Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

З палякаў, што бралі ўдзел у зьезьдзе, найменш заклапочанымі былі дэлегаты з польскіх тэрыторыяў, што былі тады далучаныя да Прусіі. Будучы настроенымі антынямецка, яны лёгка знаходзілі супольную мову з чэхамі. Іншыя — асабліва тыя, што паходзілі з расійскай зоны акупацыі — у такой ступені ўвасаблялі польскую справу, што амаль аўтаматычна выклікалі здань Расіі. Да таго ж, яны нязначна цікавіліся аўстраславізмам і не хацелі дражніць прарасійска настаўленых нацыяў. Зрэшты, палітычна гэтым яны маглі выйграць няшмат.

За два дзясяткі гадоў, калі расійскае славянафільства ў 1867–1878 гг. перашло да імклівых нападаў, паўсюль была прызнаная іх дальнабачнасьць. Расія, перамогшы ў сябе палякаў, заставалася ў варожых стасунках як з Аўстра-Вугоршчынай, так і з Турцыяй. У межах гэтых абедзьвюх дзяржаваў жылі славяне, якім царызм больш ці менш адкрыта аказваў падтрымку. Папулярнасьць Расіі сярод славянскіх нацыяў расла і была найвышэйшай тады, калі сярод палякаў пасьля студзеньскага паўстаньня яна дасягла свайго мінімуму.

Уплывы Расіі сярод украінцаў, што жылі ў межах Аўстра-Вугоршчыны, непакоілі ня толькі афіцыйных дзеячаў манархіі. 27 ліпеня 1866 г. маскаляфільская ўкраінская газэта «Слово» зьмясьціла артыкул «Погляд в Будучність» з гучным тэзысам, што няма ўкраінцаў-русінаў, а ёсьць толькі адзіны расійскі народ ад Карпат і да Камчаткі. Для Вены гэта азначала пагрозу «пятай калёны» пры выпадку вайны з Расіяй. Палякі таксама былі выразна напалоханыя прагрэсам панславізму ўва ўсходняй Галіччыне. Некаторыя зь іх не маглі выйсьці за рамкі традыцыі і ўважалі ўкраінцаў за ўсходні варыянт польскага мужыка; некаторыя самі ўважалі сябе за gente Ruthenus, natione Polonus, і да гэтай групы належаў у тым ліку і мэр Кракава Мікалай Зублікевіч (1825–1886). Іншыя былі схільныя бачыць ува ўкраінцах апрычоную нацыю і пасьлядоўна падтрымлівалі сярод іх нацыянальны кірунак. Так ці інакш, інтарэсы манархіі і палякаў прынцыпова супадалі. Вена ясна здавала сабе з гэтага справу, і таму праграмная маскаляфобія бальшыні польскіх палітыкаў з Галіччыны неаднаразова была падставай іх імклівых кар’ераў у дзяржаве.

Якраз тады панславісцкія ўплывы пачалі шырыцца сярод чэхаў, якія адыгрывалі вялікую ролю ў гаспадарцы манархіі. Галіччына заўсёды зьяўлялася эканамічнай пэрыфэрыяй Аўстрыі, Чэхія ж была яе «фабрыкай і варштатам», адным з найбольш шпарка разьвіваных эканамічных абшараў тагачаснай Эўропы. Амбіцыі чэхаў былі немалыя: яны дамагаліся падобнага месца ў манархіі, якое з 1867 г. мелі вугорцы, г. зн. асобнай кароны, асобнага ўраду і сойму. Аднак на гэта не пагаджаліся немцы, і ў выніку чэхі ў знак пратэсту доўга байкатавалі парлямэнт у Вене ды праз пэўныя прамежкі часу — з рознай інтэнсіўнасьцю — «страшылі» Габсбургаў прыхільнасьцямі да Расіі.

Яны пастаянна заклікалі палякаў да славянскай салідарнасьці, хоць водгук на польскім баку быў слабы, і на іх заклікі адказвалі толькі нямногія: князь Ежы Чартарыскі, Францішак Смолка, граф Войцех Дзедушыцкі. Пераважная бальшыня палякаў уважала, што сфэдэралізаваная манархія значна лепей паправіць палажэньне чэхаў. Тым больш, што гэта можа пагоршыць пазыцыі палякаў, якія, падтрымліваючы аўстра-вугорскі дуалізм, знаходзіліся ў адносна лепшым стане. Да таго ж, гэтага тычылася пытаньне, палітычна, магчыма, менш важнае, але псыхалягічна ўва ўсёй гэтай справе ня менш, безумоўна, істотнае. Шмат чэхаў з сымпатыямі ставіліся да царызму; некаторыя мелі нават прэтэнзіі да палякаў, што тыя праз сваю нелюбосьць да Расіі і пастаяннае разварушваньне старых крыўдаў абцяжваюць салідарнасьць усіх славян. Паколькі падобныя галасы гучалі з боку сэрбаў і славінцаў, палякі рэагавалі востра і любыя дыскусіі на гэтую тэму рашуча прадухілялі: «Я не славянін, — гаварыў у венскім парлямэнце маёр Папоўскі, — я паляк». А Флярыян Земялкоўскі, аўстрыйскі міністар і вялікая фігура ў парлямэнцкім «Коле Польскім», на аўдыенцыі ў Франца Язэпа заявіў, што ў нас, палякаў, славянафільства ці то з Масквы, ці то з Прагі выклікае агіду.

