А нават так станецца, што магута бурлiвага вiру здабудзе тут сабе дах над галавой, уладу i ўстановы, яна адамрэ i хутка заменiцца собскай карыкатурай. Бывае, што носьбiтаў магуты бурлiвага вiру грамадзкасьць выштурхоўвае на заднi плян, перасьлядуе, не выказваючы найменшай волi да iх зразуменьня, i тады гэта можа быць нэгатыўнай, дэструкцыйнай для супольнасьцi сiлай. Будзе замацоўвацца толькi перакананьне аб небясьпецы i пагрозе, што зыходзiць зь iхнага боку. Ужо Плятон манiўся выгнаць паэтаў з сваёй Дзяржавы. Валадары гаспадарстваў XX стагодзьдзя шматкроць давалi сьведчаньне боязi перад магутой паэтаў, ужываючы крайныя сродкi: Гумiлёў, Мандэльштам, Лорка былi забiтыя, Бродзкi, як грамадзкi паразыт, высланы на прымусовыя работы. Прыклады можна было б множыць.
Тымчасам мудрасьць супольнасьцi вымяраецца тым, у якой ступенi яна патрапiць высваiць для сябе гэтых iншых людзей, зразумець i ацанiць iх адметнасьць, даць iм належнае месца ў собскай структуры i не зьмяняць iх на свой капыл сiлай сваёй собскай любосьцi, а наадварот, для супольнага дабра захоўваць iхную адрознасьць. Хiба не бывала так, што прысутнасьць паэты, песьняра, блазна або юродзiвага ня толькi ня несла за сабой пагрозы для супольнасьцi, але i нават стаяла на яе варце?
Вось жа мабыць сярод гэтых людзей можна знайсьцi такiх, якiя недзе глыбака носяць выпiсанае iмя: аматар. Аднак гэта вялiкае абагульненьне, якога не дастаткова. Гэта таксама было б занадта проста. Я прывёў чарговы троп, што, як я зацемiў уперад, падаецца мне блiжэйшым, чымся апазыцыя «прафэсiйнае — аматарскае», i якi ўводзiць нас у цiкавейшы кантэкст, але i ад яго мы павiнны адмовiцца. Бо я iмкнуся ня столькi да вылучэньня канкрэтнай постацi, якую можна будзе атаясамiць з аматарам, колькi да прасочваньня канкрэтнага шляху досьведу i пошуку, якi пацягне за сабой адмысловую прысутнасьць у сьвеце i спосаб ацэнкi. Я хацеў бы пытацца пра гэта ўсё, паклiкаючыся на розныя прыклады.
Можа быць аматар — гэта нейкая частачка ў нас, у кожным з нас, якая дыхае, дамагаецца выйсьця, сьведчаньня, якая накiроўвае нас або зацiскаецца намi, якую трэба баранiць i быць сьвядомым яе? Таму я буду гаварыць аб этасе аматара, а не аб аматару-постацi, якая да таго ж мае яшчэ розныя гiстарычныя каранi, мае свае мiты, як, прыкладам, мiт валацугi або музыкi. Нехта мне сказаў, што мы павiнны адмовiцца ад такiх уяўленьняў. Я падкрэсьлiваю гэта з такiм нацiскам таму, што ўсе мы маем гэтую слабасьць, якая лёгка аддае нас у валоданьне розным мiтам, i якраз ад гэтага я хацеў бы абаранiць свайго аматара. Таму аб этасе аматара трэба прамаўляць як мага больш дэталёва, канкрэтна, дарма што цяжка было выбраць словы, хаця ў мяне ёсьць пачуцьцё, што гэта праблема, аб якой мы дагэтуль мала ведаем. I нават тыя, хто дзеiць у абсягу гэтага этасу, ня маюць выразльвага ўяўленьня аб ягоных абрысах, ня ведаюць, як яго трэба баранiць i ў якi момант гэты этас iзраджвае.
