Намаганьні, якія робіць партыя, каб падарваць асновы апазыцыйнага руху, заслугоўваюць увагі. Характэрна, што ў іх бярэ ўдзел ня толькі кіруючая эліта, але і фракцыі, прыналежныя да ўнутрыпартыйнай апазыцыі, а таксама розныя групы, вытокі якіх у партыі. Усе гэтыя сілы распачалі акцыю амаль адначасна і гавораць амаль адной мовай. Гэта і зразумела, бо ўсё-такі аўтэнтычная апазыцыя пагражае ўсёй партыі: ня толькі апаратчыкам, якія цяпер пры ўладзе, але і ўнутрыпартыйным апазыцыянэрам, якія імкнуцца да таго, каб да гэтай улады некалі прыйсьці.
Маскуючы сваю сапраўдную ролю, кіраўніцтва партыі пайшло сёньня далей, чымся калі-небудзь раней. Нават у афіцыйных выступах усё менш чуваць аб марксізьме-ленінізьме. Цяперашні чалец Палітбюро[56] ў інтэрвію для замежжа абвяшчае сябе прыхільнікам дэмакратыі. Першы сакратар сустракаецца з прымасам, робіць візыт да Папы і заўляе, што стасункі з Царквой будуць урэгуляваныя[57]. І тут і там аслабляецца цэнзура, а некаторыя беспартыйныя нават прасьцей атрымліваюць замежныя пашпарты.
Яшчэ больш значная роля ў гэтай кампаніі прызначаецца фракцыйнай апазыцыі. Яна абвяшчае далекасяжныя зьмены ў сваёй пазыцыі. Эвалюцыя паглядаў закранула як тых апазыцыянэраў, якія дагэтуль застаюцца ў партыі[58], так і тых, хто быў у партыі, але ўжо пакінуў яе шэрагі.
Мы зьяўляемся сьведкамі свайго роду ідэалягічнай капітуляцыі з боку гэтай апошняй групы. Мы бачым яе адыход ад марксізму-ленінізму, дэклярацыі супраць таталітарызму, жэсты паяднаньня з Царквой і нават незалежніцкія акцэнты.
Усё гэта, як відаць, паклікана сьцерці ў памяці палякаў ролю, якую адыграла партыя ў Польшчы. Па-другое, робіцца спроба распаўсюдзіць погляд, што калі ў Польшчы трэба нешта памяняць, то можна гэта зрабіць адно толькі пры дапамозе партыі або людзей, якія былі ў ёй: што для Польшчы няма іншай альтэрнатывы, як замірэньне з тым, каб ня толькі ўлада, але і апазыцыя заўсёды заставалася ў абсягу ўплываў партыі.
У сапраўднасьці ўсё наадварот. Усе саступкі, якія робіць партыя, або ўяўныя, або неістотныя, ад іх заўсёды можна пасьля адмовіцца. Мы не павінны нікога ўводзіць у аблуду што да сапраўдных мэтаў гэтай новай тактыкі. Насамрэч вельмі мала ў Польшчы зьмяняецца. Нягледзячы на новую фразэалёгію, стаўленьне да Царквы варожае, нягледзячы на прыглушэньне марксізму-ленінізму, апарат саветызму працуе бязь зьменаў, цэнзура не скасаваная, спэцслужбы напагатове, а грамадзтва і надалей ня мае многіх свабод.
Аўтэнтычная незалежніцкая і дэмакратычная апазыцыя мае свае вытокі ў грамадзкіх сілах, якія заўсёды былі настроены супраць партыі. Яна можа набываць розныя формы і падзяляцца на безьліч кірункаў, але ўсе яны павінны супадаць на адзіным супольным шляху барацьбы з партыяй за вызваленьне Польшчы ад накінутага ёй саветызму і за здабыцьцё Незалежнасьці.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 7, 1979.
* Ян Драўноўскі — польскі эканаміст і палітоляг, дзеяч культуры і асьветы. Аўтар колькіх дзясяткаў працаў з эканамічнай тэорыі і плянавай эканомікі. Быў ідэйным праціўнікам камунізму, перасьледаваўся ўладамі сацыялістычнай Польшчы. У 1967 годзе пасьля адмовы рэжыму падоўжыць яму тэрмін дзеяньня замежнага пашпарту апыніўся на эміграцыі. З гэтага часу выкладае ў заходніх вышэйшых вучэльнях. У 1994 годзе быў прызначаны рэктарам «Польскага ўнівэрсытэту на чужыне». У 2000 стаў ганаровым доктарам «Wyśszej Szkoły Języków Obcych i Ekonomii» ў Чэнстахове.
Ян Драўноўскі — выпускнік прэстыжнай варшаўскай «Szkoły Głównej Handlowej» і на працягу шматлікіх гадоў быў зь ёй беспасярэдне зьвязаны. Пры канцы пяцьдзясятых Драўноўскі — дэкан «Szkoły Głównej Planowania i Statystyki w Warszawie».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды часопісу «Kultura».
