У 1993 годзе Клачоўскаму была нададзеная годнасьць ганаровага доктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а ў 1998 — унівэрсытэту Paris IV (Сарбоны).
8 красавіка 2000 году Ежы Клачоўскі падпісаў калектыўны зварот польскай інтэлігенцыі супраць актаў вандалізму ў дачыненьні да жыдоўскай меншыні ў Польшчы.
Сярод апошніх публікацыяў вылучым кнігу «Młodsza Europa. Europa Środkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chrześcijańskiej średniowiecza», выдадзеную выдавецтвам «Państwowy Instytut Wydawniczy» ў 1998 годзе.
Марцэлi Косман*
Кальвiнiсты ў культуры Вялiкага Княства Лiтоўскага
Адметныя элемэнты й чужыя ўплывы
У выдадзеным у 1967 годзе сынтэтычным творы Е. Ахманьскага «Гiсторыя Лiтвы» чытаем: «Запачаткаваная Марцiнам Лютэрам у 1517 г. царкоўная рэфармацыя не магла абмiнуць Лiтвы. Сутнасьць рэфармацыi палягала ня столькi ў крытыцы рэлiгiйных догматаў каталiцкага касьцёлу, колькi ў спробе падрыву ягонай усемагутнасьцi ў грамадзтве, вызваленьня ад эканамiчнага i грамадзкага ўцiску касьцёлу. Асобныя клясы грамадзтва, што падпадалi пад рэфармацыю, напару мелi наўвеце розныя мэты. Багатыя мяшчане не маглi цярпець таго, што царква асуджала лiхвярства. Гэта перашкаджала iм у iх фiнансавых апэрацыях i зьмяншала прыбыткi. Iнтэлiгенцыя бачыла ў рэфармацыi прадвесьце свабоды думкi i веравызнаньня. Тым ня менш, рэфармацыя хутчэй не закранала народных масаў у Лiтве. Занадта моцны ўплыў усё яшчэ на яе аказвала паганства, каб захапляцца рэлiгiйнымi новаўвядзеньнямi. Сяляне не давалi дзесяцiны царкве, а ўцiск быў ня толькi ў царкоўных гаспадарках»[79].
У Вялiкае Княства Лiтоўскае былi перанесены ўнiвэрсальныя рысы рэфармацыйных рухаў. Паганства было афiцыйна заменена на каталiцызм, якi зрабiўся пануючым толькi напрыканцы XIV стагодзьдзя, хаця ўлады — як i ў схрысьцiянiзаваных краiнах — на сваiм двары карысталiся паслугамi манахаў, асаблiва ў дыпляматыi[80], а бальшыня падданых адвеку вызнавала праваслаўе. Царква арганiзацыйна была слабой у параўнаньнi з магнатамi, якiя хутка павялiчвалi сваю магутнасьць, i абшарнiкамi, якiя чакалi прывiлеяў на польскi ўзор; зямлi ўраблялася няшмат (каля 5% ральлi, калi ў Кароне 12%), лiхвярства ня мела значэньня, багатае мяшчанства павiнна было сфармавацца пазьней. Насельнiцтва — праўда — было яшчэ дужа зьвязанае са старымi вераньнямi, i рэлiгiйныя дыскусii ў Польшчы яго не цiкавiлi[81].
