У змрочнай варыўнi спацелы да паясьнiцы Пракоп, няспынна налягаючы на жорны, зноў i зноў сустракаў назойлiвы вобраз пакрыўджанага Сявенькi. У старога Амэрыканца сьлёзы на вочы пры апавяданьнi набеглi. Жах Пракопа браў. Гэтта да папярэдняй няшчымнiцы, што вечна ў хаце падчас польскае акупацыi панавала, далучылася зусiм нешта новае, чаго яшчэ зусiм дакладна вызначыць ня мог. Да ўлады дабралася свая, дый, згодна апошнiх вестак, савецкая басота. "I даходзь ты якога права… свайго, цяжкiм потам запрацаванага, спажыць няма як", — гучэлi пагрозьлiва Сявенькавы словы. Што гэта такое творыцца? Зьверху адны абяцанкi, рай, маўляў той Маршалкаў, на зямлi настане. Каб вам гэтыя абяцанкi бокам…
Пры жорнах днямi й тыднямi трэба будзе папацецьць. Нiкога не падпражэш. Дзецi вунь думалi, што лёганька гэта. Узяўся Янук. Якi-ж зь работнiк, адкуль у яго сiла тая. Ды яшчэ па Тапсiку прыйсьцi да раўнавагi ня можа. Круцiў, круцiў, задыхаўся, зьнямогся. Мiколава здароўе слабое. Яму хатняй гаспадаркi хапае. Дык вось напiрай сам. Калi-б на тым пастарунку за Паўлюковага басяка сярэдзiны нi адбiлi, што яму такiя жорны змагчы… круцiў-бы, пасьвiстываючы.
Гэтак заварожаны горкiмi думкамi пра мiзэрны быт, роўна трымаў Пракоп тэмпа. Жорнава камень гудзеў раўнамерна й грыз ня толькi падсушаны ў печы авёс, але й горкiмi прадчуваньнямi цёмнага й няведамага цёр, быццам тое зярно, макулiнкi нейкiх Пракопавых спадзяваньняў на лепшае.
Зьнекуль шырака хлынула сьвежае паветра й зусiм прылягло й плоскiм зрабiлася, ледзь-ледзь не пагасла на маленькiм кнаце каганца млявае полымя. Пракоп левай рукой згроб назад спацелыя раськiданыя валосы, падняў вочы й спасьцярог у шырака рашчыненых дзьвярох тых двух, пра каторых цэлы час дрэннае згадваў. Спынiлася й моцна сьцiснула ручку жорнаў Пракопава рука. Ад нечаканасьцi такой непажаданай сустрэчы паленам зацьвярдзеў у роце язык.
Тыя доўга стаялi моўчкi. Нейкая нявыразная ўсьмешка блудзiла на Косьцiкавым твары.
— Iш ты яго, як расхадзiўся! — кiнуў Сабакевiч пераз плячо да Лявона.
Ззаду за камунiстамi спасьцярог Пракоп яснавалосую Янукову чупрыну. I згадаў, што добрыя людзi, чалавека пры працы сустрэўшы, "Божа памажы" казалi. Гэты-ж Ромкаў гаспадар кiнуў тыя iранiчныя словы зь яхiднай усьмешкай на вуснах. I ўсьмешачка тая, таму што ледзь заўважная, скрытая, больш колкай здавалася.
— Так, расхадзiўся! Мельнiцу сваю на ўсю йванаўскую разагнаў! — голасна падхапiў ззаду Шпунт.
— Здрасьця, таварыш Бахмач! — наўмысна голасна гукнуў Косьцiк. — Мелiш?
Пракоп падыйшоў да дзьвярэй i спынiўся пару крокаў ад парогу.
— Здароў Косьцiк, Лявон. Як маецеся?
— Чуеш? — сказаў Косьцiк Лявону, — пытаецца як маемся…
— Ага, хочыць знаць як маемся, — малпаваў Косьцiка Лявон.
— Сiчас я табе ня Косьцiк, а Канстанцiн Паўлавiч Бурак! Панiмаеш?! адказаў зь няпрыхаванай пагрозай у голасе Сабакевiч.
Пракоп зьбянтэжыўся. Нядобрае прадчуваў. Цi не наважылiся, паўзуны, зь яго пазьдзекавацца?
— Што вам трэба? — спытаў суха.
— Чуiш, таварыш Шпунт? Таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба, яхiдная ўхмылка скрывiла Косьцiкаў твар.
— Чую, таварыш упылнамочаны, — згадзiўся Лявон, — таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба. Iзьвесна…
Пракоп спасьцярог, што дзяцюкi былi добра выпiўшы. Можа якраз гарэлка штурханула iх на такую кусьлiвую гутарку. Прыказка-ж кажа: што ў цьвярозага на розуме, тое ў п'янага на языку. Гэтта-ж важнай была ня так тэма гутаркi, гэтак як адносiны гэтых двух паўзуноў да яго. Разглядалi Пракопа, як нейкую жывёлiну ў заапарку.
— Мелiш, спрашываю? — падняў Сабакевiч голас.
— Ну што-ж… сам вiдзiш, нi хаваюся…
— А хто табе разрашыў малоць? — дзёрзка спытаў Косьцiк.
— Як гэта? — зь няўцямнасьцю спытаў Пракоп. — Гэта яшчо каго пытацца трэба?
