Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Першай спробай была нямецкая прапанова «Mitteleurop’y», абвешчаная напрыканцы першай сусьветнай вайны Фрыдрыхам Наўманам, і дыскусіі наконт якой адбывалася ў 1916–1918 гг. Гэта спроба вынікала з тагачасных пангерманскіх ідэалёгіяў і зацікаўленьняў. Квінтэсэнцыя гэтай ідэі замыкалася ў наданьні вызначальнай палітычнай і эканамічнай кампэтэнцыі прасьцягу «Вялікай Нямеччыны» і прылеглым тэрыторыям паміж ёй і Расіяй.

У 80-х гадох інтэлектуалы былога «ўсходняга блёку» з Будапэшту, Прагі, Бялграду, Браціславы, Загрэбу і Варшавы паразумяваліся паміж сабой што да магчымасьці інтэграцыі «Эўропы Цэнтру» ў андэрграўндных дыскусіях і публікацыях. Праводная ідэя гэтай дыскусіі была іншая: яе галоўным матывам была своеасаблівасьць супольнай культурнай спадчыны.

(...) На думку Нормана Дэвіса, Цэнтральная Эўропа азначае ня столькі палітычна аднародны прасьцяг, які вырозьніваецца супольнымі эканамічнымі характарыстыкамі, колькі зьяўляецца патэнцыйнай «імпэрыяй духу».

(...) Кожная краіна тут мае адметны набор фактаў і ідэяў, складаная кампазыцыя якіх фармавала яе стан духу, тоеснасьць, нацыянальны характар, тып успрымальнасьці, сфэру лякаў і ступень супраціўляльнасьці. Усім нацыям гэтага прасьцягу, аднак, давялося ў сваёй мінуўшчыне — прынамсі ад пачатку ХІХ стагодзьдзя — выпрацаваць і перадаць у спадчыну своеасаблівыя духоўныя сродкі і спосабы ператрываньня сытуацыі пагрозаў і няволі, крыўдаў і пакутаў, панаваньня і прыгнёту.

(...) Праблема духоўнага профілю, супольнага для ўсяго рэгіёну Цэнтральнай Эўропы, зьяўляецца аксіялягічнай. Гаворка ідзе ня толькі аб спраўджваньні генэральнай тэзы, што аб характары культуры можна штось істотнае сказаць толькі тады, калі спазнана канфігурацыя сыстэмы вартасьцяў, на якой яна ўгрунтаваная. Гэтыя канфігурацыі былі не ідэнтычныя, а паралельныя. Стаўленьне да вартасьцяў было, аднак, у гэтай частцы Эўропы адметным, не такім, як на Захадзе, хоць набор вартасьцяў быў падобны, паколькі ён мае ўнівэрсальную прыроду. Гэта было надзвычай сьцьвярджальнае, каб не сказаць, культавае стаўленьне. Многімі прыкладамі можна праілюстраваць тое, што для вартасьцяў быў створаны прыярытэт перад катэгорыямі «патрэбаў і зацікаўленьняў».

(...) Я не жадаю тут ні абсалютызаваць, ні занадта пераацэньваць цэнтральна-эўрапейскага стаўленьня да вартасьцяў, таму што яны зьяўляюцца злучвом і вязьмом усёй эўрапейскай цывілізацыі. Я хачу толькі зьвярнуць увагу на тое, што перасычэньне сьвядомасьці Цэнтральнай Эўропы этычна-аксіялягічнай праблематыкай абумовіла яе спэцыфічны шлях да ўнівэрсалізму.

Гэтая сьвядомасьць настоена на своеасаблівым пачуцьці дабра, падмацаваная хрысьціянскім ідэалам дасканаласьці, прасякнута містычным і мэтафізычным патасам, у аснове якога палягае пакута. Матыў ідэалізацыі собскай тоеснасьці, апатэоз герояў і сьвятых, укарэненасьць легенды і міту паходжаньня, культывацыя памяці хвалебных трыюмфаў і трагічных паражэньняў, сакралізацыя сымболікі собскай апрычонасьці і ўласнай годнасьці — усё гэта абумовіла ўзьнікненьне шырака зразуметай супольнасьці, што дамінуе над плюралізмам і разнароднасьцю нацыянальных культураў.

