10
Пракоп i Алесь сядзелi ў куце ля стала, Янук, Надзя й Мiкола — на лавах каля сьцен, а Кацярына — ля печы. Гутарка йшла так, як мокрае гарэла. Усе скупiлiся на словы, больш думалi.
Кагадзе забегся да Пракопа калiшнi «драгомiшч», цяперашнi «акцiвiст» Лявон Шпунт.
— Дзядзька Пракоп, прыхадзiце ў нядзелю пад вечар у школу, — сказаў, прывiтаўшыся.
— А што тамака ў школе?
— Сход будзiць, от што. Прыказ прышоў.
— От як, — разявiў рот Пракоп. — А што за сход такi?
— Камiсар прыедзiць. Тамака ўвiдзiця й пачуiця.
Не разьвiтаўшыся, «акцiвiст» пайшоў, каб iншым наказаць. Забягаўся й да Алеся.
— Нi казаў-жа табе Лявон, пра што той камiсар гаварыць будзiць? пытаўся Алеся Пракоп.
— Ды не. Ён сьпяшыў, бо казаў, што цэлую вёску трэба аб'езьдзiць. А пра што, ты думаiш, камiсар можыць гаварыць?
— Пра новыя парадкi, а што яшчо…
— Ну дык во…
— Можа варта схадзiць?
— Варта? Казаў мне Лявон, што абiзацiльна, от што…
— Каб ён i нi казаў, дык i так усе папрыходзяць. Людзям карцiць даведацца што новага.
— Чаму-ж не, цiкава…
— А гэтага дзiравага шляхцiца нi адпусьцiлi яшчо? — спытала Кацярына.
— Казаў мне ўчора шавец Пiлiп, што Лазоўскага парабок Яўхiм яму тавар на боты прынасiў. Добры хром, сам вiдзiў учорака. Гэта-ж мусiць у пана свайго ўзяў. Дык казаў, значыцца, Яўхiм, што i Лазоўскага дзержуць i гэтага нашага дзiравага дый многа каго.
— Скончылася кату масьлiнiца, — адазваўся Алесь, — пiраберуць во памаленьку ўсiх павукоў гэтых.
— Пiраберуць, чаму-ж не, — згадзiўся Пракоп.
— Вы ня цешцеся з чужой бяды, — папярэдзiла Кацярына. — Глядзiця, каб вам нi дасталося. Знаiця якое начальства будзiць цяперака.
У хаце запанавала цiшыня. Вялiкая чорная муха, зьнядужэлая доўгiмi намаганьнямi, каб выбрацца на двор, вяла трымцела на карэлай шыбе вакна.
— Ты, Янук, от што, — адумаўся Пракоп, — замiж гэтта тарчэць, дык бяжы й паслухай дзе й што людзi гаворуць. А як даведаешся дык прыдзiш i нам раскажаш.
— Добра, тата, схаджу. Толька да каго пайсьцi?
— Найперш тамака ля Пiтуховай клецi некага знайдзiш. Сам глядзi, не малы-ж ты ўжо.
На вулiцы Янука спынiў Стась.
— А ты, Янук, ня вiдзiў што Макатунiшкi ад лiпавiцкага пана паперлi, а я вiдзiў, - хвалiўся сябра, выцiраючы бурбалку пад носам.
— Як гэта паперлi? Хто? — разявiў рот Янук.
— Алена з маткай. Два мяшкi на плячох, ды такiя цяжкiя, што чуць iшлi.
— А табе хто казаў, што зь Лiпавiчаў?
— Чуў як Кмiтава Аўдоля бабам гаварыла.
Янук рушыў пад Пятухову клець.
— Ты куды гэта? — насядаў Стась.
Янук нiчога не адказаў, адно пагладзiў Тапсiка. Задуманы пра Макатунiшак i мяшкi, што «паперлi», ён цi нi забыўся пра сябру.
— Ага, я знаю, знаю! Думаiш нi знаю? — усхадзiўся доктараў хлапец. Гэта ты да Дунi пойдзiш паглядзець, цi пекную ей сукенку прынясьлi. Я знаю, знаю! — галёкаў, падскакваючы.
Янук схапiў невялiкi камень i ёмка пусьцiў яго Стасю пад ногi. За камянём кiнуўся сабака. Доктараў сын зручна адскочыў на бок i камень стукнуў аб тын.
— А от i знаю, от i угадаў! — хвалiўся Стась.
Ля Пятуховай клецi стаяў Захарукоў Пятро й чагосьцi ўзiраўся ў перакладзiну гушкалкi.
— Гэй, Пятро, што ты тамака ўвiдзiў такога? — гукнуў Янук.
— Ого, яшчо што! Вiрабей на вiраб'iсе ехаў, от што, га-га! — зарагатаў дзяцюк. — А ты ня вiдзiў?
— Ды не, дзе мне там вiдзiць. А куды-ж ён паехаў, той вiрабей? усьмiхнуўся Янук.
— Ды на Рахволiну гэну лiпу. Гы-гы-гы! — рагатаў Пятро, выставiўшы карэлы палец.
Янук пазiраў на прастадушнага дзяцюка й самаго сьмех браў.
— Ну дзе хто ёсьць, Пятро?
— Пашлi арудзii глядзець, казалi.
— Якiя такiя арудзii?
— Кажуць, што бальшавiкi надта-ж вялiкiя ў Лiпавiчы прыцягнулi.
— А хто пашоў?
— Ды многа хто. Я нi знаю.
Янук зьбянтэжыўся. Што думаць пра дзяцюка, каторы ўсё яшчэ сачыў тое месца, дзе быццам "вiрабей на вiраб'iся" ехаў? Паволi рушыў. Ужо быў на паўдарогi да Макатунiшак, калi спасьцярог куды йдзе. Самi ногi павялi. Даўно рупiла Дуню бачыць, ды ўсё замiнала нешта.
