Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Ці варта, аднак, і надалей настойваць на гэтым пайме? Так, адказвалі яго абароньнікі. Калі не спрацоўваюць геаграфічныя, гістарычныя або палітычныя аргумэнты, трэба зьвярнуцца па культурныя аргумэнты. Або — міжволі паўтараючы словы рамантыкаў — перанесьціся ў краіну духу. «Сярэдняя Эўропа — гэта не гаспадарства, а культура, кон. Ейныя межы ўяўныя, і іх даводзіцца вызначаць наноў, выходзячы з кожнай новай гістарычнай сытуацыі»[162], — даводзіў Кундэра. Мілаш, у сваю чаргу, пераконваў, што «гігіенічная, так бы мовіць, падстава для абраньня тэрміну «Сярэдняя Эўропа» ў тым, што ён дазваляе шукаць спэцыфічнасьці ейнай культуры і бароніць нас ад абмыльных аналёгій»[163]. Паводле Кіша, гэтае паймо «ў галіне культуры ўжо можа азначаць толькі апэляцыю да генэалягічнага дрэва Эўропы як да свайго собскага дрэва (...) азначае яшчэ верагодную патрэбу прызнаць гэтае супольнае паходжаньне, не зважаючы на адрозьненьні або якраз зь іхнай прычыны»[164].

Упор на адзінства там, дзе надзвычай выяўна панавала разнароднасьць, у вялікай меры зьясьняўся, безумоўна, тым, што паймо Сярэдняй Эўропы зьяўлялася галоўна ў творах эмігрантаў і дысыдэнтаў, набываючы наўперад палітычны падтэкст. Спраставанае супраць дамінаваньня Савецкага Саюзу над гэтым абшарам кантынэнту, яно было згадкай аб існаваньні «горшай», забытай Эўропы, сьпісанай у архіў ялцінскім трактатам[165]. Чаму я прыгадаў гэтыя агульнавядомыя факты? Таму, што генэза тэрміну і акалічнасьці яго ўзьнікненьня ў значнай меры ўплываюць на ягонае разуменьне і далейшае функцыянаваньне ажно да сучаснага моманту. Сярод іх трэба вылучыць, першае, падкрэсьліваньне трывалых сувязяў з культурнай і цывілізацыйнай спадчынай Заходняй Эўропы, нярэдка з пропускам Нямеччыны і Аўстрыі і як бы коштам Расіі, якую вымыкаюць з гэтых сувязяў. Другое, пошук супольных рысаў — нечага накшталт культурнай парадыгмы сьведам’я жыхароў гэтага прасьцягу — з выразьлівым замоўчваньнем або дэманстрацыйнай пагардай да адрозных рысаў. Урэшце, трэцяе — зьяўляецца рэтраспэкцыйная ўтопія ў выглядзе ідэалізацыі некалі існых на гэтым абшары шматнацыянальных і шматкультурных гаспадарстваў: Вялікага Княства Літоўскага і аўстра-вугорскай манархіі. Але ўсюдых упорыста пракідаецца аснаватворная праблема: як заставацца вольным у паліморфнай супольнасьці? Шляхецкая дэмакратыя разьвязала гэтую праблему часткова, абмяжоўваючыся адной прывілеяванай столкай. Аўстра-Вугоршчына, асабліва ў апошнюю фазу свайго існаваньня, адкідала памкненьні паасобных нацыяў да самавызначэньня. За дваццаць міжваенных гадоў утапічныя грамадзкія праекты, увасобленыя ў жыцьцё, выявілі сваю злавеснасьць. Ідэя вышэйшасьці адной нацыі над іншай скончылася генацыдам. Ідэя поўнай роўнасьці стварыла новую форму нявольніцтва.

