Вiткацы быў, як вядома, фаталiстам, i канец гiсторыi вымалёўваўся яму ў полi зроку. Гамбровiч спасьцерагаў гiсторыю як несупынны карагод масак, строяў i формаў, цыклiчна аднаўляны дзякуючы выбуху маладосьцi, неафiцыйнасьцi i вiтальнасьцi.
Антрапалёгiя Гамбровiча iнтэракцыйная, чалавек фармуецца «на пракруставым ложы мiжчалавечай формы» — як на задавальненьне Гамбровiчу напiсаў Шульц. Таму гамбровiчаўская эротыка — гэта заўсёды форма камунiкацыi. Тым часам як манадыст, г.зн. незалежна ад iнтэнсіўнасьцi фiзычных сувязяў памiж ягонымi героямi, чалавек Вiткацага асуджаны на поўную адзiноту што да iншых i космасу. Таму вiткацаўская эротыка заўсёды прыводзiць да паразы i дэградацыi.
Фiлязофiя Гамбровiча — фiлязофiя «маскi», бо «форма» — гэта таксама род «маскi». Iнакш кажучы, гэта фiлязофiя таго, што ўтварае, хавае i дэфармуе натуру чалавека. Гамбровiч, рэч ясная, летуцее аб выяўленьнi гэтай натуры, аб дасягненьнi ейнай нагасьцi, але ён ведае, што гэта немагчыма. Альбэртынка зьяўляецца, праўда, як жартоўны iдэал у «Апэрэтцы», але для яе няма месца ў нiводным iншым творы Гамбровiча. Памылкова лiчыць, што «форма» ёсьць стрыжнем ягонай фiлязофii. Так званая форма ёсьць адно мовай апавяданьня, уласным iдэалектам Гамбровiча, але не ягоным зьместам. Стрыжнем фiлязофii Гамбровiча ў грамадзкай сфэры ёсьць ўлада, а ў сфэры iндывiдуальнай — боль (апiсаныя ў катэгорыях формы).
Аднак iснуе прынамсi адзiн супольны пункт гэтых двух радыкальна вырозных антрапалёгiяў. I Вiткацы, i Гамбровiч адкiдаюць падзел на матэрыю i дух, на непераадольную дыхатамiю часткi i цэлага. Вiткацы за фiлязафiчнае адкрыцьцё сваёй антрапалёгii ўважаў цялёснасьць як непадзельнае адзiнства матэрыяльнасьцi i псыхiчнасьцi, Гамбровiч — пачуцьцё болю, што наводзiць мост памiж усiмi жывымi iстотамi.
А Шульц? Анi манадыст, анi iнтэракцыянiст. У ягоную антрапалёгiю ўпiсаны мiт вечнай мэтамарфозы матэрыi, якая кожнай форме быцьця, а таксама i чалавеку надае выпадковае i зьменлiвае аблiчча. Адсюль своеасаблiвая дыстанцыя i iронiя што да кожнай з гэтых формаў, трактаваных як часовая маска або роля, што граецца на сцэне i за кулiсамi iснаваньня. Аднак за карагодам масак i формаў у Шульца iснуе субстанцыя, пакрыёмая сутнасьць рэчаў. Сьвяты Грааль ягоных сымбалiстычна-мэтафарычных пошукаў. Гэта iнакш як у Гамбровiча, дзе мэтамарфоза здаецца бесканцоўным карагодам пераменаў, самадастатковым танцам, за якiм стаiць пустка або сьмерць.
5.
Не падлягае сумневу, што кожны з гэтых пiсьменьнiкаў — як асобна, так i ўсе разам — сыграў вырашальную ролю ў галiне формаў i тэмаў польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя. Iхны ўплыў i значэньне выходзяць, аднак, далёка за межы лiтаратуры. Безь Вiткацага, Шульца i Гамбровiча польская мастацкая культура i польскае iнтэлектуальнае жыцьцё былi б зусiм iншыя. Але гэта ўсё ва ўмоўным ладзе.
