«На гэтыя рытарычныя пытаньні, — піша Лэндз, — японцы адказваюць, што мэтай эканамічнай палітыкі ёсьць нізкія цэны і таннае спажываньне. Мэтай ёсьць дамагчыся найбольшага ўдзелу ў рынку, узрастаньня патэнцыялу, прамысловай і вайсковай сілы. Вытворцы важнейшыя за спажыўцоў. Кожны ўмее купляць, але ня кожны ўмее вырабляць».
Дэвід Лэндз заканчвае сваю кнігу ў міленарным настроі. На працягу апошняй тысячы гадоў чалавецтва павялічылася зь некалькіх сотняў мільёнаў да шасьцёх мільярдаў. Адкінуўшы містыку і забабоны, мы перайшлі ад няпэўных, разумовых назіраньняў да магутнай і ўсё больш усеабсяжнай навуковай веды. Наша веда пра прыроду — адназначна вялікшая і больш надзейная, чымся наша веда пра чалавека. Мала хто хацеў бы павярнуць час назад, але нават тыя, хто адварочваецца ад сучаснасьці, паслугоўваюцца кнігай, акулярамі, езьдзяць аўтамабілямі, карыстаюцца найноўшымі дасягненьнямі мэдыцыны (часам для таго, каб пазбаўляць іншых празьмернай цікавасьці да матэрыяльнага сьвету). Сучасны сьвет падзяляецца на тых, хто траціць грошы, каб пазбыцца залішняй вагі, на тых, хто есьць і п’е дзеля таго, каб жыць, і на тых, хто не ўяўляе, дзе й калі ім паталаніць паесьці ў наступны раз. Калі мы можам нечага навучыцца з гісторыі эканамічнага разьвіцьця, піша Лэндз, — гэта таго, што перадусім культура ёсьць асноўнай крыніцай гэтых адметнасьцяў. Людзі, якія жывуць сваёй працай, — гэта невялікая і прывілеяваная эліта, але гэтая эліта адкрытая для ўсіх. Выснова, якую можна зрабіць з гэтай кнігі, палягае ў тым, што мы пастаянна мусім рабіць усё новыя і новыя спробы трапіць у яе. Тут няма надзеі на цуд, на дасканаласьць, на міленарны пералом. Мы мусім культываваць скептычную веру, піша Лэндз, — унікаць догмаў, умець слухаць і бачыць, спрабаваць удакладняць і фармуляваць свае мэты і шукаць усё лепшыя сродкі для іх рэалізацыі.
Эўрапейскі Зьвяз — гэта супольнасьць, дзе вядуцца прыземленыя спрэчкі пра цэны на селядцы і ялавічыну, пра мытныя тарыфы, пра магчымасьць паступовай адмовы ад межаў. Гэта супольнасьць, у якой людзі і нацыі вучацца адзін у аднаго, дзе ад самага пачатку існуе першынство эканамічных справаў перад палітычнымі, ня кажучы ўжо пра ідэйныя або рэлігійныя прынцыпы. Эўрапейскі парлямэнт не займаецца праблемай люстрацыі або нават хрысьціянскіх вартасьцяў. У краінах Зьвязу практычна ўжо няма людзей, якія ня ведаюць, што, дзе й калі яны змогуць паесьці ў наступны раз. Удзел у гэтай супольнасьці здаецца мне не найгоршай мэтай.
Тэкст перакладзены паводле: Kultura, № 6, 1999.
* Анджэй Карашэўскі — польскі публіцыст, пісьменьнік, журналіст, аўтар кніг з сацыялёгіі культуры. Займаў пасаду віцэ-дырэктара польскай службы Бі-Бі-Сі, з 1998 году стала жыве ў Польшчы. Ляўрэат публіцыстычнай прэміі імя Юліюша Мерашэўскага часопісу «Kultura» за 1999 год.
Вялікі розгалас спарадзіла яго кніга «Wielki poker», прысьвечаная сытуацыі на польскай вёсцы, асабліва з малазямельнымі сялянамі, напярэдадні ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.