— Ну а чаму-ж не? Ну а каб прышоў, прымерна, мяне спрасiў. Язык табе адсох-бы, цi што?
У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам "народнае ўлады". Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.
— Гэта што, закон такi? — здабыўся на адвагу Пракоп.
— Як я скажу, так i закон! Панiмаiш?
— Га? Во гэтага я ня ведаў…
— Ты чуiш, таварыш Шпунт? Гэтага ён ня ведаў, - сказаў Косьцiк.
— Чую, таварышч упылнамочаны, гэтага таварышч Бахмач ня ведаў, паўтарыў калiшнi драгомiшч.
— От нiблагадарны чалавек! — выбухнуў Косьцiк, зiрнуўшы перш на Пракопа, пасьля на Лявона й барэшце на Янука. — Прышла народная ўласьць, стала быць… рабоча-крысьцiянская, наша собсьцьвiнная. Чалавек першы раз у жыцьцi свабоду палучыў. Ты панiмаiш, таварыш Шпунт? Першы раз у жызьнi палучыў чалавек свабоду, паўтараю: сва-бо-ду! Так заместа паблагадарыць тым людзям, каторыя за гэту свабоду, што ён робiць? Спрашываю цябе: што ён робiць? Знаiць-жа чалавек, што сiчас пры ўласьцi свае людзi, значыцца тыя, каторыя для ягонага блага работаюць. Яму-ж цяпер ужо ня трэба баяцца паноў, асаднiкаў, другiх белапольскiх эксплуататараў. Свае-ж людзi пры ўласьцi. Панiмаеш? — выставiў Косьцiк указальны палец на Лявона. — I знаiць-жа чалавек, што цяпер ужо ня трэба аб жызьнi забоцiцца. Усяго хватаiць. А як чаго нету, дык да каго нужна абрацiцца? Га? — спрашываю цябе, — да каго? Ну ясна, да сваей уласьцi!
— Верна, — згадзiўся Лявон.
— Слышыш, таварыш Бахмач? Да каго абрацiцца нужна?
Пракоп нявыразна нешта буркнуў пад носам.
— Дык ты чаму-ж да нас нi прышоў, чаму нам нi сказаў, што таварышчы, мол так i так, у тым i ў тым у мяне нужда ёсьць, памажыце… Э-гээ, як то так можна? — запаволiў Косьцiк тэмпа.
Янук пазiраў на тое тучнае, чырвонае Косьцiкава мурло, то на дрыжачага, моцна церпячага ад гэтай зьдзеклiва-насьмешлiвай гутаркi бацьку. Каб быў дужы, каб мог схапiць i змагчы гэтых двух басякоў…
— Дык уместа таго, штоб ён да нас прышоў, пасаветаваўся й помашчы папрасiў, дык не, мы гэта далжны аб iм забоцiцца. Сядзiм, значыць i думаем: як гэта наш таварыш Пракоп там пажываiць, ня нужна лi яму чаго-нiбудзь… Iш ты, якi нiблагадарны! — махаў Сабакевiч Пракопу ля спацелага твару пальцам i прамаўляў тонам, якiм дакараюць дзяцей.
— Нiблагадарны, гэ-гэ! — згадзiўся Лявон.
— Ну эта, прымерна, было-б прасьцiцельна, есьлi-б гэта ня мой друг так зрабiў. Ато хто-ж гэта так зрабiў? Ды нiхто другой, як мой лучшы друг Пракоп Бахмач, людзi добрыя! Да, он сам! Гэ-гэ! — зьдзекваўся Косьцiк.
— Ну да, лепшы друг, — згадзiўся Лявон.
— Да разьве ты ня помнiш, таварыш Бахмач, як ты мяне ў сваiм гумне прыхiнуў, на кладнi начлег даў? Як патом цябе белапольская палiцыя цягала, га?
Хвiлiна маўчаньня трывала доўга. Недзе над Гараваткай усхадзiлiся вароны, у Лiпавiчах гудзеў трактар. Па чарзе, быццам моцна пакрыўджаны, Косьцiк пазiраў на людзей. Янук глядзеў унiз. Накачвалiся сьлёзы. Ужо колькi раз пазiраў на вiлы, што ў застаронку стаяi. У выпадку чаго, дык… Страшна падумаць было.
— Ты-ж за мяне, таварыш Бахмач, страдаў. Панiмаiш?
— Верна, савяршэнна верна, таварыш упылнамо… — вярзiў Лявон.
— Ну так от. Есьлi ты так пастрадаў за нас, каторыя за савецкую ўласьць баролiся, так зачэм сiчас ты такi няблагадарны тым людзям, так сказаць, што пры ўласьцi, каторыя табе памагчы хочуць? Э-гэ, што-ж гэта такое, спрашываю я вас таварышчы?
Зноў Косьцiк у вельмi пакрыўджанага ператварыўся.
— Апяць хачу спрасiць цябе, таварыш Бахмач, чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Га? Пачаму?
Пракоп маўчаў.
— Спрашываю, ну атвiчай-жа! Языка нi маеш, цi што?
— А можа й нi маiць? — усьмiхнуўся Лявон.
Косьцiк стрэлiў ў Лявона дакорлiвым позiркам.
— Ну, таварыш Бахмач, скажы чаму ты ў камбед нi запiсаўся? Да разьве, есьлi-б ты запiсаўся, мукi мала было-б табе? Зачэм-жа тады малоць?