Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

На заканчэньне адзiн трывожны анэкдот з «Жыцьцяпiсаў» Плютарха, якi ёсьць яшчэ адной спробай наблiзiцца да сакрэту этасу аматара: «Калi Антыстэнэсу было паведамлена, што Iсмэнiяс выдатна грае на флейце, першы слушна адказаў: значыцца, ён больш не прыдатны да нiчога; у адваротным выпадку ён ня граў бы так добра».

Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.

Ад межаў да самога цэнтру, або Эўрапейцы ў пошуку тоеснасьці

Яшчэ зусім нядаўна, у шэсьцьдзясятыя гады, Заходняя Эўропа імкнулася да скасаваньня межаў, што падзяляюць людзей, дзяржавы і нацыі. Дынамічнае разьвіцьцё сучаснай тэхнікі, а таксама ўзрастаючая колькасьць праблем, вырашэньне якіх было магчыма толькі па-над межамі, — такіх, як экалёгія ці бясьпека — усё гэта, здавалася, пацьвярджала прадказаньне МакЛюэна аб «глябальнай вёсцы», сусьветнай супольнасьці, у якой межы страцяць усялякае значэньне. Гэтаму спрыяла перакананьне, што дзякуючы гэтаму разьвіцьцю падзеяў зьнікнуць этнічныя канфлікты і ўсялякі нацыянальны сэпаратызм. Падобнае цьверджаньне можна было знайсьці і на Ўсходзе кантынэнту ў камуністычнай ідэалёгіі, толькі там вызваленьнем ад нацыянальных фобіяў павінен быў стаць новы, уніфікаваны чалавечы выраб — «homo sovieticus». Усходні інтэрнацыяналізм у сапраўднасьці аказаўся адно абалонкай, за якой крыўся пасьлядоўна культываваны тут шавінізм. Гэты факт найзырчэй выкрывалі межы «братніх дзяржаваў», што ашчэрваліся нянавісьцю і варажнечай. Гэта былі своеасаблівыя палосы-зоны, да якіх было страшна набліжацца. Падарожнік, у якога ўсе дакумэнты былі ў парадку, які ня вёз ніякай кантрабанды і які ня меў з сабой нават забароненых кніг, на мяжы пачуваўся вінаватым, зьняважаным і прыніжаным. Жыхар дзяржаваў з гэтага боку бэрлінскага муру з зайздрасьцю спасьцерагаў працэсы, што адбываліся ў Заходняй Эўропе. Сьвет адкрытых межаў сымбалізаваў свабоду.

У 1990 годзе быў разбураны бэрлінскі мур, што павінна было даць пачатак адкрыцьцю межаў ува ўсёй Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. У той жа час узьніклі акропленыя новай крывёй межы ў былой Югаславіі, незразумелая для многіх мяжа падзяляе Чэхію і Славаччыну, цэлая сетка межаў пакрыла прасьцяг колішняга СССР.

Пераацэнцы падлягае само разуменьне мяжы: усё часьцей у імя якраз свабоды і прадухіленьня пагрозаў сувэрэннасьці грамадзяне дамагаюцца ўтрываленьня межаў ці нават іх закрыцьця.

Такая сытуацыя ўва ўсходняй частцы Эўропы, аднак ці толькі тут? Нягледзячы на спраўджаныя прагнозы аб мадэрнізацыі і тэхнічным прагрэсе, нягледзячы на імклівы працэс задзіночаньня Эўропы, напрыканцы ХХ стагодзьдзя ніхто сур’ёзна не гаворыць аб поўным скасаваньні межаў на нашым кантынэнце. Якраз наадварот, чуюцца ўсё больш магутныя галасы ў іх абарону, у абарону захаваньня ўласнай адметнасьці. Тэхніка зрабіла вельмі шмат, але яна бездапаможная што да ляку чальцоў супольнасьці перад яе поўнай адкрытасьцю. Нельга таксама гаварыць аб зьнікненьні этнічных канфліктаў, а сьвядомасьць нацыянальнай прыналежнасьці, нягледзячы на зьмены ў ёй, дагэтуль застаецца важкай сілай, што аказвае ўплыў на сучасных эўрапейцаў.

Эўропа перажыла ўжо шмат розных формаў існаваньня мяжы. Яе ўзводзілі, каб падзяляць, адпалохваць і ізалёўваць, каб бараніць, а таксама, каб злучаць і сустракаць. Зьмена падыходу да праблемы мяжы заўсёды была моцна зьвязана з узьнікаючым новым тыпам сьветапогляду. Цяперашні момант — гэта час пераацэнак, заняпаду старых сыстэмаў і гіерархіяў, дзеля чаго важным становіцца паўторнае пытаньне аб разуменьні мяжы сёньня, калі адбываюцца дэбаты аб Эўрапейскім Саюзе ці аб Эўропе рэгіёнаў.

Дзяржаўныя межы, геаграфічныя межы ня будуць асноўнай тэмай гэтых разважаньняў. Нас больш цікавіць культурны, грамадзкі і псыхалягічны аспэкт мяжы ў жыцьці эўрапейцаў.

