Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Косьцiкава вялiкая правая далонь, белая й гладкая, што мусiць ужо ад нiткi й iголкi адвыкла, спакойна адпачывала ля поўнай шклянкi на стале. Золатам зьзяў на пальцы вялiкi сыгнэт з прыгожым чырвоным камянём i лiтарай «К» ан iм. Якраз у гэну хвiлiну Сабакевiч зiрнуў на свой ручны залаты гадзiньнiк. Спасьцярогшы ўсё гэта, у вадным кiрунку павандравалi Пракопавы думкi. Калiшнi сабакарэз сядзеў цяпер гаспадаром у яго хаце. На руках чужое золата, у кабуры — пераканальны довад сiлы "народнай улады". Гэта той самы шэльма, што некалi пачаў сваю дарогу "ў людзi" кражай настаўнiчынага гадзiньнiка ў пачатковай школе. Хто тады мог прадбачыць, што з таго шчанюка-злодзея вырасьце? Плён дасьпеў, спажывайце, людзi добрыя…

Дзяцюкi ўсталi. Неахвотна, паволi падняўся Пракоп.

— Дык от, таварышчы, — урачыста пачаў Косьцiк, высака, перад самым носам трымаюччы шклянку, — вып'ем усе да дна. Паўтараю: да дна!

Зiрнуў упарта на Пракопа й прадаўжаў: — За наша асвабаждзенiя ад белапанскага iга, за нашу народную, савецкую ўласьць, за нашу доблiсную Красную Армiю, што нас асвабадзiла, да i за нашага важдзя, атца ўсiх народаў, вялiкага й мудрага таварышча Сталiна! Да здраствуiць!

— Да здраствуiць! — падтрымаў Лявон.

Косьцiк i Лявон пачалi пiць зь вялiкай насалодай. Спасьцярогшы, што Пракоп ледзь вусны памачыў, Сабакевiч перасьцярог: — Пракоп, за таварышча Сталiна п'ем, стала быць да дна далжон!

Пракопава нутро пратэставала супраць пякучай, смуроднай, гаркой вадкасьцi. На сiлу пару кропляў адпiў. Косьцiк зноў зьвярнуўся да яго: Кажу табе яшчо раз, таварыш Бахмач, гэта другi раз прадупрэждаю, што за таварышча Сталiна абiзацiльна нужна пiць да самага дна. Панiмаiш? А трэцi раз прадупраждаць ня буду.

Перамогшы агiду, Пракоп нагнуў шклянку. Сочачы дзяцюкоў адпiў пару глыткоў, ды шклянку трымаў пры вуснах. Вiдаць, пераканаўшыся, што Бахмач узяўся пiць, Косьцiк скончыў сваю разам зь Лявонам. Пераз плечы камунiсты шпурнулi шклянкi ў качарэжнiк. Адпiўшы мо трэцюю часьць, Пракоп затрымаўся. Мiгам зар'ентаваўшыся, ён кiнуў сваю шклянку пераз плячо. Шкло пырснула на глiнянай падлозе. Зьбянтэжаны Янук устаў з лавы.

— Так i трэба! — гукнуў Косьцiк. — З каторага стакана пiлi за таварышча Сталiна, з таго нiхто болi нi далжон пiць. Маладцы, га-га!

Усе селi. Прыйшло нязручнае маўчаньне, каторае зноў спынiў Косьцiк.

— Эта самае, — пачаў ён паволi, бяручы вiдэльцам з талеркi кiслы гурок, — мне здаецца, што таварышч Бахмач ня выпiў да дна… Верна, таварышч Шпунт?

— Да, верна, ня выпiў, - згадзiўся папугай.

— I многа ня выпiў? — прыжмурыўшы хiтра вочы й кусаючы гурок, пiльна ўглядаўся ў Пракопа Ромкаў гаспадар.

— Оо так мусiць з палавiну, цi болi, — мяркаваў Шпунт.

— Болi як палавiну? — намагаўся дзiвiцца Косьцiк. — Верна, Пракоп?

Бахмач маўчаў.

— Я цябе спрашываю, Пракоп, верна iлi нет, што ты палавiну цi болi ня выпiў?

Голас быў цьвёрды, рэзкi.

— Я-ж вам казаў, што што нiколi ня п'ю, — ледзь чутна, з трывогай адказаў Пракоп.

— Я цябе нi спрашываў, цi ты п'еш iлi нет, — сказаў Косьцiк. — Цi ты нi знаў гэтага, што калi п'еш за здароўе якога дарагога чалавека, дык трэба да дна выпiць, так як рускiя робяць? Што дажа тыя, каторыя нiкада ня п'юць, прыдзержываюцца гэтага? Га?

— Я-ж гэта самае… чуў, - прызнаўся Пракоп.

— Ну так от, галубчык… ты, стала быць, прызнаўся, што за нашага важдзя таварышча Сталiна нi хацеў выпiць. Верна?

Цi яго хапiў скразьняк у варыўнi, цi ад перапалоху пачалi браць Пракопа дрыжыкi. Холадна стала. Той глыток самагонкi замуцiў галаву. Пытаўся сам сябе Пракоп, цi ня лепш было-б, змагаючы агiду, выпiць поўную шклянку. Абы не чапiлiся, каб хутчэй iхныя нячыстыя ногi зь яго хаты панясло. Дзяцюкi, злосна пазiраючы на яго, кусалi хлеб i жвалi гуркi.

— Верна? — насядаў Косьцiк.

— Косьцiк, нi чапiся ты да мяне. Вiдзiш, што я слабы й нi магу, сказаў Пракоп дрыжачым голасам. Думаў, што такiм зваротам знойдзе нейкi мост да сумленьня басяка. Не магло-ж быць, каб ня меў ён нiякага сумленьня. Калi была ў яго навет маленькая макулiнка яго, дык льга было дарогу шукаць.