* * *

Гэта не азначала, што стасункі паміж палякамі і чэхамі знаходзіліся пад знакам пэрманэнтнага канфлікту. Урэшце акурат палякі ў шырокавядомай чэска-нямецкай спрэчцы падаліся абодвум канфліктуючым бакам найлепшымі пасярэднікамі. Чэхі аддавалі перавагу італійцам, але немцы ўважалі, што лепшых пасярэднікаў ува ўсёй Аўстрыі немагчыма знайсьці. Першыя не пераставалі верыць у славянскую салідарнасьць, другія — для кантрасту — у арганічнае непрыняцьце палякамі такой салідарнасьці. У выніку найперш Альфрэд Патоцкі (1870–1871), а пасьля Казімеж Бадэні (1895–1897) станавіліся на чале кабінэтаў, якія спрабавалі памірыць чэхаў зь немцамі. Калі Патоцкаму нічога не ўдалося, і ён яшчэ больш заблытаў справу, то Бадэні пачаў вельмі пасьпяхова і пацярпеў паражэньне толькі тады, калі ўвёў пастанову, якая рабіла раўнапраўнымі чэскую і нямецкую мовы на абшары Чэхіі і Маравіі. Акурат тады на нямецкім баку раздаліся галасы аб спробе славянізацыі або нават палянізацыі Аўстрыі, што выклікала выбух размаітых нацыяналізмаў і абвінавачаньняў у адрас палякаў — яны, маўляў, падрываюць традыцыйныя пазыцыі немцаў у дзяржаве, апякуючыся братамі-чэхамі.

Аднак гэтая вялікая хваля хутка спала. Абвінавачаньні ў адрас г.зв. польскіх жондаў і выдумкі на тэму польскай перавагі былі бессэнсоўныя. Нам вельмі хочацца ісьці з вамі — тлумачылі палякі чэхам — але нам даводзіцца ісьці зь немцамі. Такую стратэгію дыктаваў палітычны разьлік. Галіччына тады лічылася польскім П’емонтам, і палякі не хацелі страціць здабытыя там пазыцыі ў выніку рызыкоўных дзеяньняў.

Няма сумневу, што ў закаханых у Захад палякаў быў выпрацаваны асабліва эфэктыўны імунітэт на панславізм. Гэта адбылося яшчэ і таму, што на пераломе стагодзьдзяў польская палітычная думка, польскае мастацтва, літаратура і навука былі болей як калі паглынутыя бурлівай плыняй эўрапейскага інтэлектуальнага жыцьця. За акцыдэнталізм — зрэшты, па-рознаму зразуметы — выказваліся выбітныя польскія палітычныя думаньнікі розных кірункаў, вядомыя пісьменьнікі, змагары за прагрэс цывілізацыі і прапагандысты нацыянальнай культуры. На парозе нашага стагодзьдзя падавалася, што альтэрнатывы няма: палякі або будуць разьвівацца ў кантэксьце заходняй культуры, або іх ня будзе ўвогуле. Або хоць у канцы прыпадобіцца да цывілізацыйна старшых нацыяў Эўропы і пачаць жыць так, як яны, або «сысьці з шляху» і быць паглынутымі Расіяй.

* * *

Тым часам пералом стагодзьдзяў, прынёсшы расійска-францускае збліжэньне, моцна замуціў і гэты ясны вобраз. Сымпатычная Францыя заключыла саюз зь ненавіднай Расіяй. Аўстрыя апынілася на другім баку. У Пецярбургу зноў дазваляецца ажыць расійскаму славянафільству, якое цяпер выкарыстоўваецца царызмам як фактар націску на Вену.

Да 1908 г., да басьнійскага крызысу, Расія рэдка зьвярталася да гэткай карты. Паступова гэта пачало адбывацца ўсё часьцей, дзеля чаго выкарыстоўвалася жангляваньне падтрымкай для харватаў, сэрбаў, славінцаў, а таксама славян з поўначы і ўсходу падвойнай манархіі: чэхаў і ўкраінцаў. Гэтая палітыка хутка пачала прыносіць посьпех. На расійскую прапаганду аказаліся падатлівымі амаль усе вышэйзгаданыя нацыі — перадусім, безумоўна, сэрбы, менш чэхі, для якіх русафілізм напару зьяўляўся жупелам, што быў пакліканы схіліць Вену да саступак. Апрача таго, чэхі мелі яшчэ канкуруючую ідэю супольнасьці ўсіх славян у абсягу Аўстрыі і даводзілі, што манархіі ў сапраўднасьці пагражае не панславізм, а пангерманізм. У барацьбе зь ім супольная назва аб’яднала б славян, але не — як даўней — пад кіраўніцтвам Расіі, а на дэмакратычных прынцыпах, у саюзе раўнапраўных нацыяў. Перашкодай у гэтых пекных плянах былі, аднак, зноў палякі, якіх — на думку Крамаржа — належала наўперад адцягнуць ад немцаў, а пасьля памірыць з расійцамі. Бо бяз згоды гэтых дзьвюх вялікіх славянскіх нацыяў ніякая супольнасьць ня ўдасца.

Калі ў 1905 годзе цар Мікалай ІІ выдаў маніфэст аб скліканьні Дзяржаўнай Думы, надзеі Крамаржа яшчэ больш узрасьлі. У Расіі зьявіліся нэаславісты (Шарапаў, Філевіч, Трубяцкой, Бабрынскі), якія дыстанцыяваліся ад панславізму і пагаворвалі на тэму наданьня Каралеўству Польскаму аўтаноміі. Крамарж, які ўважаў усё гэта за чыстую манэту, быў блізкі да эўфарыі. Недавер заставаўся толькі ў палякаў, якія да запалу чэхаў паставіліся без энтузіязму.

58
{"b":"598980","o":1}