Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ці можна тады вылучыць у гэтых літаратурах тое, што становіць сабой у іх, так бы мовіць, экстракт сярэднеэўрапейскасьці? Такія спробы рабіліся шматкроць, але сама іх шматлікасьць схінае да роздуму. Бо, з аднаго боку, памкненьне да самавызначэньня ёсьць выяўна артыкуляванай патрэбай прызнаньня сваёй самабытнасьці, выняткавасьці і арыгінальнасьці. З другога — у іх досыць парадаксальна падкрэсьліваецца, што гэтыя літаратуры становяць сабой інтэгральную частку літаратуры Захаду. У гісторыі літаратур — што, можа, становіць сабой чарговы довад іх рамантычнай генэалёгіі — аўтары шукаюць галоўна пацьверджаньня сваіх дыягназаў сярэднеэўрапейскай мэнтальнасьці. І там таксама знаходзяць апірышча, мяркуючы, што гэта адзіная сфэра, у якой не раздаюцца воклічы этнічных нянавісьцяў і аціхае бразгат зброі. Дзе існаваньне эўрапейскай культурнай спадчыны такое ж натуральнае, як паветра. Даніла Кіш нат цьвердзіць, што адрознай рысай паэтыкі сярэднеэўрапейскага пісьменства ёсьць «іманэнтная прысутнасьць культуры», што выражаецца ў багацьці і разнастайнасьці рэмінісцэнцый, алюзій і ў пераасэнсаваньні матываў і сымбаляў міжземнамор’я. Паводле Мілаша, гэткай рысай ёсьць «сьведам’е гісторыі», якое абумаўляе ўчынкі герояў і зьмяняе кансыстэнцыю бэлетрыстычнага часу. У адваротнасьць ад заходнеэўрапейскай літаратуры, дзе «час нэўтральны, бясколерны, бязважкі, плыве без зыгзагаў, без імклівых выгінаў, стромкіх парогаў», у пісьменьнікаў зь Сярэдняй Эўропы ён «інтэнсіўны, спазматычны, поўны неспадзяванак»[197]. Бо гісторыя гэтта сузіраецца вачыма сьведкаў або ахвяраў, прыходзіць звонку і зьнянацку. Зьнішчальная, як стыхія, няўрымсьлівая, як паліцыя таталітарнай дзяржавы. Якраз гэта прыводзіць да таго, што мяжа, якая аддзяляе дабро ад ліха, застаецца выразьліва праведзенай, а праўда, годнасьць ды мэтафізычны элемэнт у людзкіх душах захоўваюць сваё даўнае значаньне. Іншымі словамі, літаратура Сярэдняй Эўропы перахавала з эўрапейскай спадчыны тое, што найкаштаўнейшае ў ёй, і што на Захадзе было зглумлена, забыта або занядбана. Для Кундэры гэткім найкаштаўнейшым спадкам заходняй літаратуры, упаасобку францускай, ёсьць думка і літаратурныя зразы асьветніцтва. Карацей кажучы, гэты ўяўны сярэднеэўрапейскі літаратурны экстракт ёсьць зазвычай гіпастазаваньнем собстваў літаратуры адной нацыі або характэрных для аднаго твору рысаў. Наколькі ілюзорнымі бываюць такія спробы, паказвае нарыс Барбары Таруньчык, якая важыцца шукаць духу Сярэдняй Эўропы ў творах супрацаўнёў «Zeszytуw Literackich»[198].