(...) Цэнтральная Эўропа ўжо тысячу гадоў структураваная як сумесь разнароднасьцяў, каб не сказаць — супярэчнасьцяў. Гэтая сумесь не павінна, але пры спрыяльных умовах можа стаць выбуховай. Балканскі прасьцяг традыцыйна разглядаецца як «паравы кацёл», што пагражае выбухам. Але праўда і тое, што ўся Цэнтральная Эўропа пабудаваная на падобным прынцыпе, і калі ціск у гэтым катле не ўтрымаць пад кантролем, то практычна ў кожным месцы мы можам стаць сьведкамі таго, узорам чаго ёсьць грамадзянская вайна ў Босьніі і Герцагавіне, Харваччыне і Сэрбіі.

Спакойна, але і з поўнай рашучасьцю трэба сабе сказаць, што гісторыя гэтай часткі сьвету зьмяшчае такія эпізоды, якія зьяўляюцца небясьпечнымі прэцэдэнтамі і нэгатыўнымі ўзорамі — аналягічнымі тым, якія цяпер назіраюцца ў былой Югаславіі. Тут добра вядомыя перасьледы нацыянальных мяншыняў, дыскрымінацыя расава чужых суграмадзян, пагромы, этнічныя чысткі і іншыя выбухі калектыўнай агрэсіі і антаганізму.

(...) Вельмі вялікае значэньне маюць сьвежыя і даўнія рахункі крыўдаў, якія адны нацыянальнасці ў гэтым рэгіёне выстаўляюць іншым. Некаторыя зь іх, зашмат давяраючы ў мінуўшчыне магутным чужым гарантам, шукалі ў іх ратунку і апекі супраць найбліжэйшых суседзяў з-за мяжы, зь якімі вяліся тэрытарыяльныя спрэчкі або дыскусіі аб нацыянальнай прыналежнасьці мяншыняў.

У мяне яшчэ жывая ў памяці сытуацыя, калі пэўныя гаспадарствы сумысьля настройвалі супраць сябе меншыя нацыі альбо бунтавалі незадаволеныя мяншыні супраць законных уладаў. Усё гэта існуе ў памяці нацыяў Цэнтральнай Эўропы і гатовае бударажыць іх сьвядомасьць.

(...) Такім чынам, сытуацыя далёка не ідылічная, як гэта вынікала зь некаторых нотак у дыскусіях, што адбываліся ў 80-х гадох, — што калі ж мы ўсе задзіночымся, то ўсё будзе ў парадку. І цяпер, калі мы ўжо чуемся вызваленымі з путаў, аказваецца, што трэба бараніць свой рынак, сваю эканоміку і сваю культуру, свае адзнакі тоеснасьці, свае межы, сваю мову і этнічнасьць, а таксама сваё прыняцьцё ў NATO і Эўрапейскі Саюз. Адчуваецца голас заглушваных перасьцярогаў, ажываюць і большаюць крыўды, зьнявагі і антаганізмы.

Пераадоленьне гэтых нэгатыўных зьяваў пры дапамозе інструмэнтару культуры павінна адыгрываць прэвэнтыўную ролю.

Калі мы ня будзем падрыхтаваныя да канфліктных сытуацыяў і да магчымасьцяў іх вырашэньня мірнымі мэтадамі, культурнымі сродкамі — то мы паддамо наш рэгіён і ўсю Эўропу пагрозе неспадзяваных і імклівых катаклізмаў. І гэта ня нейкая інтэлектуальная раскоша, ані вытанчаны жэст эстэта, што мы дасьледуем, дыскутуем і вывучаем як спадзеўныя, так і зьнеахвочваючыя аспэкты разнароднасьці і супольнасьці, канфліктаў і суседзтва. Наадварот, калі б мы адмовіліся ад гэтых дыскусіяў, нам бы можна было закінуць, што мы ня выканалі абавязку, які нам належаў, а менавіта — не падрыхтавалі салідных падставаў для пабудовы супольнасьці дасьведчаньняў і ўмоваў сужыцьця грамадзтваў Міжмор’я.

