«Dolina pełna losu» была напісана, як я мяркую, па-польску, бо я ня бачыў адзнакаў таго, што яна была перакладзена, а ў ёй ёсьць такія шакуючыя рашэньні, як дыялёгі, дзе адзін удзельнік (вясковы разумнік і «прагматык») гаворыць па-беларуску, а другі (інструктар партыі, камандзір акоўскага партызанскага аддзелу) — па-польску. Гэткі захад абгрунтаваны і прадстаўленай сытуацыяй, і стварэньнем гумарыстычнага эфэкту, які распружвае яе. Але хіба «малой радзімай» пісьменьніка ня ёсьць зямля, дзе гэткі дыялёг, не заўсёды сьмешны, адбываецца непазьбежна? Ажыцьцяўляе і ён яго сам з сабой — на абедзьвюх мовах.
* Віктар Варашыльскі — польскі пісьменьнік, культурны дзеяч, перакладнік. Ужо ў 1965 годзе атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію «Nagroda im. Kościelskich».
У апошнія гады свайго жыцьця цесна супрацоўнічаў з варшаўскім часопісам «Więź», друкуючы ў ім «Zapiskі z kwartalnym opóźnieniem», своеасаблівую творчую аўтабіяграфію, у якую ўвайшлі думкі і падзеі, а таксама хроніка палітычнага і культурнага жыцьця Польшчы пэрыяду ваеннага становішча, змрочных восемдзясятых гадоў і першых гадоў пасьля распаду сацыялістычнай сыстэмы.
Яго апошнія кнігі — «W dżungli wolności», «Podmuch malowanego wiatru» (Wydawnictwo «Redakcja BIBLIOTEKI WIĘZI»), «Pozwólcie nam się cieszyć». Як перакладнік, у сярэдзіне 90-х падрыхтаваў да друку кнігі паэзіі Восіпа Мандэльштама на польскай мове («Poezje», Osip Mandelsztam, Państwowy Instytut Wydawniczy, 1997), а таксама Генадзя Айгі (Gennadij Ajgi: Tutaj. Eseje i wiersze. Wybór, przekład i posłowie Wiktor Woroszylski. Sejny: Fundacja «Pogranicze», 1995). За гэтае выданьне Варашыльскі атрымаў прэмію за 1995 год часопісу «Literaturа na świecie» ў намінацыі «паэтычны пераклад». У 1995 годзе ўклаў том паэзіі Ўладзіслава Бранеўскага (Władysław Broniewski. Wybór opracowań i szkicem o Poecie poprzedził Wiktor Woroszylski).
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
Ян Драўноўскі*
Улада й апазыцыя
Спроба інтэрпрэтацыі палітычнай гісторыі пасьляваеннай Польшчы
(Дыскусійны артыкул)
Студэнтам «Лётаючага ўнівэрсытэту» прысьвячаю
УСТУП
Дагэтуль няма належна апрацаванай гісторыі пасьляваеннай Польшчы. Шмат фактаў мы яшчэ і цяпер ня ведаем. Для пацьвярджэньня іншых не стае ймаверных крыніц. Да вялікай часткі існых матэрыялаў з розных прычын дасюль няма доступу. Шмат страчанага ўжо нельга вярнуць, бо матэрыялы гінуць або мэтаскіравана зьнішчаюцца. Гісторыкаў чакае вельмі цяжкая задача, якая з кожным годам стаецца ўсё цяжэйшай.
Існуе, аднак, і іншы бок гэтай праблемы. Гісторыя — гэта ня толькі назапашваньне фактаў, але і іх інтэрпрэтацыя. Паколькі гісторыя не была напісана, няма таксама і ейнай інтэрпрэтацыі. Агульнавядомыя факты часам разумеюць па-рознаму, вельмі часта скажона, а іх значэньне нярэдка нават мэтанакіравана прымяншаецца або фальшуецца. Памылковая інтэрпрэтацыя, якая некрытычна паўтараецца даўжэйшы час, прыціраецца да фактаў і з часам можа стаць «бясспрэчнай» ацэнкай асобных падзеяў, а пасьля і цэлых гістарычных эпохаў. Я мяркую, што гэткая небясьпека існуе вельмі выразна, калі гаворка йдзе аб гісторыі пасьляваеннай Польшчы.
Любая інтэрпрэтацыя гістарычных фактаў зьяўляецца дыскусійнай. Але каб гэтая дыскусія была магчымай, трэба сфармуляваць нейкую інтэрпрэтацыю і пакончыць зь недагаворваньнем. Толькі тады мы зможам зрабіць высновы для нашай палітыкі на будучыню.
Гэта якраз тая задача, якую я стаўляю сабе ў гэтым нарысе. Я хачу недвузначна сфармуляваць інтэрпрэтацыю тых некалькіх этапаў разьвіцьця, празь якія праходзіла пасьляваенная Польшча, і крызысаў, зьвязаных зь пераходам ад аднаго этапу да наступнага. У прыватнасьці, я пастараюся выявіць памылковасьць некаторых «агульнапрынятых» паглядаў, а калі пагляды не супадаюць, то паўтару тыя зь іх, якія мне падаюцца слушнымі.
