Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

С.Б.: Калі б я запытаўся ў Вас — надзвычай сур’ёзна і без іранічных падтэкстаў — аб ступені Вашага ўкладу ў польскую літаратуру, то як бы Вы адказалі на гэтае пытаньне?

С.Л.: Цяпер ён бадай што нулявы. Уклад бывае такім, якім ён вызначаны кампэтэнтнымі спэцыялістамі. Экспэрты, абмяркоўваючы літаратурныя падзеі апошніх трыццацёх, сарака гадоў, ня згадвалі майго прозьвішча. У гэтага дзьве прычыны. Па-першае, да мяне цяжка знайсьці слушны падыход. Я кот, што ходзіць сам па сабе. Для крытыкаў я мог бы нарадзіцца — на шчасьце, гэтага мне яшчэ ніхто не сказаў — у Бразыліі, Новай Зэляндыі, на Вогненнай Зямлі або быць эскімосам. У часы Сталіна аб такіх гаварылі: безродный космополит. Гэтае пытаньне, безумоўна, прынцыповае, бо з пункту гледжаньня навукоўца, што піша гісторыю літаратуры, разьлічаную на замежжа — тады ўсё відаць больш выразна, — неабходна паслугоўвацца пэўнымі адзінкамі, якія заўсёды шырэйшыя, чымся прозьвішчы. Існуюць эпохі, фазы, кірункі, згуртаваньні, плыні і школы. Я нікуды не належу, бо я ніадкуль.

Я мяркую, што інтэгральна належу да польскай літаратуры, але ўся парадыгма маёй творчасьці выходзіць не з рамантызму, не з пазытывізму, а з таго, што ёсьць дваццацістагоднім інтэлектуальным здабыткам чалавецтва. Гэта была несупынная спроба, калі нас залівалі ўсё большыя хвалі сусьветных ператварэньняў, захаваць вызначальнае палажэньне для літаратуры, не патапіць і не загубіць літаратуры, каб яна ня стала толькі сэйсмографам адзінкавых канвульсій духу, які не разумее, што зь ім робіцца. Гэта, безумоўна, ня тая рэч, якую можна аднесьці да пэўнай школы.

Я нядаўна размаўляў з «патрыярхам польскай літаратурнай крытыкі» Янам Блоньскім, які напісаў вялікі агляд літаратурнай творчасьці апошніх дзесяцігодзьдзяў і які шчыра сказаў мне, што не зьмясьціў мяне ў гэтым аглядзе, бо я нідзе не пасаваў яму. Ён заявіў: «Ня бачу для цябе месца». «Як аб чалавеку магу, як аб пісьменьніку — не», — дадаў потым. Крытык папросту павінен мець нейкую сыстэму, ён павінен уводзіць таксаномію. Там ня можа зьявіцца пэрсанаж, які напалову шафа, напалову аўтамабіль і ў дадатак мае рысы швейнай машынкі. А яшчэ гэта — род жывёлы. Што ён, бедны, павінен зрабіць? Перадусім ён павінен мець інтэлектуальных продкаў, і тут ужо пачынаецца клопат. Але нягледзячы на гэта Блоньскі — вельмі прыстойны крытык. Калі ён перабываў у Францыі і выйшла ў сьвет «Summa technologiae», ён тады з энтузіязмам пракамэнтаваў яе ў нейкім часопісе — што ня мела, безумоўна, ніякага значэньня — і напісаў, што гэта, бясспрэчна, літаратура sui generis, але літаратура. Адначасова ён падкрэсьліў, што не патрапіў зьмясьціць мяне ў якім-небудзь парадку. Падобныя закіды, зрэшты, высунуў і Калакоўскі, які раскрытыкаваў «Summu» ў «Twуrczoњci», а потым даслаў да мяне прыватны ліст, у якім пісаў, што бачыць «бліск першароднай інтэлектуальнасьці», але гэта чужое яго мэнтальнасьці, і нашыя ўяўленьні аб галяктыцы такія аддаленыя і непераадольныя, што няма да мяне падыходу і крытэраў.

Асобныя кнігі часам атрымлівалі дадатныя рэцэнзіі, але трактаваліся яны так, нібыта нехта прынёс вазон для кветак, але тут невядома, ці гэта ночны гаршчок, каструля з гарохавым супам, плюйніца або прыгожая скульптура. Невядома што! Таму выклікала клопат тое, што я быў няўлоўным і нелякалізаваным. Цяжка было зразумець тое, аб чым ішла гаворка. Сёньня, калі аб «Масцы» піша нейкі заходні прафэсар, то ён сходу заўважае, што гэта кніга аб вольнай волі. Ён папросту адразу ўваходзіць у сапраўдную праблематыку, а не блукае сярод рэмарак, у якіх сам твор адыходзіць на задні плян. Якраз аб гэтым і ідзе гаворка.

