Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У сваёй паэтычнай творчасьці, праграмна інтэлектуалізаванай, Мілаш апэлюе да розных традыцыяў (Т.С.Эліёт), а таксама польскай рамантычнай традыцыі (паэмы «Маральны трактат» (1948), «Паэтычны трактат» (1957); зборнікі вершаў «Горад без імя» (1969), «Дзе ўсходзіць сонца і куды яно заходзіць» (1974). Мілаш — аўтар шматлікіх эсэ: «Скуты розум» (1953), «Родная Эўропа» (1959), «Чалавек сярод скарпіёнаў» (1962, пра С. Бжазоўскага), «Зямля Ульра» (1977), «Сад навук» (1979). Напісаў раман-успамін «Даліна Ісы» (1959). Займаецца перакладамі эсэістыкі і паэзіі, асабліва англасаксонскай (ад Шэксьпіра ды Мільтана і да Эліёта і Р.Джэфэрса), кнігаў Сьвятога Пісьма, а таксама польскай паэзіі на ангельскую мову. У 1973 г. атрымаў прэмію польскага Пэн-Клюбу, у 1980 — Нобэлеўскую прэмію. Апрача гэта, Мілаш — ляўрэат прэміяў Guggenheim Fellowship (1976), Neustadt Prize (1978), National Medal for the Arts (1989). Яму была нададзена годнасьць ганаровага грамадзяніна Летувы і места Кракава.

У 1998 годзе Чэслаў Мілаш стаўся ляўрэатам прэстыжнай польскай літаратурнай прэміі «Nike» за томік «Прыдарожны сабачка» (урывак зь яе быў перакладзены Юрасём Бушляковым і апублікаваны ў 1998 годзе ў газэце «Наша Ніва»). Гэтая кніга таксама была прызнаная найлепшай у польскай літаратуры за 1997 год. Урачыстасьць уручэньня літаратурнай прэміі «Nike» Мілашу адбылася ў варшаўскіх Лазенках. Яе грашовая частка склала прыкладна 20 000 USD.

У апошнія гады выйшлі таксама кнігі Мілаша «Inne abecadło», «Widzenia nad Zatoką San Francisco», «Wyprawa w dwudziestolecie», «Abecadło Miłosza».

Шмат цікавай інфармацыі пра жыцьцё і творчасьць Мілаша можна знайсьці ў выданьнях: Aleksander Fiut, Czesław Miłosz: Rozmowy z Czesławem Miłoszem (Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1981); Ewa Czarnecka, Czesław Miłosz: Podrуэny świata: rozmowy z Czesławem Miłoszem: komentarze (New York, Bicentential Publ. Corporation, 1983); Czesław Miłosz, Renata Gorczynska, Aleksander Fiut: Conversations With Czesław Miłosz / by Ewa Czarnecka and Aleksander Fiut; transl. by Richard Lourie (San Diego; London [etc.]: Harcourt Brace Jovanovich, 1987).

Поўную бібліяграфію твораў Чэслава Мілаша (паэзія, проза, эсэістыка, пераклады на асноўныя эўрапейскія мовы) можна знайсьці на інтэрнэтавай старонцы http://www.wbp.krakow.pl/bibliografie/milosz/

У колах польскай багемы лічыцца найлепшым сярод жывых польскіх пісьменьнікаў.

Беларускі пераклад кнігі роздумаў Мілаша над дэвальвацыяй этыка-маральных вартасьцяў у сучасным сьвеце — «Скуты розум» — выйшаў сёлета ў бібліятэцы «Фрагмэнтаў».

Антоні Падраза*

Гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры на землях колішняй Рэчы Паспалітай*

Каб правільна аналізаваць асобныя зьявы з абсягу культуры для пэўнай тэрыторыі, трэба вызначыцца, ці была гэтая тэрыторыя рэальнай структурай і ці можна яе акрэсьліць як рэгіён, што характарызуецца супольнай гісторыяй ужо працяглы пэрыяд часу. Толькі ў такім выпадку можна будзе ажыцьцявіць правільны аналіз і зрабіць пэўныя абагульненьні, што датычаць асобных культурных зьяваў у іх узаемасувязях, акрэсьліць іх месца ў характэрнай для дадзенага прасьцягу культурнай мадэлі.

Ці прасьцяг, які ёсьць прадметам зацікаўленьняў нашай канфэрэнцыі і які складаецца з чатырох краін: Польшчы, Летувы, Беларусі і Украіны, адпавядае вышэйзгаданым умовам, ці вызначаецца рэгіён пэўнымі супольнымі ўласьцівасьцямі, уласнай структурай, што адрозьнівае яго ад іншых суседніх прасьцягаў? На маю думку, так. Я пастараюся цягам гэтага спавешчаньня абгрунтаваць гэтае цьверджаньне.

Каб зразумець гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры ў цікавячых нас краінах, трэба скіравацца ў глыбокую мінуўшчыну. На маю думку — а я ў гэтым сэнсе не асабліва арыгінальны — момантам, які аказаў глыбокі і працяглы ўплыў на далейшае разьвіцьцё цікавячых нас тэрыторый, быў канец Х стагодзьдзя і хрысьціянізацыя Польшчы (966 г.) і Русі (988–989 гг.). Прыняцьцё хрысьціянства гэтымі суседнімі дзяржавамі з розных цэнтраў — з Рыму Польшчай, і з Бізантыі Русьсю — прывяло да таго, што дзьве гэтыя краіны пачалі розьніцца ня толькі ў рэлігійным пляне: іх пачаў падзяляць і іншы культурны кшталт, прыняты разам з новай рэлігіяй.

