Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Тэкст перакладзены паводле: Odra, № 2 (408), 1995.

* У апошнія часы Станіслаў Лем зьвярнуўся да своеасаблівай формы рэфлексіі, прыдуманай аўтарам адумысьля для часопісу «Одра», і якой ён надаў назву «сыльва». Карані гэтага слова сягаюць лацінскай мовы, у якой «silva» азначае як «лес», так і «парк», як «расьліны», так і «множнасьць», як «матэрыю», так і «чарнавыя запісы». Ад чытача ж патрабуецца актуалізаваць «слушнае», на ягоны погляд, значэньне гэтага слова. — Зацем перакладніка.

«Я нікуды не належу, бо я ніадкуль»
Са Станіславам Лемам размаўляе Станіслаў Бэрэсь

Станіслаў БЭРЭСЬ: Скажэце, калі ласка, у якіх галінах навукі Вы адчуваеце сваю кампэтэнтнасьць?

Станіслаў ЛЕМ: Перадусім я мог бы сказаць так: у мяне не найгоршыя веды з галіны біялёгіі, уключаючы сюды і мэдыцыну. Але гэтыя веды досыць агульныя, бо калі б Вы пачалі задаваць мне пытаньні з абсягу заалягічнай сыстэматыкі, то адразу б выявілася, што яны распадаюцца на таксаноміі, бо я ня памятаю ўсіх жгуцікавых і пазванковых. У агульных абрысах, аднак, я ведаю ўсё як трэба. Я досыць добра арыентуюся ў натуральнай эвалюцыі, паколькі маю ўяўленьне аб генэтычным кодзе, аб арганічнай і неарганічнай хіміі, а таксама аб біяхіміі. Я шмат ведаю аб фізыцы, хоць і мушу падкрэсьліць, што пакінуў займацца ёй з таго часу, калі яе канцэпцыі сталі такімі гермэтычнымі і супярэчнымі, а таксама калі наступіла яўная рэакцыя фізыкаў на «нялюдзкасьць матэрыі», бо яны нарэшце зразумелі, што тут нельга гаварыць аб нечым відавочным, што нельга пабудаваць ніякіх мэханічных мадэляў, а намэнклятура стаецца ўсё больш умоўнай (...).

Я досыць шмат чытаў з галіны касмалёгіі, астрафізыкі, астраноміі і плянэталёгіі. Што датычыць іншых дысцыплін, то я троху арыентуюся ў кібэрнэтыцы, тэорыі інфармацыі, лёгіцы, тэорыі рашэньняў, а таксама спасярод шматлікіх навуковых «дзяцей» кібэрнэтыкі. Але каля дзесяцёх гадоў таму я перастаў займацца імі сыстэматычна. Мяне вельмі цікавіць філязофія, але пра тое, што ёсьць нейкі Фэерабэнд і нейкі дадаісцкі анархізм у тэорыі пазнаньня, мне даводзіцца даведвацца ад сваіх кампэтэнтных знаёмых, якія часам падсоўваюць мне нейкія кнігі. Тое самае датычыць і іншых дысцыплін, напрыклад, псыхіятрыі, дзе адбылася вялікая рэвалюцыя, падобная да сэйсьмічнага зруху. Я няблага арыентуюся ў тэорыі літаратуры, але знаёмства зь ёй адбывалася дзякуючы структуралізму. Калі я наважыўся напісаць «Філязофію выпадку», я недзе год разьбіраўся ў структуралісцкіх канцэпцыях. Па сваёй наіўнасьці я меншую ўвагу зьвярнуў на старых структуралістаў Праскай школы і чытаў толькі навейшых. Ну і аказалася, што Праская школа структуралізму мела троху іншы кірунак і іншую тэрміналёгію, аб чым я меў цьмянае ўяўленьне — што і ўсьвядоміў падчас дыскусіі ў Інстытуце літаратурных дасьледаваньняў — бо шмат з гэтага мне было невядома, за выняткам, можа, Якабсона. Зрэшты, пазьней я забыўся на бальшыню тых рэчаў. І сёньня ня памятаю дзясятай часткі тых мудрасьцяў, якія я тады ўбіў сабе ў галаву. На шчасьце, у мяне ёсьць мілая здольнасьць забывацца...

