Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Заданьне, якое нас чакае, кажа Морын, — выйсьці за нацыю і за правінцыю. «Мы жывем аблудай, што тоеснасьць — гэта непадзельнае адзінства, дарма што гэта заўсёды unitas multiplex. Мы ўсе ёсьць істамі з чысьленнымі тоеснасьцямі ў тым сэнсе, што спалучаем у сабе фамільную, лякальную, рэгіянальную, нацыянальную, наднацыянальную (славянскую, германскую, лацінскую) тоеснасьць і, у сьцягу прылучаёў, рэлігійную і дактрынальную тоеснасьць»[186]. Гэныя тоеснасьці могуць уступаць у канфлікт, але могуць быць таксама формай нутранога ўзбагачэньня. Загэтым эўрапейская тоеснасьць павінна стаць ня толькі часткай плянэтарнай тоеснасьці, але таксама пэўнай ейнай мадэляй, якая лучыць ідэю мэтанацыі з ідэяй правінцыі.

Мабыць, і ў гэтым месцы варта спаслацца на сярэднеэўрапейскі досьвед. Аджа ён як бы выяўляе нэгатыўны бок канцэпцыі Морына. Бо дзе больш, як не на гэтым прасьцягу, выгубляльны вір уцягваў цэлыя народы? Дзе дыялёг перарастаў баржджэй у бурлівую спрэчку і ходаньне? І дзе больш балюча былі адчутыя насьледкі стагодзьдзя ідэалёгій і фальшывых мэсіянізмаў? Але для сярэднеэўрапейцаў ідэя мэтанацыі магла б быць збавенным лекам ад хваравітага нацыяналізму, а трактаваньне Эўропы як правінцыі сьвету магло б вылекаваць іх ад комплексу перабываньня наўзбоч гісторыі. Адылі, ці мусіць гэта адбывацца пад знакам Ніцшэ? Ці сапраўды гераічны нігілізм ёсьць адзінай зразай на будучыню?

Дамэнак, палемізуючы з Морынам, робіць большы націск на энэргетычныя, а не дыялягічныя, собствы эўрапейскае культуры, на ейную здольнасьць да самаператварэньня. Як ён адцямляе: «Гісторыя — гэта не давяроная праўда, ні цалком ужо змрочная сапраўднасьць. Гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе прошлыя падзеі, каб на гэтым подзе аналізаваць сваю цяперычыню і плянаваць будучыню». Бо няма адной эўрапейскай культуры, а ёсьць культура Эўропы, сілу якой вызначае адметнасьць кожнай нацыянальнай культуры. Эўрапейская культура існавала, гэта праўда, але толькі «ў кароткіх проблісках, зь якіх найпазарчэйшым была фаза юдэа-чэска-германскай культуры ў 1880–1930 гадох»[187].

Але пярэйсьце ад нацыянальных дзяржаваў да Эўропы як культурнай супольнасьці налучыць на шмат замінаў. Адной зь іх ёсьць ўзрост своеасаблівага фундамэнталізму, які на Захадзе выражаецца ў апэляцыі да рэлігійнай і этнічнай тоеснасьці як адатруты на масавую касмапалітычную культуру. Дамэнак бароніць ідэю нацыянальнай дзяржавы, але разумее яе як супольнасьць, абапёртую на сувэрэнным рашэньні індывідаў, што ўтвараюць яе. На ягонае перакананьне, толькі так зразуметая ідэя становіць сабой процівагу як ізаляцыянісцкім памкненьням малых групаў, так і тэндэнцыі да ўніфікацыі ў Эўропе культуры і эканомікі. Як тады шукаць эўрапейскую тоеснасьць? Пэўна, ня так, як шукалася нацыянальная тоеснасьць, не спалучаючы яе з нацыяналістычнай і расісцкай ідэалёгіяй.

