22
— Ну i ўсыплюць-жа табе цяпер бабы, ягодка мая, — гаварыла да Аксенi Кмiтава Аўдоля. Яна турботна зiрнула на захад, дзе над Гацямi вiсела шырокая цёмная хмара. Дзьмуў спорны вецер i дрыжыкам брала васеньняя золь. Выйшаўшы з будынку НКВД ў Гацях, жанчыны апынулiся пад густым лiўнем. Пасьля таго як iх у сярэдзiне прынялi, нiводнай у галаву ня прыйшло, каб ад дажджу ў той страшнай будынiне скрывацца. Там холадам ад сьцен нясло, мову паралiжавала.
Забеглiся ў вакзал. Станцыя аж душылася ад войска й ня было мовы, каб дзе цёплы кут знайсьцi. Скрылiся пад страхою, а пры першым супыне дожджу рушылi дамоў. галодныя й мокрыя, сьпяшылi цяпер колькi ў нагах моцы. З-за павароту выскачыў вялiкi вайсковы грузавiк. Пакуль жанчыны спасьцераглi, ён плёхнуў на iх вадой з дарожнай лужыны.
— Ах, кабе табе, сынок, бельмы наверх павылазiлi, як ты ня вiдзiш куды едзiш!
Кмiтава пахатуха абтрасла ваду з вопраткi, рукавом выцярла мокры твар i старалася не адстаць ад Аксенi, каторая, цяплей апранутая i лепш абутая чымся Кмiцiха, не звальняла кроку.
— Усыплюць, кажаш, усыплюць… лацьвей iм… А што-ж я вiнавата, га? Казаў той баўтун: "паслужыш прымерам жэншчынам усей рэспублiкi", каб ты чорту нямытаму ўвесь свой век служыў! Ну скажы, Аўдоля, чым я вiнавата?
Аўдоля борзда тэпала збоку ў дзiравых чаравiках, паўсуконным пальце. Каб не мокрадзь, не даймаў-бы так вецер. А там. глядзi, нацягне ды лiне. Жанчына неспакойна азiрнулася назад.
— Дык, ягодка-ж мая, я гэта знаю, алi цi бабы табе памяркуюць? Увiдзiш…
I далей iшлi моўчкi, сушэйшыя месцы па гасьцiнцы выбiралi. I нiхто не прыгадаў найважнейшага, пагрозьлiвага, жахам што поўнiла, што сказаў, пальцам добра пад носам намахаўшы, гацкi кручканосы «анкавiдзiст».
Вандроўка да вышэйшага начальства ня ўчора наклюнулася. Трэба-ж было нейкай справядлiвасьцi на Маршалкава шукаць. Палатно забраў i "хвастом накрыўся". Анi тых падзякаў ад Сталiна, Молатава, Кагановiча, анi нiчога. I трэба-ж было во на такога нядобрага трапiць. Ня было-ж сумлеву, што зьверху ўсе добрыя, сумленныя, спагадлiвыя былi, адно пра народнае дабро дбалi. Дый прыказка кажа, што ў бочку мёду часам лыжка дзёгцю пападзе.
Пасьля доўгiх гутарак пра тое, каб вось гэтую лыжку дзёгцю абмiнуць, а ў самую бочку мёду заглянуць, накш кажучы — справядлiвасьцii нейкай на Маршалкава пашукаць, накiравалiся сяньня ранiцай жанчыны ў Гацi. У сельсавеце параiлi iм дзе Маршалкава знайсьцi. Нельга-ж было яшчэ адзiн раз не папытацца, праверыць. А можа…
Бальшавiк прыняў iх у сваiм бюро суха й няпрыязна.
— Я-ж вам цi раз казаў, што пасылкi перадаў i дзела з маiх рук. Ня верыце?
Жанчыны лыпалi вачмi, ня ведалi што далей рабiць, да каго йсьцi той справядлiвасьцi шукаць.
— Ну дык што я маю сваiм таварышкам казаць? Яны мне ўжо галаву прадзяўблi, — адказала Аксеня.
Камiсар адказаў не адразу. Уважна пазiраў на жанчын, але думкамi быў дзесь далёка.
— Пачакайце, я вас зараз задаволю…
Пры гэтых словах узяўся за тэлефон. Гаварыў цiха й коратка. Лiтоўскiя сялянкi не дайшлi ладу ў размове гэнай.
— Хадзiце са мной! — загадаў, апрануўшы шынэль i шапку.
Iшлi галоўнай гацкай вулiцай. Маршалкаў — сьпераду, жанчыны — пару крокаў ззаду. Маўчалi. Бальшавiк павярнуў перш на станцыю, пасьля перасек пляц да шырокага ходнiка, што цягнуўся ўздоўж двух- i трохпавярховых будынкаў, крытых чырвонайа чарапiцай, дзе некалi" ужэнднiкi" й «каляяжы» жылi. Аўдоля першая зiрнула на вялiзную шэрую, з каменя, мусiць, высечаную фiгуру на падстаўцы, што стаяла на цэнтральным месцы малога парку ля вакзалу.
— Глядзi во, — таўханула Аксеню.
Пiлiпава жонка абыякава зiрнула на помнiк чырвонаму дыктатару.
— Скора-ж усьпелi, — сказала.
Ад каменнага твару Аксеня зноў угледзiлася ў сьпiну Маршалкава, быццам там намагалася прачытаць што ў недалёкай будучынi здарыцца. Афiцэр iшоў шпаркiм i роўным вайсковым крокам, рэдка азiраўся. На станцыi стаяў даўгi таварны цягнiк, войска высыпала зь цяплушак на плятформу. Некаторыя несьлi ў кацялкох вар, а ў руках — аграмадныя белыя камякi.
— Што гэта ў iх у руках белае, ягодка?