Я ўсьведамляю, што мая інтэрпрэтацыя можа выклікаць розныя думкі. Але ў такім выпадку яна таксама можа даць пачатак дыскусіі, якая заўсёды бывае карыснай.
1. Сытуацыя ў Польшчы пасьля вайны: студзень–чэрвень 1945
Канец вайны засьпеў краіну ў роспачнай сытуацыі. Яе можна сьцісла вызначыць у некалькіх пунктах:
(1) Страты ў людзях. Ня толькі крывавыя страты палеглымі й забітымі, але й страты, выкліканыя адсутнасьцю ваеннапалонных, выселеных і ўцёклых, якія не вярнуліся ў краіну. Страты ўсіх гэтых катэгорый закранулі перадусім малодшае пакаленьне, інтэлігенцыю і мужчын. Найбольш пацярпела сталіца краіны Варшава. Нацыя была пазбаўлена значнай часткі свайго найбольш актыўнага элемэнту. (2) Псыхічная высіленасьць доўгатрывалай акупацыяй і жудасьцямі, якія яе суправаджалі. (3) Шок ад панесенай паразы. Пачуцьцё, што апрача беспрэцэдэнтных ахвяраў Польшча страціла незалежнасьць. (4) Скрайняе згаленьне насельніцтва. У стане скрайняй галечы апынілася насельніцтва Варшавы і высяленцы зь Нямеччыны й Савецкага Саюзу. Жыхары гарадоў былі ў горшай сытуацыі, чымся жыхары вёскі, а інтэлігенцыя ў горшай, чымся прамысловыя работнікі. (5) Адсутнасьць палітычнага кіраўніцтва[4]. Функцыянуючы на працягу ўсёй акупацыі кіраўнічы асяродак перастаў існаваць разам з паразай варшаўскага паўстаньня. 19 студзеня 1945 году была распушчана АК. Адноўленае палітычнае кіраўніцтва было зноў абезгалоўлена арыштам «шаснаццаці». Намаганьні аднавіць кіраўніцтва Падпольнай Польшчы, зьдзейсьненыя з рашучасьцю й ахвярнасьцю, не маглі ўжо кампэнсаваць панесеныя страты. Праз пэўны час гэтыя спробы былі, зрэшты, спыненыя. Прадстаўніцтва лёнданскага ўраду было згорнутае 1 ліпеня 1945 году. Польскае грамадзтва, зьнясіленае, самотнае й безабароннае перад тэрорам савецкага НКВД і «польскай» UB*, пакладалася толькі на ўласны інстынкт.
Магло здавацца, што ў гэтых умовах аніякая апазыцыя навязанаму рэжыму не магчымая, што пасьля непазьбежнага зьліквідаваньня яшчэ дзейных лясных аддзелаў у Польшчы заваладарыць савецкі парадак. На гэта, безумоўна, разьлічвалі саветы й Польская рабочая партыя. Адбылося, аднак, інакш. Першы разьдзел гісторыі польскай апазыцыі савецкаму рэжыму быў адкрыты якраз тады.
2. Палітычныя альтэрнатывы
Пасьля заканчэньня вайны, ува ўмовах, створаных Ялцінскай дамовай, польская палітыка мела перад сабой у якасьці выбару тры шляхі:
(1) Узброены супраціў саветам і іх упаўнаважаным. (2) Пасіўная бязьдзейнасьць і чаканьне трэцяй сусьветнай вайны, якая б прынесла Польшчы вызваленьне звонку. (3) Арганізацыя палітычнай апазыцыі навязанаму Польшчы ладу.
Выбар паміж гэтымі трыма шляхамі мусіў, безумоўна, залежаць ад прынятай ацэнкі актуальнай сытуацыі і пэрспэктываў на будучыню.
Нягледзячы на тое, што аналіз гэтых канцэпцый трыццацігадовай даўніны не паверне хады падзяў назад, варта яго зьдзейсьніць, бо праўдзівы позірк на мінуўшчыну дазволіць нам лепей зразумець пытаньні, перад якімі мы стаім цяпер.
Выбар першай канцэпцыі азначаў скіроўваньне АК супраць Савецкага Саюзу і яго калябарантаў «люблінскіх» палякаў або стварэньне з гэтай мэтай новай новай арганізацыі, якая б пераняла традыцыю АК і пачала ўзброеную барацьбу з новым акупантам[5]. Ён таксама азначаў заклік грамадзтва да татальнага байкоту новай «рэчаіснасьці» і, такім чынам, да заняцьця да саветаў такой пазыцыі, якую яно займала да Нямеччыны ў гады акупацыі.
Аднак існавалі вельмі спаважныя аргумэнты супраць такой палітыкі. Польскае грамадзтва пасьля гадоў акупацыі было надзвычай высілена і маральна, і фізычна. Яно чакала канца вайны як канца сваіх пакутаў. Заклік да далейшай барацьбы пры адначаснай немагчымасьці сказаць, як доўга яна будзе весьціся, быў бы злоўжываньнем маральных сілаў грамадзтва й мог бы пагражаць маральным надломам.