Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ці напэўна? Ці міжволі я не ідэалізую, яшчэ раз прыводзячы нейкую зынакшаную вэрсію — гэтым разам культурную — сярэднеэўрапейскага мэсіянізму? Магчымыя два сцэнары падзеяў.

Паводле першага, літаратура Сярэдняй Эўропы можа, у найлепшым прылучаю, запісаць і аналізаваць на сваім прасьцягу той самы працэс, які агарнуў заходнюю частку кантынэнту раней і менш адчувальна. Іншымі словамі, бясьсільна назіраць, як непахісныя дагэтуль нормы паводзінаў, уважаныя за безумоўныя вераньні і адвечныя, здавалася б, перакананьні, перажываюць паступовую эрозію. Як працярэбіць сабе шлях — у гэтым даўно забытым ускрайку сьвету — новая мадэль культуры. Як гістарычнае сьведам’е выцясьняецца агістарычным мысьленьнем, упарадкаваная дыяхранія — эклектычнай сынхраніяй, пазачасовыя вартасьці — псэўдавартасьцямі. Як нацыянальная тоеснасьць выцясьняецца шматкультурнай тоеснасьцю, але ў выніку наплыву імігрантаў звонку Эўропы этнічна і культурна паліморфнае грамадзтва адмяняецца ў расава дыфэрэнцыяванае грамадзтва, але падпарадкаванае дыктату банальных зразаў унівэрсальнай культуры.

Але можа быць і так, што літаратура гэтага прасьцягу станецца адным із спосабаў пераадоленьня ксэнафобіі і прадухіленьня спакусаў нацыяналізму. Што будзе спрыяць лепшаму знаёмству народаў, якія цягам цэлых стагодзьдзяў хінуліся баржджэй да Рыму, Парыжу ці Вены, чымся да сваіх найбліжэйшых суседзяў. Перад ёй зьявіцца шанец прыгадаць культурныя зразы і традыцыі нават найменшых супольнасьцяў, якія не маглі поўніцай выявіцца пры камуністычнай мадэлі культуры. Спраўдзіць летуценьні аб Эўропе радзім — прынамсі, духовых. Сьцьвердзіць іншы варыянт быцьця эўрапейцам. У яе таксама ёсьць магчымасьць пасуліць адметнае, чымся вышменаванае, разуменьне тоеснасьці. Такое, якое б натуральна і гарманійна спалучала прывязанасьць да канкрэтнага месца на зямлі — з поўным зычлівага зацікаўленьня стаўленьнем да чужых. Пашану да чужой свабоды ажыцьцявіць собскі выбар — зь ясна акрэсьленым выбарам вартасьцяў, прызнаных найкаштаўнейшымі. Які б мёртвай статыцы ідэнтыфікацыі шляхам прыналежнасьці да нейкай групы супрацьстаўляў жывую дынаміку сувэрэннага самавызначэньня.

Яшчэ адна ўтопія! Можа быць. У кожным разе, і ў першым і ў другім прылучаю перад сярэднеэўрапейскай літаратурай адкрываюцца магчымасьці, якімі нельга пагарджаць. Няпраўда, што зьнікненьне таталітарнага Цыклёпу зрабіла яе мала цікавай і слабой, бо яна пачала рэпрадукаваць тыя ж самыя, што і іншыя літаратуры, стэрэатыпы. Ужо само апісаньне зьдзеяных на гэтым прасьцягу цывілізацыйных і культурных ператварэньняў магло б даць тэмы для некалькіх пакаленьняў. Як, зрэшты, і адказ на пытаньні: якім чынам узьнікала гэтая амальгама свойскіх і чужых элемэнтаў, часткова высваеных і часткова адкіненых? Якія былі спосабы або заканамернасьці абароны собскай культурнай спадчыны ад сыстэмы антывартасьцяў камуністычнага ладу? У якой ступені досьвед таталітарызму ўплываў на рэфлексіі аб собскай гісторыі і гісторыі ўсяго людзтва? Як, пазіраючы з гэтай пэрспэктывы, можна акрэсьліць істу эўрапейскасьці? Што прыносіць канфрантацыя поглядаў на Сярэднюю Эўропу звонку і на Заходнюю Эўропу зь Сярэдняй Эўропы? Карацей кажучы — трэба шукаць падобнасьці ў адметнасьцях і адметнасьці ў падобнасьцях. Формай пошукаў мог бы стацца рэалістычны раман або гратэскавая драма, дасьледаваньне ўзвычаеньняў або постмадэрнісцкі каляж — праблем і мастацкіх выяўленчых сродкаў, безумоўна, больш як дастаткова. Тым ня менш, польская літаратура дагэтуль ня выкарыстала гэтага шанцу. Яна ёсьць баржджэй сымптомам зьдзеяных ператварэньняў, чымся іхным сьведамым удзельнікам або крытычным сьведкам. Пасьля ўцёкаў зь сьвету ў ёй доўжацца ўцёкі з Польшчы — у постмадэрнісцкі кіч, культурны міт, глум з фэмінізму, стылістычную эквілібрыстыку. Пераходны этап? Канчальнае разьвітаньне з рамантызмам? Час пакажа.