С.Б.: Ці выпрацавалі Вы на працягу свайго шматгадовага экспэрымэнтаваньня з мовай нейкую агульную філязофію слова або сукупнасьць поглядаў на моўную прыроду фантастычна-гратэскавых жанраў?

С.Л.: Паколькі мову можна дасьледаваць толькі мовай і найперш матэматычнай (але гэта таксама sui generis мова), паўстае праблема самазваротнасьці, але ў тэхнічны абсяг гэтых справаў я не хачу цяпер уваходзіць. Агульна кажучы, мой погляд на прыроду мовы роднасны з тым, што выклаў у сваёй кнізе Налімаў («Вероятностная модель языка», Масква, 1974, выд. «Наука»). На жаль, я не магу сфармуляваць яго галоўнага тэзысу, бо ён выходзіць з абсягу сваёй спэцыяльнасьці: гэта матэматык, які зьвярнуўся да лінгвістыкі і трактуе яе ў рэчышчы тэорыі імавернасьці, пры дапамозе функцыі, якая называецца функцыяй Бэйса (Bayes’a). Мова, кажучы спрошчана і сьцісла, не складаецца са словаў, хаця зь іх і складаецца. Элемэнты, якія яе ўтвараюць, маюць вышэйшы статус і адпавядаюць пэўным дачыненьням (рэляцыям). Адчуваны пры дапамозе органаў пачуцьцяў сьвет адбіваецца ў мове. Дзеясловы паходзяць стуль, адкуль і зьявы «ў руху», «у зьмяненьні», а назоўнікі стуль, адкуль і пэўныя «рэчы».

Калі размаўляеш зь людзьмі са здаровым розумам і сярэдняй адукацыяй, можна заўважыць, што на ўзроўні асабістага жыцьцёвага досьведу яны выдатна ўва ўсім разьбіраюцца, а калі размова зь імі выходзіць за гэтыя межы, яны могуць несьці поўную лухту. Хатняя гаспадыня не паверыць, што гаршчок, пакінуты ў варыўні, можа абярнуцца ў голуба, але лёгка верыць уплыву зорак на чалавечы кон. Абсяг асвоеных поймаў пераходзіць у абсяг «нявысваеных» паступова і вельмі індывідуальна. Ня так даўно я чытаў выдадзенага ў нас Арыстотэля. У ім цяжка разабрацца, бо за відавочнае ён мае пытаньні, якія кожны сучасны чалавек павінен мець за цалкам адвольныя выдумкі. Таму калі рушыць не ў мінуўшчыну, а ў будучыню і нейкім цудам стварыць мову, якая будзе паўсядзённай і агульнаўжывальнай праз сто гадоў, напісаныя на ёй кнігі ніхто б ня змог прачытаць цяпер з задавальненьнем. Але калі зьвярнуцца не да будучыні людзей, а неяк у бок — «да іншых разумных істот», ступень адсутнасьці зразумеласьці будзе ў незьлічоныя разы большай. Таму я ня ў стане сур’ёзна напісаць кнігу, у якой гамоняць паміж сабой такія «іншыя істоты». Гэта шыта надта белымі ніткамі. Можна або ўжыць гратэск, або паказаць міжцывілізацыйныя бар’еры, як я паспрабаваў у «Эдэне». Нельга ў рэалістычным рамане сьцьвярджаць, што герой можа апладніць жанчыну на другім баку акіяну пры дапамозе тэлефона, або што блохі — гэта здэгенэраваны від кенгуру. Аднак калі паказваецца «іншы сьвет, іншая плянэта», сярэдні чытач пазбаўляецца крытэраў верагоднасьці. Ім можна маніпуляваць як заўгодна. На гэтым факце паразытуе дзевяноста дзевяць працэнтаў Science Fiction. Супольнымі намаганьнямі аўтары стварылі сыстэмы «рэальных» суадносінаў, абылгалі ўвесь космас, яго асноўныя фізычныя законы, растапталі асноўныя прынцыпы эвалюцыйнай біялёгіі, і дзякуючы гэтым працам узьнікла скарбонка лухты, зь якой цяпер можа карыстаць кожны тыповы science-fictioner. А хто выпадае з гэтага парадку, мае тым меншыя шанцы на прызнаньне ў чытачоў, чым хутчэй гэтыя чытачы імкнуцца авалодаць гэнай скарбонкай. У ЗША мяне найбольш цэняць eggheads, пачынаючы з навукоўцаў, прыродазнаўцаў, а для тыповых заўзятараў тамашняй SF я перадусім незразумелы, бо яны ж «ужо наперад добра ведаюць», ЯК і АБ ЧЫМ павінна быць напісана кожная такая кніга. Таму на радзіме SF у мяне менш сымпатыкаў, чымся ў Эўропе, бо на яе амэрыканскія ўзоры ўплывалі ня так доўга і так паўсюдна не замацаваліся. Тут, зрэшты, пануе абавязковая сымэтрыя, бо я, у сваю чаргу, ня ў стане чытаць тамашнюю SF.