Этас у грэцкай традыцыi азначаў жыцьцё ў адпаведнасьцi з узвычаеньнямi, пэўны спосаб прысутнасьцi чалавека ў сьвеце. I недзе на пачатку гэтай традыцыi этас атаесамляўся з паймом дайманiёна. Яшчэ Гераклiт сказаў, што этас чалавека ёсьць ягоным дайманiёнам. А дайманiён — гэта звышнатуральная прысутнасьць у чалавеку, нутраны голас, якi гучыць у iм ад нараджэньня. Грэцкае шчасьце, эўдаймонiя, даслоўна азначае мець добры дайманiён, а дакладней — разпазнаць свой дайманiён, умець яго назваць. Шчасьце загэтым — насьледак здольнасьцi разпазнаваць свой нутраны голас. I якраз да так зразуметага этасу я буду апэляваць. Не набыцьцё здольнасьцi жыць згодна з узвычаеньнямi, з пэўнай формай, прынятай у грамадзтве, у культуры, а нутраны голас, ад нараджэньня прысутны ў чалавеку.
Аматар «дзеiць так, як яму падказвае сэрца», «заўзятар» — хто ж не хацеў бы падпiсацца пад такiм значэньнем гэтага слова. Але цi азначае гэта што-небудзь сёньня? I як суадносiцца тое, што аматарскае, з нашым прыватным жыцьцём, з канкрэтнай мастацкай працай, якая нас гэтта цiкавiць.
Так склалася, што ў дачыненьнi да многiх людзей пазыцыя аматара жывая i творчая ў маладым узросьце. Тады яе лягчэй высваiць, яе лягчэй баранiць. Групы, якiя ўзьнiкаюць у абсягу аматарскага этасу, нашмат лепей даюць сабе рады напачатку, у момант пабудовы, у момант дзеяньня iх маладой сiлы. А пасьля надыходзiць вельмi цяжкi пэрыяд, калi павялiчваюцца гады i досьвед, але пачынае не ставаць сiлы, якая дагэтуль паступала ад практыкаваньня этасу. Узьнiкае такая мяжа, за якой пачынаецца пэўная бездапаможнасьць i нямогласьць.
Гэта можа быць зьвязана з узростам групы або канкрэтнага чалавека, але неабавязкова. I тады мае месца наступнае: культура, назавем яе афiцыйнай, пачынае выяўляць сваю магуту, прывабнасьць i ўцягваць у свае сеткi. Чалавеку, якi апыняецца ў такой сытуацыi, вельмi цяжка супрацьстаўляць свае аргумэнты таму, што ўпэўнена стаiць на грунце афiцыйнай культуры, на грунце сваёй прафэсii, што мае празрыстыя культурныя i грамадзкiя абмежжы. Ён чуецца ў небясьпецы. У гэтай сытуацыi ён часта пагаджаецца на кампрамiс. Гэта яшчэ адна канфрантацыя юнацкiх летуценьняў з рэальнасьцю штодзённага жыцьця, з дарослым жыцьцём i грамадзкiм абавязкам. Ён паступова прымае аргумэнты, ён ужо мае напагатове зручнае апраўданьне, ён няўзнак пакiдае сваё месца i зусiм ня чуе ўздыху палёгкi тых, хто прынадзiў яго да сябе, палёгкi, што вось яшчэ адзiн далучыўся да iх, у чарговы раз засьведчыўшы, што ўсё ў парадку, што так i трэба, што iнакш i быць ня можа.
Навiдавоку тое, што не дае мне супакою, а наймя пошук адказу на пытаньне: як не прайграць у такой сытуацыi безумоўна магутнейшаму супару? Iнакш кажучы: як баранiць этас аматара на прасторы ўсяго жыцьця, а ня толькi маладога ўзросту? Скуль чэрпаць сiлу ў гэтай сваёй недалучанасьцi?
Ёсьць такое апавяданьне Германа Гесэ пад назвай «Кнульп» — гiсторыя жыцьця аднаго валацугi з Шварцвальду, якi, будучы чалавекам вельмi здатным, iнтэлiгентным i харошым, блiзу ўсё сваё жыцьцё правандраваў празь лясы i местачкi, не дасягаючы нiчога адчувальнага i ня спраўджваючы закладзеных у iм здольнасьцяў. I ўрэшце наблiжаецца канец ягонага жыцьця, i Кнульп сустракае на сваiм шляху каменачоса, даўнага таварыша валацугi, якi цяпер мае дом, сям’ю i штовечар кладзецца спаць у собскi ложак. Вось што прамовiў каменачос: «Ну паслухай, табе было наканавана зрабiць нешта большае, чымся ўсё жыцьцё так блукаць i бедаваць. Ты збаёдаў сябе. Ведаеш, Кнульп, я, вядома, не вучоны, але веру ў тое, што напiсана ў Бiблii (...) Табе давядзецца растлумачыць, так лёгка ты ня выкруцiшся. Ты атрымаў больш, чымся iншыя, i ўсё змарнаваў». А далей адказ Гесэ-наратара i самога Бога: «Нягледзячы на хваробы i пакуты, вочы яго, як i раней, былi напружана адкрытыя, а ноздры чуйна ўскалыхвалiся. (...) Цяпер ён зацямляў, калi iшоў без усякай мэты, кожнае заглыбленьне зямлi, кожную зьмену ветру, кожны сьлед ляснога зьвера (...). Ён увогуле не адчуваў страху; ён ведаў, што Бог ня можа нам нiчога зрабiць (...). Абач — казаў Бог — я патрабаваў цябе якраз такога, якiм ты ёсьць. Ты вандраваў у маё iмя i ў аселых людзях заўсёды ўзбуджаў троху тугi па свабодзе».