Пётар Кавецкi*
Постмадэрнiзм i лiбэралiзм
I
Ужо без малога сорак гадоў у групах «прагрэсіўных» iнтэлектуалаў, што тужаць па гарачай атмасфэры гадоў авангарду пачатку дваццатага стагодзьдзя, абвяшчаецца надыход эпохi, занадта паэтычна менаванай постмадэрнiзмам. Галоўны ягоны лiтаратурны пясьняр, Дж.Барт, ужо прагаласiў этап «стабiлiзаванага» разьвiцьця гэтай плынi[59]. Таму мы назiраем ягоную экспансiю ня толькi ў абсягу лiтаратуры або архiтэктуры, з чаго ўсё i пачалося, або ў фiльмах, але таксама i ў фiлязофii, упаасобку ў фiлязофii навукi[60]. Апрача таго, усё часьцей можна пачуць, што ў спадчыне нашай культуры ёсьць шмат неканвэнцыйных тэорыяў, якiя або прадвызначылi постмадэрнiстычную парадыгму, або (часткава) падрыхтавалi яе[61].
Аднак насуперак гэтай сацыялягiчна назiранай папулярнасьцi, iснуюць спаважныя падставы, што змушаюць задумацца над тым, цi сапраўды постмадэрнiзм ёсьць рухам «адновы»? Найкарацей гэта сфармуляваў П.Пшыбыш у артыкуле з надзвычай цэльным назовам: «Постмадэрнiзм — культура страчанага шанцу»[62].
Перш як згадзiцца з гэтай, на першы пагляд, кантравэрсійнай тэзай, трэба паразважаць над дзьвюма справамi. Першая зь iх — пытаньне аб тым, цi становiць гэты рух наагул нейкую альтэрнатыву да распаўсюджаных культурных практык. Другой ёсьць пытаньне, чаму гэтыя шанцы былi незапатрабаваныя. Калi мы адкажам нэгатыўна на першае, тым самым можна будзе зразумець, чаму гэтыя шанцы ня спраўдзiлiся. Тэарэтычнай падставай артыкулу Пшыбыша ёсьць цьверджаньне, што пастуляты мадэрнiзму супадаюць з вартасьцямi лiбэралiзму. Аднак тут iгнаруюцца — сьцьвярджае аўтар — пэўныя клясычныя зьняпраўджаньнi гэтай апошняй дактрыны, i асаблiва гаекаўскага варыянту. Гэта зблiжае постмадэрнiзм зь лiбэртарыянiзмам, дзякуючы чаму ён трацiць крэатыўны сэнс лiбэралiзму.
У перадапошнiм сказе я сумысьля ўжыў адрозную тэрмiналёгiю, каб зазначыць, што значэньне ўжытых поймаў можа супадаць толькi на першы пагляд. Таму гэтыя пастуляты маюць баржджэй характар рэгуляцыйных рэкамэндацыяў. Iм даводзiцца паклiкацца на нейкiя важнейшыя i вышэйшыя вартасьцi. Гэтыя апошнiя — у нашым выпадку вартасьцi лiбэралiзму — нельга ўгрунтаваць ужо нiчым (больш агульным, чымся яны). Яны спачатныя, а ў стылiзацыi агульнай тэорыi iснаваньня або анталёгii маюць характар асноўных, выходных прынцыпаў. Калi б мы не зважалi на вышменаванае разрозьненьне, то тады мы б зыгнаравалi прынамсi фармальную адметнасьць двух парадкаў: канчальных i заразом спачатных вартасьцяў (канчальных, паколькi не iснуе гарызонту, да якога iх можна было б рацыянальна дапасаваць; спачатных, таму што яны выступаюць выточным пунктам для iншых, нiжэйпаложаных вартасьцяў), а таксама вытворных вартасьцяў. Вартасьцi, вызначаныя як пастуляты, ёсьць iнструмэнтальнымi. Яны служаць зьдзейсьненьню нейкiх асноўных вартасьцяў, што стаяць над iмi ў гiерархii. Пытаньне пра iх сапраўдную прыроду ёсьць прынцыповай пазнавальнай мэтай гэтага тэксту, i таму трэба ўжо ў гэтым месцы засьцерагчы, я не хачу некага намовiць, што постмадэрнiстычная мадэль уяўляе фрагмэнт сыстэмы, на версе якой знаходзяцца вартасьцi ў канцавым вынiку лiбэральнай вiзii сьвету. Выяўленая своеасаблівасьць пацягне за сабой глыбейшыя розьнiцы. Увага да iх павiнна прадухiлiць ад супаставаў, якiя маглi б мець падобны сэнс, як, напрыклад, прыраўнаньне асноўных вартасьцяў каталiцкай рэлiгii да правiлаў малiтоўнай цырымонii iсламу.
II
Спроба адказаць на пастаўленае пытаньне запатрабуе досыць складанай падрыхтоўкi, адылi яна дасьць магчымасьць уявiць лiбэралiзм як злучнасьць палажэньняў i цьверджаньняў, угрунтаваных на пэўнай вiзii сьвету. Гэта таксама дазволiць «спраўдзiць», наколькi гэная iдэальная вiзiя зыходзiлася з сапраўдным станам рэчаў.