побач на стале сквiрчэла й хлiпала на кноце вялiкай рудой сьвечкi даўгаватае полымя.

Некалi сьцены паабклейвалi "Кур'ерам Цодзенным" з тучным чырвоным загалоўкам. Цяпер зьнiзу ад падлогi да, вышынi як дзеткам рукамi дастаць, а над лавамi й куды вышэй, сьцены былi аголеныя, мясцамi пасмы газэты павырываныя былi аж да столi. Спамiж голых круглякоў павыскубвалi дзецi мох. За печчу на палу ляжалi пасьцелi й рызманы. На прыпечку, побач зь сiнiм змылкам, ляжалi мокрыя шматы й стаяла шэрая мяднiца з вадой. Чарада гаршкоў, глiняныя мiскi й iншы посуд падчыркiвалi агульны хаос.

Косьцiк пачмыхаў носам, пазiраў на Алену, ня ведаючы як гаворку пачаць. Гэтая галеча, што шчэрыла зубы з кажнага кута пакою, зусiм сапсавала вялiкi й энэргiчны ўздым, што ўзбуйнеў пры смачных разважаньнях пра будучыню свайго валоданьня на Гараватцы пад Архiпам.

— Ты сама дома? — спытаў Алену.

— А табе чаго? — буркнула жанчына. У шурпатым голасе ня было няпрыязьнi, адно змораная абыякавасьць. Гэтак гамоняць людзi ў беспрасьветнай тупой апатыi.

— Дык як гэта чаго? Памагчы-ж вам трэба.

— Ага…

Алена Макатунiшка ўпiлася ў Косьцiка тупымi вачмi, рукой выцерла спацелы лоб i цёмне пасма сажы дало ёй яшчэ больш няпрыветлiвы выгляд.

— На дварэ казалi мне, што Дуня пабегла па дзядзьку, а мацi па папа.

— Ага.

Жанчыны зь цiкавасьцю слухалi аднабочную гаворку, сачылi Сабакевiча.

— Дык што вам памагчы? — скроб Косьцiк у буйных валосах.

— Га? Нi знаю, сам глядзi.

Косьцiк страсануў галавой, пазiраў на прысутных жанчын. Маўчалi. Навет звычайна гаманлiвыя Аксеня й Аўдоля гэтым разам як на злосьць, каб табе слова. Зьбянтэжаны Сабакевiч, больш не марудзячы, асьцярожна ступiў на вялiкi плоскi камень ля парогу й адчынiў скрыпучыя дзьверы.

Каб у пару не спасьцярог, дык зьбiў-бы з ног старога Панаса, што з псалтырам пад пахай вырас на парозе. Гэткага спатканьня стары, вiдаць, не спадзяваўся. Стануў, як акамянелы, маргаў павекамi, а ў ягоных вачох прытаiлася насьцярожанасьць i няўцямнасьць. Чуў пра Буракова бязбожнiка-камунiсту шмат нядобрага. Жылiстая рука моцна сьцiснула псалтыр.

Соладка рабiлася на сэрцы старога Панаса, калi людзям у бядзе мог пасобiць, хоць i сам ня вельмi раскашаваўся ў шматдзетнай сыновай сям'i. Калi пачуў дзе пра вiзыту старой шчарбатай ведзьмы з касою, хрысьцiўся й голасна казаў: — Божачка, чаму-ж мяне ты й на гэты раз мiнуў? Пасьля браў свой добра патрапаны й абшмуляны псалтыр, ды сьпяшыў да сьвежай дамавiны. Шанавалi за гэта старога людзi. Рэдка калi хто яго прасiў, бо верылi, што Панас сам нейкiм чынам праведае i ў час зьявiцца ў хату.

Косьцiк зiрнуў на старога, памкнуўся нешта сказаць, але махнуў рукою.

8

— Ну дык ты йдзеш, цi ня йдзеш? Гэта ты за што ўзялася?

Паўлюк Бурак, яшчэ не зачынiўшы дзьвярэй, зь сяней навалiўся на жонку. Нiна Бурачыха сядзела на зэдлiку пры стале й часала свае прыгожыя каштанавыя валосы. Думала, што варта было-б нагрэць вады й памыць iх добра, але такi намер да заўтрашняга адлажыла. Не хацелася ў сьвятую нядзельку з сырымi дровамi вазiцца. Стары вурчэў i кiдаўся ў кленiчы, калi бралася за сухiя бярозавыя, што ў капцы на дрывотнi ля клецi ляжалi. У печы загадваў хворастам палiць, ды — адкуль яны ў яго бралiся? — шчапаў i сам валок у хату каб падсыхалi за ноч сыраватыя карчы.

I яшчэ думала Нiна Бурачыха пра бальшавiкоў, пра танкi на гасьцiнцы й пра нейкiя зьмены, што неўзабаве прыйдуць. Вярнуўшыся ад гэнай Косьцiкавай брамы, хацела была з мужам памяркаваць як яно й што будзе. Малагаманлiвы й бурклiвы Бурак i сяньня на словы скупiўся. Дзiва ня было-б, калi-б сын гадамi за гэту новую ўладу сьцен па вязьнiцах ня выцiраў. Мужчыны ня ладзiлi мiж сабою. Стары цi не зьбянтэжыўся, ня ведаў чаго цяпер спадзявацца. Прыйшоўшы дахаты, пасёрбаў капусты, зьеў камяк учарашняй паджаранай дранкi, ды адразу пачаў штылiць, каб памагаць бульбу перабiраць iшла.

