Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Панавала немач i роспач. Сьцiскалiся злосна зубы, бездапаможна ў малiтвах да Бога складалiся далонi. Блудзiў сялянскi зрок па пагвалчаных нiвах i млелi ногi ў чэргах перад дзяржаўнымi крамамi. Чужнiк-гвалтаўнiк рукамi "ваiнствуюшчых бязбожнiкаў" зачыняў сьвятынi, ськiдаў зь вежаў крыжы. Разбуралiся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? — Нiхай хоць чорт прыдзiць, абы пiрамена, абы лепi было жыць, — гаварылi ў роспачы людзi.

Тымчасам чужнiкi новым «налогам» запрэглi сялянскiх коней. У Гацях ля чыгункi зладоўвалi й насыпалi вялiкiя й даўгiя валы каменьня зь лiку "па трыццаць кубаметраў на лошадзь". Каменьне ладавалi на цягнiкi, адвозiлi некуды на будову лётнiшчаў. Iншыя-ж звозiлi каменьне аж у Слабаду. На роўным узвышшы за вёскай масьцiлi шляхi для самалётаў зьняможаныя, галодныя, абдзёртыя нявольнiкi, прыгнаныя сюды Бог ведае зь якiх глыбiняў "нiаб'ятнай".

Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi "па трыццаць кубаметраў ма лошадзь". Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.

Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.

— Янучок! Ты што, заснуў гэта?

Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.

— А ты адкуль узялася?

— Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!

— Гэта табе на небе самакат далi?

— О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!

Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.

— Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.

Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.

— Адкуль-жа ты самакат узяла?

— Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, — рагатала дзяўчына.

— Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў… Га-га-га! — зарагатаў Янук.

Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.

— Ты з Гацяў едзеш? — спытаў Янук.

— Ага.

— Школу скончыла?

— На днях ужо.

Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.

— Ты знаеш што, Янучок?

— Ну?

— Даўно з табой пагаварыць хацела.

— Гавары.

Бурклiвы Янук прыгадаў цi адну жаўнерскую руку, што гарнула-тулiла гэту дзяўчыну на вечарынах, яшчэ цяпер зьвiнела ейнае хiхiканьне ў цемры. Кальнула ў сэрца. I стаяла яна побач, як цудоўная, пышна расьцьвiўшая зьява, зь беленькiмi зубкамi, мяккiмi вусенкамi й выклiкаючымi на паядынак вачмi-васiлькамi. Стаяла ўдзень i ўночы. I нараджалiся думкi. Часам, у юнацкiх снох, сядала яму на каленi, моцна-моцна гарнулася-тулiлася, горача, да страты прытомнасьцi цалавала. Зьява вялiкая, як цьвiтучае жыцьцё, як цудоўная вясна, як сьветлая крынiца.

Але вось зьявiлася яна побач, тымi васiлькамi скрабла-вярэдзiла кволыя струны. I ня мог Янук проста ў вочы ёй зiрнуць. А дзяўчына, нахабнiца, зводзiла, быццам у самае нутро ягонай душы зазiрнуць намагалася.

— Як тут во так пагаворыш…

— А чаму не?

— Давай паглядзiм, што ў лесе робiцца.

— А кабылу дзе дзець?

— Прывяжы, нi ўцячэць.

Янук падумаў.

— Трэба было-б яшчэ воз каменьня на станцыю завезьцi.

— Нiкуды яно нi ўцячэць, каменьне тваё. Здаганяй мяне!

Дзяўчына раптоўна нацiснула на самакат i гонка пусьцiлася гасьцiнцам, аж хвост касынкi з пушыстымi валосамi забаўляўся. Янук пугай сьвiснуў над кабылай i сьцебнуў па бакох лейцамi. Кабыла трушком пабегла за дзяўчынай. Дуня азiралася, махала рукой, падганяла… Уехаўшы ў Гаравацкую пушчу, яна павярнула направа ў бочную дарогу. Гэтта лес быў густы, колы стукалi па карэньнi. Дуня пад'ехала яшчэ добры кавалак, павярнула налева й на малой паляне зьлезла з самакату. Янук прывязаў кабылу да камля бярозы, адпусьцiў падпругу, узяў з возу й падкiнуў ей сена. Азiрнуўся. Самакат ляжаў пад хвояй, а дзяўчыны нiдзе ня было вiдаць.

