І — шмат што на гэта ўказвае — ня вабіць сёньня і ня будзе вабіць заўтра. Дарэчы, у мінулым годзе адно кракаўскае выдавецтва апублікавала «Чытанку для трэцяклясьнікаў» з новай вэрсіяй спатканьня Леха, Чэха і Руса на вокладцы. Харошы з усёй тройцы толькі Лех, прыбраны ў кракавяніна, Чэх грубы, тупы і трымае ў лапе куфаль піва, Рус дзяржыць ППШ і мае выгляд зацятага разбойніка.
Тэкст перакладзены паводле: Czas Kultury, № 2 (44), 1993.
* Вальдэмар Лазуга — польскі гісторык, аўтар манаграфіі «Rządy polskie» w Austrii — gabinet Kazimierza hr[abiego] Badeniego, 1895–1897» (Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu, 1991), а таксама нядаўна выдадзенага падручніка для школаў «Historia czasów nowożytnych» (Polska Oficyna Wydawnicza BGW).
Станіслаў Лем*
Фэнамэналягічная тэорыя твору*
Цьверджаньне, паводле якога сувэрэннасьць моўнага тэксту, які прэтэндуе на ранг твору, не зьяўляецца яго іманэнтнай уласьцівасьцю, а залежыць ад адносінаў, што разгортваюцца на, так сказаць, вонкавай пэрыфэрыі тэксту ў выглядзе дачыненьняў паміж ім і культурнымі ўзорамі, паказвае, што нашае стаўленьне да фэнамэналягічнай тэорыі твору ня можа быць прыхільнае. Згодна з гэтай тэорыяй, якую, як ніхто, распрацаваў Роман Інгардэн, літаратурны твор заўсёды існуе ў адным выглядзе і яго нельга атаесамляць зь яго паасобнымі выкладамі як яго канкрэтызацыямі. Мы згаджаемся з тэзамі Інгардэна што да іх антыпсыхалягізму. Бо мы ня лічым, што твор — тое ж самае, што і мэнтальныя апэрацыі падчас яго прачытаньня. Мы нават не ўважаем, што псыхалягічны падыход слушны. Згодна зь ім, твор — гэта сукупнасьць супольных рысаў усяго пласта прачытаньняў, ажыцьцёўленых у пэўным грамадзтве. А калі сто тысяч чалавек прачытаюць пэўны твор, сукупнасьць рысаў гэтых прачытаньняў зусім не павінна супадаць нават часткова — калі гэты твор вызначаецца выключнай арыгінальнасьцю. Ён можа ўяўляць сабой асобныя і адлеглыя адна ад адной сукупнасьці ўласьцівасьцяў.
Дыскусія аб фэнамэналягічным падыходзе ня будзе мець філязофскага характару, а толькі такі, si parva magnis comparare licet, які паўстаў тады, калі з апрыёрнымі кантаўскімі катэгорыямі прасторы і часу сутыкнулася тэорыя адноснасьці. Раней не філязофія вызначала філязофію: гэта рабіла фізыка.
Калі мы ўсё ж згадалі аб ёй, заўважым, што фэнамэналягічная канцэпцыя можа быць выкарыстана і ў абсягу дэтэрмінісцкага мэханіцызму. Гэта, аднак, адмысловы мэханіцызм — таму што частку раскрывальных у зьявах парамэтраў ён перасоўвае за межы вывучанага сьвету. Канкрэтызацыі твору пачынаюцца «тут» і могуць адрозьнівацца паміж сабой. Сам твор, нязьменна адзін, зьяўляецца недасяжна складаным і перабывае ў сваёй дасканаласці «там». Таму твор — гэта надзвычай жорсткая структура, такая ж самая, як і сусьвет Ляпляса. Космас Ляпляса надзвычай жорсткі і для дэмана, які пазнаў усе яго ўзроўні і лякалізацыі яго атамаў, і дзеля гэтага авалодаў поўнай ведай аб усёй яго будучыні.
Вось жа «тут», як мы ўжо ведаем, канцэпцыя Ляпляса не вытрымлівае крытыкі. Аднак можна сьцьвердзіць, што нявызначанасьць матэрыяльных зьяваў лёгка прадухіліць і што яны валодаюць «сукрытымі парамэтрамі», такімі, што ўжо выявіліся ўва ўсіх сваіх вартасьцях — назіральніку, што стаіць «на тым баку». Для такога назіральніка сьвет зноў аказваецца поўнасьцю жорсткім, дэтэрмінаваным у сваім руху. Гэта, безумоўна, бяздоказная канцэпцыя і таму яна не падтрымліваецца навукай.
Галоўнай асаблівасьцю фэнамэналягічнага падыходу ёсьць ідэальнасьць таго тэксту, які і ўяўляе сабой твор. Асноўная тэза, што гаворка ідзе пра адзіны тэкст, прымушае зрабіць выснову, што адзінкі сказаў, элемэнтарныя цаглінкі тэксту, зьяўляюцца элемэнтамі акурат такімі ж самымі нязьменнымі і несьціскальнымі, як і атамы ў клясычнай фізыцы. Дасканалая ў сваёй аб’ектыўнасьці структура твору ў гэтай паралелі адпавядае дасканала жорсткаму стрыжню ньютонаўскага сьвету. Недасканаласьць, уласьцівая любым чалавечым паводзінам, спыняецца, як відаць з дадзенай гіпотэзы, на тэрыторыі мовы. На недарэчнасьць асуджаны вырабы нашых рук, нашы вынаходы, машыны, дамы, храмы, але ня сэнсы нашых словаў, фразаў, якія мы выказваем: іх ідэальна стабілізуе і фіксуе пакрыёмы край адноснай вечнасьці пазачасавых значэньняў. Вось жа яшчэ перад тым як скіравацца да той гіпотэзы крытычных твораў, належыць перш-наперш разьвітацца зь ёй прачулым і поўным жалю позіркам. Было б хораша, сапраўды, калі б так у сапраўднасьці стаяла справа. Аднак гэта было б надзвычай хораша — і таму гэтае меркаваньне не адпавядае праўдзе.
