Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ня выключана, што тэарэтычна гэта выглядала як нейкі польскі комплекс, аднак нэаславізм — у адрозьненьне ад панславізму з антыраманскім ухілам — меў антыгерманскае вастрыё і замест дамінаваньня расійцаў, заўсёды непажаданага для палякаў, абвясьціў братэрства славян. Менавіта таму найбольш прыхільнікаў гэтая ідэя знайшла на тых землях, якія пасьля Трэцяга разьдзелу Рэчы Паспалітай былі далучаныя да Прусіі і якія дазнавалі бязьлітасную германізацыю, а найменш у аўтаномнай Галіччыне, якая карысталася нацыянальнымі свабодамі і дзе выклікаць антынямецкія настроі было найцяжэй. У Познані аб Расіі пісалі лепей, чымся на астатніх польскіх тэрыторыях, бо маючы ў якасьці выбару два ўціскі, мы аддаем перавагу расійскаму, паколькі, як ні як, гэта нашы браты-славяне, а апрача гэтага, перасьлед зь іх боку не такі пасьлядоўны, як зь нямецкага боку. У Галіччыне, у сваю чаргу, мала хто верыў у добрыя інтэнцыі царызму, а ўвесь нэаславізм разглядаўся як новы варыянт панславізму, які можа прынесьці адмоўныя наступкі. У Каралеўстве ўрэшце ўзьнікла жаданьне выпрабаваць нэаславізм на практыцы — спадзяваліся на лібэралізацыю і адлігу. Кіраўнік нацыянальных дэмакратаў Роман Дмоўскі прызнаў, што нацыянальнай справе гэта дае нейкія шанцы, і апэляваў у сувязі з гэтым да палітыкі разумнай угоды з Расіяй і прылучэньня да нэаславісцкай дзейнасьці, зыніцыяванай Каралем Крамаржам. У 1908 г. у вядомай кнізе «Нямеччына, Расія і польская праблема» Дмоўскі пасунуўся яшчэ далей; ён раіў парваць з дыктатурай традыцыі паўстаньняў у палітычным мысьленьні палякаў, пераацаніць стаўленьне да Расіі і за галоўнага ворага прызнаць Нямеччыну. А нэаславізм трэба выкарыстоўваць тактычна, як поле, на якім польскія нацыянальныя памкненьні маглі б выявіцца больш свабодна.

Ці прывялі ідэі Дмоўскага да посьпеху? Цяжка сказаць. За ім пайшлі «познаньцы», кёнігсбэрскія нацыянальныя дэмакраты і некаторыя кансэрватары з Партыі Рэальнай Палітыкі. Бальшыня — у сілу сваёй пасіўнасьці — зь цяжкасьцю адрывалася ад думкі, што Расія не зьяўляецца галоўным ворагам. Не пайшлі таксама за ім асабліва ўплывовыя галічанскія нацыянальныя дэмакраты, тлумачачы, што нават калі Расія не зьяўляецца ворагам нумар адзін, то Аўстра-Вугоршчына, нягледзячы на яе саюз з Прусіяй, — нашмат больш надзейны бар’ер супраць прускай экспансіі, чымся Расія. Дазнаньні Галіччыны былі абсалютна іншай якасьці. І такімі моцнымі, што перад імі мусіў саступіць нават аўтарытэт Дмоўскага.

* * *

Найбольш пасьлядоўнымі ў крытыцы нэаславізму былі, аднак, кракаўскія кансэрватары. Для іх нэаславізм ад пачатку ня меў сэнсу, паколькі Расія не пераставала быць галоўным ворагам, таму што — падкрэсьлівалі яны — яна ня мае і ніколі ня мела нацыянальнай палітыкі, царызм як трымаўся, так і трымаецца абсалютызмам, а так званая Дзяржаўная Дума зьяўляецца хутчэй карыкатурай на парлямэнт і па-ранейшаму ставіцца да палякаў гэтак блага, што горш цяжка ўявіць. Таму рэальна нацыянальныя польскія інтарэсы можа адстойваць адно Аўстрыя; тая Аўстрыя, якая дазваляе нацыянальна разьвівацца ў кантэксьце заходняй культуры і зь якой Польшча спрадвеку жыла ў лучнасьці. Нэаславізм жа раней ці пазьней паддасьць палякаў пад загад расійцаў і рэкрутуе іх для ўсходняй культуры. Не гаворачы ўжо аб тым, што лёзунгі аб адзінстве славян ёсьць звычайнай шырмай, за якой крыюцца добра вядомыя, імпэрыялістычныя мэты Расіі.

Супраць гэтых мэтаў «станьчыкі» стараліся ў меру сваіх сілаў выступаць. У 1908 г. намесьнікам Галіччыны быў прызначаны несумненны лідэр «станьчыкаў», гісторык і правазнаўца Міхал Бабжыньскі. У кнігах, пакінутых пасьля, ён адкрыта пісаў, што як намесьнік манарха ён падрыхтоўваў край і яго адміністрацыю да вайны з Расіяй. Гэтая падрыхтоўка палягала ў тым ліку і ў пераадоленьні русафільскіх тэндэнцыяў на ўсходзе краю, і ў выкараненьні агентаў Масквы, што на практыцы азначала перадусім выкараненьне яўных і сукрытых прыхільнікаў нэаславізму. Калі летам 1908 г. у Галіччыне перабываў граф Георгі Бабрынскі, які агітаваў на карысьць Расіі, Бабжыньскі загадаў неадкладна выправіць яго з краю, дарма што расійскі граф вяртаўся якраз з нэаславісцкага зьезду ў Празе.

