Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Добра, што гэты стары ўнівэрсытэт, гісторыя якога сягае да першых стагодзьдзяў сфармаваньня Эўропы, прыняў нас, і гэты горад, і гэтыя муры павінны спрыяць такому мысьленьню з дыстанцыяй да нас саміх, да дня сёньняшняга і да дня заўтрашняга. Рэфлексія аб нас саміх, бо гэта павінна быць рэфлексія аб адносінах паміж народамі, якую трэба зыніцыяваць нам. Гэта мы, па сутнасьці, пераймаем адказнасьць за нашы краіны, за тое, кім мы зьяўляемся сёньня, за нашы культуры, бо ўрэшце тое, што я ўкраінец, вугорац або славак, азначае, што я належу да пэўнай культуры — украінскай, вугорскай або славацкай.

Культура — гэта мова, гэта ўзвычаеньні, гэта погляды, гэта цэлы комплекс вартасьцяў. Дзякуючы культуры кожны з нас стаецца чалавекам, гэта культура творыць чалавека. І таму наша мысьленьне, апрача адносінаў паміж людзьмі, датычыць гэтых фундамэнтальных справаў, нас саміх, нашай культуры, пытаньня — кім мы ёсьць? З чым мы сябе ідэнтыфікуем? Сёньня будзе недастаткова сказаць — я ідэнтыфікую сябе з Украінай, Польшчай, Расіяй, Нямеччынай. Якой Украінай? Якой Польшчай? Якой Расіяй? Якой Нямеччынай? Гэта прынцыповае пытаньне.

Мы стаім перад пэўным выбарам, што нам належыць зьдзейсьніць, і вяртаемся да пытаньня, які я чалавек, прынцыповага пытаньня. Перадусім гэта найгалоўнае — які я чалавек. Перш-наперш — паляк, перш-наперш — немец, перш-наперш — украінец — і чалавек. Гэта найважнейшы элемэнт для любога кантакту, бо зь ім даводзіцца спатыкацца людзям ува ўзаемадачыненьнях. А могуць спатыкацца ня людзі, а фанатычныя бэстыі, якія думаюць толькі аб тым, каб адныя вынішчалі другіх, напрыклад, праз этнічныя чысткі і таму падобныя зьявы, што падтрымліваюць нянавісьць рознага тыпу: расавую, рэлігійную, нацыянальную. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, няшчасны лёс былой Югаславіі павінен быць перасьцярогай для нас якраз у гэты момант.

У рэфлексіі аб культуры варта падкрэсьліць вагу гістарычнай рэфлексіі, але гісторыі, зразуметай так, што трэба выходзіць з саміх сябе, са сваёй гісторыі. Праз гісторыю сваёй сям’і мы трапляем у сапраўднасьць нашых краін, супольнасьцяў. І таму мы як людзі створаны гісторыяй, пэўнай гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Але трэба дадаць, што ня толькі XX стагодзьдзя, ня толькі гісторыяй гэтага драматычнага пэрыяду. Нашу культуру ўтварае цэлы шэраг элемэнтаў, якія назапашваліся сотні гадоў. Гуманітарная веда другой палавіны ХХ стагодзьдзя ўвяла надзвычай важнае для сучаснай гуманістыкі паймо мысьленьня аб доўгай працягласьці. Доўгай працягласьці асабліва ў культуры. Элемэнты культуры — гэта элемэнты доўгай працягласьці, іх трэба заўважаць і трэба ўмець іх разрозьніваць, і мне падаецца, што падчас рэфлексіі якраз аб культуры нашых краін, нашай часткі Эўропы, мы павінны разважаць над тымі элемэнтамі культуры, якія абумовілі, што мы сталі людзьмі той нацыянальнай формы, той мовы, у традыцыях якой мы былі ўзгадаваныя.

