Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Але здараецца, што аматару ўдаецца зрабiць вялiкую справу. Ну так, але гэта зусiм яшчэ не азначае, што ён яе ўмее рабiць. Ён можа займець праблемы з паўтарэньнем гэтага. «Я не валодаю ключом ад нiводнага замка. I таму магу адчынiць усе. I таму, адчыняючы кожны адразу, у другi раз я не адчыню нiводнага. Бо я не ўладальнiк, а захавальнiк таямнiцы». Ня ведаю, цi патрапiў бы Барыска, адзiн з герояў фiльму Андрэя Таркоўскага «Рублёў», яшчэ раз знайсьцi патрэбную глiну для пабудовы звону i яшчэ раз беспамылкова вызначыць патрэбныя складнiкi сумесi. Гiсторыя гэтага дзецюка — гэта адна з найхарашэйшых аповесьцяў, прасякнутых этасам аматара. Ён быў абраны князем на будаўнiка звону толькi таму, што iснавала перакананьне: ягоны бацька, гiсэрны майстра, перад сьмерцю пераказаў яму таямнiцу пабудовы званоў. Але гэта была няпраўда. Ён не валодаў таямнiцай. Ня ведаючы нiчога, дзеючы адно так, як яму падказвае сэрца, ён стаў на чале сябрыны, кожны зь якой сапраўды быў майстрам у сваёй прафэсii, аднак нiхто ня быў у змозе зрабiць, каб здабыты з глыбiнi зямлi, зь цёмнай матэрыi, звон выдаў чысты гук. Усё адрозьнiвае гэтага адчайнага дзецюка ад ягоных супрацаўнёў: тое, што ён собскiмi рукамi капае яму пад звон, чаго не зрабiў бы нiводны прафэсiйны гiсэр, што ён не валодае iх спакоем i ўпэўненасьцю, але яму нададзены дар незвычайнага ўслухоўваньня ў сьвет, хаця ён i разумее, што рызыкуе жыцьцём, што над ім валадарыць iншы час, якi загадвае чакаць i ня дзеяць тады, калi павiнна быць выкананая праца, да таго ж ён не сабраў, як ягоныя таварышы, земных пладоў сваёй працы, не пайшоў па ўзнагароду да валадара. Што для iх шчасьце — для яго няшчасьце. Ён прабiваўся праз тлум зусiм у iншы бок, туды, дзе яго чакаў Андрэй Рублёў, моўкны майстра, якi страцiў веру, а разам зь ёй i творчыя патэнцыi. Ён патрабаваў Барыскi, акту ягонага сэрца, каб узяцца за пэндзаль. Бо што азначае ягоная рука, такая спрытная тэхнiчна, бязь iскры? Таркоўскi зьнячэўку размаляваў гэты чорна-шэра-сiвы фiльм усiмi фарбамi абразоў Рублёва.

Цната чаканьня, часам насуперак усякай лёгiцы, аддае аматара ў валадараньне iншага часу, аддае яго абсалютна ў iншыя рукi. Праўда, тады гэта немагчыма зьнесьцi i гэта можа разьюшыць чалавека, як гэта i зрабiў Барыска з сваiмi здольнiкамi. Не вядома, чаго ён чакае i чаго хоча. Падобнае было з адным цадыкам з Пшысухi, якi нiколi не распачынаў малiтвы ў прызначаныя для гэтага гадзiны i несупынна нечага чакаў, дарма што ягоныя вернiкi ўжо даўно былі сабраліся ў бажнiцы. А каго слухаў або чым кiраваўся Сталкер, герой iншага фiльму Таркоўскага, абiраючы такi, а ня iншы шлях па зоне, такi, а ня iншы час i спосаб дасягненьня канцавога пункту? Гэта ўсё, безумоўна, раздражняе людзей, якiя пацiскаюць плячыма або стукаюць сябе ў лоб. Тымчасам аматар найбольш баiцца зусiм не таго. Працытую яшчэ раз Цьвятаеву: «Баяцца не чарнавiка, пакрэмзанага падчас розных пошукаў, ня белага аркуша, а собскага i свавольнага аркуша».

