Гаворачы аб падзелах Эўропы, аб вялікіх і старадаўных рэгіёнах, якія разрозьніваюць наш кантынэнт, мы найчасьцей здавальняемся разгледжаным намі культурным падзелам на заходнюю і ўсходнюю, лацінскую і бізантыйскую Эўропу.
Гісторыкі, і ўпаасобку гісторыкі грамадзка-эканамічных дачыненьняў, выдатна ведаюць яшчэ і аб іншым падзеле Эўропы, які ўзьнік на рубяжы сярэднявечча і навейшых часоў і існуе ў прынцыпе дагэтуль, у дадатак узмоцнены яшчэ і палітычным ды эканамічным падзелам Эўропы з 1917 і 1945 году. Я маю на ўвазе падзел уздоўж ракі Лабы на заходнюю Эўропу — якая з XVI стагодзьдзя эвалюцыянуе ў бок капіталістычнай эканомікі, з імкліва разьвіванымі гарадамі, гандлем, рамёствамі і прамысловасьцю, з чыншавай гаспадаркай на сяле, а таксама на ўсходнюю Эўропу — якая перажывае г.зв. другаснае аднаўленьне прыгону, зь перавагай гаспадаркі, у аснову якой былі пакладзеныя паншчына і фальваркавая залежнасьць, са слабым разьвіцьцём прамысловасьці і гандлю, з паволі ўзьнікаючым унутраным рынкам. Гэтыя адрозьненьні эканамічных мадэляў усходняй і заходняй Эўропы і прывялі да глыбокай адметнасьці грамадзкай структуры ў абедзьвюх частках Эўропы. Тымчасам калі ў Заходняй Эўропе хутка расла заможнасьць, а дзякуючы гэтаму і палітычнае ды культурнае значэньне буржуазіі, на ўсходзе Эўропы ўлучна да ХХ стагодзьдзя дамінуючую ролю адыгрывалі вялікія земляўласьнікі. Іншым быў і лёс у абодвух рэгіёнах найбольш шматлікага да ХХ стагодзьдзя грамадзкага слою, якім зьяўлялася сялянства.
Рэч Паспалітая ў цэлым была разьмешчана ў так зразуметай усходняй Эўропе побач з такімі дзяржавамі, як Прусія, габсбурская манархія і расійская імпэрыя. Мала таго, можна сьмела сказаць, што Рэч Паспалітая прэзэнтавала нават ідэальны ўзор гэткай тэндэнцыі разьвіцьця. Якраз тут найраней пачала разьвівацца заснаваная на прыгоне фальваркавая гаспадарка, якая дастаўляла вялікую колькасьць прадуктаў на заходнеэўрапейскія рынкі і дзякуючы гэтаму забясьпечвала ўзрост багацьця магнатаў і польскай шляхты, прынамсі так доўга, як доўга існавала выгадная для сельскагаспадарчай вытворчасьці кан’юнктура, г.зн. да сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Я мяркую, што паміж спэцыфічным рэспубліканскім ладам Рэчы Паспалітай, з дамінуючай роляй шляхты, абмежаванай манаршай уладай і заможнасьцю гэтага слою існавала беспасярэдняя сувязь.
Таму калі мы гаворым аб Эўропе і яе падзелах, аб месцы паасобных краін у гэтай Эўропе, мы павінны памятаць аб абодвух вялікіх гістарычных падзелах — і тым, які сфармаваўся ў раньнім сярэднявеччы ў выніку рэлігійнага падзелу, і тым, які пачаў функцыянаваць, пачынаючы з рубяжа сярэднявечча і навейшых часоў і сутнасьцю якога былі розныя шляхі эканамічнага і грамадзкага разьвіцьця.
Заняпад Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагодзьдзя прывёў да таго, што лёс паасобных земляў былой Рэчы Паспалітай склаўся па-рознаму. Гэта мела вялікі ўплыў як на далейшае разьвіцьцё грамадзка-гаспадарчых дачыненьняў, так і на разьвіцьцё культуры — у залежнасьці ад палітычнай кан’юнктуры дадзенай тэрыторыі. Ніводная з нацыяў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, не атрымала дзякуючы падзелам незалежнасьці, а дзьве найвялікшыя, г.зн. польская і ўкраінская, былі падзеленыя паміж некалькімі дзяржаўнымі арганізмамі.
Для разьвіцьця народаў, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, наступілі, прынамсі, ня лепшыя часы. Заняпад царскай імпэрыі ў 1917 годзе, распад габсбурскай манархіі і параза Нямеччыны ў 1918 годзе прынесьлі двум народам былой Рэчы Паспалітай свабоду амаль на 20 гадоў. Я маю на ўвазе Летуву і Польшчу. Украіна і Беларусь і надалей заставаліся несамастойнымі, перажываючы чужую дамінацыю. Пасьля ІІ сусьветнай вайны таксама не адбылося свабоднага разьвіцьця гэтага рэгіёну Эўропы. Толькі падзеі апошніх пяцёх гадоў і атрыманьне ўсімі чатырма народамі былой Рэчы Паспалітай незалежнасьці могуць, здаецца, стварыць новыя, лепшыя ўмовы для самастойнага культурнага разьвіцьця гэтых краін. Гэтага шанцу пасьля столькіх стагодзьдзяў надзвычай цяжкага досьведу нельга змарнаваць.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Рэфэрат, прачытаны падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Горад і народная культура ў гісторыі Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны», праведзенай 7–9 кастрычніка 1994 г. Міжнародным Цэнтрам культуры ў Кракаве.
