Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

В.Б.: Цяжка пазбыцца перакананьня, што ўсе мы цяпер зьяўляемся сьведкамi ўзьнiкненьня так званага беларускага «цуду» (паводле аналёгii з паўднёва-карэйскiм цудам і г.д.), зразуметага хутчэй у нэгатыўным сэнсе. Цi не мяркуеце Вы, што Беларусь перабывае ў другім экзыстэнцыяльным вымеры, што Беларусь мае сваю ўласную вiзiю атачаючага сьвету i самой сябе ў гэтым сьвеце? Паспрабую сфармуляваць гэта яшчэ больш правакацыйна: цi не мяркуеце Вы, што цяпер беларуская культура з культуры адставаньня ператвараецца ў культуру адхiленьня?

К.Ч.: Беларусь — гэта краiна, у якой дагэтуль вёска — замкнёная, алергiчная на такiя вартасьцi, як свабода або ператварэньне, якая зацята баронiць статус-кво — перамагае горад, у якiм значна хутчэй прышчапляюцца зародкi трансфармацыi i разьвiцьця. У гэтым яна не адасобленая ў нашай частцы Эўропы. Прыклад Новай Югаславii, у якой дыктатарскi рэжым Мiлошавiча дагэтуль утрымлiвае ўладу дзякуючы падтрымцы сельскага электарату i церпiць усё большыя паразы ад жыхароў гарадоў, вельмi нагадвае сытуацыю Лукашэнкi, якi абапiраецца на савецка-калхозны электарат. У гэтым выпадку неадэкватным зьяўляецца нават само паймо вёскі, бо што супольнага зь вёскай мае савецкi калхоз? Мае толькi тое, што ён зусiм зьнiшчыў гэтую традыцыйную вёску. Таму паймо вёскі я ўжываю адно ўмоўна, адначасна ўсьведамляючы ўсю недасканаласьць майго параўнаньня — паколькi нямала прыхiльнiкаў i Мiлошавiча, i Лукашэнкi можна знайсьцi ў гарадох. Аднак гэта ў Бялградзе і Менску нараджаецца грамадзкi пратэст, i гэта з правiнцыi супраць яго накіроўваецца хваля атак, як яшчэ некалькi гадоў таму шахтары з правiнцыi атакавалi «згнiлых» студэнтаў i iнтэлiгентаў у Бухарэсце. У Румынii гэты бой ужо мiнуўся, а ў Югаславii i Беларусi дагэтуль яшчэ ня скончыўся. Я, аднак, мяркую, што перамога гораду — гэта толькi пытаньне часу, што гэта натуральны i немiнучы працэс. У гэтым сэнсе Беларусь ня будзе нiякiм выключэньнем, нiякай «культурай адхiленьня». Нават калi згадзiцца, што беларускае грамадзтва ў параўнаньнi зь iншымi больш памяркоўнае i рахманае, менш схiльнае да забурэньняў i рэвалюцыяў, гэта нiяк не запынiць натуральнага працэсу высоўваньня гарадзкой фармацыi на першы плян. I я тут надта не пераймаўся б, не ставiў бы на рэвалюцыйныя перамены, а хутчэй канцэнтраваўся на арганiчнай працы, якая б рыхтавала грунт пад немiнучыя ператварэньні.

В.Б.: На заканчэньне я хацеў бы запытацца, якое месца рэальна адводзiцца беларусам i Беларусi ў Вашай культурнай дзейнасьцi? Цi дачакаемся мы беларускага нумару часопiсу «Краснагруда»?

