На Захадзе ідэя свабоды набыла магутны індывідуальны вымер. Яе падтрымала буржуазія, а пасьля сярэдняя кляса. У Сярэдняй Эўропе моцна выявіўся ейны супольнасны, нацыянальны вымер, які пашыраўся мясцовай інтэлігенцыяй. У Беларусі праявы індывідуалізму вельмі слабыя, нацыя ў ісьце так і не сфармавалася, цяжка гаварыць — абмінаючы вузкія серадовішчы інтэлектуалаў — аб інтэлігенцыі з традыцыямі сярэднеэўрапейскага або расійскага тыпу (баржджэй аб клясе «дзяржаўнай бюракратыі»), і пагатоў аб буржуазіі або сярэдняй клясе. Ідэя свабоды валодае гэтта, безумоўна, меншай мабілізацыйнай сілай, чымся ў засталых дзьвюх частках Эўропы. Яна распаўсюджвалася як калектыўна ўсьвядомленая неабходнасьць. У беларускіх умовах нястачы матэрыяльных дабротаў як свабода заходнеэўрапейскага тыпу, так і паймо нацыі не адчуваецца шмат кім як патрэба першай неабходнасьці.
У адваротнасьць ад Захаду, дзе грамадзкія структуры ўтвараліся наўперад пры апірышчы на валоданьне собскасьцяй, у былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі, грамадзкая стратыфікацыя фармавалася перадусім пры апірышчы на валоданьне ўладай. Доступ да матэрыяльных дабротаў залежаў ад ступені ўдзелу ўва ажыцьцяўленьні ўлады, прычым у такім маштабе, які не спатыкаўся ў Польшчы. Вынікам гэтага (г.зн. слабой залежнасьці паміж працай і даходамі) быў нізкі ўзровень этасу працы, слабое разьвіцьцё індывідуальнай ініцыятывы, уніфікацыя грамадзтва, якое замыкалася на самым сабе. Распаўсюджвалася пыха што да падуладных і пакора што да ўлады. У гэтай сыстэме адказнасьць азначала страх перад начальствам і поўнае падпарадкаваньне яму, а не кампэтэнцыю і дбайнасьць аб падуладных. Палітычны нонканфармізм вынішчаўся ня толькі ўладамі. Дысыдэнты часта ўважаліся масамі, як у Расіі, так і ў Беларусі, за не зусім нармальных людзей. Масы не атаесамлялі сябе зь імі. Іх лічылі дзівакамі. З падазронам ставіліся і да індывідуальнага супрацьстаўленьня грамадзтву, дзяржаве, і, такім чынам, калектыву. Улада на Ўсходзе бяз Бога, і нават скіраваная супраць Бога, мела сакральны вымер. Ня ў меншай ступені ёй цяжка супрацьстаяць і цяпер. Безумоўна, гэта лягчэй удаецца найбольш празаходняму Беларускаму Народнаму Фронту, чымся камуністам або аграрнікам. БНФ і ў іншым пляне парывае з усходняй палітычнай традыцыяй — відавочнай, напрыклад, у цяперашняй Расіі — згодна зь якой на чале партыі стаіць правадыр, які мае наўкола сябе не палітычных партнэраў, значэнных постацяў, а толькі партыйныя масы. Прэзыдэнт Лукашэнка не дапускае такіх сытуацыяў. Прэзыдэнт Ельцын аслабляе эвэнтуальныя пагрозы, супрацьстаўляючы сабе палітыкаў і ў меру магчымасьці сутыкаючы іх паміж сабой. БНФ — і гэта вельмі відавочна — узгадаваў шмат наступнікаў Пазьняка.
У Беларусі слаба разьвіваецца рынкавая эканоміка. Стаўленьне да яе ў значнай ступені вынікае з валоданьня собскасьцяй. Сродкі вытворчасьці ў Беларусі ў пераважнай бальшыні знаходзяцца ў руках дзяржавы, і тут у апошнія часы мала што зьмянілася. Каля 15% зямлі знаходзіцца ў прыватным валоданьні. Гэта, аднак — узьніклыя ўжо ў савецкія часы — прысядзібныя надзелы, лецішчы і толькі 3 тысячы сялянскіх гаспадарак (якія называюцца фэрмэрскімі). Яны даюць прыблізна палавіну, а ў 1996 годзе, магчыма, і бальшыню сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 80% жыхароў Беларусі прымае прыватную собскасьць на зямлю, і 20% выказваецца супраць гэтага[117]. Падтрыманьне гэтае, аднак, слабое, вэрбальнае, яго не суправаджае праўна-палітычная актыўнасьць, імкненьне атрымаць зямлю. Жаданьне валодаць собскасьцяй (прадпрымальніцтва), разам з спадарожнай гэтаму рызыкай і адказнасьцяй, як падаецца, адносна невялікае. Паводле дасьледаваньняў «Эўрабаромэтру», 53% жыхароў краін, што ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, у 1995 годзе падтрымвалі рынкавую эканоміку (супраць было 26%). У краінах СНД «за» было 22%, а «супраць» — 59% (значна лепшыя паказчыкі былі ўва Ўзбалтыцы). Цягам апошніх гадоў працэнт праціўнікаў рынкавай эканомікі ўзрос у Расіі і на Ўкраіне. У Беларусі розьніца паміж прыхільнікамі і будучымі ў меншыні праціўнікамі рынку зьменшылася да 13%[118]. У савецкай Беларусі не выпадала быць багатым. Собскасьць была заменена ідэяй грамадзкага эгалітарызму.
