Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Думка аб Сярэдняй Эўропе ёсьць для малых нацый шанцам выйсьці з ізаляцыі, позіркам на перагасы свае нацыі з шыршай і ўзбагачальнай пэрспэктывы. Але новыя часы прыносяць новыя выклікі. Раней злучаў баржджэй супраціў падзелу Эўропы і мінуўшчына. Цяпер, з увагі на ўзьнікненьне постмадэрнісцкай, агульнасусьветнай культуры, большую, чымся нацыянальныя адметнасьці, вагу будзе мець досьвед таталітарызму. А для малых нацый, на думку Янчара, спраўджаная ўтопія сярэднеэўрапейскай інтэграцыі будзе адначасна пробай сілаў што да вывальненай культуратворнай энэргіі суседзяў. Славенія, заміж таго, каб быць месцам скрыжаваньня розных інтэлектуальных плыняў, можа стацца «кішанёй Эўропы». Гэткі кон можа напаткаць і іншыя малыя і сярэднія нацыі. Калі ўтопія была спраўджана, перад літаратурай паўстала новае заданьне — распазнаць Сярэднюю Эўропу як сапраўднасьць. Заміж ідэалізацыі і прыхарошваньня паставіць перад ёй «люстра, у якім яна абачыць свой другі, выродлівы, часта скрыўлены ад нянавісьці, хцівасьці і зайздрасьці твар. Твар ксэнафобіі і кляўстрафобіі, антысэмітызму, нацыянальнай нянавісьці, уціску мяншыняў, як нацыянальных, так і культурных, ня толькі грамадзкіх, але і сьветаглядных»[203]. Таму памкненьне да прызнаньня разнароднасьці, узбагачаючай усіх цыркуляцыі ідэй, перакананьняў і інтэлектуальных плыняў, павінна ісьці ўзапар з крытычнай аўтарэфлексіяй.

Чарговай пагрозай ёсьць культурная ўніфікацыя і ўтрата тоеснасьці. «Амэрыканскі melting-pot не абмяжоўваецца паўночна-амэрыканскім кантынэнтам, ягоная панадлівасьць замыкаецца ў індывідуалізьме, маторы грамадзкага дынамізму. У гэтым няма нічога благога. Праблема замыкаецца адно ў тым, што з культурна-шавіністычнай жывёлы чалавек вельмі борзда можа бязь цяжкасьці ператварыцца ў жывёлу бізнэсу». Але для яе лякальныя адрозьненьні трацяць значаньне, а агульнапрынятая аднародная культура, якая адзначаецца перасечнасьцяй і правінцыялізмам і ня мае «ні аўтахтонных жаролаў, ні агменяў крызысу»[204], заменіць колішняе, разнастайнае ейнае багацьце.

