Я, безумоўна, ня маю на ўвазе нязначных прафэсіяў, нейкія там экстрапаляцыі, канечне, якраз наадварот. Зрэшты, заўсёды было так, бо я заўважыў і тое, што калі што-небудзь з прагназаванага мной неспадзеўкі станавілася сапраўднасьцю, то раней ці пазьней нехта, ня маючы абсалютна ніякага аўтарытэту, адзначаў гэта і пісаў аб гэтым, але так, што бальшыня гэтага не заўважала. Таму тое, што я таксама прадбачыў, але што яшчэ ня спраўдзілася, было паўсюль (я ня маю на ўвазе толькі Польшчу) трактавана так, што нібыта яно не існавала і ніколі не было выказана, паколькі ў такіх выпадках я ніколі нават не аспрэчваў падобных закідаў. Гэта было нормай, а ў апошні час зьмены зайшлі яшчэ далей: я не магу прадбачыць нават у грубым прыбліжэньні, калі нейкая інавацыя, асабліва вялікага калібру, наступіць. Аб тэрмінах, аб calendarium я не ведаю НІЧОГА. Але ўсё ж ГЭТА надыдзе, тады, калі некалькі расьцярушаных па сьвеце асобаў прачытае і зразумее, што акурат я аб гэтым некалі напісаў (безумоўна, не заўсёды).
2. Але ў такім выпадку нельга быць галаслоўным. Паколькі ўжо гэтулькі разоў спраўджвалася маё «першынство» што да «віртуальнай рэальнасьці», мяне запрашаюць на розныя вучоныя сымпозіюмы ў Нямеччыне (ніколі ня езьдзіў і не паеду), іншыя закранутыя мной прафэтычныя тэмы застаюцца закрытымі для ўсіх, як плод каштану ў лупіне, пакуль гэтая лупіна ня трэсьне пад нейкай навукова-тэхнічнай нагой. А таму, пераходзячы да канкрэтыкі, паўсюдны трыюмфальны лямант, які суправаджаў народзіны такіх сетак сувязі, як Інтэрнэт і іншыя Нэты, я неўзабаве пракамэнтараваў тут і там запэўненьнем, што гэта будзе вялікі правал, паколькі адкрыўся калясальны прасьцяг для новага тыпу COMPUTER CRIME, што гэта будзе тэрыторыя ашукаў, крадзяжоў, падрабленьняў, удаваньняў, перахопаў, рабаваньняў ІНФАРМАЦЫІ, але хоры, што пяялі ў гонар гэтай Супэрсеткі і маланкавасьці ўсіх магчымых апэрацыяў, майго мышынага сьпеву, натуральна, не заўважалі (і не заўважаюць, бо, як я адзначыў у першай сыльве, надрукаванай у часопісе «Одра», я буду пісаць праўду, якую ніхто ня ўцяміць. А тут множацца артыкулы накшталт надрукаванага ў «Іnternatonal Herald Tribune» ад 17 кастрычніка: «New Flaws undermine Security of Internet»).
Можна сказаць, што гэтыя злачынствы, плягіяты і ашукі, глябальнай тэрыторыяй якіх стаў ледзь эмбрыянальна пачаты Інтэрнэт, можна было б так жа лёгка прадугледзець, як і тое, што поўная даляраў валізка, пакінутая на лаўцы ў парку, хутка зьнікне. Я з такім дыягназам (відавочнасьці таго, што зьбіла з тропу і шакавала тых, хто ўжо павыкупляў акцыі разнастайных адгалінаваньняў Інтэрнэту) у цэлым згаджаюся, застаецца толькі пытаньне, чаму перад выпускам на рынак гэтых акцыяў і прадказаньнем імгненнай, маланкавай выгады, а таксама перад працягваньнем e-mail’у (электроннай пошты) ніхто аўтарытэтна не перасьцярог аб гэтым. Але куды там: меркаваньне аб тым, што кадаваньнем і шыфраваньнем можна прадухіліць любое злоўжываньне, адразу падалося мне папросту дзіцячым, паколькі Інтэрнэт яшчэ не функцыянуе ў небе сярод анёлаў, якія, як вядома, ня схільныя да парушэньня сёмага прыказаньня.
3. 9 верасьня 1995 г. у «New Scientist» (старонка 42) у артыкуле пад назвай «Losing yourself in the Net» нейкі Jon Wozencroft апісвае (і часткова рэцэнзуе) кнігу спадарыні Allacquere Stone «War of the Desire and Technology at the Close of the Mechanical Age». Я, рэч ясная, не магу скарочана пераказаць артыкулу, што як рэцэнзія сам ЁСЬЦЬ скарачэньнем кнігі, якой я ня ведаю, але цэнтральны тэзыс аўтар падае ў двукосьсі, і ён гучыць так: «Існуючы ўзор сувэрэннага індывіда (sovereign subject) будзе поўніцай падарваны дзякуючы нашай узрастаючай здольнасьці да прыстасаваньня (to adopt) разнастайных індывідуальнасьцяў у віртуальных грамадзтвах». Ну, а пасьля аўтар кажа, што такія тэзы — гэта шрапнэль, якая трапляе ў чытача. Хто мог бы падумаць, што гэтая «шрапнэль» была выстралена 33 гады таму ў вёсачцы ля кракаўскага прадгор’я, што я меў гэты гонар: вось цытата зь першага выданьня «Тэхналягічнай сумы» (с. 224): «Там, дзе зьдзяйсьняецца трансфармацыя індывідуальнасьці, асобасная тоеснасьць зь зьявы, прызначанай для дасьледаваньня, пераўтвараецца ў зьяву, прызначаную для вызначэньня». Пасьля ляціць цэлы разьдзел «індывідуальнасьць і інфармацыя». Урэшце шрапнэль даляцела. Гаворка ідзе аб тым, што адным хутчэй з парадаксальных насьледкаў, убачаных мной у 1963 годзе, мела быць зьнікненьне індывідуальнай тоеснасьці на карысьць «вызначэньня», г. зн. умоўнага ўстанаўленьня, хто і дзе зьяўляецца той ці іншай асобай.