*Анатоні Падраза — вядомы польскі гісторык і культурны дзеяч. Прафэсар, доктар габілітаваны. Працуе ў Інстытуце гісторыі Ягелонскага ўнівэрсытэту (Кракаў). Намесьнік старшыні «Усходнеэўрапейскай камісіі» пры Польскай акадэміі навук. Гэтая камісія ўлучае каля 40 дасьледнікаў, што займаюцца рознымі аспэктамі гісторыі і культуры Ўсходняй Эўропы. Ёй падрыхтаваны энцыкляпэдычны даведнік па Ўкраіне. Чалец Грамадзкага камітэту аднаўленьня помнікаў архітэктуры Кракава.
Удзельнічаў у стварэньні нядаўна выдадзенай калектыўнай манаграфіі «Królowie elekcyjni. Leksykon biograficzny. Praca zbiorowa pod redakcjа Ireny Kaniewskiej (Wydawnictwo Literackie)» — навукова-папулярнай біяграфіі ўсіх выбраных каралёў Рэчы Паспалітай.
У 1999/2000 навучальным годзе прачытаў курс лекцыяў на гістарычным факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту пад назвай «Europa jedna i podzielona w czasach nowożytnych (XVI–XVIII w.) — rozważania o wielkich regionach historycznych».
Здабыў вядомасьць ува ўсёй Польшчы сваімі дасьледаваньнямі на тэму «Польска-ўкраінскія дачыненьні эпохі Новага часу».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
*Рышард Радзік
Беларусь і Сярэдне-Ўсходняя Эўропа
Культурныя перадумовы палітычна-эканамічных ператварэньняў
Сярэдне-Ўсходняя Эўропа ніколі не была эканамічным, палітычным або культурным маналітам. Пасьля другой сусьветнай вайны накінутая сыстэма ў шматлікіх аспэктах прыпадобіла да сябе ахопленыя ёй краіны. Падавалася, што зьмяншаюцца адрозьненьні, якія падзяляюць іх. Гэтая тэндэнцыя была рашуча адкінута пасьля 1989 году, калі ў аўтарытарнай Масквы больш ня стала сілы навязваць іншым собскія палітычна-эканамічныя рашэньні. Аказалася, што некаторыя краіны значна лепш даюць сабе рады, пакладаючыся на саміх сябе, іншыя — прынамсі дагэтуль — ня ў стане ў адэкватнай ступені спраўна кіраваць сваю эканоміку, эфэктыўна мадэрнізаваць свой палітычны лад. Падзел Сярэдне-Ўсходняй Эўропы паводле эканамічнага крытэру: узроўню эканамічнай эфэктыўнасьці, і палітычнага: ступені палітычнай дэмакратызацыі, стаўся досыць выразьлівым. Безумоўныя эканамічныя і палітычныя лідэры тут — краіны Вышаградзкай Групы (абмінем у гэтых разважаньнях колішнюю Югаславію, ГДР або Альбанію). Спасярод чатырох краін гэтай групы Польшча, Славаччына і Чэхія вырозьніваюцца на фоне ўсяго рэгіёну шпаркім тэмпам эканамічнага ўзросту. Польшча як першая краіна ўва ўсім сярэдне-ўсходнім рэгіёне перасягла ўзровень нацыянальнага даходу да перакрышу камунізму. Таму яна нагнала страчанае на пачатку 90-х гадоў. Усе сябры Вышаградзкай Групы таксама лідэры ў працэсе прытарнаваньня собскіх эканомік і палітычнай сфэры, дзяржаўнага ўладкаваньня і права да заходнеэўрапейскіх узораў (у гэтым пляне апошнім часам шмат крытыкі выклікае ступень палітычнай трансфармацыі ў Славаччыне). Гэтыя краіны маюць, безумоўна, найвялікшыя шанцы на ўваход першымі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO (у гэтым апошнім выпадку няясная пазыцыя Славаччыны).
Засталыя дзяржавы трэба падзяліць на тры групы. Адну зь іх складаюць дзьве краіны: Румынія і Баўгарыя. Другую — тры ўзбалтыцкія рэспублікі: Летува, Латвія і Эстонія. Засталыя краіны — гэта эўрапейская частка СНД: Украіна, Беларусь і Малдова. Спасярод гэтых дзяржаваў найменшы спад нацыянальнага даходу меў месца ў Румыніі і Баўгарыі. Больш за тое, у Румыніі ў мінулым (1995) годзе зафіксаваны нават высокі, роўны Польшчы і Славаччыне, узрост нацыянальнага даходу на 7%. Абедзьве, аднак, маюць велізарныя праблемы з трансфармацыяй эканомікі і палітычнай сыстэмы. Яны і цяпер далёкія ад стварэньня асноваў, на якіх магла б быць пабудаваная здаровая капіталістычная эканоміка ды парлямэнтарная дэмакратыя заходняга тыпу. У іх узьнікаюць праблемы, даўно невядомыя ў краінах Вышаградзкай Групы (напрыклад, апошнія цяжкасьці з забесьпячэньнем хлебам у Баўгарыі). Разрыў паміж вышаградзкай чацьверкай і дзьвюма балканскімі рэспублікамі выяўна павялічыўся пасьля заняпаду камунізму.