У гэтым месцы ўзьнікае прынцыповае пытаньне: ці не былі гэтыя ілюзіі насьледкам паняволеньня? Аджа лёгка давесьці, гістарычнае сьведам’е ў роўнай ступені прасякае як польскія, чэскія ці вугорскія раманы, так і расійскія ды нямецкія. Што і ў іх няцяжка знайсьці чысьленыя сьляды грэка-рымскай культурнай спадчыны. Што і там час бяжыць спазматычна. Тады ці няма ў літаратуры Сярэдняй Эўропы тэмаў, якія б адразьнялі яе ад іншых эўрапейскіх літаратур? Я мяркую, што можна выразьніць прынамсі тры такія тэмы. Гэта: непрыняцьцё пэрыфэрыйнасьці, пачуцьцё рухомасьці межаў, а таксама праблематычная тоеснасьць. Першая тэма выводзіцца з больш ці менш прыхаванага комплексу непаўнавартасьці. Пільнай патрэбы давесьці сабе і сьвету, што мы ня горшыя за тых, хто насяляе культурныя цэнтры. Што мы ня нейкія бязродзічы і маем права ганарыцца творамі, якія могуць на роўных супараваць з найлепшымі. Другая тэма ёсьць, відаць, рэфлексам досьведу, які спараджае перабываньне ў прасьцягу шырака зразуметых крэсаў. У сфэры несупыннага осмасу альбо канфліктаў паміж грамадзтвамі, якія легітымуюцца адрознай культурай, асобным абычаём, сваёй рэлігіяй, іншай мовай. Адсюль таксама выплывае, спраектаваная ў больш ці менш аддаленую гістарычную мінуўшчыну, утопія гарманійнага сужыцьця. Наапошку трэцяя тэма. Праблематычнасьць тоеснасьці можна разумець дваяка: яна ўяўляе сабой заданьне, якое трэба разьвязаць і заразом ёсьць нечым толькі гіпатэтычным, устаноўленым на момант, патрабуючым аднаўленьня намаганьняў. А бывае так таму, што працэс самавызначэньня налучае на размавітыя перашкоды. Ён паклікаецца на тыя зразы і сымбалі, якія або цяжка расшыфраваць, або якія нагэтулькі перамяшаныя паміж сабой, што іх немагчыма скласьці ў празрыстую сыстэму. Іншыя яшчэ пагрозы нясе гамагенізацыя, сьпярша праводжаная таталітарнай сыстэмай, якая пасьлядоўна выгубляе тое, што адзінкавае і непаўторнае, на карысьць ідэалягічнай уявы, абапёртая пераважна, хаця і ня толькі, на амэрыканскіх зразах масавае культуры. Безумоўна, ступень пагрозы з боку гэтай апошняй непараўнальна меншая. Аджа яна не валодае формамі рэпрэсій і не аказвае такога гнятлівага, як таталітарная сыстэма, націску. Гэтай пагрозы нельга, аднак, недаацэньваць.

* * *

Ці так наснуджаная літаратура Сярэдняй Эўропы можа даць годны адказ выкліку новых часоў, калі ўжо збураны бэрлінскі мур? На першы пагляд, усё прамаўляе за гэта. Пагатоў, што ўжо няма адзінай культуры з выразьлівым цэнтрам, зьменлівасьць разнастайна зразуметых межаў стаецца собствам усёй плянэты, а з устанаўленьнем собскай тоеснасьці эўрапейцы маюць такі ж самы клопат, як азіяты і амэрыканцы. Аснавасяжную розьніцу паміж захадам і цэнтрам Эўропы, аднак, не ўдаецца так лёгка прадухіліць. Працэс карпатлівай рэканструкцыі зьнішчаных таталітарызмам зразаў сутыкаецца тут з радаснай і бесклапотнай іх дэструкцыяй. Настальгія за ўтрачаным кшалтам — із стомленасьцяй формамі культуры, якая нібыта ўжо высілела свае магчымасьці. Спробы ўваскрасіць своеасаблівую адмену мэсіянізму — з канчальным адыходам як ад асьветніцкіх, так і ад рамантычных традыцый зь іхнай верай у прагрэс, разумны парадак гісторыі, неабмежаваныя магчымасьці рэвалюцыйных зьменаў. І ўсе гэтыя намаганьні, трэба дадаць, нібы затрымоўваюцца на палове, напару нязграбна, кароткачасова, выбухаючы фаервэркам адразу пасьля здабыцьця свабоды, каб згаснуць у шэрай імгле посткамунізму.

