Яшчэ больш павялічылася дыстанцыя паміж Вышаградзкай Групай і рэспублікамі былога СССР. Апошнія эвалюцыянуюць у двух розных кірунках. Узбалтыцкія краіны, дарма што спад нацыянальнага даходу склаў у сярэднім каля 50% (найбольшы ў Летуве, найменшы ў Эстоніі), апошнім часам пачалі выкарасквацца з крызысу. Гэта асабліва тычыцца Эстоніі, якая ў пляне некаторых эканамічна-палітычных парамэтраў ужо набліжаецца да вышаградзкай чацьверкі. Беручы пад увагу тэмпы эканамічна-палітычнай трансфармацыі, узбалтыцкія рэспублікі маюць значна большыя шанцы, чымся абедзьве балканскія краіны, на выхад з крызысу, збліжэньне з Захадам і сябраўство ў Эўрапейскім Зьвязе. Істотная праблема для іх замыкаецца ў становішчы ў гэтым пытаньні Расіі, а таксама ў палітычнай і эканамічнай пазыцыі вельмі шматлікай (за выняткам Летувы) расійскамоўнай мяншыні, што засталася ў гэтых краінах пасьля савецкага пэрыяду. Як і ўва ўзбалтыцкіх краінах, так і ў трох рэспубліках СНД нацыянальны даход зьнізіўся ў 90-х гадох у сярэднім на 50% (найменш у Беларусі, найбольш у Малдове). Эканамічная сытуацыя ў гэтых краінах, безумоўна, найгоршая спасярод усяго прасьцягу Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. У Беларусі і Ўкраіне не прадугледжваецца ўзросту нацыянальнага даходу і ў бягучым (1996) годзе. Асабліва сумнеўныя пэрспэктывы ў Беларусі, дзе не праводзяцца істотныя структурныя рэформы. Беларускую эканоміку характарызуе нізкі ўзровень прыватызацыі, вялікая ступень цэнтралізацыі і нестабільныя праўныя нормы, несупынны і значны спад інвэстыцыяў, ліквідацыя цягам апошняга году валютных рэзэрваў краіны (у Польшчы яны складаюць 18 мільярдаў даляраў, больш як валютныя рэзэрвы Расіі). Калі ў Польшчу замежныя інвэстары ў 90-ыя гады інвэставалі ад 8 да 10 мільярдаў даляраў (розьніца вынікае з адрозных мэтадаў падліку), то для Беларусі гэта лічба ў некалькі дзясяткаў разоў меншая (у 1 паўгодзьдзі бягучага году ў Польшчы — 2 мільярды USD, а ў Беларусі — некалькі дзясяткаў мільёнаў). Паводле апошняга рапарту Сусьветнага Банку (1996), найвышэйшай ступені лібэралізацыі эканомік краін разгляданага рэгіёну Эўропы дасяглі краіны Вышаградзкай Групы і ўзбалтыцкія рэспублікі. Найніжэйшага — Беларусь, у нязначна лепшай пазыцыі знаходзіцца і Ўкраіна (не беручы пад увагу Малдовы). Вышэй сягнулі нават Узбэкістан і Віетнам. Сярэднія пазыцыі ў табэлі занялі Баўгарыя і троху больш за яе эканамічна лібэральная Румынія. Найбольшая таксама — паводле ацэнак заходніх фінансавых інстытуцыяў — рызыка інвэставаньня ў рэспубліках СНД, найменшая — у краінах вышаградзкай чацьверкі.
У пляне эканамічных паказьнікаў, і асабліва праводжаных рэформаў, Беларусь знаходзіцца ў палажэньні, наагул горшым, чымся Расія. Ня толькі эканамічна, але і палітычна ды мэнтальна яна ў вялікай ступені яшчэ перабывае ў сацыялізьме. З году ў год усё больш відавочнай стаецца мяжа, што падзяляе Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу на дзьве часткі. Па ейным заходнім баку застаюцца краіны, што наагул шпарчэй выходзяць з эканамічнага крызысу, узьніклага пасьля заняпаду колішняй сыстэмы. Больш за тое, гэтыя краіны — незалежна ад тэмпу ўзросту іхнага нацыянальнага даходу — найхутчэй датарноўваюцца да правіл, абавязковых у рынкавых эканоміках, ажыцьцяўляюць структурныя рэформы, іхная палітычна-праўная сыстэма выразьліва набліжаецца да заходняй. Гэта чатыры вышаградзкія краіны і тры ўзбалтыцкія (якія адрозьніваюцца хутчэй глыбінёй эканамічнага крызысу, чымся мэтадамі выхаду зь яго і спадарожнай гэтаму дэтэрмінацыяй — у найгоршым палажэньні тут знаходзіцца Летува). Гэтыя дзяржавы характарызуе станаўкая, адназначная празаходняя пазыцыя (Эўрапейскі Зьвяз, NATO).