Бульба ў горбе на таку ляжала. Перабiраньне — немалая й марудная праца. Кормную, малую як арэхi, для сьвiньней ссыпалi ў вадзiн катух, а емiнную — ў другi ў варыўнi. Некаторыя лiтоўскiя за бульбу яшчэ ня бралiся, а непаседлiваму Бураку i ў нядзелю да працы рупiла. Нiна ведала чаму Паўлюк не марудзiў. Пасьля бульбы зараз да апрацоўкi лёну гнаць будзе. I гэтак без канца. Навет сяньня, у такi нязвычайны дзень, стары злыдзень-скупiньдзя адпачыць не даваў. Iншыя ў вёсцы пазьбiралiся, гамоняць, час маюць. Каму як каму, а Бураку ўрону ня было-б, каб пасьвяткаваў. Але-ж, кажуць, ня йдзi за багатага, а йдзi за любага й разумнага.

Стол быў засланы прыгожым, вышытым рознаколернымi ўзорамi, настольнiкам. На аркушы шэрай паперы стаяла простакутнае, зьнятае са сьцяны люстра. Якраз калi Нiна разглядала свой твар у гэным люстэрку, расчэсвала валосы, ды думала пра пра ўсё новае, што сяньня ў вёску наплыло, Бурак дзьвярмi за сьпiной скрыпнуў. Кiпеў, вiдаць, бурчэў пры той бульбе, дый ня вытрымаў.

— Сказала, што нi пайду сягоньнiка. Iдзi ты, знаiш куды! — агрызнулася Бурачыха. — Куды гэта табе рупiць? У людзей, як у людзей, а ў цябе ўсё нiпалюдзку. От лёг-бы ды палiжаў…

— Каб ты лiжала ды нi ўстала! — усхадзiўся Бурак. — Мала во ранiцы ляжыш, сонца ў зад упрэцца, што дабудзiцца нi магу, дык мяне яшчо цягнiш. Мусiць i любiла-б толька, каб з табой лiжаў ды яшчо чаго добрага…

— Ну а чаму-ж не? Ня зломак-жа ты! Цi маю да каго чужога йсьцi, га? Нашто табе багацьце? На той сьвет забярэш?

Паўлюк спынiўся сярод пакою. Цяпер аглянуўся на дзьверы й крок назад зрабiў. Пра бульбу пачалося, а баба глядзi вунь куды павяла. Ведаў небясьпеку гэтай тэмы й высьцерагаўся яе, як агня. Колькi ўжо мазгi яму пра гэта напiлiла. Калi яе да мяжы давядзеш, дык з табою не пацацкаецца, а бярэ качалку, ды па галаве. Гэта не Матрона пакойная. Ложка асобнае сабе Паўлюк справiў. Не агледзеўся калi, жонка шмыг пад коўдру! Паспрабуй уцячы адтуль на печ, дык i там жыць нi дасьць. Звадак дарэмных ня шукаў. Думаў спачатку, што як Матрону ўезьдзiць. Не на тую трапiў. Ён рукой за падпругу, а яна за качаргу, ды так натаўкла, што пару тыдняў бакамi рабiў. Мала таго. Яшчэ па вёсцы разбарабанiла-разьнесла, людзям у вочы зiрнуць было сорамна. А навошта яму дзiцё тое, клопат на галаву? Пацехi нiякай, аднаго злыдня вунь выгадаваў…

Згадаўшы Косьцiка, Бурак схамянуўся. Цяпер-жа сын пэўне начальнiкам нейкiм стане. Можа, дзякуючы яму, ўдасца лесу якi кавалак дастаць. Даўно думка пра собскую лазьню супакою не давала, ды на бярвеньне грошы шкадаваў.

Бурачыха ўстала з зэдлiка ды, быццам гатовая да скоку тыгрыцы, ўважна сачыла мужа. Здавалася, што вось неўзабаве кiнецца ды пачне рваць i тузаць. Вялiкiм хваляваньнем ускалыхалiся пад прыгожай, вышытай блакiтнымi васiлькамi, кужэльнай блюзкай тугiя грудзi. Басаногая, у зялёнай спаднiцы ў жоўтыя пасачкi, Нiна мела прыгожую, надта прапарцыянальную фiгуру, круглы лагодны падбародак, поўныя ружовыя вусны, просты, ледзь з намёкам на курносасьць, нос, вялiкiя, прывабнага адценю, вочы, шырокiя бровы й высакаваты, роўны лоб. У вачох iскрылiся пажадальныя аганькi. Кажны празорлiвы мужчына адразу спанатрыў-бы, што гэту прывабную жанчыну адным можна было толькi спатолiць.

11
{"b":"103054","o":1}