Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

За апошнія колькі гадоў Лем стаўся доктарам honoris causa ўнівэрсытэту ў Аполі, а таксама атрымаў спэцыяльную прэмію «na II Targach Ksiаэki w Krakowie».

У 1998 годзе «Wydawnictwo Literackie» распачало выданьне збору твораў Станіслава Лема пад рэдакцыяй ведамага польскага крытыка Еж’я Яжэмбскага.

Сярод апошніх публікацыяў Лема адзначым інтэрвію «Палякі ня ведаюць, што такое дэмакратыя — і таму якая-любя катастрофа магчымая» (Literatura, № 125, 1995, s. 38–39), кнігі «Dialogi, Stanisщaw Lem. T. 1» (Agencja Praw Autorskich i Wydawnictwo INTERART, 1996) «Katar» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Wizja lokalna» (Wydawnictwo Literackie, 1998), «Bomba megabitowa» (Wydawnictwo Literackie, 1999). Сёлета выйшла кніга «Przekładaniec» (Wydawnictwo Literackie, 2000). Здабылі розгалас гэткія апошнія крытычныя артыкулы і працы пра Лема — «Лем сярод іншых» (Twórczość, № 12, 1995, s. 70–85), «Лем і тры эвалюцыі» Малгажаты Шпакоўскай (Konteksty, № 2, 1995, s. 39–47).

У кірунку да Лема. Паслоўе перакладніка

Кампілятарскі жанр біяграфічнай даведкі з элемэнтамі рэтраспэктыўнага агляду, інтрадукцыі ў вялікшы тэкставы масіў, да якога мы прыступаем, мае жорстка дэтэрмінаваную структуру. Як правіла, ён вызначаецца спалучэньнем агульных зьвестак аб жыцьці таго ці іншага аўтара з элемэнтам уласна літаратуразнаўчай рэфлексіі, і было б сьмешна спрабаваць тут нешта зьмяніць.

Вядомы польскі пісьменьнік Станіслаў Лем нарадзіўся 12 лістапада 1921 г. у Львове, у сям’і Самуэля Лема і Сабіны з Вольнэраў, прадстаўнікоў інтэлігенцкага асяродзьдзя. Тут, у Галіччыне, праходзіць усё маленства будучага пісьменьніка, тут жа ён канчае і сярэднюю школу (1939 г.). Пасьля далучэньня Заходняй Украіны да СССР Лем у 1940 г. стаецца студэнтам тамашняга мэдыцынскага інстытуту — але ненадоўга, бо неўзабаве ўжо нямецкія войскі ўваходзяць у Львоў. Змрочны пэрыяд нямецкай акупацыі азначыўся для Лема працай аўтамабільным мэханікам. У 1944 г., пасьля акту вызваленьня Львова ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Лем працягвае навучаньне ў мэдыцынскім інстытуце гэтага гораду. Аднак гэта былі апошнія гады жыцьця пісьменьніка на сваёй малой радзіме — акцыя рэпатрыяцыі польскага насельніцтва ў 1946 г. змушае яго перабрацца ў Кракаў, дзе ён і асядае настала. У Кракаве Лем аднаўляе свае навуковыя студыі — у 1946–1948 гг. ён актыўна займаецца ў тамтэйшым Ягелонскім унівэрсытэце, што заканамерна канчаецца атрыманьнем дыплёму. Разам з тым, менавіта тут пачынаецца новая старонка жыцьця Лема — у яго абуджаецца цяга да літаратурнай творчасьці. Зваротным пунктам тут быў 1946 г. — якраз гэтым годам датуюцца яго першыя публікацыі. Маецца на ўвазе дэбют Лема ў катавіцкім тыднёвіку «Nowy Њwiat Przygod» з раманам «Чалавек з Марса». Адначасова ён займаецца напісаньнем артыкулаў для спэцыялізаванай мэдыцынскай прэсы, піша рэцэнзіі і фэльетоны, апавяданьні і вершы, супрацоўнічае з часопісам «Їycie Literackie». А ўжо на пачатку пяцьдзясятых гадоў Лем па сутнасьці стаецца прафэсійным літаратарам. Яго творчасьць знаходзіць шырокі розгалас і прызнаньне — пералічым толькі асноўныя моманты: у 1957 г. Лем атрымлівае прэмію г. Кракава за раман «Нястрачаны час»; у 1965 г. — літаратурную прэмію ІІ ступені Міністэрства культуры і мастацтва за творчыя здабыткі; у 1973 г. — літаратурную прэмію Міністэрства культуры і мастацтва І ступені за кнігі «Голас Госпада» і «Поўны вакуум»; і, нарэшце, у 1976 г. — дзяржаўную прэмію І ступені. Сваімі прэміямі яго ўзнагароджваюць і польскія часопісы «Problemy» (1968) ды «Miesięcznik Literacki» (1971). У 1972 годзе Лем уваходзіць у камісію Польскай акадэміі навук «Польшча 2000», а таксама стаецца сябрам амэрыканскіх таварыстваў «Science Fiction Research Association» і «Science Fiction Writers of America».

Нейкі час Станіслаў Лем жыў у Вене.