Па ўсходнім баку застаюцца дзьве балканскія краіны ды рэспублікі цяперашняй СНД. Некаторыя зь іх не праводзяць рэформаў блізу зусім — як Беларусь, іншыя робяць гэта ў ступені, значна меншай за краіны «заходняй групы» — напрыклад, Баўгарыя і Румынія, нягледзячы на пэўныя эканамічныя посьпехі апошняй. Мадэрнізацыя сыстэмы палітычнага ўладкаваньня зьдзяйсьняецца там яшчэ больш павольна. Гэтыя краіны зьмешчаныя на горшых пазыцыях у табэлі эканамічнай рызыкі інвэставаньня, яны больш карумпаваныя, напару з амаль выяўна функцыянуючымі мафійнымі структурамі, нярэдка зь неадладжаным гандлем. Частка зь іх настроена выяўна больш прарасійска, чымся праэўрапейска (Беларусь, значная частка грамадзтва ўсходняй і сярэдняй Украіны, завіслая — пазыцыяй сваіх грамадзян — паміж Расіяй і Захадам Баўгарыя). Адно Румынія вэрбальна адназначна празаходняя.
Вышэйапісаная мяжа збольшага супадае зь лініямі, праведзенымі шматлікімі дасьледнікамі гісторыі гэтай часткі нашага кантынэнту, паводле якіх вылучаюцца два блізкія паміж сабой культурныя колы, якія былі разарваны ў часы сацыялізму і якія ажываюць цяпер. Сэмуэль П. Хантынгтан праводзіць лінію, што цягнецца з поўначы на поўдзень кантынэнту і вылучае абедзьве часткі Эўропы, пачынаючы зь мяжы Фінляндыі з Расіяй і канчаючы на мяжы паміж Харваччынай і Славеніяй ды засталай часткай колішняй Югаславіі. «Народы, што знаходзяцца на поўнач і захад ад гэтай лініі, — заўважае гарвардзкі палітоляг, — гэта пратэстанты або каталікі. Гэтыя народы падзяляе супольны досьвед эўрапейскай гісторыі — фэўдалізм, рэнэсанс, рэфармацыя, асьветніцтва, француская рэвалюцыя, прамысловая рэвалюцыя. Наагул яны знаходзяцца ў лепшай эканамічнай сытуацыі, чымся народы з усходу, і могуць чакаць хутчэйшага ўлучэньня ў эўрапейскую эканоміку, а таксама больш саліднай пабудовы дэмакратычнай сыстэмы. Народы, што знаходзяцца на ўсход або на поўдзень ад гэнай памежнай лініі, — праваслаўныя альбо мусульманскія, яны гістарычна належалі да атаманскай імпэрыі або да імпэрыі расійскіх цароў, эўрапейскія працэсы закраналі іх адно нязначна і наагул яны ў горшай эканамічнай сытуацыі і значна менш праўдападобным падаецца разьвіцьцё ў іх стабільнай дэмакратычнай сыстэмы. Зялезную ідэалягічную заслону заступіла аксамітная культурная заслона — гэта цяпер найбольш значэнны падзел у Эўропе»[Unia brzeska: Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich, praca zbiorowa pod red.: R. Luznego, F. Ziejki, A. Kępińskiego, Kraków, 1994.].
Аналягічна бачыць гэтыя межы Ален Бэзансон. На яго думку, каб не расійскія захопнікі і ня выхад з гульні Турэччыны, усходняя мяжа Эўропы супадала б зь межамі колішніх пруска-швэдзкай, польска-літоўскай і аўстра-вугорскай супольнасьцяў[115]. Захоп Расіяй беларуска-ўкраінскіх земляў, ліквідацыя уніі і ўводжаньне на яе месца праваслаўя перасунула межы так зразуметай Эўропы на некалькі сот кілямэтраў. Фармаваньне новых падзелаў, абумоўленых упаасобку магчымасьцяй уступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, паводле межаў рэлігійнай прыналежнасьці занепакойвае некаторыя грамадзтвы, шмат інтэлектуалаў, а таксама палітыкаў. Назначаньне гэтых межаў наагул ня ёсьць вынікам бачаньня Эўропы ў катэгорыях рэлігійнай «лепшыні» або «гаршыні» Гэта вынікае не з sacrum, а з profanum, створаным чалавекам культурным абніцаваньнем асноўных праўдаў веры, з шматстагодняй традыцыі адметных грамадзкіх, палітычных, эканамічных практык, у под якіх лягла троху іншая сыстэма вартасьцяў, наагул сьвецкіх, хоць часам апэлюючых і да рэлігіі. Велізманы разрыў, які ўзьнік (і значна павялічваецца) цягам кароткага пэрыяду 90-ых гадоў паміж Беларусяй і Польшчай, змушае задумацца над прычынамі гэтай зьявы, адначасна прыгадваючы і словы Хантынгтана і Бэзансона.
Мяне асабліва цікавяць культурныя (і таксама вынікаючыя з формы грамадзкай структуры) перадумовы палітычных і эканамічных працэсаў, пошук адказу на пытаньне: ці існуюць і якія гэта дзейнікі, вызначэньне якіх прынамсі часткова парадкавала б часам ілюзорны хаос і ўяўную адвольнасьць рэакцыяў грамадзтваў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы.
Культура
Узьнікненьне сваіх культур з традыцыі Рыму або Бізантыі злучана з адметным для паасобных краін гістарычным досьведам, што асабліва мадыфікуе іхную палітычную культуру. Баўгарыя і Румынія вельмі доўгі час паддаваліся турэцкім уплывам, Расія — мангольскім, а Ўкраіна і Беларусь — польскім, а пасьля расійскім. Значная частка Польшчы ў пэрыядзе акупацыі знаходзілася ў імпэрыі Раманавых.