Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Цi нi ўсхадзiлiся гэта гаравацкiя чэрцi! — дзiвiлiся некаторыя.

— Каму па каму, а нам два камы, — параўноўвалi лiтоўскiя сваё палажэньне зь iншымi вёскамi, што на вышэйшым грунце ляжалi.

Цi аднаму кемлiваму лiтоўскаму гаспадару прыйшла думка, што мала бракавала для таго, каб вецер зусiм лiтоўскiя начоўкi засыпаў. I мо якраз тады цi адзiн прыгадаў тых далёкiх, няведамых продкаў, што наважылi ў гэтым месцы пасялiцца.

Сьнежная навала ўляглася папаўднi на чацьвёрты дзень. Адразу пажвавеў пульс прысыпанай вёскi, пачалося доўгае й маруднае адкопваньне, пракладаньне шляхоў. Гурбы сьнегу сягалi падстрэшшаў, адпаведна паменшалi ростам голыя дрэвы, некаторыя пахавалiся камлямi ў круглых конаўках, а суччо iх зьвiсала ўпрытык да сьнежных грэбляў. Несамавiты й непрадбачаны сьнегапад зьмянiў жыцьцёвае тэмпа вёскi. Людзi напраўлялi стрэхi, вычышчалi гарышчы хатаў, каб не растаяў сьнегi не пацякла праз столь вада.

I калi ўсё дужае й працаздольнае безадкладна ўзялося за гэту, нiкiм непрадугледжаную працу дык меншыя дзецi цяпер забылiся пра лёд i нованаладжаны калаўрот на лузе. У ход пайшлi саначкi. Ды сьнег яшчэ ня ўлёгся. Санкi з малечай вязьлi ў мяккай ў мяккой белай пярыне. Навет людзкiя галасы чулiся ў новай прапорцыi. Калi раней са Шпунтовага двору лёгка чуваць было гамонку вёскi, цяпер гукi гублялiся ў сьнежных карытах ля гумнаў, хатаў, у задзьмуханых садох, дый зьнiкла зусiм рэха.

Ня ўсьпелi Лiтоўцы паправiць патузаныя стрэхi, як сьлед папракладаць у сьнезе сьцежкi й дарогi, калi раптоўна пасьцюдзянела. Казалi пасьля сяляне, што няйнакш недзе нехта адчынiў далёкую, жахлiвую Сiбiр. За ноч тэмпэратура раптоўна кульнула ўнiз i хаця шматлiкiя ў вёсцы мо нiколi ў жыцьцi ня бачылi градусьнiка, агульная апiнiя, калi такая iснавала, спынiлася-б прынамся на саракоўцы нiжэй нуля. Ледзянелi сокi дрэваў, трашчэла й ламалася гальлё, дрыжэў статак у халодных хлявох. Дарма, што амаль бесперапунна дымiлi цяпер комiны й зьядалi пропасьць дроў вялiкiя печы, халадзечу суняць было цяжка навет у хатах. Замярзалi ў паветры пырскi вады, енчыў цi адзiн лёгкадумны, калi ў посьпеху голай рукой за намезлае вядро ўзяўся. Наляталi на гумны лясныя птушкi, падкрадалiся начамi да хлявоў ваўкi й заядла грызьлi сады зайцы.

— Чорт iх ведаiць… мусiць гэтыя во Сiбiр нам прынясьлi, — наракаў нехта.

— Хто гэта?

— Асвабадзiцелi нiбы, а хто-ж…

Як доўга жылi лiтоўскiя людзi, нiхто ня мог прыгадаць такой лютай сьцюжы. Дзед Якуб апавядаў, што холад запраўды даўся яму некалi ў знакi, але было тое ў далёкай, чужой, няпрыветлiвай краiне, калi пагналi яго былi цара-бацьку сiлай «зашчышчаць».

— Кажу вам, каб яго макарэц спапялiў, што як сьвет сьветам, як доўга во па гэтай грэшнай зямлi хаджу, нiколi такога ў Лiтоўцах яшчо во нi было. Прынесьлi во Сiбiр з сабой.

I ў вадзiн люты сiбiрскi дзень прыйшоў ў вёску наказ, каб усе, хто меў сiлу лапату трмаць, на гацкi гасьцiнец выходзiлi. Колькi бальшавiцкiх грузавых машынаў, што намагалiся праехаць, завязла ў сьнезе. Навакольныя сяляне, спанатрыўшы гэта, на сьмех паднялi маторных разумнiкаў. Адылi хутка ацiх сьмех, калi ўпраглi iх у рашчышчаньне гасьцiнцу. Станулi людзi плячо ў плячо й рылi тунэлi, што мясцамi глыбiнёў у двух чалавек сягалi.

Нiяк не маглi ажывiць у адкапаных машынах маторы. Пакiдаць-жа грузавiкi на гасьцiнцы было немагчыма. На помач прывялi сялянскiх коней, падпрэглi па чатыры ў машыну ды, падпiхаючы ззаду, пасьцягвалi iх у Лiпавiчы. Рашчышчаны гасьцiнец намагалiся цяпер трымаць адкрытым. Спатрэбiўся пастаянны нагляд i дадатковае рашчышчаньне тых мясцоў, якiя няўтомны вецер засыпаў сьнегам.