Гамбровiч памёр чвэрць стагодзьдзя таму. Вiткацы i Шульц не жывуць ужо палавiну стагодзьдзя. Але не аслабелая папулярнасьць iхных твораў ва ўсiм сьвеце правакуе ўпiсваць iхную творчасьць ва ўсё новыя плынi i iдэi. Так мусiць быць i так быць павiнна. Творы i iхныя стваральнікі перасягаюць свой час, жывучы i адбiваючыся ва ўсё новых люстрах, модах i захапленьнях.
Блiзу пятнаццаць гадоў таму я паказаў на супадзеньне вiткацаўскага «спаталеньня формай» з канцэпцыяй «лiтаратуры вычэрпваньня» Джона Барта i на зьдзiўляючыя падобнасьцi эстэтыкi абодвух пiсьменьнiкаў. Я тады ня знаў тэрмiну «постмадэрнiзм». Дзесяць гадоў таму Зьдзiслаў Лапiньскi, апiсваючы постаць Гамбровiча, сьцьвердзiў, што ў гiсторыi сусьветнай лiтаратуры Гамбровiчу належыцца месца як аднаму зь вялiкiх пiсьменьнiкаў постмадэрнiзму, паколькi перадумовы, што абумовiлi яго пазыцыю i эстэтыку, адначасна ёсьць перадумовамi постмадэрнiзму. Празь некалькi гадоў Лапiньскi пашырыў гэтую постмадэрнiсцкую формулу таксама на творчасьць Вiткацага i Шульца. З пачатку дзевяностых гадоў постмадэрнiзм стаўся найчасьцей прыгадваным у крытыцы супольным вызначэньнем творчасьцi памянёных пiсьменьнiкаў. Гэта, аднак, тэма, якая вымагае асобнай, працяглай гутаркi. Падобнасьць твораў Вiткацага, Шульца i Гамбровiча да постмадэрнiсцкай лiтаратуры, безумоўна, спакусьлiвая, i тут можна прывесьцi шмат аргумэнтаў, як выдатна паказаў Лапiньскi. Аднак аналёгiя памiж постмадэрнiзмам i лiтаратурай Вiткацага, Гамбровiча i Шульца падаецца мне цалкам памылковай, абапёртай на непаразуменьнi i нагадваючай вылiваньне дзiцяцi разам з вадой. Праўда, гэта можа выклiкаць натхнёныя тэрмiналягiчныя рэiнтэрпрэтацыi i расшырэньнi кантэкстаў, у якiя мы ўпiсваем творчасьць гэтых пiсьменьнiкаў, але гэта не прынясе нiчога новага ў дагэтулешнiя аналiзы i спосабы прачытаньня iхных твораў. Таму розьнiца памiж творамi Вiткацага, Гамбровiча i Шульца ды лiтаратурай постмадэрнiзму падаецца прынцыповай i непрадухiляльнай.
Фундамэнтальная розьнiца памiж постмадэрнiзмам i творчасьцю гэтых пiсьменьнiкаў датычыць трактаваньня суб’ектыўнасьцi чалавека. Для постмадэрнiстаў «суб’ект» i «суб’ектыўнасьць» — пустыя словы, суб’екту не iснуе — гэта адзiн зь лёзунгаў постмадэрнiзму, i адначасна перадумова ягонай нэгатыўнай антрапалёгii. Тым часам для Вiткацага, Гамбровiча i Шульца суб’ект, адзiнка, iндывiдуальнасьць — гэта найважнейшыя катэгорыi iхнага мысьленьня i мастацтва.
Для постмадэрнiстаў мастацтва — гэта толькi штучнасьць. Вiткацы, Гамбровiч i Шульц паслугуюцца, рэч ясная, штучнасьцю, але за маскамi канвэнцыяў, гульняў i дэфармацыяў у iхных творах крыецца яшчэ i Таямнiца. Постмадэрнiзм бавiцца тэхналёгiяй дваццатага стагодзьдзя i напару сам ёсьць ейнай адаптацыяй. Творчасьць Вiткацага, Гамбровiча i Шульца вырастае з адмаўленьня тэхналёгii. Забаўляльнасьць постмадэрнiзму абапiраецца на рэпрадукцыю без суб’екту, без індывіда i без арыгiналу, забаўляльнасьць трох памянёных пiсьменьнiкаў зьвязана з iндывiдам.