Iснуе яшчэ шмат сытуацыяў, у якiх аматар з такiм сваiм спосабам дзеяньняў i цанаваньня будзе спракуджвацца людзям, паступаючы часта несправядлiва, без талеранцыi, выклiкаючы злабу i агiду. Прыкладам, яго цяжка пераканаць добра выконваць рэчы, абапёртыя на прынцыпе дасканаласьцi. Бывае, што, назiраючы iх, ён ня можа перамагчы, сарамотнiк, пачуцьця нуды i ўпорыста бачыць трагедыю, цi хоць рэшткi яе ў тым, зь якой рупатлiвасьцю тут стараюцца прадухiлiць памылкi i слабасьцi. Больш таго, з выкананых рэчаў ён можа, дрэнь такая, выхапiць найгоршае, вычварнае i слабейшае. I не дапаможа спэцыялiст, якi будзе яму тлумачыць, што гэта слабая якасьць, толькi часовая няўдача, што ёсьць жа i лепшае... Ён усiм сэрцам будзе баранiць тое, што коле вока кожнаму спэцыялiсту.

Тое самае датычыць i гiсторыi, аб якой клапоцяцца, што, зрэшты, i зразумела, так шмат прызнаных i заслужаных людзей. Ён тым часам як бы не зацямляе, адкiдае яе i ацэньвае iнакш. У гэтым ён нагадвае мацi — там, дзе сьвет для ейнага сына бачыць шчасьце, яна зацямляе толькi няшчасьце. Але цi патрапiць сьвет пакахаць ейнага сына? Цi мае сьвет сэрца?

Калi крытычна ацанiць усе гэтыя заганы аматара, то цяжка запярэчыць, што гэта якраз яны абцяжарваюць ягоны ўдзел у вялiкiм спадужнiцтве, што разгортваецца ў абсягу мастацкай працы i ў якiм ён можа i хоча браць удзел. Тымчасам адшчапенства цягне за сабой далейшыя насьледкi. Паспрабуй не працаваць, i абачыш, што такая пазыцыя збоку выглядае лёгкай. Празь нейкi час гэта можа ўяўляць iстотнае заданьне: нiчога не рабiць. Якраз цяпер, калi такi магутны ўцiск амбiцыяў, пагонi, здабыцьця, якраз цяпер на пытаньне: што робiш? адказаць: нiчога не раблю; над чым ты працуеш? над нiчым; што ўмееш? нiчога ня ўмею. Гаворка iдзе аб па сутнасьцi зададзеным самому сабе пытаньнi. Хто я ў той момант, калi я ўсё аддаю, нiчым не валодаю, нiчога ня ўмею, да нiчога не iмкнуся? Цi ёсьць я яшчэ? Цi маю сваё iмя? Аматар узмацняецца ў такi момант. Ты можаш шмат гадоў сумленна над нечым працаваць, можаш многаму навучыцца i шмат дасягнуць, але ў жыцьцi прыйдзе такi момант, калi ты ўсё аддасi, калi табе давядзецца аддаць гэта ўсё за бесцань, за фiгу з макам. I калi ты i надалей будзеш стаяць на сваiх нагах, калi не затрэцца тваё iмя, гэта значыць, што ўсе гэтыя гады ты працаваў над нечым зусiм iншым, нечым непараўнальна больш важным, чымся нейкiя званьнi i палажэньне ў сьвеце.

Гэта наша сустрэча ў Чарнай Дамбруўцы мае ў сваёй назьве слова «тэатар», але я, калi шчыра, ня бачу спасярод нас нiводнага актора, сцэнографа або рэжысэра. У сэнсе такога iмя ў жыцьцi. Я мяркую, што аматар, нават калi б ён хацеў так паставiць справу, гэта значыць, атаясамiцца зь нейкiм з гэтых вызначэньняў, заўсёды ляжа на полi бiтвы. Таму што нават калi б ён усё жыцьцё iнтэнсіўна рыхтаваўся, дасягнуў вялiкай прафэсiйнасьцi, якая б магла б супернiчаць з прафэсiйнасьцю найлепшага адумыслоўцы, i калi б нават гiсторыя пацьвердзiла ягоныя дасягненьнi, то для яго самога, для ягонага нутранога голасу, жыцьцё было б нязьдзейсьненым. Я ня ведаю, чаму так здараецца. Можа надзвычай вялiкай стала туга? Можа ёсьць нейкая доля праўды ў гэтай прыпавесьцi аб перапоўненай Богам чалавечай судзiне? У кожным разе аматар мусiць шукаць сваё iмя, сваю таямнiцу ня там, дзе ўсе. Ёсьць шмат шляхоў. Я б надаў вагу таму, якi вядзе празь непадзельнасьць творчай працы аматара зь ягоным жыцьцёвым этасам, з тым, як ён прысутны ў кожную часiну свайго жыцьця. Тут нельга нiчога адасобiць цi схаваць. Нiколi аматар не схаваецца за свае здабыткi, нават самыя дасканалыя. Кожная заслона ў выглядзе формы або майстэрства стаецца празрыстай. Калi нешта будзе не ў парадку зь ягоным жыцьцёвым этасам, гэта будзе праглядацца i праз найбольш дасканалую гульню i тэхнiчнае ўмельства. Такое ўжо ў яго наканаваньне.