Засьнежаная краiна спрыяла «вызвольнiкам» у вадным галоўным мерапрыемстве, пра каторае не адразу даведалiся сяляне. Звычайна пасьля поўначы, калi сьпяць працавiтыя й сумленныя людзi, на маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя засьценкi наляталi ўзброеныя людзi. Работу сваю намагалiся рабiць цiха, каб не спасьцерагло непаклiканае вока. Прыблiжалiся да аб'екту цiха, як зданi, пазладзейску. Настойлiвы стук у дзьверы раскатурхваў перапалоханага гаспадара. Абмундзiраваныя, узброеныя людзi ўрывалiся ў гасподу, як каршуны на кволых птушак, наляталi на сонных людзей, загадвалi неадкладна ў дарогу зьбiрацца. Не, зусiм нiякiх рэчаў нi запасаў браць з сабой ня трэба. Заўтра, цi дзень пасьля, вялiкадушны валадар усiх дахаты адпусьцiць. Вось адно цяпер "быстрэй, быстрэй!"

Людзi са зброяй былi надзiва негаваркiя. Дзе не памагаў ляканiчны загад, там пагрозьлiва пераконваў кантаваты штык. Плач дзетак, праклёны матак, стогны слабых цi нямоглых не сягалi непаклiканых вушэй. Хапуны лётам кантралявалi маёмасьць "ворагаў народу", найбольш цэннае пхалi ў свае кiшэнi. Дрэнна апранутых людзей выкiдалi празь дзьверы ў санi ды, насядаючы на коней, зьнiкалi ў марознай сьнежнай далi.

— Вывозяць!

Жахлiвае, крылатае слова шырылася па ваколiцы. Слова падстрэлiлi. Каму трэба, "народная ўлада" дала грунтоўныя выясьненьнi. Iншыя-ж, перапалоханыя цьвёрдай рукой улады, без адвалокi прышчамiлi языкi.

27

Хутка зыходзiў зiмовы дзень. Высыпаўшы з двухпавярховай гацкай школы, дзецi таропка разыходзiлiся. Найбольш вярталася ў мястэчка. На выглажаных палозьзем дарогах вясковыя вучнi азiралiся, каб нагледзець якога добрага дзядзьку, што дахаты падвёз-бы.

Маўклiва йшоў побач Дунi Янук. Думаў. Было шмат новага й цiкавага, сэрцу блiзкага. Няведама дзе гутарку пачынаць. Бянтэжыўся быццам гэны прыказачны камар у абозе нудыстаў, Мусiць тыднi тры назад вярнуўся Янук у школу. Сталася гэна зусiм нечакана. Неяк павячэраўшы, сказаў бацька сыну:

— Зьбiрайся, Янучок, у школу.

Хлапец разявiў рот.

— Ты, тата, жартуеш цi што?

— Чаму-ж жартую? Кажу, iдзi ў школу. Ты-ж хочаш, не?

Бацькавы вочы пазiралi на яго шчыра шчыра й проста, быццам гаварылi: што-ж ты скрываеш, абiбок? Цi-ж ня вiдаць, што аж пiшчыш, як у школу хочаш?

Янук спасьцярог добра ведамую iскрынку ў бацькавых вачох i ведаў, што не яму скрываць што. Ужо колькi разоў хадзiў на вячорныя курсы ў лiтоўскай школе, дзе «паруску» вучылi. Сын сачыў бацьку. Кавалак панскай зямлi быццам сьвежай жыватворчай хваляй падзеяў. Паясьнеў бацькаў твар, зьнiкла крактаньне-нараканьне, перастала дрыжэць спрацаваная рука, калi на прыгожыя, роўныя ськiбы бохан хлеба рэзала. Праўда з-пад жорнаў хлебкаструбаваты быў, але-ж ён свой, ня той, за каторым у «сяльпо» трэба было гадзiнамi ў чарзе калець. Цяпер у гутарках ня зводзiлiся пляны пра ўрадлiвы кавалак зямлi.

— Гэта-ж ня тое, што мой клiнок пяску, — мяркаваў Бахмач, — дзе, казаў той, адно калiва здругiм нi суседзiла. Там-жа зiмля-зямелька, сам-жа вунь працаваў на ей, знаю…

Так гаварыў адроджаны, уздужэлы чалавек, што кагадзе пра сэнс спадзяваньняў забыўся. У хаце жылi будучыняй. Яна поўнiла арганiзмы сiламi, налiвала жыватворчымi сокамi цi ня ўсе змораныя клеткi гэтай гаротнай сям'i.

— Дык чаму-ж не, — прызнаўся Янук, — хацець хачу ды яшчо вунь як. Алi-ж хто дома рабiць будзiць?

— Ты во нi бядуй, як кажу дык iдзi. Вучонаму сьвет адкрыты, а мы тут неяк рады дамо. Вясной-жа, чаго там, школа скончыцца i зноў памагаць будзеш.

Хлапца намаўляць ня трэба было. З радасьцi пад самую столь карцiла падскочыць. Гэта-ж колькi разоў ужо слова на языку было, ды не асьмельваўся. Ведаў бацькаву нямогласьць.

— А за каго-ж я буду вучыцца, тата?

— Як гэта за каго?

— Людзi-ж во вучацца то за вучыцеля, то за доктара, то за iнжынера…

— Гэта ты, сынок, надта ўжо разагнаўся, — усьмiхнуўся Пракоп. Цяперака пра гэта табе яшчо думаць ня трэба, пакуль тое прыйдзiць… Я-ж знаю, што яны накш чымся Палякi тыя вучаць. Гэтта я нi пра язык гавару, а праграму. Дык работы будзiць… А кiм будзеш, — паглядзiм. Хто ведаiць, як яно далей пойдзiць…

Пры апошнiх словах захмарылася бацькава аблiчча. Баяўся Янук, каб не раздумаўся раптам бацька й не назваў усяго, толькi што сказанага, благiм жартам. Але бацька не раздумаўся. Гэткiм чынам вярнуўся Янук у знаёмыя, калiсьцi iм аббеганыя-абабiтыя пакоi й калiдоры, ды вось цяпер яго хаджалыя ногi патраплялi Дунiным.

46
{"b":"103054","o":1}