Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Адноснасьць межаў яшчэ больш падкрэсьлівае факт іх часта абсурднага разьмяшчэньня, якое пагарджае ўсялякімі нормамі рацыянальнага мысьленьня і належнага ўспрыманьня сапраўднасьці. Здараецца, што мяжа тут праходзіць праз цэнтар мясцовасьці, падзяляючы зь незразумелых прычынаў сем’і ці людзей, што гавораць на адной і той мове. Пасля першай сусьветнай вайны ў Цэнтральнай Эўропе ўзьнікла — заміж сямёх — чатырнаццаць дзяржаваў, і цяпер у ёй няма дзяржавы, якая б уважала свае межы за справядлівыя — і гэта спадчына мірных трактатаў, заключаных у выніку абедзьвюх войнаў. «Гэтыя межы вызначала алоўкам на стале, на якім сьвяткаваліся іх ваенныя перамогі, група палітычных і вайсковых псыхапатаў», — сьцьвярджае прафэсар Кучэра з Прагі.

Я сам жыву паблізу т.зв. «патройнага стыку», месца, нязвычнага ў гэтай частцы Эўропы, у якім, пачынаючы ад XV стагодзьдзя, нязьменна сыходзяцца межы трох дзяржаваў — былога Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага і Крыжацкага Ордэна; сёньня Польшчы, Летувы і Калінінградзкай вобласьці Расіі.

Я падаю гэты прыклад як выключэньне, што пацьвярджае правіла.

Гэтаму спрыяе зьява нязвычнай міграцыйнай дынамікі жыхароў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, выкліканай ці то эканамічнымі прычынамі (у апошні час напрыклад, вандроўкі румынскіх цыганоў у Польшчу і Нямеччыну ці вяртаньне трансыльванскіх вугорцаў у Вугоршчыну), ці то прымусовымі дэпартацыямі, што праводзіліся камуністычным рэжымам (перасяленьне ўкраінскага насельніцтва з усходу на захад Польшчы, дэпартацыя судэцкіх немцаў з Чэхаславаччыны ў Нямеччыну). Прыклады можна множыць. На Захадзе падобныя зьявы ня мелі месца, ці, прынамсі, былі не ў такой ступені. Тым ня менш, якраз там, наўперад з прычыны прагрэсуючага працэсу адкрыцьця і сьціраньня дзяржаўных межаў, узьнікла ўзрастаючае пачуцьцё адноснасьці і часовасьці межаў. У выніку жыхары абедзьвюх, яшчэ нядаўна падзеленых, частак Эўропы сёньня ў аднолькавай ступені тужаць па месцы, межавы камень якога ня быў бы парушаны і якое б спрыяла нашаму ўкараненьню.

Таксама ўсё больш відавочным становіцца перакананьне, што памежная лінія гэтага месца ўжо ня будзе памежнай лініяй нацыянальнай дзяржавы, а хутчэй нашага бацькоўскага, роднага рэгіёну, зь якім нам лягчэй поўніцай сябе атаясаміць.

Мяжа парушана

Эўрапейскі дух так жа моцна, як да ўкараненьня, імкнецца і да адчужэньня, выбаўленьня ад лякальных прыналежнасьцяў. Несупыннае перасяганьне межаў ёсьць выклікам, які эўрапеец намагаецца з радасьцю агораць.

За гэтым стаіць неспатольная цікавасьць да сьвету, адкрытасьць для адметнасьці, спасьцераганьне багацьця ў разнароднасьці. За гэтым стаіць і прагненьне стварыць надлякальную структуру, цывілізацыю з унівэрсальным характарам, якая б абымала і асвойвала па магчымасьці больш розных прастораў. Якраз такой была лацінская цывілізацыя. Такой была і «Republique des Letters», што была зыніцыявана гугенотамі, выгнанымі Людовікам XIV напрыканцы XVII стагодзьдзя. Спасярод элітаў розных краінаў яны распаўсюджвалі кнігі, што друкавалі самі, дзякуючы чаму француская мова стала мовай супольнага, эўрапейскага паразуменьня. Прыналежнасьць да гэтай рэспублікі атаесамлялася з абсалютным і поўным адмаўленьнем ад усялякай рэлігійнай, нацыянальнай і нават сямейнай прыналежнасьці. Такім чынам, гэта крайні прыклад супрацьстаўленьня сябе лякальнасьці і дыскрэдытацыі ўсялякай адметнасьці.

Інакш стаяла справа з лацінскай цывілізацыяй, якая дзякуючы хрысьціянству стала ўспрымальнай да лякальнага калярыту і якая паглынула і тым самым захавала рэгіянальныя адметнасьці. Яе адзінствам было адзінства ў разнароднасьці.

Безумоўна, якраз з таго духу, што несупынна імкнуўся да перасяганьня межаў, і нарадзілася сёньняшняе эўрапейскае задзіночаньне. Не падлягае сумневу, што яго зьдзейсьненьне створыць зусім новую якасьць у гісторыі Эўропы. Тым ня менш прыведзенае мной водгульле розных аб’яднальных канцэпцыяў зь мінуўшчыны ўсплывае ў сёньняшніх дыскусіях пад знакам саюзу.

Таксама трэба памятаць, што якраз дзякуючы імкненьню да парушэньня межаў Эўропа, як ніякая іншая культура, несупынна застаецца дынамічнай, несупынна адкрытай і экспансіўнай.

