Вiткацы, Гамбровiч i Шульц, не належачы да аднаго пакаленьня, стварылi, аднак — кожны па-свойму, — асноўныя творы польскага мадэрнiзму. Не таго, аб якiм думаў Казiмеж Выка, замыкаючы яго ў цесных рамах Маладой Польшчы як эпохi. А таго мадэрнiзму, якi ёсьць найважнейшай плыньню ўсiх пакаленьняў дваццатага стагодзьдзя, якi доўжыцца вось ужо стагодзьдзе i будзе iснаваць значна даўжэй, чымся мяркуюць ягоныя лiквiдатары. Будзе iснаваць, бо праблемы i пытаньнi, пастаўленыя на пачатку нашага стагодзьдзя, не былi нi вырашаныя, нi адхiленыя. Тое, што мы i надалей у творах Вiткацага, Шульца i Гамбровiча адкрываем пякучыя для нас дагэтуль пытаньнi, найлепшы для гэтага довад.
Тэкст перакладзены паводле: Dialog, № 19 (460), 1995.
* Тэкст чытані, прагалошанай 8 чэрвеня 1995 году ў Радамі як уводзіны да II Міжнароднага Гамбровіцкага Фэстывалю.
Уладзімеж Балецкі — вядомы польскі крытык і літаратуразнаўца. Спэцыялізуецца на творчасьці Юзафа Мацкевіча, Густава Гэрлінга-Грудзіньскага, а апошнім часам і Чэслава Мілаша. Здабыў таксама аўтарытэт у вывучэньні польскага літаратурнага мадэрнізму. Працуе ў варшаўскім Інстытуце літаратурных дасьледаваньняў. Уваходзіць у склад журы прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Анджэя Кіёўскага.
На працягу апошніх пяцёх гадоў напісаў і выдаў кнігі «Poetycki model prozy w dwudziestoleciu międzywojennym — Witkacy, Gombrowicz, Schulz i inni — studium z poetyki historycznej» (Kraków: Towarzystwo Autorów i Wydawców Prac Naukowych Universitas, 1996), «Rozmowy w Dragonei» (Szpak, 1997), «Rozmowy w Neapolu» (2000) — апошнія дзьве ўяўляюць сабой цыкль размоваў і інтэрвію з памерлым у чэрвені 2000 году пісьменьнікам-эмігрантам, сталым аўтарам парыскай «Kultury» Гэрлінгам-Грудзіньскім, якому Балецкі прысьвяціў такія словы: «Як і шмат якія пісьменьнікі XX стагодзьдзя, Гэрлінг абраў так званую аўтарскую нарацыю (ад першай асобы), бачачы ў ёй ня столькі магчымасьць павелічэньня шматузроўневых дачыненьняў паміж выдумкай і праўдай, колькі шанец для суб’ектывізацыі праблемаў, якія ён адлюстроўвае ў сваёй творчасьці. Таму што аб чым бы ні апавядаў Гэрлінг-Грудзіньскі, ён заўсёды апавядае аб сабе — аб чалавеку, які спрабуе зразумець людзей, іх долю, паводзіны, пазыцыі».
У 1998 годзе Ўладзімеж Балецкі ўклаў і зрэдагаваў вялікі зборнік паэзіі Чэслава Мілаша «To, co pisałem». У 1999 — зборнік любоўнай лірыкі «Snuć miłość... Polska poezja miłosna XV–XX w. Antologia» (Świat Książki, Warszawa, 1999). У тым жа годзе напісаў паслоўе да кнігі Мілаша «Zniewolony umysł. Lekcja literatury z Czesławem Miłoszem i Włodzimierzem Boleckim. Posłowie Włodzimierz Bolecki» (Wydawnictwo Literackie, Kraków, 1999). «Rozmowy w Dragonei» ў 1998 годзе была разам з «Polak po komunizmie» Тэрэсы Багуцкай вылучана на прэстыжную літаратурную прэмію «Nike» ў намінацыі «найлепшая кніга году».
У інтэрвію, узятым ува Ўладзімежа Балецкага пасьля заўчаснай сьмерці вялікага польскага паэта Зьбігнева Гэрбэрта, ёсьць такія думкі: «Значэньне творчасьці Зьбігнева Гэрбэрта выходзіць і надалей выходзіцьме за літаратуру. Як пісьменьнік і чалавек Гэрбэрт быў назіральнікам вар’яцтваў у гісторыі XX стагодзьдзя. Галоўнай ідэяй яго творчасьці было захаваньне меры і асноўных цнотаў: сумленнасьці, вернасьці, праўдзівасьці і адвагі. Ён быў пісьменьнікам-мудрацом, які вучыў сваіх сучасьнікаў трымаць дыстанцыю да ідэалёгіі, фанатызму і ўсіх тых уяўленьняў, якія фундамэнтальны вымер чалавечых годнасьцяў імкнуліся замяніць абстракцыямі палітыкі, ідэалёгіі, дактрыны etc.