Усе мы ведаем з жыцьця сытуацыю язды «зайцам». Iснуюць людзi, якiя могуць гэта зрабiць, якiм шматкроць удаецца праехаць на аўтобусе без талёнаў. Ёсьць таксама i такiя, якiя толькi раз ня будуць мець талёнаў, i адразу зьявiцца кантралёр ды аштрафуе iх. Гэта аматары. Iм нiколi не ўдаецца праехаць «зайцам».

Можа быць нехта, хто слухае мяне дагэтуль, зробiць з маёй прамовы такую выснову, што трэба перастаць працаваць, пачаць пагарджаць любымi здабыткамi, кнiгi аднесьцi ў сьвiран, перастаць адказваць як на закiды з боку грамадзтва, так i на ўсе аргумэнты тых, хто атакуе нас за аматарства, ну i... вынiк гэтага быў бы сумны. Я ўпэўнiваю вас, што безь вялiкiх цяжкасьцяў можна знайсьцi прыклады, што выкрываюць дэградацыю аматарскага серадовiшча, дзе навiдавоку танная спантаннасьць, сьляпое самазадавальненьне, беспрычыннае ўнiканьне ад працы, дзе за грош можна купiць усю так званую альтэрнатыўнасьць. Выбiраючы iншую аргумэнтацыю, я зважаю на час, у якi нам давялося сустрэцца. Я магу ўявiць сабе iншы час, калi б адчувалася вялiкая патрэба гаварыць аб напружанай тэхнiчнай працы, аб атрыманьнi прафэсii, аб пагонi за ведамi. Аднак сёньня гэтыя словы ня маюць сапраўднай вагi, яны падпарадкоўваюцца сiлам прыцягненьня гэтага сьвету, сiлам унiфiкуючым i агрэсiўным, якiя, як i кожны наркотык, дастаўляюць асалоду, высмоктваючы зь людзей мазольную працу, i ўрэшце кiдаюць iх, абсалютна зьнясiленых. Праца зьдзяйсьняецца ў вялiкiм стрэсе i напружаньнi, на мяжы вытрываласьцi, але ейная энэргiя самазьнiшчаецца. Нешта iншае забываецца, нешта застаецца ў абсягу нашай гаспадаркi, як засыпаная студня. Якраз гэта не дае спакою тым, хто шукае вытокi, усiм Падарожнiкам Усходу. На досьвiтку яны ўстануць iзноў i возьмуцца за цяжкую працу. Бо дзьве стралы павiнны дасягнуць мёртвага пункту, каб у iм пачала вiраваць новая магута: першая — гэта незалежнасьць, адмова; другая — гэта страла, якая пацьвярджае гэтую незалежнасьць. Гэта дакладна так, як у вершы Аляксандра Вата пад назвай «Гёльдэрлiн»: «пацьвердзiць сваю незалежнасьць». Адно цяпер выяўляецца другi бок таго, аб чым дагэтуль гаварылi, бок напружанай увагi, намаганьня, спраставанага на дацьцё сьведчаньня, на канчальную адказнасьць за тое, што робiцца. А гэта найцяжэйшая праца. «Адмовай уходаць» — гэта яшчэ раз Цьвятаева. Я не змагу шмат сказаць аб гэтым другiм боку, але думаю, што гэтага i ня трэба. Аб гэтым найбольш сказаў, мабыць, Гесэ ў аповесьцi аб Кнульпу. Гэта сапраўды найпрасьцейшая рэч, найпрасьцейшы ў сьвеце рытуал — увага, услухоўваньне ў нутраны голас, вольны ад усялякай iдэалёгii, адкрыты для прасторы таямнiцы.

95
{"b":"598980","o":1}