Тэкст перакладзены паводле: Krasnogruda, № 6, 1997.

* Аляксандар Ф’ют — гісторык і крытык польскай літаратуры. Нарадзіўся ў 1945 г. у горадзе Жывец. Працуе ў Кракаўскім Ягелонскім унівэрсытэце прафэсарам катадры гісторыі польскай літаратуры XX стагодзьдзя. Доктар габілітаваны. Аўтар шэрагу выбітных працаў перадусім з абсягу літаратуразнаўства: «Доказ нятоеснасьці. Проза Вільгельма Маха» (Вроцлаў, 1976), «Вечны момант: аб паэзіі Чэслава Мілаша» (Парыж, 1987; Варшава 1993), «Пытаньне пра тоеснасьць» (Кракаў, 1995). Апошні твор ёсьць своеасаблівым працягам дасьледаваньняў, прысьвечаных Маху і Мілашу. У ім тоеснасьць прыцягвае аўтара як праблема, і ў поле разгляду трапляюць такія славутыя польскія пісьменьнікі, як Гамбровіч, Ват, Канвіцкі, Хвін і зноў Мілаш.

7–9 траўня 1996 году ўзяў удзел у навуковай сэсіі ў Прадоліне каля Быдгашчу, прачытаўшы спавешчаньне «Dwa spójrzenia na antyk: Kawafis i Herbert». Матэрыялы сэсіі, падзеленыя на тры разьдзелы («Ku cezurom — wbrew cezurom», «Ponad przedziałami czasu», «Przestrzenie szczególne polskiej literatury»), былі зьбертыя ў кнізе «Stare i nowe w literaturze najnowszej. Z problemów literatury polskiej po 1945 roku».

Чалец рэдкалегіі часопісу «Kwartalnik artystyczny. Kujawy i Pomorze». Супрацоўнічае з часопісам «Didaskalia».

Чалец журы найбольш прэстыжнай польскай літаратурнай прэміі «Nike».

Сталы ўдзельнік Міжнародных Гамбровіцкіх Фэстываляў — другога (адбыўся 7–11 чэрвеня 1995 году), трэцяга (11–15 чэрвеня 1997), чацьвертага (19–26 верасьня 1999). Падчас чацьвертага Гамбровіцкага Фэстывалю выступіў у дыскусіі на тэму «Гамбровіч і эсхаталёгія».

Аўтар манаграфіяў «Moment wieczny» (Wydawnictwo Literackie, 1998) — дасьледаваньня, прысьвечанага паэтычнай творчасьці Чэслава Мілаша, у якім робіцца спроба спасьцігнуць сьветагляд паэта пры дапамозе паэтыкі яго вершаў.

За апошнія тры гады прыгатаваў да друку і выдаў наступныя кнігі — «Czesław Miłosz, Traktat moralny. Traktat poetycki. Rozmowa-wstęp Czesław Miłosz, Aleksander Fiut i Andrzej Franaszek. Przypisy Aleksander Fiut» (1998), «Czesławowi Miłoszowi — poeci. Antologia. (Wydawnictwo Baran i Suszczyński, 1996), «Poznawanie Miłosza 2» (Wydawnictwo Literackie, 2000).

Сучасная польская літаратура, якую аналізуе Ф’ют, ёсьць сьведчаньнем эпохі, хворай на комплекс ідэнтычнасьці. Тым самым «пытаньне пра тоеснасьць» сыгналізуе, з аднаго боку, «сьмерць гістарычнага чалавека» (Лешак Калакоўскі), укарэненага ў супольнай мінуўшчыне, і, з другога боку, пачаткі новага, мадэрнага самавызначэньня індывіда.