Меркаваньнi дасьледнiкаў веравызнаўчых адносiнаў у Лiтве ў XVI ст. былi ўлiчаны ў новым выданьнi згаданай працы, якое пабачыла сьвет празь пятнаццаць гадоў, а таксама ў наступным выданьнi 1990 г.[82]. Але, тым ня менш, па-ранейшаму трэба ўлiчваць цесную сувязь спэцыфiкi рознаканфэсiйных рухаў у Вялiкiм Княстве з тагачаснай[83] дзяржавай, што ахоплiвала беларускiя i летувiскiя землi, i пры разглядзе сувязяў памiж хрысьцiянскiмi веравызнаньнямi ў XVI-стагодняй Эўропе, а таксама каталiцызмам i пратэстантызмам у яго розных варыянтах памiж Трыдэнтам i першым ватыканскiм саборам. Калi мы гаворым аб занадта сфармалiзаваных ацэнках у гiстарыяграфii, варта зьвярнуць увагу на атаясамленьне ў працах савецкiх дасьледнiкаў сёньняшнiх адносiнаў з тымi, якiм налiчваецца некалькi стагодзьдзяў: я маю на ўвазе схематычнае тарнаваньне перадусiм пайма «Лiтва» ў ейных сёньняшнiх межах да сытуацыi, што склалася ў часы Ягайлы. Мяжа памiж гэтай рэспублiкай i Беларусяй, што стаўляе Салечнiкi на адным баку, а Беняконi на другiм, нiколi не iснавала i ёсьць адно вынiкам распаду Савецкага Саюзу. Вiленшчына i Наваградчына заўсёды станавiлi сабой цэласьць з узаемна пранiкаючым славянска-балтыйскiм насельнiцтвам, прычым першае адыгрывала дамiнуючую ролю як у сталiцы Вялiкага Княства, так i ў яе ваколiцах таксама i пасьля ўпадку шляхецкай дзяржаўнасьцi. Пiсаньнi аб замежнай палiтыцы Летувы цi навуцы ў Летуве ў XVI ст., а таксама аб езуiтах у Беларусi за часоў Вазаў толькi заблытваюць сапраўдны стан рэчаў[84].
Таму, пераходзячы да адметных элемэнтаў i чужых уплываў у рэфармацыйным руху — асаблiвую ўвагу зьвяртаючы на рэфармаваны эвангелiзм, якi захоўваўся найдаўжэй i быў адаптаваны грамадзтвам, пачаўшы выконваць спэцыяльную ролю нават пасьля ўзнаўленьня незалежнасьцi ў пэрыядзе памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi (згадаем славутыя вiленскiя разводы[85]) — трэба мець наўвеце рэалii часоў Мiкалая Радзiвiла Чорнага, бачыць своеасаблiвасьць тагачаснай Эўропы, а таксама характар дзяржаваў, якiя знаходзiлiся пад уладай Ягайлавічаў.
У працах, прысьвечаных канфэсiйным забурэньням у XVI стагодзьдзi, рэдка сустракаецца дэфiнiцыя Рэфармацыi i, рэч ясная, яшчэ менш увагi адводзiцца працэсам яе разьвiцьця ў каталiцкай Эўропе i таму, што яна суправаджалася вострымi выступамi ў паасобных краiнах супраць Апостальскай сталiцы. У асноўнай на сёньня крынiцы чытаем: гэта быў «рэлiгiйны рух, якi ўзьнiк на аснове грамадзка-палiтычных канфлiктаў XV–XVI ст. i прывёў у XVI ст. да паўстаньня незалежных ад папства пратэстанцкiх цэркваў. Iдэйна яму папярэднiчалi сярэднявечныя гарэзii зь вiклефiзмам i гусытызмам на чале»[86]. Розьнiцу ў меркаваньнях нельга не заўважыць i вакол пайма Контрарэфармацыi, паколькi некаторыя аўтары мяркуюць, што больш адпаведны гэтай зьяве iншы тэрмiн: каталiцкая Рэфармацыя, таму што ён валодае шырэйшым значэньнем i датычыць ня толькi нэгатыўнага боку або перамогi над працiўнiкам, але мае шырэйшае, пазытыўнае значэньне дзякуючы сфармуляваньню праграмы направы каталiцызму[87]. Аналiзу паддаюцца таксама i iншыя вызначэньнi, а наймя канфэсiйная талеранцыя[88].