Мне падаецца, што сёньняшні сьвет чакае вялікая праца. Гэтая праца вельмі выразьліва ўжо некалькі дзясяткаў гадоў ажыцьцяўляецца ў Заходняй Эўропе, калі Эўрапейская Супольнасьць будавалася з увагі на пэўныя традыцыі супрацоўніцтва, якія там існавалі. Мы сёньня ў нашай частцы Эўропы, у той Эўропе, якую звычайна называюць Цэнтральна-Ўсходняй Эўропай — гэта той рэгіён, які мы ўсе рэпрэзэнтуем у гэтай залі — мусім навучыцца прадумваць гісторыю нашага рэгіёну якраз з пункту гледжаньня культураў, якія тут узьніклі, і якія абумовілі тое, што нашым нацыям свомая жыцьцёвасьць. Аднак у ХІХ стагодзьдзі нашых краінаў яшчэ не было, а былі чатыры вялікія дзяржавы ў гэтай частцы Эўропы: Расія, Прусы, імпэрыя з цэнтрам у Вене і Турэччына. Былі моманты ў ХХ стагодзьдзі, калі існавала толькі Ўсходняя Эўропа і Заходняя Эўропа зь мяжой на Эльбе, а сёньня тут 19–20 дзяржаваў. І гэта прыклад таго, што на працягу гэтага доўгага часу сіла культуры, г.зн. людзі, якія ня мелі нават свайго гаспадарства, а мелі якраз сваю культуру, прывяла да таго, што ўзьнікла гэтулькі дзяржаваў на мапе Эўропы.

Мы павінны больш разважаць над нашымі культурамі і адначасова ўсьведамляць сабе адну рэч, што нашы культуры заўсёды ўзьнікалі ў цеснай сувязі з суседзямі і з усім цывілізацыйным колам, да якога мы належым. Гэтае цывілізацыйнае кола, да якога мы належым тысячу гадоў, — гэта Эўропа. Бо Эўропа — гэта цывілізацыя, якая якраз каля 1000 году, у Х стагодзьдзі расшырылася на нашыя краіны. Раней гэта быў Захад з Карлам Вялікім, гэта была Бізантыя, таксама эўрапейская традыцыя, а з Х стагодзьдзя (гэты пэрыяд вызначаюць такія, напрыклад, даты, як 966 г. — хрост Польшчы, 988 г. — хрост Русі) і мы зьяўляемся на мапе Эўропы. Узьнікла Эўропа з нашымі краінамі, узьнікла тое, што мы называем новым хрысьціянствам. Было заходняе хрысьціянства, бізантыйскае хрысьціянства і новае хрысьціянства, што сягала Скандынавіі і межаў Кіеўскай Русі.

І гэта выточны пункт нашай гісторыі, надзвычай істотны і важны, але толькі выточны пункт, бо толькі пасьлей, на працягу наступных стагодзьдзяў у выніку пераўтварэньняў і складаных зьяваў утварыліся нашыя культуры, падставы нашай вартасьці як людзей, нашых вартасьцяў як палякаў, украінцаў, чэхаў і г.д., і адначасна эўрапейцаў. Бо ўсё дзеялася ў цывілізацыйным эўрапейскім коле, якое тады атаясамлівалася з заходнім і ўсходнім хрысьціянствам. І тое, што пасьлей будзе асабліва важна для ўсіх эўрапейскіх краінаў, а таксама і для нас, гэта той досьвед, які мы атрымалі ў наступныя стагодзьдзі, калі з такіх нашых сутыкненьняў фармаваліся якраз падставы нашых нацыянальных культураў.

Польшча, Чэхі, Вугоршчына — якія з Х, ХІ стагодзьдзя пачалі навязваць інтэнсіўныя кантакты з эўрапейскім Захадам — перанялі гэтае дынамічнае разьвіцьцё Заходняй Эўропы, таму ХІ, ХІІ, ХІІІ стагодзьдзе — гэта вялікія стагодзьдзі Заходняй Эўропы. Польшча, Чэхі, Вугоршчына разам увайшлі ў Заходнюю Эўропу і прынялі ня толькі хрысьціянства зь яго культурай, але і пэўныя грамадзкія структуры гэтай Эўропы, што было надзвычай важна.