У аснову зьмешчанага ніжэй тэксту быў пакладзены рэфэрат, спавешчаны 25 кастрычніка 1994 году падчас сэсіі ў Кракаве пад назовам «A Chance for Opening Up or Threat of Isolation? Central-Eastern European Writers in a New Political Setting».

Пераклад зьдзейсьнены з ласкавага дазволу аўтара і рэдакцыі часопісу «Krasnogruda».

Кшыштаф Чыжэўскi*

Этас аматара

Мы жывем у сьвеце, у якiм слова «прафэсiяналiзм» набывае ўсё большае значэньне. Проста адчувальным стаецца прэс неабходнасьцi прафэсiйнай працы, прафэсiйнага падыходу да сваiх заняткаў. Таму з паймом «аматарскае» зьвязваецца ўсё, што найгоршае: адсутнасьць кампэтэнцыi, аўтарытэту, гарантыi добрай якасьцi i г.д. Але якраз сёньня абарона этасу аматара падаецца мне асаблiва важнай. Я разумею, што гэта можа датычыць невялiкага кола асобаў, але мяркую, што гэтта, у Чарнай Дамбруўцы, для гэтага этасу знойдзецца зразуменьне.

Аматар, якога я хачу тут абаранiць, ня ёсьць адным з полюсаў апазыцыi «прафэсiйнае — аматарскае», «з дыплёмам — без дыплёму», «iнстытуцыйнае — пазаiнстытуцыйнае». Гэта было б занадта проста. Калi ўсё ж i трэба ўвесьцi нейкiя разрозьненьнi, то я б хацеў спаслацца на прыклад значна больш унiвэрсальны. Вось жа спасярод мадэляў чалавечага жыцьця вылучаюцца два тыпы: гаспадара, чалавека пры сродках працы, якi валодае ведамi, што i даюць яму грамадзкую i матэрыяльную пазыцыю, а таксама вандроўнiка, пiлiгрыма, паэта, песьняра, музыкi, «божага чалавека». Таксама здавён чалавек быў сьвядомы прысутнасьцi двух шляхоў пазнаньня праўды: шляху, што вядзе праз рупатлiвыя, спраўныя студыi, набыцьцё майстэрства i прафэсiйнасьцi, а таксама шляху, што вядзе праз iнтуiцыю, цнату некарысьлiвасьцi, спантаннасьць i намаганьнi. I хоць шляхi гэтыя неўзаемавыключальныя, а вартасьцi, што цэняцца на адным, бываюць шанаваныя i на другiм, як, прыкладам, адкрытасьць сэрца, аднак вырашальнай у гэтым разрозьненьнi ёсьць доза, ступень выяўленьня пачуцьцяў, якiя перасягаюць пэўную мяжу. Вiдаць, Бог, як гаворыць паданьне, напаўняючы келіхі чалавечых iснаваньняў жыцьцём, некаторым зь iх далiў на некалькi капкаў любосьцi больш, перапоўнiўшы судзiну. Ня ведаю, або ўчынiў ён гэта дзеля няўвагi, або за гэтым крыўся далекасяжны замер. У кожным разе насьледак гэтага такi, што на сьвеце завiхаецца троху людзей, якiя ня могуць знайсьцi сабе дому, якiм цяжка вытлумачыць, у чым палягае рацыянальнае i што дзейсна прыводзiць да мэты, людзей, якiя не падпарадкоўваюцца iсным межам, нормам i кодэксам, якiя ўхапiлi нiткi шаленства i належаць толькi самiм сабе. Зь iмi шмат клопату. Часамi даходзiць да буйнамаштабных адкрытых канфлiктаў, як гэта мела месца ў сярэднявеччы, калi ўжо моцна закасьнелую шкарупiну iнстытуцыяў Царквы парушыла францiшканская стыхiя. Падобнае здарылася ў жыдоўскай традыцыi ў XVIII стагодзьдзi, калi ў падначаленую рабiнам супольнасьць вучоных у Пiсьме, паглынутую студыямi над торай i захаваньнем усiх прыказаньняў i забаронаў, улiўся бурлiвы вiр хасыдзкай навукi. Сiла такога вiру заўсёды спантанная, iрацыянальная, яна падобная да блiску iскры. Таму ў гэтым сьвеце так цяжка адштурхоўвацца ад яе. Таму яна i надалей будзе схiляцца перад довадамi тых, хто трымае тут уладу, хто будуе дамы i дзяржавы i хто ўжо саму ейную iдэю называе ўтапiчнай.

93
{"b":"598980","o":1}