Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

У адваротнасьць ад хутчэй прагматычнай, рацыяналістычнай — хаця і інтэлектуалісцкай — а з часам і нават і матэрыялістычнай лацінскай Эўропы, праваслаўе ў сваім грамадзкім вымеры хутчэй сузіральнае, падаўкое на «нябеснае валадарства ідэі» (С.Булгакаў), яно напару набывае выгляд канкрэтных — і ўспрынятых вельмі эмацыйна — грамадзкіх канцэпцыяў. Усход, безумоўна, больш як Захад міталягізуе і ідэалізуе абкружаючую яго сапраўднасьць. У Расіі схільнасьць да дасягненьня ідэалу, прагненьне рэалізацыі высакародных мэтаў за любую цану, уважаючы вядучыя да іх сяродкі за нешта другараднае, выявілася ўва ўсталяваным бальшавікамі ладзе.

У Беларусі ўзаеміны паміж Царквой і дзяржавай вынікаюць — на ўзор Расіі — з падпарадкаваньня Царквы афіцыйнай уладзе, а ў апошнія гады — з апірышча дзяржавы на Царкву, вонкавага выкарыстаньня ейнай прысутнасьці, відарысу, атрыбутаў. У сэкулярызаванай Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка падчас публічных урачыстасьцяў абкружае сябе высокімі праваслаўнымі дастойнікамі з запалам, роўным таму, зь якім ранейшыя валадары Беларусі кідалі іх у вязьніцы і высылалі на Калыму. Прысутнасьць Царквы ў публічным жыцьці ёсьць перадусім, згодна з традыцыяй, вынікам ейнага інструмэнтальнага трактаваньня чарговымі ўладамі, што адрозьнівае Беларусь ад партнэрска-суперніцкіх узаемінаў абедзьвюх інстытуцыяў у ейнага заходняга суседа.

Праваслаўныя грамадзтвы сфармавалі надзвычай слабыя структуры (пабудовы) сярэдняга ўзроўню, а наймя такія, якія б не былі зыніцыяваныя й кантраляваныя дзяржавай. Яны не стварылі магутных інстытуцыйных і неінстытуцыйных формаў супрацьдзеяньня дзяржаве, дэспатызму. Існую на ўзроўні групы актыўнасьць дзяржава ў ХХ стагодзьдзі была ў стане часткова зьнішчыць і часткова падпарадкаваць сабе. Гэтыя грамадзтвы не заснавалі мэханізмаў дэмакратычнай і аўтаномнай чыннасьці, абапёртай на актыўнасьці, якой сьцьвярджаецца незалежнасьць індывіда. Найчасьцей яна заставалася сам-насам з адміністрацыйным малохам дзяржавы. Грамадзтва й рэлігія былі нагэтулькі дужа злучаныя зь дзяржавай, што пасьля яны былі ня ў стане супрацьдзеяць ёй. У масавым маштабе ня ўзьніклі значэнныя формы абароны, прыклады паводзінаў і катэгорыі мысьленьня, якія б палегчылі перажыцьцё гэтага без блізу поўнай грамадзкай пакоры. Супраціў меў перадусім індывідуальны вымер, абапіраючыся ў гэтым на традыцыі праваслаўнай духовасьці.

Зразумела, што рэформы ў гэткага тыпу грамадзтвах, асабліва ўдалыя рэформы, зазвычай праводзіліся «згары». Грамадзтва было наагул надзвычай слабое, каб праводзіць собскія прапановы. Ягонае разьвіцьцё ў наступак грамадзкіх выбухаў і рэвалюцыяў, а не паступовай эвалюцыі, часта было вынікам адсутнасьці інстытуцыйных структур, якія б спрыялі распружаньню і былі б у стане рэалізоўваць памкненьні грамадзтва, эфэктыўна ўплываючы на дзейнасьць уладаў. Ажыцьцёўленыя ў Беларусі ў дзевяностых гадох сьціплыя захады, скіраваныя на пабудову гэткага тыпу інстытуцыйных струкгураў, былі зь цягам часу рэзка спыненыя, што часткова адбылося ў выніку рэакцыі на гэткага тыпу палітыку з боку бальшыні грамадзтва. Традыцыйнае для Ўсходу разьмеркаваньне ўлады ў грамадзтве (або таксама ўзглядам грамадзтва), якое ў грамадзкай сьвядомасьці выяўляецца ў тым ліку і ў рэзкім падзеле на «нас» і «іх», абцяжвае борздае рэагаваньне на грамадзкія пастуляты, а таксама паступовую эвалюцыю сыстэмы. У гэткага тыпу палітычнай сыстэме выбары ў фармальна прадстаўнічыя органы ўлады зазвычай азначаюць імклівае ўмацаваньне плебісцытных мэханізмаў.