Таму, калі шукаюць супольныя рысы Сярэдняй Эўропы, навязьлівым рэфрэнам вяртаецца гісторыя. Тая даўная і гэтая цяперашняя, запісаная ў калектыўным сьведам’і і перажываная ў дадзены момант. Ейны рэльефны відарыс — наўперад памяць паразы, прыніжальны досьвед прайгранкі. Мілаш нават робіць выснову, што «гістарычныя ўяўленьні заўсёды кормяцца калектыўнай памяцяй і пачуцьцём пагрозы»[166]. Яму ўтаруе Конрад: «Наша ўяўленьне гісторыі абмяжоўваецца рэтраспэкцыйным летуценьнем: каб жа тады склалася інакш, то ўсё б пайшло гладка. Амаль-перамогі, нібы-дасягненьні, а пасьля горкі экстаз самаабвінавачаньняў»[167]. Паляк і вугорац — два браты... у няшчасьці. Яны думаюць падобна, хаця іх падзяляе ня толькі адлежнасьць ад Амэрыкі да Эўропы, але і час: першае выказваньне паходзіць з пачатку восемдзясятых гадоў, другое зь дзевяцьдзясятых. Хіба — апрача Восені Народаў — у нашым аўтадыягназе нічога не зьмянілася? І надалей сярэднеэўрапейцы, паводле словаў Тамаша Лубеньскага, пакутуюць на «комплекс замкнёнасьці», «комплекс пэрыфэрыі» і «хваробу намадызму»[168]?

Перш як паспрабаваць адказаць на гэтае пытаньне, варта прызнаць, што ідэя Сярэдняй Эўропы ад самага пачатку знаходзіла вялікшы розгалас у Чэхіі, Вугоршчыне або ў краінах колішняй Югаславіі, чымся ў Польшчы. Чаму? Адной з прычын было, напрыклад, тое, што польскія землі былі падзеленыя паміж трыма гаспадарствамі, адно зь якіх распасьціралася далёка ў стэпы Азіі і прыналежнасьць якога да Эўропы нярэдка стаўлялася пад сумлеў, другое адмаўляла насельнікам цэнтральнай часткі кантынэнту называцца сапраўднымі эўрапейцамі, абдорваючы іх пагардлівым найменьнем Mitteleuropa, а трэцяе было ўблытана ў нутраныя нацыянальныя канфлікты. У гістарычнай памяці палякаў і надалей жыве абраз Рэчы Паспалітай, і загэтым яны не выстаўляюць прэтэнзій — як чэхі, вугорцы, славенцы — на габсбурскую манархію, якая збаёдала шанец стварэньня фэдэрацыі раўнапраўных малых дзяржаваў. Постаць дабрадушнага караля з бакенбардамі яшчэ ўзбуджае пэўны сантымэнт у жыхароў Кракава, сантымэнт супоўна незразумелы для насельнікаў Пазнані ці Варшавы. Адсюль вынятковасьць становішча Мілаша. Цяжка дзівіцца, што народжаны каля Коўні як царскі падданы, сьведка нараджэньня і экспансіі нацыяналізму дваццатага стагодзьдзя, у азоранай легендай гістарычнай мінуўшчыне Літвы ён шукае зразы для «Эўропы радзім».