Эўрапейская тоеснасьць павінна быць пакліканьнем, а не дэтэрмінантай. Тымчасам, зацямляе Дамэнак, працэсы ў цяперашняй Эўропе выражаюць патрэбу ўкараненьня і заразом нястачу зацікаўленьня культурай суседзяў. Утвараецца Эўропа без гістарычнага сьведам’я. Заміж Эўропы гуманістых — Эўропа масаў, зацікаўленых адно тэхнікай і эканомікай. Прыклад Францыі сьведчыць, што пад пагрозай апынілася і адметнасьць, і ўнівэрсальнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна падлягае ўціску амэрыканізацыі, паколькі не ўзумела перайсьці ад культуры элітарнай, шанаванай вонках Францыі, да культуры масавай. «Амэрыканская культура для сёньняшняй месцкай папуляцыі ёсьць (...) нечым натуральным чынам унівэрсальным, бо яна адлюстроўвае адпаведнасьць індывідуальнай творчасьці з агульнай сытуацыяй»[188].

Загэтым узьнікае асьцярога, што ў грамадзтве, узвычаеньні і мэнтальнасьць якога фармуюцца здабыткамі тэхнікі, традыцыйная культура ня здолее ператрываць. Фундамэнталізм, сутаргавае трыманьне за анахранічную традыцыю шмат не абяцаюць. «Памяці не дастаткова, каб захаваць лучнасьць із сваёй зямлёй, з собскай мінуўшчынай. Патрэбна яшчэ воля расшырэньня гарызонтаў і ахвота перажываньня новых прыгодаў»[189].

Павучальнай у гэтым сэнсе ёсьць, паводле Дамэнака, навука Сярэдняй Эўропы. Пры гэтым ён мае наўвеце культуру Вены, творцамі якой былі жыды, «што становіць сабой яшчэ адзін довад на карысьць таго, што не ўкараненьне, а выкараненьне аказваецца плённым у крытычных часох». І якраз «гэты юдаізм (пераважна антырэлігійны і асыміляваны) быў апошняй перамогай Эўропы, сапраўды вернай сваёй культуры, якая — перш як яе зьнішчыў фанатызм — дала сьвету ключы ад новай цывілізацыі»[190]. Дамэнак, што зьдзіўляе, гаворыць аб усёй Эўропе словамі, пад якімі маглі б падпісацца колішнія абароньнікі ідэі Сярэдняй Эўропы: «Эўропа ні геаграфічная прастора, ні гістарычная субстанцыя. Гэта перадусім духовая прастора: злучво хрысьціянізаваных земляў, якія перанялі патройную спадчыну юдаізму, Грэцыі і Рыму»[191]. Галоўная вартасьць гэтай культуры ў «пацьверджаньні, паглыбленьні і ўдасканаленьні чалавечай асобы ў ейнай непаўторнасьці, у ейнай харашбе і правах»[192]. У подзе эўрапейскага духу ляжыць здольнасьць перасягаць абмежаваньні і несупынна стаўляць пад сумлеў собскія структуры. Яна можа аказвацца небясьпечнай, як гэта паказалі сусьветныя войны, але адначасна ёсьць жаралом ейнага пастойнага адраджэньня. Карацей кажучы, стан крызысу ёсьць у Эўропе не часовым забурэньнем, а пастойным станам.

