Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Анi Янук, анi Мiкола ня чулi раней, каб бацька малiўся так проста й шчыра, сваймi словамi. Такой малiтвы ня чулi з вуснаў нiякiх сьвятароў у нiякiх мясцовых сьвятынях. Гэта стоячы, злажыўшы рукi, сыны пытальна перазiрнулiся. Нешта новае варушыла iх сэрцы. Бацькаў твар, зьвернуты да абразоў напокуцi, ажыў нейкай няведамай сiлай, што перахапiла яго празрыста-пакорны зрок. Пасьля, шмат пазьней, ужо зусiм у iншых абставiнах паўстане ў Януковым уяўленьнi велiчнай явай гэта бацькава постаць i гадаць будзе гаротны Бахмач пра сэнс многа чаго вiдавочнага, а мо больш яшчэ адно спанатронага, падсьведама тады адчутага.

А бацька прадаўжаў:

— Вялiкi, дужы й справядлiвы Хрыстос наш, каторага нарадзiны сягоньня сьвяткуем. Радуемся прыходу Твайму. Будзь добры выслухаць гэту простую, можа няўмелую, алi шчырую малiтву нашу. Нi гавару да цябе моднымi чужымi словамi, бо ня помню ўсiх тых малiтваў, каторыя ў цэрквах вучаць. Гавару, Госпадзi мой так, як умею й прашу мяне выслухаць.

Пракопаў голас дрыжэў. Здавалася, што вось-вось абарвецца, засядзе дзесьцi ў сухiм горле.

— Спачатку, Госпадзi, прашу даць вечны спакой i прыхiнуць у ласцы Тваей нябожчыцу нашу, гаротнiцу Алену. Калi памiнаю яе тутака за гэтым сталом, дзе толька можа трэба Твайму прыходу радавацца, дык гэта таму, што яшчо нi загаiлiся й надта баляць раны з таго лета. Паспагадай нам, Госпадзi, памiлуй яе, нашу дарагую й добрую, каторую чужы гвалтаўнiк на той сьвет паслаў…

— Яшчо, Госпадзi, сягоньнiка народжаны Iсус Хрыстос, прашу даць здароўя сямейцы маей, каторая гэттака ля стала. Даруй нам грахi нашы, зрабi нас дужымi, дай нам руку Тваю, паддзержы нас, слабых, каторым так лёгка з дарогi зьбiцца можа найболi цяперака, як прыйшлi да нас тыя, што ганяць Цябе, навуку Тваю топчуць, абразы Твае б'юць, дамы малiтвы паскудзяць i зачыняюць. Прашу Цябе, Госпадзi Божа наш, выслухай гэтую прастую малiтву нашу, нi пакiдай, а паддзержы ўсю сямейку нашу…

— Сьвятая Прадслава, Апрасiньня Полацкая, Нябесная Заступнiца наша, прашу Цябе, малiся за нас, крыўджаных i панiжаных, прасi ў Госпада Айца Нябеснага ласкаў i помачы для нас, Як Ты некалi на зямлi памагала нам i заступалася за нас, так цяпер i на небе нi забывайся аб нас у малiтвах сваiх.

— Яшчо, Госпадзi Божа, прашу паслаць сакавiты ўраджай на нiвы нашы, каб гумны поўныя дабра былi каб у хлявох прыплод вёўся i ў вагародах ды садох каб добра й спорна расло. Нiякая травiна на полi, нi рыба ў рэчцы, анi яблык на дрэве нi расьцець бяз волi Тваей, Госпадзi. Дык прашу Цябе, даруй нам грахi нашы, прыспор нам дабра ды дзяржы нас у ласцы й апецы сваей, Госпадзi. Божа няш, памiлуй нас, грэшных. Iсус Хрыстос, памiлуй нас. Нiхай сьвятло навукi Тваей вечна жывець мiж нас, каб жылi й працавалi мы так, як Ты нам загадаў. Благаславi, Госпадзi, гэту яду, што на стале. Слава Айцу й Сыну й Сьвятому Духу, амiнь.

Перахрысьцiўшыся, Бахмачы селi. Колькi часiн маўчаў Пракоп, пасьля зiрнуў на сыноў i стравы на стале. Крыху пачало хлiпаць, а пасьля параўнела жоўтае полымя сьвечкi.

Узялiся за куцьцю. Елi маўклiва. Пасьля куцьцi прыйшла чарга на селядцы, вiнiгрэт i iншае. Ужо недзе па чацьвертай страве загаварыў Янук:

— Гэткага, прызнацца, тата, я яшчо нiколi ня чуў.

— Чаго?

— Такiх малiтваў.

Накладаючы вiнiгрэт, бацька зiрнуў на сына.

— Я кажу, тата, што нiколi ня чуў, каб хто так проста, як ты, малiўся. Ну знаiш… моляцца з кнiжак пацаркоўнаму, алi-ж нi от так проста панашаму, што толька свая галава выдумаiць. Нi праўда, Мiкола?

— Я таксама нiколi такога ня чуў, - згадзiўся брат.

Бацька спакойна перажваў- i глынуў ежу ў роце, выпiў квас i абцёр вусы, уважна зiрнуў на сыноў.