Межы Эўропы

Вельмі цяжка ўзяць і сказаць, дзе праходзяць межы Эўропы. Дагэтуль, напрыклад, ідуць спрэчкі аб яе ўсходняй мяжы. Герадот змяшчаў яе на Доне, дэ Голь на Ўрале, а да апошняга часу былі яшчэ і такія, хто ўпарта зьмяшчаў яе на Эльбе. Сёньня ўсё часьцей гавораць аб Эўропе ад Атлянтыкі да Ўралу. А дзе праходзяць яе межы на Поўдні?

Гэта прагучыць парадаксальна, але ўнівэрсалізм эўрапейцаў заўсёды меў свае межы. Была ўнівэрсальная эўрапейская цывілізацыя, якая ахоўвала свае межы, што аддзялялі яе ад сьвету барбараў. Таму пачынаючы ад «limes» — межаў Рымскай імпэрыі — само існаваньне Эўропы абумоўлена выразьлівым устанаўленьнем яе геаграфічных лініяў. Гэтыя межы, відавочна, можна было, ці нават — як сьцьвярджалі цывілізацыйныя місіянэры — трэба было расшыраць. Само слова, што вызначала эўрапейцаў — «europeenses», зьявілася ўпершыню як вызначэньне хрысьціянскіх ваяроў, якія ў VIII стагодзьдзі змагаліся за расшырэньне імпэрыі Карла Вялікага. Сьвядомасьць існаваньня мяжы, што аддзяляла нас, жыхароў Дзяржавы Цэнтру, ад чужых, якіх мы на працягу доўгага часу абразьліва называлі барбарамі, сьведчыла аб існаваньні нашай эўрапейскай тоеснасьці. Трэба памятаць, што нашы «limes» ніколі не былі такімі шчыльнымі і замкнёнымі, як, напрыклад, кітайская сьцяна, яны былі і межамі пранікненьня ўзаемных уплываў, значэньне якіх для разьвіцьця Эўропы не падлягае дыскусіі. Тым ня менш сам факт іх існаваньня вызначаў нашу адметнасьць і наш характар.

Былі зьдзейсьнены разнастайныя спробы парушэньня ці нават скасаваньня тых жа самых межаў. Асабліва ў нашым стагодзьдзі адкрытасьць Эўропы для іншых цывілізацыяў, да чаго асабліва спрычынілася дынамічнае разьвіцьцё антрапалёгіі культуры, мела ня толькі пазнавальны характар, паколькі гэта суправаджалася падрывам эўрацэнтрызму і супрацьстаўленьнем пыхлівай Эўропе мудрасьці іншых культур. У выніку, аднак, эўрапейская культура стала яшчэ больш разнароднай, а «limes» у нашай сьвядомасьці існуюць і надалей. Існуюць, дарэчы, як сьвядомасьць пагрозы, што, безумоўна, заўсёды і актывізоўвала ўсе спробы аб’яднаньня Эўропы.

Такая сытуацыя і сёньня. Коўнгоў-Калергі, які ў Вене ў 1923 годзе сваёй кнігай пад назвай «Пан-Эўропа» заклаў падваліны пад сёньняшні эўрапейскі саюз, перасьцерагаў ад Саветаў, бачачы на барбарскім Усходзе галоўную пагрозу для Эўропы. У тым, што перасьцярогі Калергі не былі беспадстаўнымі, пераконвае польскі пісьменьнік Станіслаў Вінчэнз, што ў кнізе «Дыялёгі з Саветамі» апісвае рэакцыі людзей, якія на вестку аб уступленьні Чырвонай Арміі ў Польшчу пачыналі паліць кнігі, бо іх наяўнасьць магла стаць прычынай уласнай згубы. Сёньняшнія дзеяньні эўрапейцаў, скіраваныя на абарону ў тым ліку і кнігі ад амэрыканскага засільля, ад масавай кічавай культуры, адразу нагадваюць намаганьні па ўстанаўленьні мяжы, новых «limes» у абароне эўрапейскай тоеснасьці.

Эўропа Цэнтру

Узмацненьне і пільная ахова межаў, ці то «limes», ці то межаў нацыянальных дзяржаваў, мае месца ня толькі ў эпоху ўзрастаючай пагрозы звонку. Магутных межаў дамагаецца слабы цэнтар. Інакш кажучы, гэта наш нутраны крызыс, наша тоеснасьць, якая знаходзіцца пад пагрозай, прыводзіць да таго, што мы пачынаем надаваць вялікую вагу мяжы, якая павінна нас абараніць. У такой сытуацыі нараджаюцца напружаньні і лёгка ўспыхваюць канфлікты.

На пачатку я быў згадаў, што сёньня зьмяняецца наша разуменьне межаў у параўнаньні, напрыклад, з шэсьцьдзясятымі гадамі. Вытокаў такога стану рэчаў варта шукаць у нутраных праблемах саміх эўрапейцаў. Усё больш настойліва артыкуляваная патрэба ўкараненьня выражае непакой, зьвязаны са стратай уласнага месца. Захапленьне магчымасьцю лёгкага перамяшчэньня, здабыцьця прасторы, адкрытасьцю межаў саступае месца пошуку шляхоў, што вядуць да асяродку, да самога цэнтру.

97
{"b":"598980","o":1}