БЫЦЬ (АБО НЯ БЫЦЬ) СЯРЭДНЕЭЎРАПЕЙЦАМ
Сучаснае польскае мысьленьне
Падрыхтаванае на падставе: Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне, — Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. — 471 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Перадмова перакладніка
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу).
Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага.
Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
«Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» дае зацікаўленаму беларускаму чытачу магчымасьць азнаёміцца з інтэлектуальным працэсам у суседняй Польшчы на ўзроўні максымальна прэзэнтацыйных у гэтым сэнсе аўтараў і іх тэкстаў. Найранейшыя з прадстаўленых у кнізе тэкстаў («Стэнаграма з мэтафізычнай прэс-канфэрэнцыі Дэмана ў Варшаве 20 сьнежня 1963 г.» з кнігі «Размовы з д’яблам», «Ключ нябесны, або Аповеды, пабудаваныя на сьвятой гісторыі і для навучаньня і перасьцярогі прызначаныя» Лешака Калакоўскага, «Фэнамэналягічная тэорыя твору» Станіслава Лема або «Ўлада і апазыцыя» Яна Драўноўскага) датуюцца шэсьцьдзясятымі або семдзясятымі гадамі, найпазьнейшыя («Паміж багацьцем і беднасьцю» Анджэя Карашэўскага, «Дастаеўскі Беларусі» Сакрата Яновіча) зьявіліся летась або сёлета, пры гэтым іх пераважная бальшыня была створана на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя.
Трэба сказаць, што ня ўсе тэксты перакладныя: асобныя пасажы Сакрата Яновіча з артыкулу «Думкі і разважаньні» ўжо ў арыгінале былі напісаныя па-беларуску. Яны важныя, таму іх і друкуем.
У кнізе пададзены творчы даробак двух дзясяткаў сучасных польскіх думаньнікаў: філёзафаў, культуразнаўцаў, тэарэтыкаў мастацтва, гісторыкаў. Кожнаму зь іх прысьвечана інфармацыйная нататка, памер якой можа вагацца ад пары радкоў да некалькіх старонак у залежнасьці ад аб’ектыўна наяўнай або суб’ектыўна ўспрынятай велічыні ці маштабнасьці той ці іншай постаці. У асобных выпадках у адным блёку з інфармацыяй што да пэўнага аўтара друкуюцца іншыя матэрыялы — інтэрвію або паслоўе перакладніка. У цэлым памер публікацыі, прысьвечанай аднаму польскаму аўтару, можа вагацца ад аднаго-двух і да шасьцёх-сямёх артыкулаў.
Выданьне разьлічана на гуманітарна падрыхтаванага чытача, і таму даведкава-камэнтатарская частка ў ім зьведзеная да мінімуму. Зьвяртаем увагу чытачоў на варыяцыйнасьць ужываньняў некаторых словаформаў, шырока прадстаўленую ў кнізе (мысьліцель—мысьляр—думаньнік, погляд—пагляд, расклад—разлажэньне, зрадзіць—здрадзіць, сумнеў—сумлеў, атокі—абтокі—астравы, камуністы—камуніст, дзеяч—дзяяч, абмыл—памылка, выпадак—прылучай, зраза—узор, Эўрапейскі Саюз—Эўрапейскі Зьвяз і інш.). Зроблена гэта для адлюстраваньня інтэнсіўнасьці пошукаў, якія вядуцца ў беларускай мове на працягу апошніх дзесяцёх гадоў.
Наапошку складаем шчырую падзяку асобам і ўстановам, без удзелу і падтрыманьня якіх гэтае выданьне не было б магчымае, а наймя Тадэвушу А. Альшаньскаму, старшыню Ўправы «Stowarzyszenia Literackiego “Kresy”» Aркадыюшу Баглаеўскаму, прафэсару Ўладзімежу Балецкаму, галоўнай рэдактарцы «Podkowiaсskiego Magazyna Kulturalnego» Зоф’і Бронек, галоўнаму рэдактару «Kultury» Ежаму Гедройцу, кіраўнічцы бюра Галоўнай управы «Stowarzyszenia Pisarzy Polskich» Ірэне Зеліньскай, прафэсару Лешаку Калакоўскаму, галоўнаму рэдактару «Krasnogrudy» Кшыштафу Чыжэўскаму, супрацоўніку «Fundacji Stefana Batorego» Пятру Касеўскаму, Роме Квецень і Яаньне Чудзец («Polski Fundusz Kultury»), прафэсару Ежаму Клачоўскаму («Instytut Europy Środkowo-Wschodniej»), прафэсару Марцэлію Косману, кіраўнічцы выдавецкай сэкцыі «Stowarzyszenia Autorów “ZAIKS”» Гражыне Кукоўскай, Станіславу Лему, галоўнаму рэдактару «Сzasa Kultury» Гжэгажу Лютэрэку, галоўнаму рэдактару часопіса «Arcana» Анджэю Новаку, галоўнаму рэдактару «Odry» Мечыславу Орскаму, прафэсару Антонію Падразу, Рышарду Радзіку, прафэсару Аляксандру Ф’юту, Сакрату Яновічу, а таксама супрацоўнікам менскага бюра «Instytutu Polskiego».