Гэтую Заходнюю Эўропу ў пэрыяд яе незьлічоных посьпехаў — у ХІ, ХІІ, ХІІІ стагодзьдзі — стваралі не дзяржавы і грамадзтвы. Гэта быў рух зьнізу, гэта былі тысячы супольнасьцяў. Гарады і сёлы як супольнасьці з уласнымі законамі. Можна сказаць, што малыя дэмакратыі гораду і сяла стварылі Эўропу. Нашыя краіны ў ХІ, ХІІ і перадусім у ХІІІ стагодзьдзі перанялі гэтыя ўзоры і фармавалі сваю культуру шляхам спалучэньня пэўных собскіх элемэнтаў з элемэнтамі, перанятымі з Захаду.

Адначасова вельмі выразьліва з ХІІІ, XIV стагодзьдзя хада гісторыі прывяла да таго, што Польшча злучылася цеснымі сувязямі з новымі краінамі — такімі, як Вялікае Княства Літоўскае, якое ўзьнікла ў XIV стагодзьдзі і абыймала Літву, Жмудзь і вялікія прасьцягі былой Кіеўскай Русі, якія пасьлей утварылі Ўкраіну і Беларусь. На гэтых вялікіх абшарах польска-літоўска-рускай дзяржавы, калі не зважаць на палітычны аспэкт, мелі месца культурныя зьявы, якія аказалі вялікі ўплыў на фармаваньне падставаў украінскай, беларускай, летувіскай, польскай культуры, але адначасова ў гэтым фармаваньні ўдзельнічалі іншыя групы. Гэта надзвычай цікавая зьява, што ўдзельнічалі немцы — з ХІІІ стагодзьдзя вельмі інтэнсіўна і працягла. Найбольшым горадам польска-літоўска-рускай Рэчы Паспалітай быў Гданьск, асноўную папуляцыю якога складалі немцы-лютэране. Згадаем жыдоў, якія гралі такую вялікую ролю ў гэтай частцы Эўропы з XV–XVI стагодзьдзя; некалькі стагодзьдзяў гэта быў галоўны ў сьвеце асяродак жыдоў. Мы можам доўга гаварыць аб фармаваньні нашых культураў, але важна, каб мы ўсе памяталі, што ўсё гэта адбывалася ў Эўропе, у кантакце паміж намі і ў кантакце з Эўропай. Так, вялікую ролю гралі немцы, але якую вялікую ролю гралі італьянцы, паўсюль відаць на нашай прасторы, відаць і ў Кракаве, і ў Нясьвіжы, і ў Кіеве, і ў Вільні. Важкую ролю адыгралі і іншыя эўрапейскія краіны.

Гэта, зрэшты, досьвед, які ў сярэднявеччы, у XIV і XV стагодзьдзі, пэўным чынам падзялялі з намі вугорцы, што ўтварылі тады шматнацыянальную супольнасьць — каралеўства сьв. Стафана, дзе побач з вугорцамі жылі таксама харваты, славакі, румыны, сэрбы і іншыя народы, складаючы своеасаблівую мазаіку, форму фэдэрацыі. Вельмі інтэнсіўнае разьвіцьцё Вугоршчыны ў гэтую вялікую эпоху, пры блізкіх сувязях з Польшчай, было вырашальным для станаўленьня вугорскай культуры. Пасьлей Вугоршчыну напаткала катастрофа; гэта была параза ў бітве пад Могачам (1526), у выніку якой краіна была захопленая і падзеленая Турэччынай. Хаця ад гэтай катастрофы вугорцы паступова ачомуюцца, падставы вугорскай культуры сфармаваліся якраз у тыя стагодзьдзі.

53
{"b":"598980","o":1}