— Ку-ку! Ку-ку! Лавi зязюльку!

Звонкi галасок прыляцеў зь левага боку й рэхам адгукнуўся ў глыбi пушчы. Скосныя праменьнi сонца залацiлi маладое лiсьце, нос казытаў арамат красак. Воддаль дзесь закукавала запраўдная зязюлька. Янук скочыў у гушчар налева.

Бярозанька, сасоначка.
паклiч майго мiлёначка.
Жду хвiлiнку, жду я дзьве,
ды мiлёначак ня йдзець.

— Гэта, раней няведамая Януку песенька даляцела да яго з глыбi лесу з правага боку. Не марудзячы, хлапец кiнуўся туды. Дрэвы парадзелi. Як матылёк, дзяўчына пырхала ад аднаго дрэва да другога навокал паляны. Янук нагнаў яе i ўчапiўся за руку. Дуня зручна крутнулася, падставiла нагу й хлапец не агледзеўся, як ляжаў на траве, а а Макатунiшка гарэзьлiва ўсьмiхалася, з вышынi пазiрала яму проста ў вочы.

— Даганяў мяне, пакуль цябе нi злавiла! Ха-ха-ха!

Янук схапiў яе за нагу й пакацiў.

— Я-ж цябе цяперака нашчакачу!

Бахмач казытаў за бакi, за грудзi, а дзяўчына-рагатуха аж заходзiлася ад сьмеху. Ён спынiў казытаньне, пачырванеў, сарамяжлiва паглядзеў на грудзi, што хвалявалiся пад тонкiм крамным паркалем, на поўадкрытыя вусны, гарэзьлiвыя вочкi. Дунiны рукi схапiлi хлопца абцугамi й сьмела, прагавiта прыляглi да ягоных дзявочыя вусны. Янук адчуваў п'яную асалоду. I вусны, i краскi, i выразна чутнае бiцьцё Дунiнага сэрца зьлiлося зь недалёкiм кукаваньнем зязюлi, зь iншымi птушынымi сьпевамi. Хлапец шыбаваў дзесь над хмарамi да цудоўных, нязьведаных вышыняў. Дзяўчына адняла вусны.

— Янучок, ты мой мiленькi, якi-ж ты дурненькi, — сказала.

— Чаму?

— Цi-ж ты ня вiдзiш, што цябе люблю? Чаго-ж стыдаiшся?

— I я…, - зацяўся Янук, зiрнуў набок, — цябе люблю…

— Дай мне сваю руку, — загадала, ды схапiла левую Янукову руку.

— Ты калi шчупаў дзяўчыну?

— Што?

Яна павяла Янукову руку пад сукенку й зноў прагна прылiпла да ягоных вуснаў. Хлапец дрыжэў, набухаў, здавалася, як пузыр, што неўзабаве лопне. Млоснасьць i павышаны пульс зусiм адурманiлi яго. Здавалася, што перагарыць з напружаньня. I калi ўжо зусiм забрала дыханьне, дзяўчына прахапiлася, адпiхнула яго й чырвоная, палкая, цяжка дыхала.

— Хацеў-бы, можа! — сказала глухiм голасам i пагрозьлiва памахала пальцам. — На бярозцы грушы растуць!

— Я-ж табе пакажу, як зводзiць, нястыднiца ты! — крыкнуў злосна Янук.

Дуня нырнула мiж дрэваў i пакуль задыханы Янук выбег на паляну, яна ўжо цiснула на ступнi самакату.

У тую ноч доўга ня мог заснуць Янук Бахмач. Трызьнiлася й зводзiла Дуня, а кабыла зь цяжкiм возам каменьня напiнала гужы й нiяк не магла ўзабрацца на ўзгорак на гасьцiнцы.

Таронта, 1971–1973

73
{"b":"103054","o":1}