На кожным, хто нават толькi наблiзiўся да этасу аматара, накладаецца адбiтак грамадзкага абавязку, пэўны шантаж мэтаскiраванай працы, што прыносiць канкрэтныя эфэкты i канкрэтны даход. Кожны аматар на сабе адчувае гэты адбiтак. Iдэя Гесэ тут вельмi някiдкая, i нават падаецца непраўдападобным, што шалi, прыгнутыя такiм цяжарам грамадзкай рацыi i лёгiкi, можна ўраўнаважыць нечым такiм дробным i простым. Бо рэч ня ў тым, каб апраўдваць сябе перад грамадзкай думкай. Рэч у этасе, у прыслухоўваньнi да нутранога голасу, якi дае нам месца ў сьвеце. Бог патрабуе нас такiх. Але нялёгка ўздолець гэты выклiк, паколькi адчуваньне тоеснасьці з унутраным голасам часта не супадае з тым, якое ўяўленьне аб нашых учынках мае грамадзтва. Таму этас аматара, хоча гэта нехта цi не, часта стаецца этасам ходаньня з шантажом грамадзкай ухвалы.
Безумоўна, у цэнтры гэтага канфлiкту знаходзiцца праблема працы, рознага да яе стаўленьня, рознай iнтэрпрэтацыi зьместу гэтага слова. Здавалася б, што няма над чым менцiць языком, папросту: працуеш або не, або нечага навучаешся i нешта робiш, або будуеш паветраныя замкi, а згэтуль блiзка да сьцьвярджэньня: або ты адумыслоўца i прафэсiянал, або ты тандэтнiк i аматар. А ў штодзённым успрыманьнi аматар — гэта той, хто не працуе, як трэба. Зiрнем, аднак, з пэрспэктывы аматара на тое, што дзеецца наўкола, на т.зв. мастацкую працу. Даруйце за пэўнае спрашчэньне i можа быць за перабольшаньне праблемы, але гэта для празрыстасьцi вобразу. Вось жа аматар бачыць вялiкае спадужнiцтва, ён бачыць людзей, што нецярплiва караскаюцца на чарговыя прыступкi званьняў, людзей усё больш тэхнiчна дасканалых, зьнясiленых супернiцтвам i амбiцыямi, не насычаных узнагародамi, якiя хапаюць зь лёту хiтрыя парады што да правiлаў далейшай гульнi. Чым больш сiлаў гэта iм каштуе, тым шпарчэй iмчыцца гэтая машына, з тым большай няпрыязьню i перавагай глядзяць яны на тых, хто не бярэ ўдзелу ў спадужнiцтве, даючы толькi два тлумачэньнi гэтаму факту: або яны ня хочуць, або ня могуць. Тымчасам аматар мае сумневы. Ён адчувае, што ёсьць нешта іншае, да чаго ён хацеў бы дапяць, але не называе гэта майстэрствам. У яго няма даверу i да вэктару так зразуметай працы, якi як адзiны i беспамылковы мог бы яго прывесьцi да пажаданага месца. Падчас вандраваньняў ён дапэўнiўся, што нельга наўпрост глядзець на дрэва, каб яго абачыць. Ён так троху прысутны ў сьвеце, што ня дасьць сябе запалохаць зьвярам. Ён троху дзiвiцца сумятнi, якую ўзбуджаюць людзi вакол мастацкай працы. Праца — ён паўтарае сабе — падобная да дажджу, якi цiха пранiкае ў жыцьцё, празрыста, i ня любiць, каб аб ёй гаварылi зашмат, бо тады ўсё заблытваецца i стаецца непранiкальным для шукальнiка.