Сярод апошніх публікацыяў адзначым кнігу «W grzechu poczęci — wiara i seks we współczesnym świecie» (Wydawnictwo Naukowe SCHOLAR, 1996).
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды рэдакцыі часопісу «Kultura».
Ежы Клачоўскі*
Традыцыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы — досьвед, важны для нашых часоў
Спадар Старшыня, Рэктар, Шаноўнае Спадарства. Дарагія сябры!
Тэма згуртаваньня народаў, якую мы сёньня сабе ставім, зьяўляецца тэмай нялёгкай, але вартай рэфлексіі, тэмай нязвычна істотнай, тэмай, якая стаіць перад намі ўсімі, бо існуе або пэрспэктыва нейкай татальнай катастрофы, або пэрспэктыва згуртаваньня.
Важнай зьяўляецца часіна, аб якой мы гаворым, — канец ХХ стагодзьдзя. І калі мы думаем аб нас саміх, аб гісторыі, аб усім тым, што вызначыла, што мы беларусы, фіны, вугорцы, палякі, нам неабходна заўсёды ўсьведамляць, калі мы існуем, у які момант.
Трэба ясна сказаць, што мы стаім на аскепках ХХ стагодзьдзя. Зьбігнеў Бжазіньскі ў нядаўна выдадзенай кнізе падвёў вынікі ХХ стагодзьдзя, трапна назваўшы яго «стагодзьдзем звар’яценьня». Мы стаім на аскепках стагодзьдзя звар’яценьня. Рознымі былі формы гэтага вар’яцтва, але статыстыка, якую прыводзіць Бжазіньскі, гаворыць сама за сябе. Звар’яценьне людзей — 175 млн. чалавек былі з халодным сэрцам забітыя ў ХХ стагодзьдзі; падобных маштабаў забойстваў ня ведае гісторыя чалавецтва. Цяпер можна гэтыя дадзеныя разьмеркаваць: Гітлер — 17 млн., Сталін — 20–25 млн., Кітай — 29. Гэтыя падлікі хіба яшчэ няпоўныя.
Братазабойчыя войны, фанатызм, падмацаваны ідэолягамі рознага роду. І гэтае звар’яценьне ў вялікай меры закранула нас — бо два найжудасьнейшыя таталітарызмы ХХ стагодзьдзя, нацысцкі і камуністычна-бальшавіцкі, дзейнічалі якраз у нашых краінах — ад Нямеччыны да Расіі і ўва ўсіх краінах паміж Нямеччынай і Расіяй. Такім чынам, стагодзьдзе звар’яценьня — ХХ стагодзьдзе — пакінула сваё кляймо на нашых карках.
Наша гісторыя — гэта гісторыя звар’яценьня. Зірнем усе разам на вар’яцтвы, чыненыя ў гэтай частцы свету. І ці скончыліся яны? Напэўна, не, нягледзячы на ўсе зьмены, якія адбываюцца, на ўсе нашыя намаганьні.
Таталітарызмы вельмі глыбока закранулі нас усіх. Якраз у тых краінах, якія перажылі гэты жудасны досьвед, на кожным кроку відаць хваробы ХХ стагодзьдзя ў разнастайных нацыянальных эгаізмах, у розных формах нацыянал-камунізму; гэта адна з ідэалёгіяў ХХ стагодзьдзя — нацыяналізм, спалучаны з крайнім камунізмам ці таталітарызмам у розных прапорцыях, у розных формах. І дасюль сьляды яго існуюць часам у афіцыйных дактрынах, часам у нашым мысьленьні.