— Цукар, мусiць.
— Такiя вялiкiя кускi цукру? — зьдзiвiлася Кмiцiха.
Лязгат буфароў, скрып тармазоў, галёканьне паравозаў, смурод дыму, гамана сотняў людзей. Вялiзны вайсковы мурашнiк ладна павялiчыў цяпер значэньне навет i раней рухавай станцыi. Iшлi на ўсход. Жанчыны спасьцераглi каля дамоў грузавыя аўтамашыны, людзей у мундзiрах чыгуначнiкаў. Некалi добра дагледжаныя, цяпер рыжыя траўнiкi скалясiлi грузавiкi. Скрозь ляжалi паламаныя платы, кучы хламу.
Маршалкаў павярнуў налева, на дарожку абсаджаную гонкiмi маладымi таполямi. Глыбака ў гушчы дрэваў схавалася прыгожая вiльля. Належала яна калiсь багатаму пану Вiлiнскаму. З таго боку чыгунак ягоныя абшырныя i ўрадлiвыя землi прымыкалi аж да мястэчка. I вiльлю гэту, i самога пана жанчыны бачылi раней.
— Куды-ж гэта ён нас, ягодка?
— Нехта, мусiць, надта важны ў гэтым доме жывець, — адказала Аксеня.
На дварэ стаялi аж тры легкавыя машыны й адзiн грузавiк. У ваднэй машыне ззаду сядзела двух у шапках з малiнавымi аколышламi. Адзiн чалавек, мусiць шафёр, нешта калупаўся пад адкрытым верхам аўта сьпераду. Маршалкаў адчынiў дзьверы двухпавярховай вiльлi, прайшоў калiдорам i пастукаўу дзьверы зь левага боку. Не пачуўшы адказу, лёгка прачынiў дзьверы, зазiрнуў у сярэдзiну й кiўнуў жанчынам.
— Сюда! — загадаў.
Жанчыны ўвайшлi ў вялiкi пакой.
— Сядайце, я зараз, — сказаў адрывiста й пакiнуў жанчын.
Адна-адзiная электрычная лямпачка млява асьвятляла абклеены шэрай паперай пакой. На стале стаяў тэлефон, ляжала кнiга ў чорных вокладках, у куце — трохножная вешалка. I ўсё. Шэрасьць закрывала шчыльная ваконная фiранка. А чалавек зь ледзяным зрокамзаймаў пачэснае месца на сьцяне супраць лавый бяздушна пазiраў у нейкую нявызначаную даль. На калiдоры раптоўна пачулiся, а пасьля ацiхлi крокi й галасы. Нехта доўга й марудна бубнеў за сьцяной. Часам спыняўся, пасьля зноў прадаўжаў памяркоўным тонам. Што й каму гаманiў гэты голас, адгэтуль цяжка было разабрацца.
— Куды гэта ён нас, ягодка, прывёў?
— Ынкавэдэ, мусiць… Вiдзiла гэных двух, што ў аўтамабiлi сядзелi, у шапках з малiнывымi аколышкамi?
— Дык гэта яны? Каб чаго, ягодка, кепскага, нi дай Божа…
— Як гэта кепскага? А за што нам такога кепскага?
— Ды хто-ж, ягодка, угадаiць iх…
Пачулiся на калiдоры шпаркiя крокi. Шырака адчынiлiся дзьверы i ў пакой увайшоў кручканосы чалавек сярэдняга росту ў сiнiх галiфэ й зялёнай кашулi. Не зьвярнуўшы на жанчын нiякай увагi, адсунуў крэсла, сеў ля стала, надзеў на кручкаваты нос акуляры i ўгледзеўся ў вадчыненую кнiгу ў чорных вокладках. Блеск сьвятла зьзяў на брытай, круглай як арбуз галаве. Аксеня цiханька кашлянула, але чалавек той прадаўжаў трымаць нос у кнiзе. Так прайшло хвiлiн, мусiць, пяць. Жанчыны неспакойна пераглядалiся, ня ведаючы як разумець абсалютную абыякавасьць да iх кручканосага чалавека за сталом. А той нарэшце закрыў кнiгу й пачаў павольна разглядаць iх. Цёмнарудыя вочы й маска-твар не давалi нiякага знаку пра тое, што адбывалася пад гладка брытым чэрапам. Зь кiшэнi ён выцягнуў сярэбраную папяросьнiцу, улажыў у рот даўгую папяросу й пстрыкнуў запальнiчкай. Зiрнуў на сто, падняў трубку тэлефону.
— Георгий Иванович? Пепельницу у меня убрали. Да, если можете, в номере три…
Праз якую хвiлiну дзьверы адчынiлiся, увайшоў у пакой мужчына, паставiў на стале пепельнiцу й бяз слова выйшаў.
— Што вам трэба? — спытаў чалавек жанчын парасейску.
— Таварыш Маршалкаў нi казаў вам? — спытала Аксеня.
— Я вас пытаюся, — суха адрэзаў кручканосы, — хто вы такiя й адкуль будзеце?
— Мы зь Лiтоўцаў, - адказала заклапочаная Аксеня.
— Iмя, па бацьку й прозьвiшча!
Лiтару «р» вымаўляў паводле «г» й гэта давала камiчны цень яго сур'ёзным пытаньням.
Энкавэдыст запiсваў адказы. Абыякавым голасам ён выказаў жаданьне ведаць зусiм, здавалася, няважныя дробязi асабiстага, сямейнага жыцьця й сацыяльнага паходжаньня. Першы раз давялося жанчынам адказваць на такiя пытаньнi. Пераказвала пасьля Аўдоля: — Гэта-ж падумай, ягодка, як нас да костачкi пiрабраў. I нашто яму ўсё гэта?