У Менску, верасень 2000 г.
Валерка Булгакаў
Тадэвуш Анджэй Альшаньскi*
Новая Эўропа перад новым мурам
Выходзячы з сумысьля падкрэсьленай пастаноўкi пытаньня, яго аўтар уважае традыцыю Рэчы Паспалiтай за пазытыўную, а яе так цi iнакш зразуметую спадчыну — за актуальную. Аднак нельга не заўважыць, што ў гэтым пытаньнi залучаны непаразуменьнi — гэта, вiдавочна, апрыёрны погляд, якi можа аказацца слушным, а можа i не. Паглядзiм. Таму, па-першае, колькi ўвагаў наконт уступу. «Пазытыўнасьць» або «нэгатыўнасьць» якой-колечы традыцыi залежыць не ад своеасаблiвасьцi гэтай традыцыi, а ад сьветагляду ацэньваючага. Дзеля гэтага кожнае гiстарычнае дазнаньне ў кожным часе ёсьць ня толькi годным, але й вартым аналiзу, таму што калi ня кожнаму пакаленьню, дык кожнай эпосе даводзiцца будаваць уласны вобраз мiнуўшчыны, якую мы заўсёды спасьцерагаем праз прызму ўласнага часу i, хутчэй за ўсё, iнакш абачыць яе ня можам. Зь iншага боку, аднак, такiя аналiзы не павiнны быць «пiльнымi» — гiстарыяграфiя i, асаблiва, гiстарыязофiя ня любяць пасьпеху. Урэшце, пастаўленае пытаньне было сфармулявана як прадстаўнiча-палiтычнае — i такога падыходу да яго мы будзем датрымлiвацца i надалей.
Рэч Паспалiтая колькiх нацыяў?
Па-другое i найважнейшае: нiколi не iснавала нiчога такога, як Рэч Паспалiтая многiх нацыяў. Гэтая фармулёўка ёсьць праявай аснаватворнага непаразуменьня i, адначасова, — крынiцай iлюзорнай надзеi, залучанай у разгляданым пытаньнi. Iснавала адно Рэч Паспалiтая Дзьвюх Нацыяў (nationes): польскай i лiтоўскай, г.зн. кароннай шляхты i лiтоўскай, грамадзянаў двух гаспадарстваў, што складалi Рэч Паспалiтую, незалежна ад iх нацыянальнасьцi (gens). Першая была польскай або рускай (украiнскай) нацыянальнасьцi, другая — галоўна рускай (беларускай), апрача iх была яшчэ пруская i iнфлянцкая шляхта, галоўна нямецкай нацыянальнасьцi. Паколькi ні мяшчане, ні сяляне да нацыi (natio) не належалi i не зьяўлялiся грамадзянамi, iх нацыянальнасьць ня мела значэньня, бо яны не былi «прыроджанымi». Падобным парадкам ня меў значэньня факт, што шляхецкi стан утварала шмат нацыянальнасьцяў (мы назвалi тут толькi галоўныя), у чым, зрэшты, Рэч Паспалiтая не была ў тым часе выняткам. Якраз таму якое-колечы вяртаньне да iдэi Рэчы Паспалiтай Дзьвюх Нацыяў сёньня немагчымае, незалежна ад таго, як ацэньваць гэтую iдэю i яе рэалiзацыю. Бо яе падставай была iдэя палiтычнай i этнiчнай нацыi (natio). Слыннае gente Ruthenus, natione Polonus не азначае, насуперак сёньняшнiм тлумачэньням, «паляк рускага паходжаньня», але «польскi грамадзянiн рускай нацыянальнасьцi». Гэтая iдэя дзяржаўнай нацыi, абапёртай на прававой аснове, а не этнiчнай, дагэтуль захавалася ў Заходняй Эўропе (Францыя, Гiшпанiя), але ў нашай частцы кантынэнту яна належыць да незваротнай мiнуўшчыны: тут паняцьце нацыянальнай прыналежнасьцi аддзялiлася ад дзяржаўнай прыналежнасьцi. Няшмат тут зьмянiла — як вядома — i ўзьнiкненьне этнiчна «чыстых»дзяржаваў. У вынiку i сужыцьцё этнiчных нацыяў ды арганiзуючых яго дзяржаваў мусiць абапiрацца на iншыя прынцыпы, чымся сужыцьцё дзяржаўных нацыяў. Таму вiдавочна, што тое, да чаго мы найбольш прывязаны ў традыцыi даўнай Польшчы, найбольш неактуальна падчас пералому XX i XXI стагодзьдзяў. Iснуюць, тым ня менш, iншыя элемэнты спадчыны даўнай Польшчы, вартыя сёньня ўвагi, да чаго мы неўзабаве зьвернемся.