Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Іншай спадчынай сярэднявечча (нашмат мацнейшай на мацерыку, чымся ў Англіі) былі бар’еры межаў і мытняў, якія перашкаджалі гандлю. Мытныя зборы на ўсіх месцкіх раздарожжах і на рэчках. «Валы і жыды па чатыры пфэнінгі», — цытуе Лэндз інфармацыю, якая сустракалася на брамах шмат якіх нямецкіх мястоў. Безумоўна, усе гэтыя зборы стваралі ніяк не падваліны інфраструктуры, а толькі перашкоды для гандлю. У Нямеччыне гэтыя мытні выглядалі на параною. Толькі Напалеон прымусіў звольніць гандаль ад мытаў па лініі Рэйну, пасьля мытную сыстэму спрабавалі ўпарадкаваць у 1834 годзе, але ў асобных нямецкіх краінах раздарожжы пасьпяхова служылі бар’ерам для прагрэсу гандлю яшчэ ў семдзясятых гадох мінулага стагодзьдзя. Хто ведае, ці толькі разьвіты заморскі гандаль, ці таксама іншыя чыньнікі абумовілі тое, што пошасьць мытных бар’ераў нарабіла менш шкоды ў Англіі, чымся ў якой-любя іншай краіне Заходняй Эўропы, аднак гэта мела значэньне для разьвіцьця рынку і для пашырэньня тэхнічных навацыяў.

Шмат значыў для пачатку прамысловай рэвалюцыі ў Англіі таксама факт вельмі разьвітай перад тым саматужнай вытворчасьці ваўняных тканін. Забаўна, бо задоўга да прамысловай рэвалюцыі шукалі магчымасьці мэханізацыі прадзеньня і ткацтва, але пералом зьдзеяўся ў сувязі з імпартам бавоўны з Індыі. Бавоўна дзякуючы даўжэйшаму валакну аказалася лягчэйшым матэрыялам. Аднак з таго моманту, калі зьявіліся першыя прадзільныя машыны і кросны, мэханізацыя ўва ўсёй тэкстыльнай прамысловасьці рушыла поўным ходам.

Лэндз шмат разоў падкрэсьлівае, што пры вялікіх інавацыйных скачках усё залежыць ад таго, ці гатовае да іх грамадзтва і ці будзе суправаджацца выкарыстаньне новых прыладаў належным доглядам за імі, ці зьявіцца служба іхнага рамонту і тэндэнцыя да іх сыстэматычнага ўдасканаленьня. Адсутнасьць догляду і абслугоўваньня — сыстэматычная прычына паразаў уводжанай зьверху індустрыялізацыі або (як было ў выпадку з былымі калёніямі) перайманьня гатовай інфраструктуры новай уладай. Лэндз падае статыстыку шляхоў камунікацыі, пакінутых калянізатарамі ў Індыі і Афрыцы і беспрэцэдэнтна хуткі тэмп іх зьнішчэньня. Ён таксама паказвае, як часта поўным непаразуменьнем абвярталіся розныя праекты дапамогі такім краінам, якія ня бралі пад увагу культурныя і кліматычныя адметнасьці і ўзровень падрыхтаванасьці спажыўцоў. Мары пра раптоўны скачок у сучаснасьць, якую стварыў нехта іншы, зазвычай аказваліся скачком праз галаву ў парожні басэйн. Адной з прычын гэтых трагічных паводле наступстваў задумаў ёсьць памылковая інтэрпрэтацыя прычын уласнай адсталасьці. Былыя калёніі або напаўкалёніі маюць глыбокую патрэбу тлумачыць усе свае паразы эксплюатацыяй калянізатараў і мэтаскіраваным тармажэньнем прамысловага развою ў іхных краінах. Калі пры гэтым закранаюцца рэлігійныя адметнасьці, гарчэль набывае дадатковы сакральны вымер. Цалкам ігнаруецца факт, што гэтыя краіны лучылі ў залежнасьць дзеля папярэдніх слабасьцяў, найважнейшымі зь якіх былі, як правіла, прымусовая праца, адсутнасьць падзелу працы, фанатызм, блякаваньне асьветы ўладнымі элітамі і глыбокая варожасьць да вольнага гандлю. Бачачы ўсялякія перашкоды толькі ў вонкавых чыньніках, яны лучаюць у чарговыя пасткі, якія яшчэ больш аддаляюць іх ад найбольш разьвітых краін. Тут зьяўляецца чарговы элемэнт зачараванага кола: дзеля таго што гэта сьвет вінаваты ў нашай нядолі, то новыя праблемы выклікаюць узмацненьне разнастайных фанатызмаў і радыкалізмаў. Лэндз не належыць да палітычна карэктных. Ён ніяк не спрабуе прыменшыць сквапнасьць і драпежнасьць магутнейшых, але таксама ўважае, што танная сэнтымэнтальнасьць да тых, хто апыніўся ў прайгранкавым становішчы, нікому не дапамагае. Арабскія краіны і надалей характарызуе дэспатызм, а паступленьні ад продажу нафты блізу не павелічаюць іх вытворчых магутнасьцяў. Лацінская Амэрыка часткова страціла сваю глыбокую варожасьць да Злучаных Штатаў і зь пераменным посьпехам спрабуе сёньня мадэрнізаваць сваю эканоміку. Але і надалей тут не відаць нават спробы аналізу і разуменьня нутраных прычын назапашаных праблем. Падобнаю, толькі значна горшаю, бачыцца сытуацыя ў Расіі. Наколькі тут вінаваты камунізм, а наколькі мы маем справу з ранейшай спадчынай? На палёх роздумаў пра тое, чаму прамысловая рэвалюцыя зьдзеялася ў Англіі, Дэвід Лэндз піша:

«Усходняя Эўропа была, нібы іншы сьвет. У славянскіх краінах, асабліва ў Расіі, сыстэма паншчыны трымалася ў сваёй найгоршай форме. Бязьмежныя багацьці ў руках арыстакратыі азначалі нечуванае зьмяншэньне попыту на асноўныя прамысловыя тавары, попыту, які мог бы прывесьці да стварэньня масавай вытворчасьці... Насельніцтва было прызвычаенае да беднасьці і ня мела панятку пра вонкавы сьвет. Расія была дзяржавай зь вялікімі тэрытарыяльнымі амбіцыямі. Рана (з XVI стагодзьдзя) яна спрабавала вучыцца ў Захаду, хаця б для таго, каб здабыць самастойнасьць у вырабе зброі. Як дзяржаве, Расіі патрабавалася прамысловасьць, і царскі ўрад заахвочваў іншаземцаў адкрываць фабрыкі або працаваць на расійскіх фабрыках. Асобныя арыстакраты нават заахвочвалі прадпрымальных сялян ствараць майстэрні ў абмен на чынш. Але вынік прыводзіў толькі да ўзьнікненьня выспачак хірлявай прамысловасьці.

Расійскія прадпрыемствы ніколі ня дзеялі ў тым жа самым сьвеце, што заходнія прадпрыемствы».

Зьмяняюцца гістарычныя дэталі й дэкарацыі няўдалых гаспадарчых рэформаў, застаецца сама іста праблемы: прыдушаная ўласнымі элітамі свабода гандлю, станавая або каставая сыстэма, якую аберагаюць рэлігійныя структуры. Усё адно, апынімся мы ў Расіі ці ў Асманскай імпэрыі, у Індыі ці ў Лацінскай Амэрыцы, мы паўсюль бачым тыя ж самыя гераічныя намаганьні абараніць боскі грамадзкі парадак. І амаль усе наступствы ўчарашняга прыгоньніцтва дапаўняюцца барацьбой за захаваньне «традыцыйнага» месца жанчыны ў грамадзтве. Параўноўваючы іслам і Японію, Лэндз паказвае, якім падманлівым можа быць знадворны выгляд. Японская культура ёсьць нечувана macho, жанчын не відаць ні на палітычнай арэне, ні ў буйным бізнэсе. Аднак даволі зірнуць на адукацыйную статыстыку і троху больш уважліва прыгледзецца да японскай эканомікі, каб зразумець, што маем справу зь якаснымі адрозьненьнямі. Існуе дыскрымінацыя ў аплаце жанчын, жанчын вельмі часта звальняюць з працы дзеля іхнага замужжа, іх не відаць на палітычнай арэне, але ўсё гэта нельга нават параўнаць з становішчам жанчыны ў ісламскім сьвеце — у японскай сям’і і ў грамадзтве жанчына мае цалкам іншы статус. Лэндз захоплены Японіяй і іншымі краінамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі. У шмат якіх сфэрах Злучаныя Штаты прайгралі канкурэнцыю зь Японіяй, а самой Японіі ўсё часьцей даводзіцца напружвацца, каб ісьці ў нагу з сваімі суседзямі. Лэндз поўніцай згаджаецца з Вэбэрам, што кальвінісцкі варыянт пратэстантызму быў найлепшым рухавіком капіталізму. Аднак існуюць пэўныя падабенствы ў разьвіцьці Эўропы і Японіі. «У Японіі не было кальвінізму, — піша Лэндз, — але яе прадпрымальнікі практыкавалі аналягічную этыку працы. Ключавою тут была ўстаноўка на працу. Манах Судзукі Шосан (1579–1655), які спавядаў будызм, разглядаў сквапнасьць як духоўную атруту; але сама праца — штось зусім іншае. «Усе прафэсіі ёсьць формай практыкі будызму; праз працу мы спасьцігаем будысцкасьць». Ня трэба быць вэбэраўскім пратэстантам, каб дзеяць так жа, камэнтуе Лэндз.

Бясспрэчна, што ключом да азіяцкага посьпеху была этыка працы, а каапэрацыя зь іншымі краінамі разглядалася ў Азіі як гульня. Зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя японцы поўніцай усьведамлялі, што расклад сілаў няроўны і што яны мусяць змагацца зь невыгоднай кан’юнктурай. Адным з назіраньняў князя Акуба, калі ён у 1873 годзе вярнуўся з двухгадовага падарожжа ў Злучаныя Штаты і Эўропу, было тое, што брытанцы адмовіліся ад пратэкцыянізму на карысьць філязофіі laissez-faire адразу пасьля ўзмацненьня свайго эканамічнага першынства. Нават Адам Сьміт мусіў бы згадзіцца з гэтым назіраньнем, піша Дэвід Лэндз і дадае, што японцы навучыліся па-мастэрску абмінаць невыгодныя для іх пастановы, накінутыя сілай дамовы. Сёньня гэта ўжо не пытаньне беспасярэдняга прымусу, а баржджэй уціску і дыялёгу. Амэрыканскія і эўрапейскія эканамісты часта стаўляюць пытаньне: хіба японцы не разумеюць, што іх палітыка ізаляцыі ўласнага рынку ўдарае па іхных уласных спажыўцох? Хіба яны не разумеюць, што вольны гандаль адкрывае шлях да разьвіцьця і багацьця?

51
{"b":"598980","o":1}