Іншую пагрозу нясуць зразы культуры, абвешчаныя заходнеэўрапейскімі спадкаемцамі ідэалёгіі Трэцяга Сьвету, а таксама прарокамі постмадэрнізму. Паводле першых, самаідэнтыфікацыя праз культурную прыналежнасьць становіць сабой форму абароны ад спрашчэньняў эўропацэнтрызму, а таксама сьведчыць аб пашане да размавітасьці ўзвычаеньняў. Таму яна абапіраецца на пахвальны дух талеранцыі і антырасізму. Але ці пэўна? Як даводзіць Алан Фінкелькраўт у знакамітай кнізе «Параза мысьленьня», «вельмі лёгка можна накласьці культурную тоеснасьць на тоеснасьць калектыўную і заняволіць індывідаў ува ўтворанай на подзе паходжаньня групе, не паклікаючыся пры гэтым на законы спадкаемнасьці»[205]. Што ідзе за гэтым — разглядаць кожную культуру як гермэтычную цэласьць, ізаляваную ад суседніх культур, а іхную множасьць прызнаць дзейнікам, які дэтэрмінуе ўсе іншыя. Адны прыхільнікі зразуметай так «шматкультурнай ідэнтычнасьці» шукаюць абгрунтаваньня прымату групы над індывідам у канцэпцыі калектыўнага несьвядомага, адначасна асуджаючы найменшыя нават праявы шавінізму і расавай сэгрэгацыі. Другія радзяць узгадаваньне ў духу рэлятывізму. І тым самым перакрэсьліваюць тое, што ў культуры падлягае гіерархіі і заразом падцінаюць вышэйшасьць эўрапейскай культуры над іншымі культурамі. «Таму (...) рашчыняючы такім чынам культурніцкае ў культурным, яны адным стрэлам дасягаюць дзьвюх мэтаў: не дазваляюць нам захапляцца сабой і лякуюць нас ад імпэрыялізму і ад пляменнага інстынкту, ад веры, што мы ўганараваныя захавальнікі ўнівэрсальнасьці, і ад агрэсіўнага ўвыразьненьня нашай спэцыфікі»[206]. Такім парадкам з культуры і літаратуры зьнікаюць унівэрсальныя элемэнты, а раманы адмяняюцца ў нешта накшталт «архіву», запіс завядзёнак, вартасьцяў і перакананьняў этнічнай групы. Бо «толькі і вылучна ў навуцы чалавек узносіцца над пэрцэпцыйнымі схемамі, укарэненымі ў ім калектывам, чальцом якога ён ёсьць», а «ў сфэры ўзвычаеньняў, інстытуцый, вераньняў, інтэлектуальных і мастацкіх здабыткаў — застаецца прыкутым да свае культуры»[207]. Тым самым стаецца немагчымым паразуменьне ў чалавечай супольнасьці, абапёртай на абсалютных вартасьцях, аціхае дыялёг у імя вечнай праўды і пазачасавай харашбы. «Талеранцыя супраць гуманізму»[208] — не адзіны парадокс гэтай ідэалёгіі. Іншы — маскаваны зычлівым зацікаўленьнем — палягае ў непрыязнасьці да прыхадняў звонку, у прагненьні ашчаджаць Эўропу ад чужых уплываў. Больш таго, працягвае свае развагі вучоны, гэта аблудная талеранцыя ў ісьце ёсьць маўклівай пахвалой няволі, паколькі ў імя ўяўнай пашаны да культурнай апрычонасьці і страху быць абвінавачаным у грэху эўропацэнтрызму яна без супраціву акцэптуе ўпісанае ў некаторыя рэлігіі і ўзвычаеньні парушэньне прыроджаных правоў чалавека.

Троху падобную, але ўсё ж іншую зразу «шматкультурнага чалавека» вызнаюць прыхільнікі постмадэрнізму. «Ягоныя адэпты заклікаюць не да аўтэнтычнага грамадзтва, дзе б усе жылі ў цепліні свае культурнае тоеснасьці, а да паліморфнага грамадзтва, да стракатага сьвету, які б зрабіў кожнаму прыступнымі ўсе формы жыцьця. Ухваляецца ня столькі права на вырознасьць, колькі паўсюднае памяшаньне, права кожнага на спэцыфічнасьць Іншага. Шматкультурны значыць для іх добра забясьпечаны (...). Яны спажыўцы, а не захавальнікі існуючых традыцый»[209]. Для іх аднолькавую вартасьць маюць творы як высокай, так і нізкай культуры: тэлевізійная зорка і выдатны вучоны, тэатар і спартовае відовішча, шэдэўр і кіч. «Пара чаравікаў вартая Шэксьпіра, абы толькі насіла подпіс слыннага праектанта»[210]. Кожны выбар адвольны, індывідуальны і нічым ня стрыманы, таму што ім кіруе адно прынцып прыемнасьці.