Гэтыя собствы, якія, здавалася б, абяцаюць сярэднеэўрапейскай літаратуры вывальненьне ад нязноснай правінцыйнасьці і шанцы на ўнівэрсальнасьць, досыць парадаксальна аказаліся анахранічнымі. Поймы пэрыфэрыі, мяжы і тоеснасьці маўкліва заклалі парадак, разрозьненьне і гіерархію, і якраз яны былі паглумленыя разам із стаўляньнем пад сумлеў самой ідэі Сярэдняй Эўропы. Сьмяротны ўдар нанесла ёй вайна ў колішняй Югаславіі, незалежна ад таго, як разглядаць гэты канфлікт — у гістарычных, палітычных ці культурных катэгорыях. Як піша Драга Янчар: «Югаславія ўяўляе сабой найбольш хаатычную частку Эўропы. Я мяркую, што гэты хаос нельга апанаваць. Таму — можа, я троху перабольшваю — што ў ёй бачаць мэтафару глыбокага хаосу, які агортвае ўвесь сьвет, усе адварочваюцца ад яе. Гэты зьлепак культур, цывілізацый, рэлігій, бізантыйскіх, каталіцкіх і эўрапейска-нацыяналістычных інгрэдыентаў адлюстроўвае хаос сьвету, ад якога лінеарныя, парадкуючыя гэты сьвет розумы адварочваюцца з адгаворкай: гэтага я не разумею»[199].

Імклівы выбух застарэлых крыўдаў і сукрытых нянавісьцяў, здаецца, паклаў канец ілюзіям аб магчымасьці гарманійнага суіснаваньня або, прынамсі, халоднай талеранцыі. Іхнае калекае ўвасабленьне ў формулу камуністычнай дзяржавы як гаранта раўнапраўя выявіла сваю крохкасьць і выкрыла фальшывую ўяву. Паводле Янчара: «Камуністы і фашысты зьдзейсьнілі кампіляцыю ўсіх асьветных поклічаў мінулых эпохаў, але заміж упарадкаваных сацыяльных і нацыянальных дзяржаваў мы атрымалі небясьпечную, забойчую мяшанку. Яна ўзмагутніла ўсё, што было найгоршага як у асобных людзях, так і ў нацыянальных, калектыўных ідэях». Але ён таксама ўскосна давёў, што ў гісторыі ня ўсё можна ўкласьці ў лягічны парадак прычынаў і насьледкаў. «Як і ўва ўсім сьвеце, у югаслаўскім хаосе ёсьць шмат ірацыянальнага»[200].

Якраз да разуменьня гэтага прыходзіць літаратура тых краін, існаваньне якіх пастойна стаіць пад знакам запытаньня. Для якіх, як для славенцаў, культура, існаваньне нацыі — гэта «пацьверджаньне ў супрацьстаяньні»[201]. Яна падстаўляе фанабэрлівай аптымістычнай Эўропе крывое люстра пэсымізму. Яна «закранае праблемы жыхара Сярэдняй Эўропы, які балянсуе на ўскрайку ўсіх эсхаталёгій, што абяцаюць найлепшы ізь сьветаў». Яна «ведае, што парадоксы гісторыі і ейныя поўныя іроніі падумкі адчувае на собскай скуры, у собскім сэрцы і розуме перадусім чалавек. А таксама трагічныя парадоксы сваёй нацыі (...) ейнай культурнай і якой-любя іншай тоеснасьці. Чалавек, які бязьлітаснай іроніі гісторыі і ўсім ейным эсхаталёгіям супрацьстаўляе сваю крохкую, чулую і перахаджалую экзыстэнцыю. Адно сваё жыцьцё. Свой пануры сьмех»[202].

вернуться

197

Cz. Miłosz, op. cit.

вернуться

198

Гл.: B. Toruńczyk: O królach i duchach — z opowieści wschodnio-europejskich. «Zeszyty Literackie», № 20, 1988.

вернуться

199

D. Jancar: Terra incognita. Przeł. J. Pomorska. Warszawa, 1993, s. 33.

вернуться

200

Ibidem, s. 34–35.

вернуться

201

Ibidem, s. 43–44.

вернуться

202

Ibidem, s. 54.

91
{"b":"598980","o":1}