Пакiдаючы ўбаку гэтыя тэрмiналягiчныя пытаньнi, мы зьвернемся толькi да першага з вызначэньняў, бо яно зьвязана з рэфармацыйнай спэцыфiкай Вялiкага Княства Лiтоўскага. На захадзе маем дачыненьнi адно з каталiцызмам, тое ж самае ў этнiчнай Польшчы — за выняткам Чырвонай Русi, якая была ўлучана ў Карону за часоў Казiмера Вялiкага, а таксама пазьнейшае пашырэньне ўладных паўнамоцтваў — ужо ня Пястаў — на праваслаўныя землi. Тым ня менш, улады Вiльнi знаходзiлiся ў зусiм iншай сытуацыi, якую можна акрэсьлiць каротка: мора прадстаўнiкоў усходняй рэлiгii i каля 10% (як у сэнсе насельнiцтва, так i ў сэнсе тэрыторыi) фармальных паганцаў на самавiтай Лiтве, якiя ад другой палавiны XIV стагодзьдзя ўсё хутчэй i хутчэй асвойвалiся з выявай крыжа, цэрквамi, а ў Наваградку i Вiльнi сутыкалiся i з каталiцкiмi законьнiкамi. Там таксама — у Аўкштоце пасьля 1387 г., на Жмудзi трыццацьцю гадамi пазьней — распачаўся працэс афiцыйнай хрысьцiянiзацыi з iнiяцыятывы валадара, якi дагэтуль лiчыўся найвышэйшым культавым функцыянэрам, i, такiм чынам, быў кампэтэнтны пакласьцi канец старым вераньням. Так належала разумець ягоную волю, хоць гэта i не азначала, што з дня на дзень павiнна было наступiць адмаўленьне ад полiтэiзму. Так нiколi i нiдзе не было, i хаця аб сынкрэтызьме веравызнаньняў было напiсана ўжо шмат, прыгадаем, што праз тры стагодзьдзi пасьля апiсаных падзеяў сяляне-кальвiнiсты ва ўладаньнях Радзiвiлаў збунтавалiся супраць свайго духоўнiка, калi ён прынучаў спалiць перахоўваныя iмi фiгуркi бажкоў; яны чулiся апекунамi гэтых пазбаўленых важкай пратэкцыi звышнатуральных стварэньняў, якiя былi магутныя ў прамiнулыя стагодзьдзi[89].
Усход Эўропы для ягонага захаду ўяўляў экзатычную тэрыторыю, якая паступова станавiлася блiжэйшай дзякуючы ўсё больш i больш падрабязным — але ня вольным ад фантазii — мапам i аповедам падарожнiкаў. Напару Варшаве даводзiлася даваць адказы на iлжывыя, тэндэнцыйныя паведамленьнi, якiя мелi месца ў Вене на тэму манархii Ягайлавічаў, як гэта зрабiў падчас панаваньня Жыгiмонта Старога аўтар Сармацыi эўрапейскай i азіяцкай[90]. XVI стагодзьдзе павiнна было прынесьцi падарожжы магнацкай моладзi зь Вялiкага Княства на Захад, i гэта, хоць i не ў такiх памерах, як у Кароне, сыстэматычна зьмяняла меркаваньне французаў або iталiйцаў аб далёкай Лiтве; зрэшты, ейныя жыхары, што выпраўлялiся за Лабу i за Альпы ў часы Вазаў, уважалiся ўжо за падданых Рэчы Паспалiтай[91]. Таму на парозе Рэфармацыi на берагох Вяльлi i Нёмна, калi яна здолела канчаткова перамагчы ў Вiтэнбэрзе i Жэнэве, не безь зьдзiўленьня адзiн са швайцарскiх пратэстантаў даведваўся ад свайго адзiнавернiка ў далёкай краiне: «Некаторым трэба зьнiшчыць забабоны папства, у iншых на мэце выкаранiць адвечнае народнае пакланеньне стодзiвам, паколькi сёньня (напiсана ў 1563 г. — М.К.) лiцьвiны яшчэ вераць у чысьленых багоў i ахвяруюць iм. Iншыя кажуць, што нам трэба iзноў змагацца з вучэньнем грэкаў, у руках якiх знаходзяцца цэрквы на Русi». Укладальнiк гэнага лiста, а iм быў Сымон Будны, лiчыў патрэбным у вострых выразах выказацца на тэму праваслаўя ў Вялiкiм Княстве: яно ёсьць «заступнiкам i руплiвым пасьлядоўнiкам усiх грэцкiх забабонаў цi, хутчэй, поўнай забабонаў малпай»[92].