Эўрапейская тоеснасьць як вартасьць, залежная ад нацыянальных культур, хаця сама і ня будучая культурай, будзе адказам на найважнейшыя выклікі эпохі, выходзішчам цывілізацыйных чаканьняў і грамадзкай палітыкі. Абапёртая на супольнасьці кону, яна можа стаць падставай інтэграцыйных захадаў. Настрою зьняверанасьці, які суправаджае адыход у мінуўшчыну нацыянальнай дзяржавы, Дамэнак супрацьстаўляе праект Эўропы розумаў і Эўропы грамадзянаў. Эўропы, якая, выкарыстоўваючы патэнцыял кожнай нацыі, можа дзейсна адказаць на паўсталыя перад ёй выклікі ў сфэры грамадзкай палітыкі, экалёгіі, а таксама культурнай інтэграцыі, якая вядзе да новага рэнэсансу. Ён бачыць шанец на згасаньне шмат якіх гістарычных, ідэалягічных і рэлігійных канфліктаў у патрэбе паклікацца на адныя і тыя ж вартасьці. Але адыход ад нацыянальнай дзяржавы да палітычнай структуры без гістарычнага прэцэдэнту прыводзіць да таго, што ў заходняй думцы адчуваецца нястача тэарэтычных падставаў для адбыванай эвалюцыі. Адныя галасы — з сарказмам зацямляе францускі думаньнік — якія можна ўчуць у гэтай пустцы, даносяцца да нас зь Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы: гэта перасьледаваныя дысыдэнты, якія не баяцца вымавіць слова «свабода». Палякі, чэхі, вугорцы і цэлыя легіёны вялікіх сьведкаў Гулагу... Жудасны парадокс: подаў існаваньня супольнай Эўропы, а гэтаксама ейнай душы, нам трэба шукаць вонках Эўропы дванаццацёх»[193]. Таму неабходна зьвярнуцца да традыцыі дзевятнаццатага стагодзьдзя, сіляючы зь яе ідэю неадасабленьня самасьцьвярджэньня індывіда ад кону супольнасьці. Паводле Дамэнака, рэцэпт для Эўропы будучыні — гэта развой сярэдніх местаў, раўнавага паміж правінцыяй і цэнтрам, а таксама разгляд узаемінаў цэлага і часткі не ў «катэгорыях ссумаваньня і інтэграцыі», а «ў падвойнай пэрспэктыве: цэлае залучана ў частцы, а частка ў цэлым»[194].

* * *

Як відаць, адной з найбольш адметных рысаў ідэі Сярэдняй Эўропы ёсьць тое, што нарадзілася яна ў фантазіі і сэрцах пісьменьнікаў-выгнанцаў і існавала пераважна на паперы. Перабывала, калі хочаце, у слове. Зусім як у рамантызьме. Гэта ў вялікай ступені зьясьняе, чаму ейны разлог такі малавыразьлівы і досыць неакрэсьлены. Рамантычны радавод заразом тлумачыць, чаму дагэтуль яна корміцца аднымі і тымі ж крыўдамі і лякамі, жывіць адныя і тыя ж спапярэдлівасьці. Калі славенскі пісьменьнік кажа, што тоеснасьць ягонае нацыі «дзеля нябытнасьці гістарычна-палітычных сілаў пацьвярджалася культурай і літаратурай»[195] — то пад гэтым сьцьвярджэньнем маглі б падпісацца і чэскія, вугорскія і польcкія пісьменьнікі. Але ўжо не — аўстрыйскія, расійскія і нямецкія. Бо ў гэных літаратурах нябытуе такое істотнае пачуцьцё пагрозы. Яснае ўсьведамленьне, што — як пісаў Мілан Кундэра — нацыянальная экзыстэнцыя стаіць пад знакам запытаньня[196]. Бо малая нацыя ўсьведамляе факт, што можа чыста зьнікці. Яна бярэ ўдзел у эўрапейскай гісторыі, але ёй наканавана роля аўтсайдэра і ахвяры.

вернуться

186

Ibidem, s. 123.

вернуться

187

J. M. Domenach: Europa: Wyzwanie dla kultury. Przeł. A. Sikorska. Warszawa, 1992, s. 7–8.

вернуться

188

Ibidem, s. 42.

вернуться

189

Ibidem, s. 45.

вернуться

190

Ibidem.

вернуться

191

Ibidem, s. 48.

вернуться

192

Ibidem, s. 51.

вернуться

193

Ibidem, s. 73.

вернуться

194

Ibidem, s. 78.

вернуться

195

D. Jancar: Terra incognita. Przeł. J. Pomorska. Warszawa, 1993, s. 42.

вернуться

196

M. Kundera, op. cit.

90
{"b":"598980","o":1}