Гэтыя залежнасьці, мэханізмы дзейнасьці і ператварэньняў пасьля друтой сусьветнай вайны былі часткова перанесеныя ў краіны Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Ужо ў ХІХ стагодзьдзі быў заўважны іхны ўплыў на польскае грамадзтва ў Расійскай імпэрыі. Ён выяўляўся ў схільнасьці да разьвіцьця шляхам паўстаньняў-рэвалюцыяў, у стаўленьні да дзяржавы, закону. Зьмены ў выніку паступовай эвалюцыі сыстэмы, якія маюць інстытуцыйную форму, саступкі на карысьць грамадзтва, якое ўсё больш і больш стаецца суб’ектам грамадзкіх і палітычных дзеяньняў, — гэта мадэль значна бліжэйшая аўстра-вугорскай манархіі, і нават дзяржаве Гогэнцалернаў, чымся царскай Расіі. Гэтая апошняя, кіруючы сілай, часам ласкай, але ніколі да 1905 году не саступаючы ўлады дэмакратычным інстытуцыям, прынучала народ, які прызвычаіўся да дэмакратычнай улады над сабой (польская шляхта), да несупынных бунтаў і ўрэшце забурэньняў. Таму і галічанскія палякі былі ў многіх адносінах бліжэйшыя сваёй палітычнай культурай некаторым іншым грамадзтвам Габсбурскай дзяржавы, чымся палякам у Расійскай імпэрыі (падобнае было — зважаючы на адпаведныя ўзаеміны — і ў выпадку той часткі Польшчы, якая апынілася ў складзе нямецкай дзяржавы). Пасьля другой сусьветнай вайны разьвіцьцё польскага грамадзтва шляхам частых закалотаў было вынікам несупыннай канфрантацыі нацыі, што валодае магутнымі вызвольнымі традыцыямі і актыўным шляхотна-інтэлігенцкім этасам палітычнай дзейнасьці, з уведзенай дзяржавай сыстэмай вартасьцяў, узьніклай на Ўсходзе і распаўсюджванай у створаных там формах. Таму яно было вынікам заблякаваньня мэханізмаў, што забясьпечваюць разьвіцьцё шляхам эвалюцыі.

Грамадзтвы паасобных рэгіёнаў Эўропы розьняцца сваім стаўленьнем да дзяржавы. Шмат нацыяў Заходняй Эўропы фармавалася вакол інстытуцыяў дзяржавы і ўстаноўленых імі межаў. Шматстагодняе існаваньне гэтых дзяржаваў дало іхным жыхаром пачуцьцё пэўнасьці іхнага нацыянальнага й дзяржаўнага быцьця. Напару гэта прыводзіла іхных грамадзянаў да прагматычнага й нават спажывецкага стаўленьня да собскага гаспадарства. Гаспадарства забясьпечвае іхныя інтарэсы, умагчымляе актыўную эканамічную дзейнасьць, гарантуючы палітычна-праўную стабільнасьць. Дыстанцыя спаміж грамадзтвам і дзяржавай (уладай), дарма што яна ўсьцяж існуе, зьмяншаецца ў выніку пачуцьця ўдзелу ягоных грамадзянаў у працэсе ажыцьцяўленьня ўлады, наўперад на мясцовым узроўні, узроўні самакіраваньня. У Сярэдняй Эўропе стаўленьне да дзяржавы наагул досыць амбівалентнае. Ухваляльна-эмацыйнае, дужа ідэалягізаванае, апэлюючае да нацыянальных ідэалаў, гісторыі. Якраз нацыянальная дзяржава ёсьць відавочным здабыткам ХІХ- і ХХ-стагодняй нацыянальна-вызвольнай барацьбы, і ў гэтым аспэкце яна перажывае, безумоўна, большую міталягізацыю, чымся на Захадзе. Аднак адначасна над штодзённым стаўленьнем да дзяржаўных інстытуцыяў ляжыць цяжар традыцыяў іхнага колішняга адмаўленьня, узьніклых у пэрыяд імклівага пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці ў гэтых грамадзтвах, калі дзяржава найчасьцей была чужым, захопніцкім арганізмам. Навідавоку таксама прагматычна-патрабавальнае стаўленьне да дзяржавы як да не зусім собскай, узьніклае ў пэрыяд сацыялізму. У Сярэдняй Эўропе якраз нацыі стваралі дзяржавы.