Але малая папулярнасьць ідэі Сярэдняй Эўропы ў Польшчы мае яшчэ іншыя прычыны. Сярод іх у тым ліку і пытаньне прыналежнасьці да Эўропы. Як абгрунтавана даводзіць Багдан Цывіньскі[169], гэтае своеасаблівае прыхарошваньне лёгка паставіць пад сумлеў, калі зьвярнуцца да геаграфічных, гістарычных або эканамічных аргумэнтаў. Польшча для эўрапейцаў — гэта далёкая краіна, у гісторыі кантынэнту пастойна запозьненая, цывілізацыйна адсталая. Але, тым ня менш, патрэбная нейкай Эўропе, бо яна становіць сабой важны складнік яе духовай тоеснасьці. У чым тады палягае каштоўнасьць польскасьці? Цывіньскі асьцярожна кажа, што ён засяроджваецца на пазытыўных рысах стэрэатыпу паляка, да якіх адносяцца адвага і ахвярнасьць, здольнасьць да салідарных дзеяньняў, вернасьць каталіцызму і падпарадкаванасьць паводзінаў перадусім пачуцьцям. Вучоны прывёў тым самым, хоць і з засьцярогамі, набор традыцыйных прынцыпаў. Як бы ігнаруючы факт, што польскае грамадзтва за апошнія пяцьдзясят гадоў перажыло глыбокую мэтамарфозу і гэныя даўныя меры не заўсёды маюць прытарнаваньне. Наапошку, аднак, ён прызнае, што эўрапейскасьць ня ёсьць «вартасьцяй самой у сабе. Яна ёсьць баржджэй спосабам перажываньня вартасьцяў, прыступных чалавеку, спосабам, які свойскі эўрапейцу, бо ён паклікаецца на ведамыя яму культурныя кады і на запісаныя ў іх успаміны аб пэўных гістарычных даведаньнях». Дадаючы: «Дзеля гэтага «агульначалавечая», абстрактная вартасьць убіраецца ў строі блізкай нам сымболікі, а на ейным ахове стаяць ведамыя нам з гісторыі або зь легендаў героі»[170]. Намагаючыся ўскосна давесьці прыналежнасьць Польшчы да Эўропы, Цывіньскі выяўна абсалютызуе пры гэтым мяжу паміж Усходам і Захадам. Ён сьцьвярджае, што крытэрам, важнейшым за веравызнаньне, ёсьць «тып грамадзка-палітычнага ладу і філязофія чалавека і грамадзтва, якая стаіць за ім»: загэтым па адным баку пануе закон, па другім — «воля абсалютнага валадара»[171]. Гэтага роду абагульненьні лёгка паставіць пад сумлеў. Бо хіба Захад заўсёды кіраваўся законам, а ня воляй валадароў? Або ці ў Расію не пранікалі дэмакратычныя ідэі? Але прытарнаваная тут стратэгія, нягледзячы на шматлікія заганы, паўторыцца яшчэ ня раз.

* * *

Сілкаваны настальгіяй, летуценьнем або сукрытымі комплексамі, дыялёг выгнанцаў зь Сярэдняй Эўропы не заглух у пустцы, наадварот — ён выклікаў на Захадзе надзвычай жывы рэзананс. Прамовіла пачуцьцё сукрытай віны? Настальгія за ўстойлівым сэнсам? Прагненьне самасьцьвярджэньня? Як бы там ні было, заходнеэўрапейскія інтэлектуалы і пісьменьнікі проста навыперадкі бегалі адзін за адным, каб узяць удзел у дэбатах. Уборзьдзе, зрэшты, яны набылі форму міжнародных канфэрэнцый, падчас якіх — зазвычай адныя і тыя ж удзельнікі — заўзята разглядаюць размавітыя гістарычныя, палітычныя, гаспадарчыя, культурныя аспэкты жыцьця ў гэтай частцы кантынэнту. Сярэдняя Эўропа стаецца ў пэўным сэнсе моднай. Ейная адметнасьць і апрычонасьць выявілася ня толькі ў словах, запісаных дысыдэнтамі, але і ў штодзённым жыцьці насельнікаў дзяржаваў, захінутых зялезнай заслонай, як у пакутнай праўдзе палітычных рэалій, так і ў кампэнсацыйнай гістарычнай фікцыі.

вернуться

162

M. Kundera, op. cit.

вернуться

163

Cz. Miłosz, op. cit.

вернуться

164

D. Kiš, op. cit.

вернуться

165

Найбольш грунтоўная бібліяграфія на тэму дыскусій аб Сярэдняй Эўропе ўтрымліваeцца ў: J. Olejniczak: Arkadia i małe ojczyzny. Vincenz — Stempowski — Wittlin — Miłosz. Kraków, 1992.

вернуться

166

Cz. Miłosz, op. cit.

вернуться

167

G. Konrad: Dekadenci to my. «Krasnogruda», № 1, 1993.

вернуться

168

Гл.: T. Lubieсski: Porachunki sumienia. Warszawa, 1994.

вернуться

169

B. Cywiński: Mój kawałek Europy. Warszawa, 1994.

вернуться

170

Ibidem, s. 12.

вернуться

171

Ibidem, s. 13.

88
{"b":"598980","o":1}