К.Ч.: Беларуская справа ад пачатку займае важнае месца ў дзейнасьцi «Паўзьмежжа». Я вельмi добра памятаю лiст, якi мы атрымалi неўзабаве пасля ўзьнiкненьня нашага Цэнтру ад Ежы Гедройца, аднаго з нашых лідэраў i апекуноў, у якiм ён горача заахвочваў да захадаў на карысьць польска-беларускага супрацоўнiцтва. Гэта не засталося без рэха. У нашых праектах часта ўдзельнiчаюць як беларускiя дзецi i моладзь, так i беларускiя мастакi i iнтэлектуалы. Мы маем вельмi добрыя кантакты зь беларусамi ў Польшчы — такiя людзi, як Сакрат Яновiч або Лявон Тарасэвiч частыя госьцi ў нас. У праводжанай намi эўрапейскай школе Паўзьмежжа ўдзельнiчае адносна шмат беларусаў. Беларускiя тэмы зьяўляюцца i ў нашай «Краснагрудзе». Пасля апошняга вiзыту ў Менск, калi я пераканаўся, што маю там вельмi добрых партнэраў для супрацоўнiцтва, я пачаў сур’ёзна думаць аб падрыхтоўцы спэцыяльнага нумару нашага часопiсу, прысьвечанага Беларусi. Гэта будзе нялёгка, бо я вельмi патрабавальны ў падрыхтоўцы матэрыялаў, да таго ж праблема палягае i ў добрых перакладчыках зь беларускай мовы на польскую, трэба сабраць разам вялiкую колькасьць вельмi разнароднага матэрыялу... i г.д. Я, аднак, не сумняюся, што гэты праект нам удасца рэалiзаваць. Зрэшты, гэта будзе вельмi добры жэст на карысьць польска-беларускага i беларуска-сярэднеэўрапейскага супрацоўнiцтва. Цiкава, што Беларусь скажа Сярэдняй Эўропе?

Лета 1997 г.

* Шыман Ан-скі (Szymon An-sky, спраўднае імя і прозьвішча Салямон Сэйнвіль Рапапорт, нарадзіўся ў 1863 годзе ў Віцебску) — пісьменьнік, этнограф, адзін з найбуйнешых дасьледнікаў культуры ідыш. Назапашваў этнаграфічныя матэрыялы падчас шматлікіх падарожжаў. Іх плёнам былі тысячы фатаздымкаў, апавяданьні, легенды, песьні, рукапісы, іншыя дакумэнты. Найбольшай вядомасьцю карысталася яго драма «Dybuk. Na pograniczu dwóch Światów» (1916). Памёр у 1920 годзе. — Зацем перакладніка.

* Кшыштаф Чыжэўскі — буйны польскі культурны дзеяч, эсэіст, перакладнік.

15–17 кастрычніка 1998 году выступіў на канфэрэнцыі «Культура Літвы і Польшчы ў гісторыі. Тоеснасьць і суіснаваньне», арганізаванай Міжнародным цэнтрам культуры ў Кракаве, са спавешчаньнем «Духоўнасьць Вільні».

12 лістапада — 3 сьнежня 1998 году на запрашэньне Remarque Institute наведаў ЗША і Канаду (Флорыду, Нью-Хавэн, Таронта), дзе правёў шэраг сустрэчаў і лекцый.

21 траўня 1999 году ўзяў удзел у канфэрэнцыі «Unity with Diversity — A Multicultural Europe», адбытай у Вене.

25 траўня 1999 году Кшыштаф Чыжэўскі на прапанову Ежага Гедройца атрымаў прэмію «Male Berщo Kultury Polskiej» («Малое жазло польскай культуры»).

10 траўня 2000 году прачытаў лекцыю «Параўнаньне: культурна-гістарычны дыялёг Польшчы зь Літвой» у Варшаўскім унівэрсытэце.

6 чэрвеня 2000 меў лекцыю «Грац і Сярэдняя Эўропа» ў Аўстрыйскім інстытуце ў Варшаве.

23 жніўня — 4 верасьня 2000 году наведваў Казахстан і Кіргістан.

21 верасьня 2000 году разам з жонкай прысутнічаў у Парыжы пры паховінах Ежага Гедройца.