Як кажа Фінкелькраўт, постмадэрнісцкая думка, як і асьветніцтва, прагне адарыць чалавека незалежнасьцяй. З той толькі розьніцай, што культура перастае быць для яе снадзівам эманцыпацыі і стаецца перашкодай. Адсюль «элітарнасьцю (або нечым непрымальным) ёсьць не адмаўленьне масавай культуры, а адмаўленьне фірмавага знаку якой-колечы культуры або забаўляльнай імпрэзы». Тым самым безразважнасьць стаецца вартасьцяй, роўнай развазе, а зацярушваньне межаў паміж культурай і забаўляльнымі імпрэзамі прыводзіць да таго, што шэдэўры насамрэч існуюць, але «ўжо няма месца, дзе б іх можна было прыняць і надаць ім належнае значаньне. Яны абсурдна сігаюць у прасьцягу, без арыенціраў і пунктаў суаднясеньня»[211]. Усё гэта робіць індывіда адзінотным, тне ягоныя повязі з супольнасьцяй, робіць падаўкім на маніпуляцыі, аглужджае ўявамі свабоды. Нованароджаны дух калябарацыі йдзе ўзапар з ухваленьнем інфантылізму. На сцэну цывілізацыі трыюмфальна ўступае Млокас (Mlokos), нагэтулькі йнакшы ад таго, прыйсьце якога прадказваў і якога шанаваў Гамбровіч!

Дзе гэтта месца для ідэі Сярэдняй Эўропы, для ейнай літаратуры? Ёй успаможа ацалець, як я мяркую, ейная апрычоная непаўторная оптыка. Іншы позірк на сваю краіну, на будучыню кантынэнту, на кон цывілізацыі і плянэты. Гэтаксама — на прадстаўленыя вышэй зразы тоеснасьці. Сярэднеэўрапейскі інтэлектуал перабывае ў троху лепшай і троху горшай, чымся ягоныя заходнія калегі, сытуацыі. Ён не дзяржыць сантымэнтаў да створанай край Міжземнага мора культуры і не імкнецца супрацьстаўляць ёй паўсталыя ў іншых мясцох культуры. Але заразом — застаючыся ў ейным абсягу, ён можа станаўчэй дамагацца права на сваю апрычонасьць і непаўторнасьць, можа лепей упільнаваць вартасьці, якія суляе варыянт унівэрсальнай зразы. Ён таксама можа гучней патрабаваць раўнапраўя для культур невялікіх грамадзтваў, малых этнічных або рэлігійных групаў. У ягоным праве прыгадаць, што тоеснасьць індывіда ўмацоўваецца ня толькі тым, што культурнае, але і тым, што мэтафізычнае або рэлігійнае. Ягоным абавязкам павінна стаць абарона гіерархіі і вяртаньне аксіялягічнага ладу. Культура ня ёсьць для яго сыстэмай ізаляваных манад, а ейную вартасьць не абумаўляюць адно вырознасьці. Ён мяркуе, ці, прынамсі, мае надзею, што, наадварот, яна можа ўзбагачацца осмасам размавітых зразаў і дыялёгам, што выходзіць за гістарычны час і дадзенае месца. У сваіх выбарах жыхар гэтай часткі Эўропы не кіруецца адно прынцыпам прыемнасьці. Культура і надалей застаецца для яго нечым спаважным, бо за яе абарону ён заплаціў надта высокую цану і зашмат наўзіраўся на насьледкі яе баналізацыі і спрашчэньня ідэалёгіяй. Ён мае да яе пашану, памяшаную з дыстанцыяй і доляй іроніі — ён ведае, наколькі яна патрэбная і наколькі яна бывае нетрывалай. Таму ў ім дрэмле, амаль паводле закону інэрцыі, патрэба разрозьняць, схільнасьць цанаваць. Заразом — скептычнае стаўленьне да ўсіх аўтарытэтаў і адназначных высноваў.

вернуться

203

Ibidem, s. 76.

вернуться

204

Ibidem, s. 93.

вернуться

205

A. Finkelkraut: Porażka myślenia. Przeł. M. Ochab. Warszawa, 1992, s. 92.

вернуться

206

Ibidem, s. 98.

вернуться

207

Ibidem, s. 100.

вернуться

208

Ibidem, s. 102.

вернуться

209

Ibidem, s. 114.

вернуться

210

Ibidem, s. 115.

вернуться

211

Ibidem, s. 120.

92
{"b":"598980","o":1}