У Макатунiшыным дварэ было пуста. На дарожцы Аленiны дзеткi забаўлялiся з каляскай i на iх пазiрала з-за плоту карова. Янук спынiўся ля дзьвярэй хаты.
— Мама, як-бы гэта дзе люстэрка дастаць? Нiма ў чым паглядзецца… ў гэтым асколачку нi вiдаць нiчога. Мама, пекная я цi не?
Мiлы галасочак за дзьвярмi, поўны нейкай радасьцi, казытаў Янукова сэрца.
— Ты сядзi тутака й ня рыпайся! — намахаў хлапец пад нос Тапсiку пальцам i адчынiў дзьверы.
У хаце было цемнавата, але Януковым вачом да гэтага не прывыкаць. Хуткiм позiркам ахапiў цэлы новы сьвет, тое нешта зусiм адменнае й надзвычайнае, што зьмянiла раптам атмасфэру там, дзе вечна галеча панавала.
Макатунiха з Аленай стаялi перад кучай адзеньня ля стала й разглядалi сукенкi. На лаве ляжалi блюзкi, андаркi, навет пара пальтаў. Перад сьцяной ля стала, выпiнаючыся перад тым спэцканым мухамi зубам, што астаўся ў раме ад пабiтага люстэрка, круцiлася й гладзiла паясьнiцу рукамi ягоная сяброўка Дуня. Янук ступiў пару крокаў i спынiўся. Дуня рэзка пабярнула галаву й васiлькi-вочы зазьзялi цудоўнай усьмешкай.
— Янучок, як добра, што ты прышоў. Скажы цi любiш ты гэту сукенку? Га?
Доўгiя валосы, як гладка расчэсаны лянок, ападалi на плечы й закрывалi верх лёгка-блакiтнай шаўковай сукенкi. Быццам для яе пашытая, сукенка ўвыдатняла хараство дзяўчынiнай фiгуры. Колерам гарманiзавала яна з тымi васiльковымi вачмi, у каторых зьзялi цяпер iскрынкi захапленьня й радасьцi. Шорсткiя ад працы далонi рук бесьперапынна гладзiлi сярэдзiну сукенкi, быццам шоўкам гэту шорсткасьць згладзiць хацелi.
Янук разявiў рот i пра язык забыўся. Твар ягоны залiла сарамлiвая чырвань. Цi ня ў прылiве захапленьня новым набыткам, дзяўчына забылася зашпiлiць перад сукенкi зьверху. На Янука пазiралi дзьве тугiя, ружовыя пупушкi дзявочых грудзей. Нешта казытала пад грудзьмi, млявасьцю поўнiлася цела, ледзь трымалi ногi. Зь мiнулага выплыў вобраз тых самых тугiх дзявочых пупушак, мо крыху меншых. Дзе гэта было? Тады Дунiны васiлькi вялiкай злосьцю iскрылiся. Так, гэта цi нi на полi, пасьля таго як Шпунт на яе ў лесе напаў, танную й зношаную сукенку зьверху парваў. Яму-ж, тады нявiнаватаму, дзўчына хлёсткую аплявуху адвесiла. Цяпер-жа ў гэтых вочках-васiлёчках радасьць вялiкая, гарэзьлiвыя матылькi пырхаюць.
— Ну дык што-ж ты, Янучок, паказелiў вочы, як Сiдараў баран на новыя вароты? Язык у цябе авечкi зьелi, цi што? Скажы што! — насядала дзяўчына.
Дзьве старэйшыя жанчыны ля стала так занятыя былi разгляданьнем вопраткi, што Дунi й яго зусiм на ўвагу ня бралi. А перад iм задаволеная прыгажуня выкручвалася. Не ўяўляў дагэтуль якой прывабнай наймаладзейшая Макатунiшка была. Ейная блiзкасьць у гэтым новым, дарагiм адзеньнi, каторае пэўне на днях у нейкай панiчкi адабралi, зьбянтэжыла яго канчаткова. Тугiя дзявочыя грудзi, закончаныя пунсовымi пупушкамi, ня толькi саромiлi яго выглядам, але, здавалася, прынаджвалi пахам i цяплом. А Дуня, сукенкай заварожаная, зусiм мусiць пра iх забылася.
— Янучок, чаго маўчыш? Скажы, пекная сукенка цi не? — крутнулася дзяўчына.
— Як табе сказаць… надта-ж пекная, надта, надта…
Януку духу нiхапiла. Дунiн твар яшчэ больш ад такой пахвалы пасьвятлеў. Янук хацеў дадаць яшчэ, што ня толькi сукенка прыгожая, але куды прыгажэйшая яна сама, ягоная Дуня. Адвагi не хапiла. А трэба-ж было гэта абавязкова сказаць. Цi раз бачыў у мястэчку каторую, прыбраную ў дарагое паненку. Але цi-ж сукенкай качаргу аздобiш? А гэтта во перад iм расьцьвiў сьцiплы i ў гэтай сьцiпласьцi цудоўны васiлёк. Якая-ж то пахвала "надта, надта"? Шэрыя, малазначныя словы. Дуня-ж зноў Януку наперад забегла.
— Цяперака, Янучок, разам на вiчарыну пойдзiм, танцаваць будзiм. Пойдзiш са мной? — станула дзяўчына ўпрытык да Янука й цяплом дыхнула ў ягоны засаромлены твар. Пажвавеў у скронях пульс. — Чаго-ж ты так чырванеiшся, га? Ня ўмеiш танцаваць? Дык навучымся, нi бядуй!