Што да нэалягізмаў, то я мяркую, што абмяжоўваюся немінучым мінімумам. Калі б я сапраўды заняўся выдумваньнем мовы нейкай іншай эпохі, я збаёдаў бы паўжыцьця, каб стварыць зусім незразумелую кнігу, да якой бы я далучыў слоўнік з, натуральна, таксама мной прыдуманай энцыкляпэдыяй. Дадам яшчэ, што я міжволі стараюся ўнікаць гумарыстыкі і зьвяртаюся да адпаведнай лексыкі толькі ў творах, напісаных у гратэскавым ключы.

С.Б.: У адной са сваіх кніг Вы напісалі, што «мэтафізыка — гэта сукупнасьць аб’яднаўчых фактараў, сукупнасьць правіл, што надаюць сэнс і дазваляюць яго зразумець». Нічога лепш ня сее мэтафізычнага паражэнства, чымся Ваша любая навука, якая добра далася ў знакі ўсім рэлігіям і мэтафізычным сыстэмам.

С.Л.: Я пісаў аб гэтых рэчах значна больш рафінаваным, лепш аргумэнтаваным і стылістычна прыгажэйшым чынам, чымся тое магу зрабіць тут. Мэтафізычнае паражэнства? Мне здаецца, што ў маштабе міжземнаморскай, сэкулярызаванай культуры галоўнай вартасьцю ёсьць праўда. І гэта безадносна да тых наступстваў, якія яна выклікае. Таксама факт, і як факт мусіць быць прынята да ведама, што існуе культурны рэлятывізм, абумоўлены самім фактам існаваньня мноства культур, многіх рэлігій і нятоеснасьці аксіялягічных сыстэм, якія вызнаваліся асобнымі гістарычнымі фармацыямі. З гэтага рэлятывізму зусім не вынікае, што культуры можна мяняць як пальчаткі. Дзякуючы рэлятывізму мы ведаем, што ніводная рэч ня ёсьць ні немінучай, ні адзінай, таму што людзі немінуча патрабуюць нейкага культурнага гібрыду. Культура — гэта інструмэнт, які тым лепш функцыянуе, чым менш людзі, якія яго «скультуралізавалі», усьведамляюць, што яны яго стварылі. Санкцыя культуры павінна зьмяшчацца не ў людзкой цямкасьці, а ў трансцэндэнцыі. Тут няма супярэчнасьці. Гэта так, нібыта мы хацелі сказаць, што калі чалавек ведае, што памрэ, то няварта жыць. Мы ведаем, што абавязкова памрэм, але, тым ня менш, ня хочам пераставаць жыць.

62
{"b":"598980","o":1}