На маю думку, значэньне творчасьці Зьбігнева Гэрбэрта расьціме, дарма што і так 40 год гэтая творачасьць безупынна суправаджае ўсе пакаленьні чытачоў у Польшчы. Расьціме, паколькі скептычнае і іранічнае стаўленьне Зьбігнева Гэрбэрта да вар’яцтваў людзей і гісторыі ў наша стагодзьдзе вынікае з таго перакананьня, што чалавек — гэта глыбака маральная істота, мэтафізычная і што няма мацнейшай зброі супраць жорсткасьці, зла, падману, чымся захаваньне гэтых простых і непахісных годнасьцяў, якія ён выявіў ува ўсёй творчасьці».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
Юзаф Бахеньскі*
Духоўная сытуацыя часу
I
Карл Яспэрс, адзін з найбольш славутых мысьліцеляў XX стагодзьдзя, выдаў калісь кнігу пад назвай Die geistige Situation der Zeit — «Духоўная сытуацыя часу». Кніга была апублікавана ў пэрыяд, поўны палітычных забурэньняў, — і няма дзіва, што філязаф закрануў у ёй перадусім грамадзкія і палітычныя справы. Але яе загалоўку можна таксама надаць і глыбейшае значэньне: яго можна аднесьці да падставаў нашай думкі і чыну, гэта значыць, нашага сьветапогляду. У гэтым значэньні ён ужыты і тут.
Уражаньне, што ў гэтым сэнсе мы знаходзімся на пераломе, сёньня шырока распаўсюджанае. У Злучаных Штатах, напрыклад, шырыцца рух пад назвай New Age — «Новая эпоха». Даныя ўвагі ня маюць нічога супольнага з поглядамі прадстаўнікоў гэтага руху (які напару мяжуе з ірацыяналізмам і псэўдамістычным зьмяшэньнем паняцьцяў), выяўляючы адно простае сьцьвярджэньне[1], што мы жывем падчас згаданага пералому. Гаворка не ідзе аб тым, якім чалавецтва мае быць і якім будзе, але толькі аб пасуленьні нэгатыўнага вызначэньня, у якой меры адбыўся разрыў зь мінуўшчынай.
Якія вынікі гэтага разрыву? Можна было б памеркаваць, што гаворка ідзе аб сьветапоглядзе. Вось жа сьветапогляды сапраўды закранутыя крызысам, але ня ў тым сэнсе, што гаворка ідзе толькі аб адным сьветапоглядзе. Разрыў зь мінуўшчынай сягае глыбей, ён датычыць перадумоваў усіх сьветапоглядаў, рамак, у якіх яны паўсталі. Дарма што прыняцьцё сьветапогляду ёсьць у прынцыпе адвольным: у тым пляне, што ніхто ня можа быць прымушаны яго прыняць, не бывае так, каб у кожнай эпосе ў нас зьяўлялася магчымасьць прыняцьця кожнага мажлівага сьветапогляду. У гэтым сэнсе наша свабода мае межы.
Гэтыя межы вызначае найперш стан навуковай веды данай эпохі. Прыводзячы толькі адзін прыклад: у XХ стагодзьдзі нельга не прыняць погляду, згодна зь якім сонца кружыніцца вакол Зямлі. Па-другое, наша свабода ў прыманьні сьветапоглядаў абмежавана калектыўным дасьведчаньнем чалавецтва. Такім дасьведчаньнем, аб якім яшчэ пойдзе мова, ёсьць факты чалавечай лютасьці цягам майго пакаленьня. Любы сьветапогляд, які знаходзіцца ў супярэчнасьці з гэтым дасьведчаньнем, цяпер ня можа быць прыняты.
Не існуе ў дастатковай ступені адназначнай тэрміналёгіі, калі гаворка ідзе аб такіх перадумовах. Безумоўна, яны не сьветапогляды і, такім чынам, ні рэлігія, ні ідэалёгія, ні філязофія. Дзеля нястачы лепшых выражэньняў назавем створаныя навукай і дасьведчаньнем рамкі «духоўнай сытуацыяй», а супольныя сьветапоглядам элемэнты — «асноўнай ідэяй» данай эпохі.
Увагі, зьмешчаныя вышэй, можна абагульніць у наступнай думцы: у даны момант мы перажываем крызыс, выкліканы зьменай духоўнай сытуацыі і зьвязаным зь ёй разрывам з асноўнымі ідэямі, прынятымі ў мінуўшчыне.
Пры гэтым гаворка ідзе выключна аб духоўнай сытуацыі інтэлектуальнай эліты нашага культурнага кола. Эліты, бо масы, нават масы адукаваных людзей, перажываюць духоўныя зьмены зь вялікім спазьненьнем, іншага разу пасьля некалькіх пакаленьняў нашага кола, бо, насуперак прапагандзе шматлікіх ідэолягаў, усе іншыя цывілізацыі перабываюць у працэсе згасаньня.
ІІ
Нават павярхоўны аналіз паказвае, што ў нашым культурным коле мы маем дачыненьні зь дзьвюма ўзаемна незалежнымі супольнасьцямі (zespoіami) падзеяў: адна — гэта згаданы пералом, другая — гэта расклад. Нашы сацыёлягі ўжо даўно заўважалі праявы гэтага раскладу і пісалі аб «упадку» і «цяжкай хваробе» Захаду. На самой рэчы, у бальшыні грамадзтваў, належачых да нашага кола, навідавоку ўсе сымптомы раскладу: аслабленьне грамадзкіх сувязяў, зьнікненьне волі ўзброенай абароны, адсутнасьць жаданьня нараджаць дзяцей, скептыцызм і да таго падобнае[2]. Дык жа можна сьцьвердзіць вынікненьне адначасова зь пераломам (у духоўнай сытуацыі і яе асноўнай ідэі) незалежных ад яго праяваў грамадзкага раскладу?