Тэкст перакладзены паводле: Podkowiański Magazyn Kulturalny, № 1 (12), 1996.

* Анджэй Тышка — сацыёляг культуры, дырэктар Інстытуту сацыялёгіі пры Варшаўскім унівэрсытэце. Апошняя публікацыя — кніга «Kultura jest kultem wartości», выдадзеная ў 1999 годзе коштам Fundacjі Pomocy Antyk у мястэчку Каморуў.

У кнізе зьбертыя дасьледаваньні і нарысы на тэму грамадзкай аксіялёгіі, упаасобку закранаюцца пытаньні праўды і няпраўды ў сацыялёгіі.

Аляксандар Ф’ют*

Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам

Ува Ўсходняй Эўропе заўжды пануе ліха.

Усходнюю Эўропу гэта захапіла.

Ува Ўсходняй Эўропе заўжды няміла.

Быў чалавек, і ўжо няма яго праз хвілю.

Ч. Мілаш. Нататнік: Пэнсыльванія.

Дзе насамрэч шукаць Сярэднюю Эўропу? На мапе? У гістарычнай памяці? У фантазіях? А можа ў літаратуры? І ці наагул варта яшчэ ўваскрашаць гэты тэрмін, калі дыскусіі, якія ён спараджаў, згасьлі, а палітычна-грамадзкія рэаліі нагэтулькі далекасяжна зьмяніліся? Пагатоў, што ад самага пачатку існаваньне Сярэдняй Эўропы падавалася прынамсі ілюзорным, выклікала цэлы шэраг пярэчаньняў. «Я дапускаю, што існуе нешта такое, як Сярэдняя Еўропа»[158], — пісаў Чэслаў Мілаш, а Даніла Кіш канстатаваў, што «яна ўсё больш нагадвае сёньня гэнага цмока з Алка ў «Атоку Пінгвінаў» Анатоля Франса <...> ніхто з тых, хто цьвердзіў, што яго бачыў, ня мог сказаць, як ён выглядае»[159]. Для Кундэры гэтая частка кантынэнту была «разарваным Захадам»[160], для Бродзкага — «заходняй Азіяй»[161]. Бо, у ісьце, Сярэднюю Эўропу можна прыблізна геаграфічна лякалізаваць, але далей пачынаюцца ўласна рупаты. Ейны прасьцяг і анталягічны статус і надалей застаецца досыць неакрэсьленым, межы размываюцца і капрызна блытаюцца. Калі ўявіць сабе фізычную мапу ўсёй Эўропы, на якую нехта пасьлядоўна накладвае празрыстыя клішы, якія пасьлядоўна вылучаюць уплывы Рыму і Бізантыі, лацінскай і старацаркоўнаславянскай мовы, каталіцызму і праваслаўя, вымалёўваюцца абшары заняпалых каралеўстваў і зьніклых імпэрыяў, рухі пэўных нацыянальных групаў і рэлігійныя асяродкі, ня кажучы аб засягу камунізму, — у пэўны момант лініі пачынаюць размывацца і блытаюцца. Гэта, без сумлеву, якраз тут. Тут, дзе найбольшая заблытанасьць і згушчанасьць, месьціцца Сярэдняя Эўропа.

вернуться

158

Cz. Miłosz: O naszej Europie. «Kultura», № 4, 1986.

вернуться

159

D. Kiš: Wariacje na tematy środkowoeuropejskie. «Res Publica», № 1, 1989.

вернуться

160

M. Kundera: Zachód porwany albo tragedia Europy Środkowej. «Zeszyty Literackie», № 5, 1988.

вернуться

161

J.Brodski: Dlaczego Kundera myli się co do Dostojewskiego. «Zeszyty Literackie», № 11, 1985.

87
{"b":"598980","o":1}