— Ты гэта што косьцiкаiш? Якi я табе Косьцiк? Нi казаў я табе раней як абрашчацца? — выбухнуў Ромкаў уласьнiк.

Пракоп схiлiў галаву. Глядзеў на шрам на стале, якi дзецi некалi ножам зрабiлi. Шрам бег з кута наўскос на якога паўмэтра даўжынi. Пры канцы яго была выкалупана ўпадзiнка. Якраз гэна месца, цямнейшае за навакольную гладзь, пачало мiгацець у вачох.

— Я цябе навучу! — сiпеў Косьцiк збоку.

Адылi Пракоп чуў i ня чуў яго. Было гэта быццам рэха нейкай недарэчнай зьявы, што на ягонай лаве расьселася. Ды зьява-ж гэта, — ня можа-ж быць! скора вось прападзе й зусiм добры й жыцьцядайны супакой запануе ў Пракопавай хаце. Бахмач падняў галаву й вярнуўся ў рэальны сьвет. Зiрнуў на Янука на лаве. Хлапец спасьцярог у бацькавых вачох нешта недарэчна-бездапаможнае. Цi мо было гэта ад таго, што бацька нiколi гарэлкi ў вусны ня браў, а цяперака Кмiтавай "лепшай чым сталiчнай" пад пагрозай мусiў сербануць, цi таму, што нiяк выхаду з пасткi ня мог знайсьцi.

— Штрафнога яму! — запрапанаваў Лявон.

— От малайчына, друг Лявон! — шлёпнуў Косьцiк таварыша па плячы. Люблю цябе за ум твой тонкi й пачцiцiльную, так сказаць, фiзiяномiю. Штрафнога, кажаш?

— Ну да, штрафнога. За таварышча Сталiна ня выпiў, так палагаiцца! паправiў падбадзёраны Сабакевiчам Ляцвон.

— Так i быць, штрафнога! — урачыста згадзiўся Сабакевiч i стукнуў даланёй па стале так, што аж посуд задрыжэў i недзе за вакном закудахтала зь перапалоху курыца. Лявон прынёс з палiцы шклянкi й адну зь iх набухтырыў самагонкай. Дзяцюкi ацiхлi й пазiралi на Бахмача. У позiрках загнязьдзiлася ўпартая нянавiсьць. Указальным пальцам Косьцiк пачаў раўнамерна стукаць па стале. Стук паступова ўзмацняўся й моцна трывожыў Пракопа. Цяжка было вытрымаць зухавата-выклiкаючы Косьцiкаў позiрк i Бахмач зусiм зьбянтэжыўся. Зiрнуў на Янука, што аж падняўся з лавы, разумеючы напружаньне.

На вулiцы пачулiся мужчынскiя галасы.

— Ну, за таварышча Сталiна! — загадаў Косьцiк.

Голас роўны й пагрозьлiвы, а палец прадаўжаў барабанiць па стале, прысьпяшаючы тэмпа. Пракоп пазiраў на гэты палец, то на цэлую, аброслую валосьсем Косьцiкаву руку, на зьзяючы сыгнэт на пальцы. Стук адбiваўся ў Пракопавых грудзёх балючым рэхам.

— Устань! — гаркнуў Косьцiк. — За таварышча Сталiна да самага дна!

У Пракопавых вачох мiльгануў абрыс кабуры Косьцiкавага пiсталету. Жартаваць, басяк, ня мог. Чаго добрага, застрэлiць. Паволi падняўся Пракоп. Правай рукой узяў шклянку, але дрыжэла млосная рука, аблiваў яго сьцюдзёны пот. На паўдарозе рука спынiлася ды паставiла самагонку на стол i лягла побач. Тая самая рука, што давала раду цяжкiм i шурпатым прыладам сялянскай працы, цяпер бездапаможна адпачывала пры шклянцы Кмiтавай "лепшай, чым сталiчнай".

— Госпадзi, зьмiлуйся, — пачаў дрыготкi Пракопаў голас, а вочы празь сьлёзы малiлiся да абразоў напокуцi.

— Ты гэта што? — раўнуў, ускочыўшы з лавы Косьцiк, — якi такi табе Госпадзi? За Сталiна пiць кажу.

Рэха Сабакебiчавага голасу скаланула Пракопавай хатай, але гаспадар не зварухнуўся, ён прылiп зрокам да абразоў.

— Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая i Справядлiвая, заступiся i памiлуй! — дрыжэў, насычаны жальбой Пракопаў голас.

Нешта ненатуральнае было ў гэных трох, застылых пры стале фiгурах: сонцам асьветлены, спацелы Пракопаў твар, вочы сьлязьмi наплыўшыя, дрыжачыя вусны, дурнаватая Лявонава фiзiяномiя й дыхаючы агнём ненавiсьцi, во-во гатовы рынуцца на чалавека Сабакевiч.

Спынiў дыцханьне Янук. Зараз iскра ўспыхне.

— Я табе, iцi тваю маць, пакажу тваю Прасiньню! — выбухнуў Сабакевiч. Маланкавым рухам схапiў напоўненую Пракопаву шклянку й ёмка пусьцiў у кут. Гучна пасыпалася з рамак шкло й самагонка пырснула навокал. Ён трапiў у цэнтр абраза Прадславы.

— Во табе, твая Прасiньня, iдзiёт ты! — раўнуў п'яны Сабакевiч. — Ты, стала быць, за таварышча Сталiна пiць ня хочаш! Я-ж цябе сiчас…

29
{"b":"103054","o":1}