Жан-Мары Дамэнак у сваёй кнізе «Эўропа: выклік для культуры» (Europe: le dйfн culturel) вось так разглядае Эўропу, межы якой сьціраюцца: «Пераходзячы на другі бок Райну Эўрапейскім мостам, мы нават не заўважаем, што пераходзім з Францыі ў Нямеччыну. Калісьці, яшчэ дзіцем, я з заходняга берагу Райну назіраў пры дапамозе бінокля майго дзеда-артылерыста манэўры маладых нацыстаў. Сёньня мяне агортвае радасьць, якую, аднак, суправаджае пэўны непакой: я ўжо ня бачу межаў маёй тэрыторыі, дарма што мяжа (finis) заўсёды была тым, што мяне акрэсьлівае (dйfinit), абумоўлівае, што вызначае мае ўласныя абмежаваньні».

Трэба пагадзіцца, што для эўрапейца такі погляд зьмяшчае цяжкую ў пляне вырашэньня супярэчнасьць: з аднаго боку, радасьць ад пераадоленьня, а па сутнасьці ад выбаўленьня ад межаў, з другога боку — патрэба ўстанаўленьня мяжы, якая мяне акрэсьлівае, вызначае маю тоеснасьць. Інакш кажучы, туга па адчужэньні сустракаецца з тугой па ўкараненьні.

І вось такім чынам мы дапялі да самага асяродку палемікі, якая адбываецца ў сёньняшняй Эўропе і ангажуе людзей палітыкі, эканомікі, культуры і навукі. І няма нічога дзіўнага, што мы толькі пачынаем удзельнічаць у выпрацоўцы новага кшталту аб’яднанай Эўропы. Палеміка ўзмацнілася пасьля публікацыі вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, якія праводзіліся наўперад сярод маладога пакаленьня эўрапейцаў і якія выявілі ўзрастаючую перавагу поглядаў, зьвернутых да ўкараненьня, над поглядамі, зьвернутымі да адчужэньня. Як жа мы далёка ад шэсьцьдзясятых гадоў! Варта запытаць: ці прыведзеныя тут погляды неабходна прызнаць узаемавыключальнымі? Ці трэба шукаць вырашэньня ў прызнаньні рацыі аднаго з бакоў? Ці не належыць папросту дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці, якая зьявіцца так жа натуральна, як і ў гэтым сьведчаньні Дамэнака? Ці не такі па сваёй сутнасьці эўрапейскі дух, што сягае сваімі каранямі разнастайнасьці і шматгалосься, што пагарджае чысткамі і рэдукцыяй рэчаў да аднаго вымеру? Дазволіць узьнікнуць гэтай супярэчнасьці азначае прызнаць яе прыналежнай натуры Эўропы, азначае так будаваць яе кшталт, каб ён зьмясьціў тое, што дзе-небудзь яшчэ зьмясьціць будзе немагчыма, што разарве любую іншую, з нашага мэталу зробленую судзіну. У гэтым і задача сапраўднага будаўніка, бо — як гаварыў мой майстра, цясьляр і старавер — не вялікая штука збудаваць сабе страху над галавой, значна цяжэй збудаваць такую страху, якая не захінае неба! Да такой будовы імкнуцца тыя, хто выпрацоўвае кшталт Эўропы рэгіёнаў, Эўропы, у якой яшчэ раз унівэрсальнае народзіцца з таго, што зьяўляецца адметным.

Мяжа сьвятая

Чалавек, які ўстаўляе мяжу, вельмі часта вызначае лінію прыналежнасьці да сфэры сакральнага. Парушэньне такой мяжы раўназначнае зьнявазе Бога. У «Законах» Плятона мы знаходзім якраз такую думку, укладзеную ў вусны самога Зэўса, апекуна межаў, якога грэкі называлі Геркоёс — Памежны: «Хай ніхто ня зрушыць каменя, які аддзяляе яго маёмасьць ад маёмасьці суседа...». Ганна Арэнт, інтэрпрэтуючы гэты фрагмэнт у «The Human Condition», падкрэсьлівае, што тым, што змушала грэкаў бараніць незачэпнасьць межаў, была «не пашана да прыватнай уласнасьці, так як мы разумеем яе сёньня, але факт, што без валоданьня домам чалавек ня ў стане ўзяць удзел у справах гэтага сьвету, бо ён не заняў у ім свайго ўласнага месца». Славяне садзілі на межах дрэвы ігрушы, сьцяць якія — як верылі паўсюль — азначала няшчасьце. Мы баранілі сваё месца, сваю адметнасьць, і таму тое, што — як кажа Дамэнак — нас акрэсьлівае, што стварае нам магчымасьць асабістага ўдзелу ў справах гэтага сьвету. Адкрытым застаецца пытаньне аб прасторавым абсягу гэтага месца. Некалі гэта было найбліжэйшае абкружэньне, сямейная маёмасьць, наша малая радзіма, муры нашага гораду... Сёньня ў нас нацыянальныя дзяржавы са сваімі ахоўванымі межамі і пачуцьцё, што мы страцілі ўласнае месца.

Мяжа адносная

Яна паходзіць з той часткі Эўропы, у якой цяжка знайсьці што-небудзь больш няпэўнае, чымся дзяржаўныя межы. Тут можна сустрэць людзей, якія, не зьмяняючы на працягу ўсяго жыцьця месца свайго жыхарства, былі грамадзянамі трох, а нават і чатырох дзяржаваў. Межы маёй краіны пасьля другой сусьветнай вайны былі перанесены на сто, а часам і больш кілямэтраў на Захад.

96
{"b":"598980","o":1}