Аб гэтым зьезьдзе напісана досыць шмат. Ён адбыўся над Вэлтавай 12–18 ліпеня 1908 году. Агулам у ім узялі ўдзел прадстаўнікі сямёх славянскіх нацыяў, якія лічыліся «гістарычнымі» (расійцы, палякі, чэхі, сэрбы, харваты, славінцы, баўгары) пры адсутнасьці або байкоце пяцёх астатніх (украінцы, беларусы, лужыцкія сэрбы, славакі, македонцы). Такім чынам, ужо сам старт атрымаўся абы-якім. На прысутнасьць беларусаў і ўкраінцаў не пагаджаліся расійцы, баўгары трактавалі македонцаў за баўгараў, а сэрбы за сэрбаў, падданымі бязьлітаснай венгерызацыі славакамі ўвогуле пагардзілі, а на лужыцкіх сэрбаў — найменшы славянскі этнас — папросту забыліся.

Сытуацыя з «гістарычнымі» нацыямі абсалютна не была лепшай, і старыя канфлікты сапраўды віселі ў паветры. Найбольш было расійцаў, але толькі нешматлікія зь іх былі гатовыя да прадметных размоваў з палякамі. Тыя таксама — за малымі выняткамі — не рабілі ўражаньня людзей, што вераць у посьпех такіх размоваў. Харваты, у сваю чаргу, дэманстравалі халоднасьць да сэрбаў, сэрбы — да харватаў. І калі зьезд — нягледзячы на гэта — прайшоў у неблагой атмасфэры, гэта была несумненная заслуга Крамаржа, абранага на яго старшыню. Калі падчас зьезду некалькі разоў даходзіла да вострых сутыкненьняў паміж расійцамі і палякамі, Крамарж стараўся быць на месцы; ува ўласнай кватэры ён арганізаваў канфідэнцыяльныя спатканьні расійцаў і палякаў, завіхаўся паміж імі і выдыгаў. Недавер з абодвух бакоў быў, аднак, такі глыбокі, што дайшло нават да спробы выключэньня палякаў з нэаславянскага руху, зробленай ужо згаданым графам Бабрынскім і падтрыманай іншым нэаславістам Філевічам. Урэшце ўся справа была палагоджаная, але непрыемны асадак застаўся. Палякі, як і чэхі, яшчэ актыўней пратэставалі супраць антыаўстрыйскіх акцэнтаў у выступленьнях расійцаў, тыя, у сваю чаргу, з насьцярогай ставіліся да аўстраславісцкіх таноў, бо гэта магло паставіць іх па-за рамкі руху.

Восень 1908 г. азначылася канцом нэаславізму. Напачатку кастрычніка гэтага году Аўстра-Вугоршчына ажыцьцявіла анэксію Босьніі і Герцагавіны. Пятага кастрычніка князь Фэрдынанд Баўгарскі абвясьціў Баўгарыю незалежным царствам. Стасункі на лініі Вена—Пецярбург імкліва пагаршаліся. Славянскі сьвет падзяліўся. Украінцы-маскаляфілы, сэрбы, а таксама нэаславісцка настроеныя баўгары аказаліся на баку Расіі, галіцкія палякі, чэхі, харваты і славінцы — на баку Аўстра-Вугоршчыны. У выніку Расія ўзмацніла антыпольскі курс у Каралеўстве Польскім і вярнулася да традыцыйнага панславізму. Ідэя братэрства ўсіх славян збанкрутавала.

Недзе за паўгоду да пачатку другой сусьветнай вайны генэрал Люцыян Жэлігоўскі, заваёўнік Вільні і адзін з найстаршых пілсудчыкаў, выступіў з арыгінальным прароцтвам: «Я разгадаў загадку міцкевічавага 44; у 1944 годзе славянства абудзіцца». У 1945 г. састарэлы генэрал прымкнуў да ПКНВ (Польскага камітэту нацыянальнага вызваленьня, прарасійскай арганізацыі, створанай для спарнейшага ўстанаўленьня ў Польшчы сталінскага сацыялізму. — Зацем перакладніка.). Ён быў перакананы, што прароцтва споўнілася.

Пасьля другой сусьветнай вайны славяне калі і не абудзіліся, то былі аб’яднаныя, і дружба паміж імі была ўведзеная афіцыйна. Стары панславізм прыбраўся ў новыя строі. Таксама зьмяніўся колер, стыль і рыторыка новай гегемоніі. Нязьменнай, старой засталася толькі яе сутнасьць.

Палякі — як і некалі — былі няблага падрыхтаваныя да адпору расійскім уплывам. Як і даўней, яны вызнавалі сваю «заходнасьць» і да «ўсходнасьці» расійцаў, калі ўсё ж даходзіла да кантакту зь імі, ставіліся з арыстакратычнай пыхлівасьцю. Паступова гэтую пыхлівасьць яны перанесьлі і на іншыя славянскія нацыі, папракаючы іх тым, што ў стасунках з Расіяй яны «больш пакорныя», а «эўрапейскасьць» характэрная ім менш. Сымпатыю да чэхаў (гэтых — як пісаў Кусьневіч — адзіных славян, якія дасяглі такога ўзроўню) дэкляравалі толькі нямногія. Баўгараў разглядалі як напаўрасійцаў, славакаў пастаянна атаесамлялі з чэхамі, а аб расійцах публічна ўвогуле больш не хацелі гаварыць. Славянскасьць, зразуметая як сукупнасьць рысаў пэўнай групы нацыяў і як знак супольнасьці, палякаў ня вабіла.

59
{"b":"598980","o":1}