Уплыў творчасьці гэтага пісьменьніка надзвычай магутны. Даходзіць да таго, што касманаўты заяўляюць, што сталі імі дзякуючы кнігам С. Лема. Яго мова, бліскучае майстэрства слова, аказала ўзьдзеяньне на ўсю польскую публіцыстыку.

У чым адметнасьць творчасьці Лема? Рэч у тым, што гэты пісьменьнік па сутнасьці выступае песьняром постіндустрыяльнага грамадзтва. Яго творы з усёй вастрынёй адбіваюць заняпад дагэтулешняй этыкі, паталягічныя зьявы на целе сучаснай культуры. Якраз дзякуючы гэтаму Лем імкнецца адсочваць магчымыя грамадзкія сытуацыі і біялягічныя мадэлі. Да таго ж, тэхналягічная ўсемагутнасьць прыводзіць да поўнага пераасэнсаваньня чалавечага наканаваньня. (Гэта неблагая нагода, каб паспрабаваць даць рэтраспэктыўны аналіз творчасьці Лема.)

Калі ня браць у разьлік ужо згаданых артыкулаў, вершы і «Чалавека з Марса», то першая кніга Лема не была фантастыкай. «Нястрачаны час» быў напісаны напрыканцы 40-ых гадоў і апісваў мэдыцынскае асяродзьдзе ў апошнія 2 гады вайны і пасьляваенны час. Нягледзячы на гэта, кніга пабачыла сьвет толькі ў 1955 г., бо зьмяшчала ў сабе шэраг невыгодных для ўладаў момантаў.

Але сапраўдным дэбютам стала кніга «Астранаўты» (1951), якая прынесла Лему славу нават у тыя непрыхільныя для фантастыкі часы. «Астранаўты» апавядаюць аб падарожжы на Вэнэру, якая пагражае Зямлі. Але жыхары Вэнэры ўрэшце зьнішчаюць саміх сябе. На Зямлі пануе татальны камунізм, усё складваецца проста выдатна. Пазьней былі апублікаваны досыць няроўныя апавяданьні «Сэзам і іншыя апавяданьні» (1954), якія вызначаліся маўклівай прысутнасьцю асноўных прынцыпаў сацрэалізму. Да месца тут будзе падкрэсьліць, што Лем у тыя часы актыўна ангажаваўся ў палітыку і зацята граміў капіталістаў ды імпэрыялістаў. Пазьней яго неабыякавасьць да палітыкі выявіцца пад іншым ракурсам — у перакананьні, што перадумовай грамадзкіх дэфармацыяў зьяўляецца маніпуляцыя інфармацыяй.

Далёка за межамі Польшчы стала вядомай наступная кніга Лема «Воблака Магеляна» (1955), досыць узьнёслая аповесьць аб зорных падарожжах. Дарэчы, сам Лем выказваецца аб гэтай сваёй рэчы досыць суха. Кніга нарысаў «Дыялёгі» (1957) ужо рыхтавала глебу пад будучыя эсэ Лема, а «Зорныя дзёньнікі» (1957) ужо ўводзілі элемэнт гратэску і знакамітую постаць Іёна Тыхага. Гэтыя дзёньнікі пазьней шматразова памнажаліся, зьмянялі праблематыку, узбагачаліся. Што да апавяданьняў, то Лем выкарыстоўвае карысную для аўтара, але невыгодную для чытача тактыку: шматлікія перавыданьні ў значнай частцы адных і тых жа твораў: «Уварваньне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Месяцовая ноч» (1963), «Ратуйма космас» (1966). Таму мы засяродзімся на адназначна арыгінальных творах.

Важнае значэньне для разуменьня ўсёй творчасьці Лема мае «Эдэн» (1959), раман па матывах касьмічнай рабінзанады. Касманаўты зь Зямлі рамантуюць сваю разьбітую ракету і адначасова знаёмяцца з таталітарным грамадзтвам «дубэльтаў», дзе быў няўдала праведзены біялягічны экспэрымэнт, дадзеныя аб якім мясцовыя ўлады хаваюць. У тым жа годзе выходзіць кніга «Сьледзтва», аповесьць, паводле словаў самога Лема, аб непазнавальнасьці сьвету, аб выпадковасьці і статыстыцы. Далей зьяўляецца «Вяртаньне з зорак» (1961), троху сэнтымэнтальная кніга аб тым, як касманаўты вяртаюцца на пераўтвораную Зямлю, дзе з моманту іх старту мінулася больш як сто гадоў. Найважнейшай зьменай зьяўляецца ўсеагульная «бэтызацыя», мерапрыемства, скіраванае супраць гвалтоўных актаў у дачыненьні да каго б там ні было.

«Дзёньнік, знойдзены ў ваньне» (1961) — вельмі своеасаблівы раман, нарацыя зь нейкага падпольнага «Трэцяга Пэнтагону», шпіёнскай установы, якая змагаецца з самой сабой і дзе кожны зьяўляецца «шматузроўневым» шпіёнам. А неўзабаве пабачыў сьвет і архітвор Лема — «Салярыс» (1961) — кніга аб спробах кантактаў людзей з «думаючым» акіянам, які выконвае іх самыя прыхаваныя жаданьні, выклікаючы тым самым неймаверныя і трагічныя сытуацыі. Па матывах гэтай кнігі зьняў свой фільм расійскі рэжысэр Андрэй Таркоўскі (1973).

64
{"b":"598980","o":1}