Постмадэрнiзм — незалежна ад сваiх разнастайных варыянтаў — сьцьвярджае, што лiтаратура не стварае нiводнага сэнсу, што гэта толькi гульня канвэнцыi азначальнага i азначанага, словам, што яна нiчога ня кажа аб пазавэрбальным сьвеце або пазатэкставай сапраўднасьцi. Кожнае такое меркаваньне або сэнс, iдэя, паймо ўважаецца за «ўтопiю» або за «iдэалёгiю», а «сэнс», «iдэалёгiя» i «ўтопiя», паводле постмадэрнiстаў, ёсьць родам насiлу i дамiнацыi кагосьцi над кiмсьцi або чагосьцi над чымсьцi. Таму яны перадумовы мысьленьня, насуперак якiм узьнiк... постмадэрнiзм.
У гэтым значэньнi творы Вiткацага, Гамбровiча i Шульца якраз i поўняцца сэнсамi i iдэямi, а таксама яўнымi i сукрытымi гiерархiямi. Таму iх супольнай — часам яўнай, а часам i сукрытай перадумовай — ёсьць адмаўленьне нiштознасьцi i нiгiлiзму, зандаваньне ягоных небясьпекаў, насьледкаў i спосабаў iснаваньня. Кожны з гэтых пiсьменьнiкаў экспэрымэнтаваў з найнавейшымi «формамi ў мастацтве», але, тым ня менш, ня самi формы былi iхнай мэтай, iдэалам i абсалютам. Той, хто ў творчасьцi Вiткацага бачыць толькi бяссэнсiцу Чыстай Формы, у Гамбровiча — Форму i пародыю, а ў Шульца — адно размнажэньне мэтафараў, затрымваецца на зьверху, задавальняецца толькi тэхнiчнымi тэрмiнамi ў аўтакамэнтарох гэтых аўтараў. Ня Чыстая Форма, а мэтафiзычнае перажываньне было мэтай аналiзаў Вiткацага; ня Форма як таковая, а ўнiвэрсальная драма чалавека iнтрыгавала i нават палохала Гамбровiча; не каскады мэтамарфозаў i мэтафараў, а таямнiцы крэацыi i iснаваньня захаплялi Шульца. Кожны з гэтых пiсьменьнiкаў меў таксама пачуцьцё выключнасьцi сваёй творчасьцi, i таму кожны зь iх верыў у iснаваньне i сэнс Мастацтва i ў тое, што — кажучы жартоўнымi словамi Гамбровiча — ягоныя творы прызначаныя для «сьветлых, а не для цёмных». Тая вера, што iнтэлект i мастацтва, мудрасьць i талент ёсьць элiтарнымi вартасьцямi, таксама аддаляе iхныя творы ад праграмна эгалiтарных прынцыпаў постмадэрнiзму. Нягледзячы на разнастайныя постмадэрнiсцкія рэiнтэрпрэтацыі, якiя сёньня ажыцьцяўляюцца на матэрыяле iхнай творчасьцi, творы гэтых трох пiсьменьнiкаў далёкiя ад прынцыпаў постмадэрнiзму, паколькi iх прыроджаным кантэкстам ёсьць не постмадэрнiзм, а эўрапейскi мадэрнiзм i ягоныя фундамэнтальныя пытаньнi аб узамадачыненьнях iндывiда i грамадзтва, sacrum i profanum, аб уладзе, суб’екце i суб’ектыўнасьцi, аб мiце, аб сьвядомасьцi i падсьвядомасьцi, аб шматлiкiх iншых праблемах, якiя ўфармавалi эўрапейскую мадэрнiсцкую фармацыю.