Вы, праўдападобна, мяркуеце, што пытаньне, прыведзенае як цытата з «Сумы», зьяўляецца адным з дэрыватаў «фантаматыкі». Гэта азначае, што віртуальная рэальнасьць пачынае пагражаць пэўным своеасаблівым — апісаным мной — чынам індывідуальнай тоеснасьці пасьля адпаведнай фазы станаўленьня разьвіцьцёвай тэхнічнай базы. Паколькі я не зьбіраюся перарабляць гэтую пару заўвагаў у нешта накшталт хрэстаматыйных выказваньняў зь неіснуючага тому пад назвай «Прароцтвы Ст. Лема», я ня буду бавіцца і прывядзеньнем цытат на іншыя тэмы. Мяне заўсёды найбольш цікавілі анталягічныя праблемы, да якіх, безумоўна, належыць і індывідуальная тоеснасьць, таму што калі нехта — гэта нехта, ён таксама можа заняцца філязафаваньнем; а калі невядома, хто ёсьць кім, чаго можа быць вартая створаная «дзеля яго» анталёгія. Гэта не эпістэмалягічная праблема, паколькі эпістэма засноўвае (хутчэй implicite, чымся explicite) індывідуальнае чалавечае мысьленьне (кожны філосаф заўсёды Нехта, ён ня можа, як Паліфэм, быць «нікім»). З гэтай прычыны мяне захаплялі такія насьледкі чыста тэхналягічнага разьвіцьця, якія атакавалі нібыта адвечна нязьменную сфэру тыпова гермэнэўтычна-анталягічных зьяваў, якія ўтвараюць цэнтар, наўкола якога кружацца думкі філёзафаў. Аднак так глыбока, як у «Summa technologiae», ні зацытаваная кніга, ні іншыя артыкулы зь безьлічы кампутарна-інфармацыйных выданьняў НЕ здагадваюцца і аб тым, што ўзьнікае патэнцыяльнае судакраненьне, і нават пераціненьне «па гарызанталі» фантаматыкі з дактрынай, прапанаванай біскупам Бэрклі, — аб гэтым у такіх арыентаваных хутчэй пазафілязафічна тэкстах няма і гаворкі.
4. Як мне падаецца, я апісаў характэрны ўзор маіх прыватных клопатаў, зьвязаных з асабістым дарам «прадбачаньня». Ня трэба думаць, нібыта я сьцьвярджаю, што ўсё, што я скажу, адразу (альбо праз 30 гадоў) зматэрыялізуецца, таксама як ня варта меркаваць, нібыта я ўважаю, што мае прагнозы беспамылковыя. Гэта далёка ня так, паколькі як праз паасобныя пункты, экспэрымэнтальна вызначаныя каардынатамі (на восі ардынат і абцыс) на графіку можна правесьці несупынную лінію, якая будзе мець выгляд нейкай крывой (простая — гэта адмысловы варыянт «крывой», бо яна ёсьць простай), так праз мае розныя прагнозы можна правесьці арыентаваную ў часе і прасторы «крывую», якая ня што іншае, як толькі вэктар неспадзяваных прагрэсіяў, перанятых ад біятэхналёгіяў жыцьця. Разам з мысьленьнем, бо заўсёды бывае так, што НЕХТА думае, г. зн. індывідуальнасьць ужо дадзеная і залучана ўва ўсім гэтым думальным малоху, што асымптомна імкнецца авалодаць эвалюцыйна ўзьніклымі ведамі (і ў нас таксама зрэалізаванымі).
Можа, некалі некаму захочацца вылучыць з маіх тэкстаў гэтую дзіўную зьяву, якая палягае ў мультыправідэнцыялізьме; я, напэўна, ня буду выконваць гэтага заданьня, паколькі шмат што засталося б па-за ўвагай, як і ўсе яе паасобныя, рассыпаныя ў маіх тэкстах элемэнты. У Расіі некалькі гадоў таму выходзіла малатыражнае, непэрыядычнае выданьне «Тарантога», і там было досыць шмат абгрунтаваньняў маіх прагнозаў, але гэта было зьмешана з эфэктамі Sсiencе Fiction, якія варта было б адцадзіць. Аднак сам я займацца адцэджваньнем не зьбіраюся: зазначу толькі, што дар, які наканавала мне Прырода, можа зьлёгку раздражняць, паколькі надзвычай часта пры чытаньні навуковых выданьняў я перажываю пачуцьцё, якое называецца «le sentiment du dйja vu» і якое, бывае, зьлёгку цьвяліць.