Прытым працэс гэтага падзелу ў наступныя стагодзьдзі пачаў паглыбляцца. Больш таго, існыя ўжо на момант хрысьціянізацыі Польшчы і Русі адрозьненьні паміж усходняй, праваслаўнай Царквой, і заходняй, каталіцкай Царквой, неўзабаве, у 1054 годзе, прывялі да поўнага разрыву сувязяў паміж абедзьвюма часткамі хрысьціянскага сьвету і да выразьлівай варажнечы паміж імі. Вельмі спаважны ўплыў на павелічэньне адрозьненьняў у цікавячым нас прасьцягу мела ХІІІ стагодзьдзе, і асабліва дзьве падзеі. Адна зь іх — гэта нашэсьце манголаў на Ўсходнюю і Цэнтральную Эўропу. Яно закранула як рускія землі, так і Польшчу, але ягоныя насьледкі былі рознымі для абедзьвюх краін. Русь ня толькі патрапіць пад палітычную дамінацыю Залатой Арды, але і — несупынна адчуваючы ўціск з боку татараў — перажыве выразьлівы культурны рэгрэс. Польшча, нягледзячы на зьнішчэньні, выкліканыя нашэсьцем, адносна хутка адновіць свае сілы, да чаго выдатна спрычыніўся працэс, вядомы пад назвай «калянізацыя на нямецкі ўзор». Гэтая зьява, добра вывучаная ў нашай гістарыяграфіі і часта разгляданая спрошчана, адыграла, на маю думку, вельмі вялікую ролю ў збліжэньні Польшчы з Захадам. Побач з хрысьціянізацыяй гэта быў чарговы інтэграцыйны працэс у межах Польшчы, а таксама Чэхіі і Вугоршчыны — у краінах ускрайку Заходняй Эўропы. Такім чынам, у пэрыяд сярэднявечча мяжа Польшчы і Русі адыгрывала ў тагачаснай падзеленай Эўропе асаблівую ролю. Гэта была ня толькі мяжа дзьвюх суседніх краін, але і мяжа двух вялікіх культурных рэгіёнаў сярэднявечнай Эўропы.

У сыстэме далейшых узаемінаў на цікавячым нас прасьцягу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы важную ролю адыграла XIV стагодзьдзе. Некалькі падзеяў, галоўным чынам палітычнай прыроды, якія мелі месца ў гэтым стагодзьдзі, паўплывалі на далейшыя лёсы ўсяго рэгіёну, і ня толькі на яго палітычную гісторыю, але і — і можа нават перадусім — на разьвіцьцё культуры.

Першая са згаданых падзеяў датычыць беспасярэдне тэрыторыі нашых зацікаўленьняў, а менавіта пазьнейшай Усходняй Галіччыны, якая ў той час мела назву Галіцка-Валынскага княства. Як вядома, пасьля сьмерці ў 1340 годзе Юр’я, апошняга галіцка-валынскага князя з дынастыі Рурыкавічаў (хоць ужо толькі фармальна), і пасьля працяглых войнаў, у якіх бралі ўдзел разам з русінамі таксама палякі, вугорцы, ліцьвіны і татары, Галіцкая Зямля апынілася пад польскім панаваньнем і ў прынцыпе знаходзілася ў польскай дзяржаве да першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе.

400 гадоў польскага панаваньня на тэрыторыі Галіцкай Русі, вядомай пазьней пад назвай рускага ваяводзтва, аказалі ўплыў як на структуру канфэсійных і нацыянальных дачыненьняў, так і на характар зьменаў у культурным разьвіцьці гэтага прасьцягу. Захоп Польшчай Галіцкай Русі ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя быў, тым ня менш, адно першым этапам вялікіх ператварэньняў у гэтай частцы Эўропы.

Чарговыя важныя падзеі — гэта унія Польшчы зь Літвой у Крэве ў 1385 годзе, пакліканьне на трон Польшчы вялікага князя літоўскага Ягайлы як мужа караліцы Ядвігі, і хрысьціянізацыя Літвы.

Праўда, хаўрус Польшчы зь Літвой не набыў такога характару, як тое прадугледжваў крэўскі акт, і Польшча і Літва яшчэ каля 200 гадоў захоўвалі далекасяжную адметнасьць, але факт, што яны заставаліся пад уладай адных і тых жа валадароў, што паходзілі з дынастыі Ягайлавічаў, спрычыніўся да ўсё больш магутных сувязяў паміж абедзьвюма дзяржавамі. Гэта датычыла як супольных акцый у галіне міжнароднай палітыкі, так і перайманьня Літвой польскіх узораў у абсягу палітычнай сыстэмы, грамадзкіх дачыненьняў і культуры. Гэтыя паступовыя інтэграцыйныя працэсы ў выніку прывялі да Люблінскай уніі 1569 году, якая ператварыла дагэтулешні дынастычны хаўрус паміж дзьвюма дзяржавамі ў рэальную унію, у супольную Рэч Паспалітую, дзе Карона і Вялікае Княства захоўвалі шэраг адметнасьцяў, але галоўныя органы ўлады, такія, як кароль і сойм, а таксама прынцыпы дзяржаўнага будаўніцтва меліся быць з таго часу супольнымі.

75
{"b":"598980","o":1}