Інакшая сытуацыя ў Беларусі. Савецкая дзяржава стварыла беларускае грамадзтва ў яго цяперашняй форме. Яна не сфармавала беларускай нацыі, як і нацыя не пабудавала дзяржавы (паколькі грамадзтва ў сваёй асноўнай масе так і не было «нацыялізавана»). Гэтая дзяржава ня ёсьць вынікам рэалізацыі нацыянальнай мэты-міту, ідэалу нацыянальна-вызвольнай барацьбы, напяцьця грамадзкіх эмоцыяў. Гістарычная сьвядомасьць ейных жыхароў рэдка выходзіць за савецкі пэрыяд. Савецкі Саюз ня лічыцца грамадзкімі масамі зьнявольнікам беларусаў. Назіраецца таксама адсутнасьць пачуцьця, што дзяржава (улада) — гэта «мы», традыцыяў актыўнасьці на ўзроўні самакіраваньня і дастатковага аўтарытэту мясцовых уладаў. Рэспубліка Беларусь успрымаецца сваімі грамадзянамі баржджэй у спажывецка-сацыяльных катэгорыях, чымся ў нацыянальных. На ўзор Зінаіды Сікевіч у яе апісаньні расійцаў можна сказаць, што і беларусы трактуюць сваё гаспадарства як калектыўнага бацьку, інстытуцыю, якая калі не выконвае сваіх бацькоўскіх функцыяў, то не заслугоўвае грамадзкай падтрымкі. «Пэрсаніфікацыяй такой дзяржавы ёсьць прэзыдэнт-правадыр, які толькі тады будзе заслугоўваць грамадзкага прызнаньня, калі будзе паводзіць сябе як правадыр, а ня звычны чалавек, што часова займае высокую пасаду»[116]. Таму галасуюць за «бацьку», які сам выбавіць краіну, вышэй за закон стаўляючы эфэктыўнасьць дзеяньня. Згодна з гэткім тыпам мысьленьня просты чалавек зрабіць можа няшмат. Гэтая патэрналісцкая мэнтальнасьць наўпрост выводзіцца з расійскіх традыцыяў. Апазыцыя «мы» й «яны» вырастае з схільнасьці да выяўленьня групавой, калектыўнай пазыцыі (варожай індывідуалізму), тыпу «мы» людзі простыя, сьціплыя, сумленныя (былыя савецкія), нічым не адметныя. Пры гэткім падыходзе сьвет нескладаны, дыхатамічны. Адчуваецца туга за мудрым і магутным бацькам, які будзе ў стане хутка й станаўко ўсё ізноў упарадкаваць. Рэха гэткага тыпу мэнтальнасьці з рознай сілай чуецца ўва ўсёй Сярэдне-Ўсходняй Эўропе.

вернуться

116

Z. Sikiewicz, Mentalność radziecka w wiadomości masowej Rosjan. Referat wygіoszony na IX Ogólnopolskim Zjeździe Socjologicznym, Lublin, 27–30 czerwca 1994 r. (машынапіс).

79
{"b":"598980","o":1}