Сакрат Яновiч*

Беларускi пiсьменьнiк у пасьляваеннай Польшчы

Iснуе правiла, што быць нацыянальнай мяншыняй азначае выбар горшай долi. Гэтае цьверджаньне датычыць перадусiм мабiльных iндывiдаў, якiя нечым вылучаюцца. А ў рэгiянальным, грамадзкім вымеры гэтая заўвага нярэдка бывае беспрадметнай, паколькi яна не выходзiць за межы звычайнай — таксама нярадаснай — канстатацыi, якая тычыцца арэалу, заселенага мяншыняй, зазвычай пэрыфэрыйнага ў дзяржаве i выяўна адсталага эканамiчна i культурна. Згэтуль узьнiкае выразьлiвы клопат з фармаваньнем элiт, якiя, натуральна, імкнуцца ў цэнтры краiны. Радыюс дзеяньня падобнай зьявы назiраецца i ў глябальным маштабе, вядомы пад скарочанай назвай дрэнажу мазгоў, напрыклад, пэўная правiнцыйнасьць Канады, ня кажучы ўжо аб Мэксыцы, у дачыненьнi да Злучаных Штатаў.

Нацыянальная мяншыня, калi яе агортваюць эманцыпацыйныя тэндэнцыi — агульнавядомыя пад назвай адраджэньня — немiнуча выпрацоўвае ў сабе псыхалягiчны абарончы iмунiтэт (да яго пасуе сацыялягiчнае паймо, вобразна сфармуляванае як псыхалёгiя абложанай цьвярдынi). Памкненьнi да ўласнага разьвiцьця заўсёды прыводзяць у рух законы дзеяньня й супрацьдзеяньня. Аднак, каб гэтае абуджэньне ўзьнiкла, павiнна паўстаць пэўная прынцыповая перадумова — збольшага значэнны матэрыяльны патэнцыял, якi валодае нейкай, не заблякаванай у сваёй дынамiцы iнфраструктурай. У адваротным выпадку, замiж iмкнёнасьцi да паглыбленай укарэненасьцi й росквiту, адбываецца зыход насельнiцтва на тэрыторыю, што лёгка ўбiрае ў сябе рабочую сiлу, а таксама ў індустрыйныя раёны. Гэта дае вядомы эфэкт стыхiйнай эмiграцыi, якая поўнiцай вычэрпвае людзкiя рэсурсы на дадзеным прасьцягу, ператвараючы яго ў мёртвыя эканамiчныя пустынi. На прыкладзе Польшчы мы бачым гэта ў зоне яе ўсходняга ўзьмежжа, што сягае ад Карпатаў i да паўночнага ўскрайку Аўгустоўскай Пушчы i якое атрымала зьдзеклiвую назву Ўсходняй Сьцяны. Калi шукаць ранейшыя заходнеэўрапейскiя аналёгii, то можна правесьцi паралель з францускай Брэтонiяй, Iрляндыяй, гiшпанскай Галiсіяй.

Я валодаю разуменьнем таго, што ёсьць нацыянальныя мяншынi, якiя iснуюць выключна ў дыяспары, зазвычай гарадзкой або ўрбанiстычнай. Калi яны не выкрышталiзоўваюць сваiх «удзельных» гетаў, што выконваюць функцыю этнiчнай тэрыторыi, адбываецца iх досыць хуткае зьнiкненьне, калi, зразумела, яны не падтрымваюцца прытокам сьвежай iмiграцыйнай крывi (vide: польскае Яцкова ў Чыкага або нью-ёрскiя гiшпанамоўныя кварталы). Таму я прашу разглядаць мае разважаньнi не ў кантэксьце мяншыняў наагул, а тых, якiя валодаюць сваёй спаконвечнай «малой радзiмай», вылучаючыся ў больш цi менш вiдавочны рэгiён з комплексам спэцыфiчных праблем ва ўсiх сфэрах жыцьця. Такой асаблiвасьцю, у гэтым выпадку беларускай, зьяўляецца Беласточчына — за выняткам яе заходняга шэрагу гмiнаў як ускрайку ўсходняй Мазовii — i ў пэўнай ступенi сам Беласток, горад зь пераважна польскай дамiнантай, хворы на «комплекс Парыжу», г.зн. якi несупынна паглынае ваколiцы (ужо цяпер у iм жыве больш як палавiна жыхароў ваяводзтва).

107
{"b":"598980","o":1}