Дэмакратыі й рынкавай эканоміцы спрыяе хутчэй індывідуалізм, чымся ўкарэнены ў мэнтальнасьці беларусаў калектывізм, прыватная собскасьць, чымся дзяржаўная собскасьць, дыфэрэнцыяцыя грамадзтва, чымся эгалітарызм, вяршэнства закону, чымся права індывіда або групы да неабмежаванага вяршэнства нібыта ў імя інтарэсаў народу. Беларусы не стварылі інстытуцыйных варункаў для належнага функцыяваньня рынкавай эканомікі, прычыны чаго палягаюць у вызнаваных імі вартасьцях. Падобныя словы можна аднесьці і да існуючай цяпер у Беларусі палітычнай сытуацыі. Яна — вынік грамадзкага выбару апошніх двух гадоў. Гэта не азначае, што гэткі стан рэчаў будзе нязьменны. Аднак, безумоўна, гатовасьць да ажыцьцяўленьня палітычных (зьвязаных з ладам) і эканамічных зьменаў была, ёсьць і напэўна яшчэ нейкі час будзе ў Беларусі меншай, чымся ў Чэхіі, Польшчы або ў Вугоршчыне.
Грамадзкія структуры
На культурныя падзелы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе накладаюцца істотныя адметнасьці ў грамадзкіх структурах паміж паасобнымі нацыямі, што насяляюць яе. Іх кшталт вызначае форму й сілу артыкуляцыі грамадзкіх ідэалаў, забясьпечвае магчымасьць культывацыі традыцыі, зьмяшчаючы ў большай ці меншай ступені імпэратыў несупыннай грамадзка-палітычнай актыўнасьці. У нацыяў, якія валодалі выпрабаванай стагодзьдзямі грамадзкай структурай, існавалі слаі — шляхта, а пасьля ўзьніклая зь яе інтэлігенцыя — якія выконвалі палітычныя й культурныя ролі, што забясьпечвалі бесьперапыннасьць існаваньня нацыі пры апірышчы на яе палітычна-дзяржаўныя традыцыі. Таму ў іх існаваў актыўны этас, што схіляў грамадзтва, у выпадку пагрозы для ягонай свабоды, тоеснасьці, да працяглых палітычных акцыяў, напару нават гвалтоўных. Актыўнасьць грамадзтваў, эліты якіх выводзяцца зь селавых серадовішчаў, напару зь мяшчанства, была іншага роду. Яна была больш пазытывісцкай, менш рамантычнай і індывідуалісцкай, а таксама ў меншай ступені настроенай на паўстанцкія закалоты. Гэта было відаць у пэрыяд некалькіх дзясяткаў пасьляваенных гадоў «рэальнага сацыялізму». Пасьля 1956 году найбольш палітычна адкрытымі, лібэральнымі былі Польшча і Вугоршчына. Толькі там да 1989 году зьдзяйсьняліся ініцыяваныя «зьнізу», грамадзтвам, палітычныя забурэньні (1956 — у Вугоршчыне і некалькі разоў у Польшчы). «Праская вясна» 1968 году была запачаткаваная тагачаснымі ўладамі Чэхаславаччыны; яна атрымала масавае падтрыманьне ў сялянска-гарадзкім асяродзьдзі. Падобных падзеяў не было ў Баўгарыі, Румыніі (румынская рэвалюцыя канца 1989 году была ініцыяваная вугорскай мяншыняй трансыльванскай Тымішаары), ні у падпарадкаваным расійцам СССР (я абмінаю ГДР і бэрлінскае паўстаньне 1953 году). Працэс дэмакратызацыі ўва ўзбалтыцкіх рэспубліках канца 80-х гадоў быў ініцыяваны ў значнай ступені палітычнымі элітамі гэтых краін, ён атрымаў у тамашніх грамадзтвах хуткае й масавае падтрыманьне, якое шакавала — як можна прыпушчаць — і самых ініцыятараў. Гэтыя зьявы ня мелі сваіх — так рана й выяўна ўзьніклых — адпаведнікаў у Беларусі, у Расіі, а таксама ўва ўсходняй Украіне (на фоне якой выгодна вырозьніваўся захад краіны).
Як у выпадку Чэхаславаччыны, так і Ўзбалтыкі, грамадзкія масы ўплывалі на радыкалізацыю праграмы ды хуткую інстытуталізацыю новаўзьніклых рухаў. У гэтых грамадзтвах былі досыць моцна ўкарэненыя ідэі дэмакратыі, свабоды й незалежнасьці, дарма што ў выніку нястачы ў пэрыяд набыцьця нацыянальнага аблічча ў гэтых грамадзтвах — і, такім чынам, у вельмі істотны пэрыяд фармаваньня іхнай культуры: собскіх вышэйшых слаёў і зьвязаных з гэтым традыцыяў актыўных грамадзянскіх акцыяў — масавае, дзейснае падтрыманьне гэтых ідэяў грамадзтвам патрабавала ў тагачасных умовах наагул ініцыяцыі або санкцыі «згары».