І тут зьяўляецца другая прычына, таму што каб дакапацца да тых рэчаў, аб якіх я пісаў, трэба быць падкаваным у гэтых пытаньнях. Кожны пісьменьнік прыцягвае наагул нейкі тып крытыкі: або на грунце духоўнай роднасьці, або падобнага погляду на сьвет, або пераходу праз тоесныя культурныя фармацыі. І ў маім выпадку зусім ня так. Усе крытыкі, якія ў нашай краіне задаюць тон літаратурнаму жыцьцю, зьяўляюцца паляністамі. Прынамсі пераважная бальшыня. Тым часам я зь іншай парафіі. Вы самі мне нядаўна прыносілі апублікаваныя ў часопісах закіды аб незразумеласьці. Так, гэта праўда і гэта таксама выразна выяўляецца ў тым, што мае даўнейшыя кнігі, у якіх было менш інтэлектуальнага элемэнту, мелі значна большыя тыражы. Крытык таксама аказваецца некампэтэнтным. Я ўяўляю сабе, напрыклад, што аб маёй творчасьці можна напісаць кнігу, якая была б зусім адчужанай асноўнаму масіву літаратуры і прэзэнтавала б маю ролю як антэны, што з апярэджаньнем выхоплівае адкрыцьці або вынаходы навуковай думкі ў галіне фундамэнтальных праблем. Возьмем, напрыклад, мой тэзыс з «Голема» аб узаемадачыненьнях спадчыннай субстанцыі і арганізмаў. Калі б нехта захацеў за гэта ўзяцца, гэта б вымагала ад яго калясальнай эрудыцыі, якая б поўніцай выходзіла за абсяг літаратуры. Між тым у маіх кнігах ёсьць мноства такіх рэчаў, і гэта з розных сфэраў навуковага пазнаньня. Гэта б не была праца, якую можна назваць літаратурна-крытычнай. Я стаю наводшыбе. Таму мяне выгналі з усіх сусьветаў, бо я ня змог укараніцца ні ў водным. Дзякуючы гэтаму я і мусіў адысьці ад фантастыкі, бо яна ўступіла ў выразную супярэчнасьць з мысьленьнем і навукай.

У ФРГ усе мае тыражы б’е адна кніга Толкіена «Валадар пярсьцёнкаў», якая апавядае аб эльфах. Гэта ў пляне літаратуры не найгоршае, гэта ня трызьненьне з галяктычнымі кашмарамі, але і тут ёсьць пэўныя засьцярогі. Сьвет панавыдумляных фальклёраў, чараў, барацьбы дабра зь ліхам і сьвятла зь цемрай. Гэта надзвычай характэрнае ўвасабленьне эскапісцкай літаратуры нашых жудасных часоў. Гэта антыподы. Мы ня хочам быць думаючым трысьнягом, ня хочам ведаць, якія прыкрасьці могуць нас чакаць. Мы хочам быць недзе ў іншым месцы, бо там больш прыемна. Гэта прычына, дастатковая для існаваньня такой літаратуры.

С.Б.: Ці Ваш, такі станаўко скептычны погляд на цывілізацыйную сапраўднасьць дваццатага стагодзьдзя дазваляе сьцьвярджаць, што ўжо назіраецца паталёгія культуры?

С.Л.: Ізноў цяжкая рэч. Паталёгія культуры прадугледжвае, што існуе нейкая надкультурная норма. Калі меркаваць, што мы належым да міжземнаморскай культуры ў яе сучаснай фазе, то трэба сказаць, што паталёгія культуры пануе паўсюль. Можа, гэта прыкра і дзіўна, але для нас tertium comparationis зьяўляецца мінулым часам. (...)

Вэрдыкт, у якім месцы назіраецца паталёгія культуры, вельмі цяжкі і рызыкоўны. Скуль ведаць, ці назіраліся ў адзінаццатым стагодзьдзі ў Кітаі паталягічныя зьявы? Як рацыяналіст і атэіст будзе ацэньваць эпоху, у якую добры Бог асуджаў на пакуты незаконнанароджанае і неахрышчанае дзіцё? Дзе тыя іманэнтныя і ўведзеныя звонку крытэры, паводле якіх можна было б гэта ацаніць? Цяпер у нас культура, якая нагадвае жудаснае чэрава, што паглынула парэшткі раней існых культур і ўтварыла зь іх кашу. Гэта відаць у масавай культуры, калі людзям не стае іх уласнай рэлігіі, і яны шукаюць сабе нейкага гуру. (...) Гэта цяжкая справа, і на яе немагчыма даць кароткі адказ. Тут трэба было б напісаць кнігу.

С.Б.: Дзякую за размову.

Тэкст перакладзены паводле: Stanisław Bereś. Rozmowy z Lemem, Kraków, 1989.

* Cтаніслаў Лем — адзін зь нешматлікіх польскіх інтэлектуалаў, з творчасьцю якіх можна вычарпальна пазнаёміцца праз Інтэрнэт. Асобе і творчаму даробку Лема прысьвечаныя дзьве багатыя на зьвесткі інтэрнэт-старонкі — Oficjalna strona Stanisława Lema / The Official Stanislaw Lem Site — www.lem.pl (пералічым ейныя падзагалоўкі — «Lem o sobie», «Kalendarium», «Autobiografia», «Zdjęcia», «Dzieła», «Galeria okładek», «Rysunki Lema», «Galeria Daniela Mroza», «Opowiadania», «Forum», «Bibliografia» і г.д.), а таксама Nieoficjalna strona www.lem.mcs.net.pl, як сьцьвярджае рэкляма, «w całości poświęcona wspaniałej postaci jaką jest Stanisław Lem. Znajdziesz na niej: wywiady, eseje, felietony, aforyzmy, zdjęcia...».

63
{"b":"598980","o":1}