— Знаеце што? Я нiколi, мусiць, нi расказваў вам гэтага… Як я некалi ў тым Пiтраградзе жыў, дык пазнаў аднаго чалавека нашага. Такi от сабе просты вясковы дзяцюк быў, там з-пад Полацку недзiка. От, значыцца, працаваў ён там на хвабрыцы, чытаць i пiсаць кумекаў трошка, алi ўжо ў тых яцях i iжыцах нi разьбiраўся саўсiм… Гэта, знаiця, пры цары такiя дзьве сьмешныя буквы былi, каторыя трэба было доўга вучыцца, каб ведаць дзе iх паставiць, а дзе няможна. Ну я нейкi-ж там пiсар быў, хоць i нiвялiкi, дык тыя яцi й iжыцы знаў. Ну алi я нi пра iх, а пра дзяцюка гэтага…

— Значыцца, жыў ён нi так далёка ад мяне й мы, бывала, у тэй самай царкве калi спаткаемся. Адзiн раз гэтак стаю я ў царкве, людзей кругом поўна ну й значыцца гляджу, — збоку лi мяне гэты самы Полацкi. А стаю блiзка лi яго i от чую, што молiцца. Тамака-ж, вядома, хор недзе высака на клiрасе пяець, сьвяшчэньнiк сваё, а дзяк — сваё, а гэты, — чую яго збоку, — молiцца. Ну людзi моляцца. Што-ж там, сказаць, спiцыяльнага, што хто ў царкве молiцца? На тое-ж яна i ёсьць царквой, каб у ей малiлiся людзi. Ды нешта мне на вуха папала, што гэты нi так тыя малiтвы кажыць, як другiя…

— Бярыце во, нальiвайце, запiвайце квасам, — паказаў Пракоп сыном на гладыш. Мiкола ўзяўся налiваць квас.

— Надта-ж смачны, такi сьвежанькi, дзякуй Богу, удаўся, — паясьнiў Бахмач.

— Ну й што далей? — пытаўся Янук.

— Што далей, значыцца, пытаешся… От наставiў я тады вуха й чую, што гэты Полацкi цярэбiць сабе пад нос во гэткай гаворкай як мы тутака, нi раўнуючы, мiж сабой… Ён гэта ня тое, каб выпiнаўся, каб каторыя людзi чулi, ну алi-ж я гэттака саўсiм збоку лi яго, дык добра чую… Я калi спанатрыў, што гэты дзяцюк простай гаворкай сабе пад носам, дык падумаў, от добра гэта помню, каб з гэтага месца нi зышоў, калi нiпраўду кажу, — што можа ён от так сабе што якое ды ў царкве вярзець. Ажно чую, што не, гэта ён так да Бога гаворыць. I пабажуся, што ня тое, каб ён патрапляў тым напiсанным i кнiгах малiтвам, алi што са сваей галавы выдумаiць. Трэба прызнаць, што надта-ж складна ў яго выхадзiла. Я гэта, — як вам сказаць? ня тое, каб зьнiякавеў, цi што, алi от, думаю сабе, а гэта што за дзiва такое… Гэта я спачатку так трошачкi падумаў. Мне тады ўжо, трэба вам ведаць, дзесьцi пад дваццаць пятку падбiралася, нi маленькi ўжо значыцца, сёе-тое ў жыцьцi я ўжо вiдiзiў. Алi-ж, прызнаюся шчыра, — нiхай мне нованароджаны Хрыстос будзiць сьветкай, нiколi ў галаву нi прышло, што можна сваей простай гаворкай i так пасвоему, як умеiш, да Бога малiцца. Калi чалавек аб гэтым калi думаў, дык мусiць здавалася, што малiтвы ўлажылi людзi мудрыя, у Бога дастойныя, ну й яны сваё дзела зналi. Чалавек проста браў малiтоўнiк, цi можа якую малiтву калi ў школе вызубрыў, ну й малiўся. Нiколi ў галаву нi прыходзiла, што можна накш рабiць. Тады-ж, у гэнай царкве, збоку ля гэтага чалавека стоячы, я пачаў думаць. Скажу шчыра: спачатку сьмешным гэта здалося, ято ён рабiў, алi калi задумаўся далей, дык i не.

— Алi от, думаю, што будзiць тоя нiхай будзiць, а я вазьму й запытаюся яго чаму ён так робiць. А чаму-ж-бы не? Калi ён так да Бога папростаму асьмелiўся гаварыць, дык, пэўне-ж, чалавек ён адважны i ўдумлiвы, душой можа ня скрывiць i мне скажа. Скончылася, значыцца, у царкве, выходзiм i тады я да яго. Паздароўкалiся. Ну i я так ня тое, каб адразу з гэтым пытаньнем выскачыў. Iдзём па вулiцы, перакiдваем трасянку пра тое, як жывецца… Кажу я тады да яго: — Скажы мне, Мiкалай, чаму гэта ты ў царкве так малiўся? Я от збоку лi цябе стаяў i, даруй мне, падслухаў. — Як гэта, кажаш, так? — ён мне ў вадказ. — Ну знацца нi па кнiжнаму, так простай гаворкай, — кажу. А ён мне на гэта: — А што, няможна?

— Я гэтта, прызнацца вам, зьнiякавеў. Можа, думаю сабе, нi скажа дзяцюк. Я-ж хацеў ад яго даведацца, а ён пытаецца цi можна… Алi гэта анiчуць мяне нi асадзiла. — Мiкалай, — кажу, — я-ж гэта нi таго, каб разьбiраццацi можна цi няможна. Мяне от цiкавiць, чаму ты так рабiў. Я гэткае, знаiш, першы раз чуў… Усе-ж тыя малiтвы гаворуць, каторыя з царкоўна-славянскiх кнiжак наўчылiся. Алi, — кажу, — надта-ж пекна ў цябе выходзiла.

— Спачатку, як гэта я яго выпытваць пачаў, дзiржаўся як вожык, можа адразу нi скумекаў, што я бiзь нiякiх заднiх думак… Алi як пахвалiў я яго, што так складна ў яго выходзiла, дык гляджу — дзяцюкоў твар паясьнеў i тады ён мне так проста й папрыяцельску ў вочы мае глянуў.

59
{"b":"103054","o":1}