З таго, што мы штодзённа сустракаемся з жорсткімі целамі, не вынікае, што мы маглі б, адвольна падаўжаючы мэтрычныя меры, правесьці ідэальна простую, утвораную з гэтых мераў лінію, касьмічную прастору. Немагчымасьць вынікае з прычын не тэхнічнага, а прынцыповага характару. І дарма што трапляюцца сказы, якія мы можам зрабіць у іх сэнсах адназначнымі, мы не патрапім, на жаль, пабудаваць дзе-небудзь па-за матэматыкай, з накладаньнем на сябе сэнсаў паасобных сказаў, дасканала, інварыянтна зборных сукупнасьцяў.
Другім пытаньнем, што ўтрымліваецца ў фэнамэналягічным падыходзе, якому мы прысьвяцілі ўвагу, зьяўляецца справа так званай схематычнасьці літаратурнага твору. Пад «схемай» можна разумець разнастайныя рэчы. Найперш схему можна разглядаць як пэўную структуру, якая ўяўляе сабой інварыянт усёй клясы элемэнтаў (схема кровазвароту, схема радыёапарату, схема электронна-вылічальнай машыны). Можна, далей, палічыць за схему пэўны дасканалы ўзор («ідэйная схема», «ідэальная»), а пасьля — атаесамляць яго з падобнай зьявай, але досыць аддаленай і больш прымітыўнай (асабліва ў прыметнікавай форме: «схематычнае апісаньне» — гэта апісаньне фрагмэнтарнае, няпоўнае, яно ўтрымлівае прабелы). Пры такім дыяпазоне магчымых значэньняў толькі кантэкст вырашае, якое канкрэтна зь іх імплікавана аўтарам.
У сваёй фундамэнтальнай працы Інгардэн займаўся ў тым ліку і праблемамі пачуцьцёвага сузіраньня вонкавага сьвету, але гэтую справу мы абмінем. Найперш дзеля таго, што пераклад фэнамэналягічнай артыкуляцыі на мову адпаведнай строгай навукі, якая займаецца анталягічнымі пытаньнямі, выкліча значныя цяжкасьці. І звыш таго таму, што гэтая праблема не асабліва істотная для літаратуразнаўства.
У пытаньні твору фэнамэноляг заяўляе, што яно схематычнае як цэлае, так і ў сваіх пэўных «слаёх». Тое, што тычыцца слаёў, якія мы ўважаем за гіпастаз, будзе разгледжана праз пэўны час — пазьней. Абмяжуемся пастуляванымі Інгардэнам «выяўленымі схемамі» або «схематызаванымі выявамі» як рэальных аб’ектаў, так і ўнутрана псыхічных станаў. З «схемамі» (чаго заўгодна, а ня толькі прадметных, уяўленых або псыхічных станаў) можна было б пагадзіцца як з тэрмінам, што датычыць парадыгматычнай культурнай сыстэматыкі. Тады можна было б гаварыць, напрыклад, аб схеме любоўнай гульні паводле ўзору японскага сярэднявечча ці аб схеме прывітаньня на Барнэа, ці аб фабулярнай схеме раманаў Вальтэра Скота. Катэгарыяльна гэта былі б схемы розных узроўняў (дзьве першыя зьяўляюцца ў адносінах да літаратуры «вонкавымі», а трэцяя зьяўляецца «нутраной» характарыстыкай пэўнага адгалінаваньня раманічнай нарацыі).
Тэкст перакладзены паводле: Stanisław Lem. Filozofia wypadku. Literatura w świecie empirii. Warszawa, 1978.
* Разьдзел з кнігі «Філязофія выпадку. Літаратура ў сьвеце эмпірыі».
Сыльвічныя разважаньні XL*
1. Трэба гэта нарэшце сказаць. Лёс (цяпер званы генамі) мне прызначыў (надаў?) уменьне прадбачыць будучыню. Гэта ня здольнасьць, што вымагае адмысловага акту волі, напружаньня ці папросту жаданьня прагназаваць. Так было б няблага. Я прадбачу МІЖВОЛІ. Вось я напісаў нешта пару дзясяткаў гадоў таму, і цяпер гэта спраўджваецца. Я ніколі ня ведаю, ці спраўдзіцца гэта, і калі гэта наступіць: але факт тое, што так дзеецца. Усю «Тэхналягічную суму» я прысьвяціў па сутнасьці адной канцэпцыі: што ўвасобленыя ў эвалюцыі жыцьцёвыя працэсы стануць прыкладам і ўзорам, якім людзі часта будуць паслугавацца жудасным чынам. І я дажыў да таго, што «Artificial Life» і яго дэрываты цяпер модныя, абмяркоўваюцца і сынтэзуюцца ў сотнях унівэрсытэтаў. Ніхто, відавочна, пры гэтым не заўважыў і ня ведае, што 33 гады таму гэта абвясьціў я, але і гэта нармальна, і з такой мізэрнай прычыны ня варта злаваць. Наагул я ніколі не ўваходзіў ні ў якія плыні, і розныя Ф’ючэрэбул (Futurible) і Каны (Kanny) нічога аб маім падкракаўскім існаваньні ня ведалі і сышлі ў нябыт з гэтай няведай, але хіба ад гэтага некаму стала блага?