Мы вельмі ахвотна шукаем варагоў — гэта першы шлях мысьленьня, благі шлях — заўсёды нехта вінаваты, і гэта таксама спадчына стагодзьдзя звар’яценьня. Тут патрэбны «рахунак сумленьня» для ўсіх нас, і перадумовай любога дыялёгу зьяўляецца якраз такая рэфлексія, калі мы пачынаем усьведамляць, да чаго мы давялі сьвет і да чаго мы давялі нашы краіны. Гэта першы прынцып, дзякуючы якому я хацеў бы ўвыразьніць і падкрэсьліць, пра якія важныя справы ідзе гаворка.
А другі бок мэдалю ў гэтае жудаснае стагодзьдзе звар’яценьня, як і заўсёды ў гісторыі, — сьляды таго, што, аднак, людзі захавалі чалавечнасьць, што яны засталіся людзьмі і трэба цаніць гэта, бо застацца чалавекам у найцяжэйшых варунках — вельмі цяжкая справа; вельмі цяжка заставацца чалавекам, напрыклад, у канцэнтрацыйным лягеры або ў лягеры працы. Вядома, мала хто здаў гэты экзамэн, аднак усе людзі з нашых краін яго здавалі. Нягледзячы на нялюдзкія ўмовы, былі элемэнты захаванай чалавечнасьці і былі элемэнты пошуку міжчалавечай салідарнасьці.
У тое ж самае ХХ стагодзьдзе адбыліся вельмі важныя рэчы, напрыклад, на ўзроўні між Цэрквамі, дзе месца варожасьці паміж каталіцкай, пратэстанцкай і праваслаўнай царквой заняў надзвычай магутны рух другой палавіны ХХ стагодзьдзя — экумэнізм. Узьнікла абсалютна новая псыхалягічная атмасфэра, і гэта вялізны пералом. Для каталікоў, напрыклад, часы Яна ХХІІІ і ІІ Ватыканскага Сабору азначалі пералом, аснаватворнае прыняцьцё новых поглядаў. Можна прывесьці шмат прыкладаў новых адносінаў паміж народамі. Не хачу гаварыць аб нашай частцы Эўропы, бо ўжо некалькі гадоў мы тут зьдзяйсьняем спаважную працу ў гэтым абсягу, але прывяду вялікі эўрапейскі прыклад дачыненьняў паміж Нямеччынай і Францыяй. Гэта вялікае збліжэньне, заплянаванае элітамі, мудрымі людзьмі з аднаго і другога боку, прынесла надзвычай важныя вынікі. І тут можна множыць прыклады, і таму напрыканцы ХХ стагодзьдзя, гаворачы аб стагодзьдзі звар’яценьня, трэба памятаць, што былі людзі, якія захавалі гэтую чалавечнасьць і шукалі збліжэньня паміж нацыямі, расамі і рэлігіямі.
І ў гэтым кантэксьце наша сустрэча, сустрэча перадусім маладога пакаленьня, вельмі важная, паколькі гэтаму маладому пакаленьню давядзецца забясьпечыць разрыў з багажом жудаснага ХХ стагодзьдзя. Яно мусіць навучыцца думаць інакш, што вельмі нялёгка, паколькі кожны тут увасабляе пэўную фармацыю, школу, сям’ю і кожны нясе багаж гэтага жудаснага ХХ стагодзьдзя, і дзякуючы гэтаму для кожнага важны гэты разрыў, але ёсьць вялікая надзея, што наўперад маладыя людзі зробяць такога кшталту крок. І добра, што месцам нашага спатканьня быў абраны якраз унівэрсытэт, бо ў старой эўрапейскай традыцыі, пачынаючы з ХІІ, ХІІІ стагодзьдзя, можна сказаць, з пачатку Эўропы, унівэрсытэт як культурная зьява ў прынцыпе зьяўляецца месцам рэфлексіі, месцам мысьленьня аб сьвеце з пэўнай дыстанцыяй. Захоўваць дыстанцыю надзвычай важна. Жывучы дзень за днём сваім клопатам, тым, што сродкі масавай інфармацыі штодня паведамляюць нам, мы ня ўмеем абстрагоўвацца, а абстрагаваньне зьяўляецца неабходным для спаважнейшай рэфлексіі.